51762.fb2
— Мы пойдзем, — сказаў Дзіма, адступаючы.
— Вы ж хацелі вады папіць, — здзівілася бабка Верка.
— Ужо расхацелася, — крыкнуў я, зачыняючы весніцы.
— Не падабаецца мне гэты Кот Спірыдонавіч, — сказаў Дзіма. — Нутром адчуваю, што кепскі ён чалавек.
— Ён такі навуковы работнік, як я старшыня калгаса, — падтрымаў я Дзіму. — Ваду муціць. Нас, школьнікаў, з'есці гатоў. Валіць з хворай галавы на здаровую.
Вось так мы пазнаёміліся з кватарантам бабкі Веркі Фамой Спірыдонавічам, ці, як назваў яго Дзіма, Катом Спірыдонавічам.
Назаўтра пасля ўрокаў мы з Дзімам сядзелі на лаўцы і Фаме Спірыдонавічу костачкі перамывалі. Асабліва Дзіма стараўся:
— Гэты Кот Спірыдонавіч адно не праглынуў нас.
— Але, — падтрымліваў я Дзіму, — глянуў на мяне як тры грошы даў.
— Відаць, шпіён.
— У сто разоў горшы, — замахаў я рукамі.
Размаўляем гэтак, а тут Аня Бялько падыходзіць. Вы, напэўна, памятаеце яе? Яна выдатніца ў нашым класе. Падыходзіць, садзіцца без запрашэння на лаўку і пачынае:
— Сумуеце?
Не спадабалася мне, што такую цікавую гаворку перапыніла.
— А ты новым анекдотам хочаш нас пацешыць? — рэзнуў ёй прама ў вочы.
— Ні этыкі ў вас, ні эстэтыкі, - з дакорам прамовіла Аня.
Я хацеў сказаць ёй, што такімі нарадзіліся, што не ёй нас перавыхоўваць, але Дзіма не даў мне рот адкрыць:
— Маўчы, Міхась. Не будзем сварыцца. Нельга цяпер.
«Так, — падумаў я, — правільна ён разважае. Трэба вывесці Фаму Спірыдонавіча на чыстую ваду, даведацца, хто ён такі. А калі сварыцца пачнём, дык і пра Спірыдонавіча забудземся».
— Аня, ты чаго да нас прыйшла? — спытаўся больш лагодна.
Аня адразу павесялела:
— Хлопчыкі, вось я сядзела і думала…
Аня задрала галаву, стала глядзець кудысьці ўгору. «Зноў думае», — здагадаўся я.
— Дык аб чым ты думала? Можа, аб тым, як у нябесны блакіт узляцець? — Дзіма падняў руку, паказваючы на неба. — З птушкамі палятаць захацелася?
— Не, — сказала Аня, — мне болей падабаецца па зямлі хадзіць. А вось чаму на нас у вёсцы коса глядзяць, дык і вы задумайцеся.
— А чаго тут думаць, — сказаў я. — Раструбіў Іванавіч, што мы кароў павыганялі.
— Заўсёды так: наробіць хто-небудзь шкоды, а дзеці вінаватыя, — сказаў Дзіма.
Я ў думках пагадзіўся з Дзімам. І праўда, усе дарослыя лічаць, што дзеці — гэта нейкія каты-шкоднікі. Калі не зрабілі шкоды, то абавязкова зробяць. Вось як у нас дома нядаўна было. Тата крыштальную вазу разбіў. Рукавом са стала яе змахнуў. Мама прыйшла з работы і мне ручніком па спіне. А тата стаіць ды цыгарэту пакурвае. Што ж, не яго б'юць, а мяне. Толькі на трэці дзень прызнаўся, што ён разбіў. Відаць, сумленне заела.
Пра гэта, вядома, я цяпер не сказаў сябрам. Хіба дапамогуць яны мне? У іх таксама падобнае часта здараецца. Я толькі ўздыхнуў:
— Нас хутка з вёскі вытураць.
— Каб толькі гэта! — з горыччу прамовіў Дзіма. — Іванавіч школе каня не даў. Пазваніў да яго наш дырэктар. Так і так, трэба агарод узараць. А Іванавіч яму: «У нас коні і так замораныя. Ледзьве ходзяць. Ім адпачываць трэба».
— Начальнік! — усклікнула Аня. — Давайце зробім так, каб ён не ведаў, куды ад сораму дзецца.
— Трэба Іванавіча на месца паставіць, — згадзіўся Дзіма. — Што прыдумала?
— Наша ферма выканала гадавы план па продажу малака, — неяк па-газетнаму пачала Аня, — а даярак ніхто не павіншаваў. Крыўдзяцца яны. Я сама чула.
— Дык што рабіць? — прамовіў Дзіма. — Пайсці і паціснуць ім рукі? Віншуем вас, працаўнікі ферм!
— Павіншуем, але не так, як ты думаеш. Навагоднюю ёлку паставім. Каб бачылі, што для іх наступіў Новы год.
Канечне, нічога звышарыгінальнага Аня не прыдумала. Я не раз бачыў, як такую ёлку па тэлевізары паказвалі. Але ж даяркам прыемна будзе. І таму я падтрымаў яе:
— Сёння ж паставім. Хай Іванавіч згарыць ад сораму. Пайшлі.
— Пачакай, — спыніў мяне Дзіма.
— Ты што, супраць? Не хочаш людзей парадаваць? — накінуўся я на яго. — Нашы даяркі табе не падабаюцца?
— Я не супраць, — сказаў Дзіма, — але ж па ёлку трэба ў лес ісці.
— Вядома, не ў агарод, — засмяяўся я.
— Ды я не пра тое. Нельга без дазволу ёлку ссякаць. Мы ссячэм, а ляснік нас за каўнер. Зноў непрыемнасць.
Я пачухаў патыліцу. Правільна кажа Дзіма: нельга, непрыемнасць. Вось як бывае. Хочаш добрае зрабіць, а можа кепскім абярнуцца.
— Дык не будзем ставіць? — спытаўся я.
— У мяне ёсць штучная ёлка, — сказала Аня. — Яна як сапраўдная.
— Аня, ты бяжы за сваёю штучнаю ёлкаю, а мы з Дзімам прынясем цацкі, - скамандаваў я.
Не паслухалася Аня:
— Так нецікава. Цацкі мы самі зробім. З яечных шкарлупін.