51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

— Дзе ж столькі шкарлупін набраць? — хмыкнуў Дзіма. — Хіба на сметніку?

— На сметніку хай куры грабуцца, — сказаў я.

— Вы быццам на свет нарадзіліся, — з папрокам прамовіла Аня. — У вас дома яйкі ёсць? Ёсць. Спачатку пракаліце іх з двух канцоў іголкаю, а затым бялок і жаўток высмоктвайце. І вам карысць, і шкарлупіны будуць. Размалюем іх па-рознаму. Цудоўныя цацкі выйдуць.

Як мы ні пераконвалі Аню. што фабрычныя цацкі прыгажэйшыя, не пераканалі. Заўпарцілася, на сваім стаіць: са шкарлупін лепшыя. Мусілі згадзіцца з ёю. Хіба пераканаеш дзяўчынку, ды яшчэ выдатніцу? Яны заўсёды лічаць, што за ўсіх разумнейшыя.

— Бяжы па сваю ёлку, — уздыхнуў я. — Да мяне прынясеш. Тата і мама на рабоце. У маёй хаце шкарлупіны размалюем.

Калі Аня пайшла, Дзіма прапанаваў мне:

— Я дзесяць яек вазьму, і ты дзесяць возьмеш. Пароўну. Каб не крыўдна было.

Пайшоў Дзіма ў хату за яйкамі, а я застаўся на вуліцы. Хвіліна прайшла, пяць хвілін, дзесяць — няма Дзімы. Нарэшце выходзіць, азіраючыся, як злодзей.

— Во, — паказвае на адтапыраныя кішэні. — У адну кішэню пяць улезла і ў другую пяць.

— Чаму так доўга быў? — накінуўся я на яго.

— Маці ў хаце была. Чакаў, калі выйдзе.

Мне здавалася, што мы хутка справімся з гэтай незвычайнай работай, якую даручыла нам Аня. А выйшла па-другому.

Спачатку, як вучыла Аня, мы з Дзімам пракалолі яйкі з двух канцоў іголкай, а потым пачалі смактаць, як смокчуць мёд з сотаў. Смокчам, а з дзіркі ані кропелькі.

— Трэба мацней, — сказаў Дзіма.

Пачалі з усяе сілы смактаць. У мяне ў скронях аж нейкія жылачкі затахкалі, а ў Дзімы твар так пачырванеў, нібы яго замест шкарлупіны чырвонаю фарбаю памалявалі.

Не ведаю, што рабілі б, калі б Аня не прыйшла. Як сапраўдны Дзед Мароз. З ёлкаю і з фарбамі.

— Бялкі і жаўткі быццам прыраслі да шкарлупін, — кінуўся да Ані Дзіма.

Паківала яна галавою:

— Эх вы! Трэба большыя дзіркі пракалоць.

— А можа, там кураняты сядзяць? — прагаварыў я.

— Кураняты вясною выводзяцца, а не восенню. Кажу вам, што трэба большыя дзіркі пракалоць, — раззлавалася Аня.

Мы пракалолі ў яйках большыя дзіркі і пачалі па адным піць. Вып'ем — шкарлупіну на стол кладзем. А Аня рознымі колерамі малюе. І нейкіх вясёлых чалавечкаў, і кветкі, і домікі, і шары. Напіліся мы яек, што аж моташна стала. Я на іх і цяпер глядзець не магу.

Размалявала Аня шкарлупіны, а потым усе разам ніткі да іх прывязалі, вялікаю іголкаю праз дзіркі прасадзіўшы.

Паклала Аня ўсе гэтыя цацкі са шкарлупін у цэлафанавы мяшочак і пытаецца:

— Колькі гадзін?

— Пяць, — кажу.

— А даяркі калі на ферму прыходзяць?

— У шэсць.

— Значыць, паспеем ёлку ўпрыгожыць, — сказала Аня, пазіраючы на нас з Дзімам, як на немаўлят. — Цяпер у рэдакцыю пазвонім.

Я ажно вочы вылупіў:

— Куды?

— У рэдакцыю раённай газеты.

— Не трэба званіць, — усклікнуў Дзіма. — Загрымім, як кажуць, пад фанфары.

— Я пазваню не для смеху. Папрашу, каб прыехалі да нас на ферму і даярак каля ёлкі сфатаграфавалі. Гэта іхняя работа.

Разважылі мы з Дзімам. Сапраўды, работа, сапраўды, трэба сфатаграфаваць. Хай на нашых перадавікоў увесь раён глядзіць.

— Звані, - сказаў Дзіма.

Набрала Аня нумар — яго мы ў тэлефонным даведніку знайшлі — і гукнула:

— Ало, гэта рэдакцыя?

Мы з Дзімам выцягнулі шыі, слухаем.

— Рэдакцыя, — мужчынскі голас з трубкі даносіцца. — З кім размаўляю?

— З вамі размаўляе вучаніца шостага класа Вароніцкай васьмігадовай школы Аня Бялько. А вы хто?

Я таўхануў Дзіму ў бок.

— Быццам рэпу грызе, — прамовіў Дзіма.

— Я карэспандэнт, — чуецца з трубкі голас.

— Таварыш карэспандэнт, прыедзьце, калі ласка, да нас у Варонічы. На нашай ферме ўсе даяркі гадавое заданне выканалі.

— Прыехаць?

— Прыедзьце, таварыш карэспандэнт. Мы вельмі просім вас.

«Зусім не баіцца, — думаю. — Ёй толькі дзе-небудзь на вялікім заводзе камандаваць».

— Позна ўжо. Каб раней, — чуем, як апраўдваецца карэспандэнт.

— Сёння для даярак мы ёлку паставім. Разумееце?