51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

— Сядай, — запрасіў мяне Дзіма, паказваючы на мех.

Я сеў. Дзіма таксама сеў, выцягнуўшы ногі.

— Што робіце?

— Адпачываем, — са здзекам прамовіў я.

— Па ветры развею.

Я, доўга не чакаючы, грукнуў кулаком:

— Супакойся, пан Цмок. Калі яшчэ хоць слова пачуем, то змалоцім на горкае яблыка.

Цмок штосьці мармытнуў і змоўк.

САБАКА І ЯГО САБАЧАЯ ГРАМАТА

Сядзім, адпачываем, а Цмок толькі крэкча ды вохкае. Раптам бачым: сабака з лесу ляціць. Той самы, у акулярах, на пана ці падпанка падобны. Ляціць і дубцом, як шабляй, махае.

Падскочыў да нас, дубцом замахнуўся:

— На калені!

Мы знячэўку разгубіліся. Пазіраем на яго. А ён свісь Дзіму па спіне.

Ну й раззлаваўся Дзіма! Усхапіўся, нібы яго кіпенем аблілі, як коршак, на сабаку накінуўся. Пакаціў, сеў вярхом і крычыць:

— Міхась, дубец забяры. А я з яго штаны сцягну. Зараз адхвошчам.

— Пусці! — завішчэў сабака.

А Дзіма:

— Дубец забірай. Чаго сядзіш?

Усхапіўся я, за дубец цягну, а сабака на аддае.

— Мой дубец! Мой дубец! — верашчыць.

Тады я яго за адно вуха, за другое. А ён ажно завыў:

— Не цягай за вушы. Адарвеш…

— Я табе не толькі вушы, але і хвост адарву, — кажу. — Пусці дубец.

Падзейнічала пагроза. Адпусціў. А я яго яшчэ раз за вушы. Каб ведаў, на каго кідаецца.

— Сцягвай штаны, — звяртаюся да Дзімы, махаючы дубцом.

Сабака ў слёзы:

— Пусціце. Я вам штосьці пакажу.

— Пусці, - кажу Дзіму.

Злез Дзіма з сабакі, непадалёку стаў, каб зноў кінуцца, калі ўцякаць задумае.

— Што там у цябе? Паказвай.

Сабака дастаў з кішэні нейкую паперку, разгарнуў і працягнуў Дзіму:

— Чытаць умееш?

— Жартаўнік, — засмяяўся я.

Дзіма ўзяў паперку, стаў чытаць, хмурачы бровы: «Сабачая грамата. Дадзена пёсу Барбосу ў тым, што ніхто гэтага сабаку і пальцам крануць не смее. А сам пёс Барбос мае права біць і кусаць простых людзей, колькі яму ўздумаецца».

Дзіма здзіўлена паглядзеў на мяне:

— Што гэта?

— Дык гэты сабака з казкі «Сабачая грамата», — успомніў я. — У ёй гаворыцца, што некалі панамі былі не толькі паны, а і панскія сабакі. І давалі ім паны важныя паперы — дваранскія граматы. Перад сабою бачыш такую грамату.

— Дык ты не просты сабака, а панскі?

— Панскі, - затрос галавою сабака. — І гэтую грамату я шаную як вока.

— Гм, — хмыкнуў Дзіма. — Дзівосы. Цяпер зразумела, чаму тры браты так паслухмяна твае каманды выконвалі. Цікава: дзе яны падзеліся?

— Уцяклі, - усхліпнуў сабака.

— Дык ты вырашыў нам на шыю сесці?

— Аддайце грамату. Я пайду братоў-лайдакоў шукаць.

Дзіма склаў грамату ў некалькі столак і… разарваў.

«Фу-у-у», — дзьмухнуў, падкінуўшы ўгору дробныя кавалачкі паперы.

— Што ты нарабіў! — усклікнуў сабака. — Цяпер я ўсе свае дваранскія правы страціў.

— Я вашы дваранскія правы адмяняю, — спакойна прагаварыў Дзіма.

Сабака падскочыў да яго, ашчэрыўся. «Чаго добрага, яшчэ ўкусіць, — падумаў я. — Відаць, распірае яго ад злосці».

Я замахнуўся дубцом:

— Сядзець.

Сабака скасавурыў вочы, вільнуў хвастом і сеў на зямлю.