51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

Не, не стану забягаць наперад. Паслухайце, як пачыналася новая завязка.

Раніцою мы з Дзімам ішлі ў школу. Ідзем, значыць, пазяхаем (перад гэтым цікавы фільм паказвалі ў перадачы «Для тых, хто не спіць», і мы з Дзімам, вядома, таксама не спалі, глядзелі яго), а насустрач загадчык фермы дзядзька Рыгор, ці, як у вёсцы завуць яго, Іванавіч. Дваццаць сем гадоў хлопцу, а ўжо Іванавіч. Заслужыў.

Параўняўся ён з намі і пытаецца:

— Не выспаліся, хлопцы?

— Не, — пазяхнуў я.

— Каб які дабрадзей дзве ночы стачыў, то, канечне, выспаліся б, — вырашыў пажартаваць Дзіма.

Іванавіч крыва ўсміхнуўся:

— А калі я вас цяпер за вушы ды ў міліцыю?

— За што? — спачатку не дайшло да мяне.

— За вушы, — цвёрда сказаў Іванавіч. — А пасля: — Па-добраму прызнавайцеся. Я ўсё ведаю.

Рыжыя вусы ў Іванавіча таргануліся. У яго, ведаў я, заўсёды так, калі злуецца. Мы стаялі як апараныя кіпнем.

— Мы нічога кепскага не рабілі, - першым апамятаўся Дзіма.

— А чаму не выспаліся?

Злосць мяне ўзяла. Хай сабе ён загадчык фермы, хай сабе Іванавіч, але чаму сярод вуліцы запыняе? Чаму ні за што чапляецца да нас?

— Вы ў сябе на ферме камандуйце. Даяркамі і каровамі, - кажу. — А нам у школу трэба ісці.

Зноў у Іванавіча вусы таргануліся.

— Смелыя, — працадзіў ён праз зубы. — Паглядзім, як у міліцыі заспяваеце.

— Мы і ў школе наспяваемся. Во хопіць, — правёў я рабром далоні па горле. — Сёння ў нас спевы якраз.

Іванавіч падняў руку. Відаць, хацеў схапіць нас за вушы, але мы, як два зайцы, адскочылі ўбок.

Іванавіч пагладзіў свае рыжыя вусы, а потым спытаўся:

— Навошта кароў павыганялі?

Калі б гэты эпізод у якім-небудзь фільме паказвалі, то я аж бакі рваў бы. Але тут было не да смеху. Я разумеў, што трэба ратавацца.

— Нашу карову тата на пашу выганяе. Я сплю як забіты, калі ён яе выганяе, — кажу, адступаючыся назад.

- І я сплю без задніх ног, калі каровы выганяюць, — заморгаў Дзіма.

— Няўжо вы невінаватыя? — прагаварыў Іванавіч. — Уважліва паглядзеў на нас і махнуў рукою: — Ідзіце. Можа, дарма вас запыніў. У мяне таксама нервы. Усю ноч не спаў, кароў заганяў.

Нам вельмі хацелася спытацца ў Іванавіча, якіх кароў ён усю ноч заганяў, ды чамусьці пабаяліся. Закінулі партфелі на плечы і борздзенька патупалі па вуліцы.

— А ўсё-ткі хтосьці з вас, школьнікаў, гэта зрабіў, - крыкнуў Іванавіч наўздагон. — Дарослыя такога не зробяць.

— Што з ім? — таўхануў я Дзіму. — Якая муха яго ўкусіла?

Дзіма паціснуў плячамі:

— Хто яго ведае. Мабыць, не з тае нагі ўстаў.

— А калі гэта не Іванавіч, а Цмок?

Дзіма спыніўся:

— Што вярзеш? Таксама не з той нагі ўстаў?

— Усё можа быць, — кажу Дзіму. — Ператварыўся Цмок у Іванавіча і з казкі да нас прыплёўся. Як нядаўна работнік-селянін.

— А дзе тады сам Іванавіч?

— Хто яго ведае, — паціснуў я плячамі.

— Ты пра гэта нікому ні слова, — сказаў Дзіма. — Потым высветлім, хто з намі размаўляў: сапраўдны Іванавіч ці несапраўдны.

Мы подбегам накіраваліся ў школу. А на школьным двары нас спыніў Сяргей Мазоль.

— Чулі? Ноччу з кароўніка нехта ўсіх кароў павыганяў, - паведаміў ён. — Думаюць, што гэта мы, школьнікі.

— Кароў? — лыпнуў я вачамі на Сяргея.

— Кароў. Паадвязваў і на двор выгнаў. Ха-ха-ха, — зарагатаў Сяргей.

— Чаму смяешся? — спытаўся Дзіма.

— Бо смешна. Кароў павыганяў! Ха-ха-ха… Калі б «Жыгулі» з гаража выгнаў, то не смешна было б.

Дзіма скоса зірнуў на мяне і паказаў кулак.

Я здагадаўся, чаму кулак паказвае. З-за таго, што Іванавіча Цмокам назваў. Выходзіць, з сапраўдным загадчыкам фермы мы размаўлялі. Проста не зразумелі яго. Але ён і сам вінаваты, што не зразумелі. Калі б растлумачыў як чалавек, што здарылася, то такога не было б. І ўсё роўна неяк не верылася, што хтосьці кароў павыганяў.

— Ты не ілжэш? — спытаўся я ў Сяргея.

— У каго другога спытайцеся, калі не верыце.

— Дык вартаўнік у кароўніку. Хіба ён не чуў?

— Дзед Тамаш як засне, дык яго самога хоць бяры ды вынось. Ну, я пайду. Яшчэ каму-небудзь раскажу.

Сяргей падэбаў, усміхаючыся, а мы з Дзімам стаялі як вады ў рот набраўшы. Не чакалі гэткага. Разгубіліся.

КВАТАРАНТ