51762.fb2
— Духу ў карэспандэнта не хапае, — заўважыў Дзіма.
— Таварыш карэспандэнт, вас вучні просяць. Прыедзеце?
— Пастараемся прыехаць, — нарэшце згадзіўся карэспандэнт.
А Аня, нібыта сапраўдны начальнік:
— Дык пастараецеся ці прыедзеце?
— Ха-ха-ха, — чамусьці засмяяўся карэспандэнт. А пасля: — І пастараемся, і прыедзем.
— Калі ласка.
— Да пабачэння.
Аня паклала трубку, уздыхнула:
— Натамілася, як на бураках. Дзялку лягчэй прапалоць, чым з карэспандэнтам дамовіцца.
— А я лепей яшчэ дзесяць яек выпіў бы, чым у рэдакцыю да карэспандэнта званіць, — шчыра прызнаўся Дзіма.
Смеючыся, мы выйшлі на двор. Агародамі, каб не трапляць людзям на вочы, падаліся на ферму. Не хацелася, каб распытвалі: што ды чаму? Даярак на ферме яшчэ не было. Мы зайшлі ў пакой жывёлавода. Пасярод пакоя стаяў вялізны круглы стол. Вось на гэты стол мы і паставілі ёлку. Хуценька ўпрыгожылі яе сваімі самаробнымі цацкамі, селі на крэслы, як імяніннікі, чакаем, хто першы зойдзе. Вельмі хацелася, каб сам Іванавіч. Напэўна, у яго язык да зубоў прымёрз бы, калі б убачыў гэткае цуда. Але ў пакой зазірнула цётка Маня, адна з самых старэйшых даярак на ферме. Зазірнула, рукамі ўспляснула:
— Што гэта?
Устаў Дзіма і, як вызубранае правіла, без запіначкі:
— Дарагія даяркі! На вашым рабочым графіку Новы год. Віншуем вас з працоўнымі поспехамі і жадаем шчасця ў сямейным жыцці.
— Пабягу жанок паклічу. Хай падзівяцца, — усклікнула цётка Маня.
Павярнулася — і як ветрам яе здзьмула. А неўзабаве жанчыны ў пакой уваліліся. Раскудахталіся, як куры ў куратніку:
— Ах, што за ёлка!
— Ах, якія прыгожыя цацкі!
— А ў якім магазіне куплялі іх?
— Няўжо самі зрабілі?
— Усё-ткі ўспомнілі пра нас.
І тут хтосьці голас падаў:
- Іванавіча сюды, Іванавіча!
Глядзім: вядуць дзве жанчыны Іванавіча, як пад канвоем. Ступае Іванавіч як не сваімі нагамі і часта-часта рот адкрывае, нібы рыба, якую выцягнулі на бераг.
Падступілася да яго цётка Маня:
— Школьнікі нас павіншавалі. А ты?
Таргануў Іванавіч сваімі рыжымі вусамі.
— Мы збіраемся вас у кантору выклікаць. Урачыста павіншуем.
— А нам і тут урачыста! — крыкнула цётка Маня.
Абступілі жанчыны Іванавіча, джаляць, нібы восы:
— Калі на экскурсію паедзем?
— Ты абяцаў, што балет на лёдзе паглядзім.
— Няхай сам балет пакажа.
— Чаму душ у нас не працуе?
— Чаму цырульніца не прыязджае? Абяцалі.
Відаць, вырашылі жанчыны ўсе грахі Іванавічу ўспомніць. Замахаў Іванавіч рукамі:
— Цішэй, бабы, цішэй. Дайце слова сказаць.
— Слова просіць, — крыкнула цётка Маня. — Паслухаем.
Замоўклі жанчыны, суцішыліся.
— Ну, вінаваты я, — прагаварыў Іванавіч. — Дык мяне цяпер на кавалкі разарваць?
Цётка Маня рукі ў бакі і да Іванавіча:
— Чаму нашых дзяцей не паважаеш? На ўвесь калгас раззваніў, што кароў павыпускалі. Хіба пойдуць яны сярод ночы кароў адвязваць? Вось ёлку нам прынеслі. Мне ў жыцці ніхто ні адной кветачкі не падарыў, а тут цэлую ёлку прынеслі, і яшчэ з цацкамі.
Цётка Маня неспадзявана ўсхліпнула. Не думалі мы, што гэтак будзе. Думалі: павіншуем і хуценька разыдземся. А тут цэлая дыскусія разгарэлася. Не рады былі, што прыйшлі.
— Цётка Маня плача. Што будзем рабіць? — прашаптаў я, звяртаючыся да Ані і Дзімы.
Пачула цётка Маня:
— Ды я ад радасці плачу, харошыя вы мае. Я сёння як трыццаць гадкоў скінула.
Кожнага з нас па чарзе абняла, ды яшчэ ў шчокі пацалавала. Лепей было б скрозь зямлю праваліцца.
— Маня, — гукнуў хтосьці з жанчын, — а ты не адмовілася б, калі б табе Іванавіч букет рамонкаў ці валошак прынёс?