51762.fb2
— Дубец адабралі, дык хоць акуляры аддайце, — тоненька заскуголіў сабака.
Дзіма зняў акуляры:
— Бяры. Я ў іх як сляпы кот.
Сабака борздзенька схапіў акуляры, схаваў у кішэню. Пабаяўся на нос чапляць. Відаць, падумаў, што зноў забярэм.
— Вы мяне адпусціце? — спытаўся, віляючы хвастом.
— На ланцуг пасадзім, — сказаў я. — Хопіць па лесе гойсаць.
— Ад нуды загіну. Я ніколі на прывязі не сядзеў.
— Прывыкнеш, — сказаў Дзіма. — Усе сабакі прывыкаюць. Спачатку выюць, а потым толькі гаўкаюць.
У мяху заварочаўся Цмок. Сабака спалохана азірнуўся:
— Што там?
— Цмок, — кажу знарок абыякава.
— Няўжо сам Цмок?
Я стукнуў па мяху нагою:
— Пан Цмок, азавіся. Ку-ку…
— Выпусціце мяне, злыдні, - заенчыў Цмок.
— Не выпускайце, — устрапянуўся сабака. — Ён калісьці прымушаў, каб я стойку на лапах рабіў. У мяне ад той стойкі і цяпер галава трасецца.
— Паскуднік! — данеслася з мяха.
— Яшчэ лаецца, — з крыўдаю прамовіў сабака. — Дазвольце яго дубцом пацягнуць.
Дзіма ўсміхнуўся:
— Калі ласка.
Сабака выхапіў з маіх рук дубец і са ўсяе сілы сцёбнуў па мяху.
— Ай-я-яй! — заенчыў Цмок.
Сабака сцёбнуў у другі раз.
— О-ё-ёй…
— Што, падабаецца? — спытаўся я ў сабакі.
Сабака шчасліва-шчасліва ўсміхнуўся:
— Яшчэ як.
— Ну і лупі, пакуль не надакучыць. А мы пойдзем. Некалі нам тут сядзець.
Сабака выцягнуўся, казырнуў:
— Буду старацца!
— Не сабака, а сапраўдны ваяка, — у рыфму сказаў Дзіма і дадаў: — Мех не развязвай, дваранін. Калі выпусціш Цмока, дык ён цябе разам са штанамі праглыне.
Мы зайшлі ў будан, забралі скрыпку і, пасвістваючы, накіраваліся да калодзежа.
У музыкі-чарадзея ажно слёзы на вачах выступілі, калі ён убачыў сваю скрыпку.
— Прынеслі? Усё-ткі прынеслі? — толькі і прамовіў.
Узяў у рукі, прытуліў да грудзей.
— Цяпер я з табою ніколі не разлучуся.
— Малайцы хлопцы, — пахваліў нас дзядзька Тодар. — Цяпер да мяне. У госці.
Канечне, нам хацелася пабыць з сябрамі. Так, так, менавіта з сябрамі. Няхай дзядзька Тодар і музыка-чарадзей старэйшыя за нас, але мы непрыкметна пасябравалі з імі. Быццам з роўняй, пасябравалі. Як самыя блізкія сталі яны нам. Але ж і дома, гэта мы добра ведалі, чакаюць нас, непакояцца. А магчыма, і ва ўсе званы б'юць.
— Дзякую за запрашэнне, — сказаў Дзіма. — Не можам сёння. Як-небудзь у другі раз.
— Разумею, — прагаварыў дзядзька Тодар. — Свая хатка — родная матка.
— Можа, крыху адпачнем? — звярнуўся я да Дзімы.
Ногі мае проста гудам гудзелі. І па лесе давялося пахадзіць, і настаяцца, і ў мяху наскакацца.
— Не, — сказаў Дзіма. — Дома адпачнем.
- Ідзіце, — прамовіў музыка-чарадзей. — Я для вас на скрыпцы пайграю. Каб стома прайшла.
Дзядзька Тодар абняў нас, развітаўся, і мы пайшлі па сцяжынцы. А праз хвіліну пачуліся лагодныя гукі музыкі. Стала лёгка-лёгка. Так лёгка, што хоць у скокі пускайся.
Я азірнуўся.
— Дзякую. Мы яшчэ вернемся, — крыкнуў.
Чароўная мелодыя гучала, спяваючы аб шчасці, і радасна было на душы.
Тры дні мы з Дзімам пражылі без усякіх прыгод. А вось на чацверты дзень, у сераду…