51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 70

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 70

- Ідзі, дурань, — падштурхнуў яго Іванавіч — І сам ты страху набраўся, і авечак перапалохаў.

Крыху пастаяў баран і, як ачмурэлы, ківаючыся накіраваўся да гурту. І тут Дзіма падлятае:

— Хто майму барану вядро на галаву надзеў? Га?

На мужчын сур'ёзна пазірае, за папружку трымаецца, як бы збіраецца адхвастаць усіх па парадку. Ды ледзь яго не адхвасталі, а заадно і мяне.

— Так ты на нас яшчэ і галёкаеш? — падступіў да Дзімы дзед Тамаш. — Вінаваты, і галёкаеш? Язык прыкусіў бы.

Дзед Тамаш хоць і крычыць, але пазірае на Дзіму соннымі вачамі. Ён нават калі на возе едзе, то спіць. «Но, но», — паганяе каня праз сон.

— Я вінаваты? — замаргаў вачамі Дзіма. — Па-вашаму, я сам свайму барану вядро на галаву надзеў?

— Усе вы, школьнікі, вінаватыя. Чый металалом другі год на выгане ляжыць?

І праўда, у мінулым годзе сабралі мы металалом, тут, на выгане, яго склалі. Не хацелася ажно на школьны двор цягаць. Спадзяваліся, што прыедзе машына з раёна і адразу забярэ. Але чамусьці не прыехала. І ні ў мінулым годзе, і ні ў гэтым.

— Парадачкі! — распаліўся дзед Тамаш. — Кінулі-рынулі. Хай калечыцца жывёла.

— Значыць, мой баран каля металалому траву скуб і выпадкова вядро на галаву надзеў? — разгублена прагаварыў Дзіма.

— Табе каб гэтае вядро на галаву, а не твайму барану.

— Ды забярэм металалом, — не сцярпеў я.

— А ты, матадор, не агрызайся, — накінуўся дзед Тамаш на мяне. — Барана спалохаўся! У Гішпаніі і Мексіцы людзі з быкамі ваююць, а ён барана спалохаўся.

Наперад выступіў кватарант бабкі Веркі Фама Спірыдонавіч. Невядома, калі і з'явіўся тут. Чамусьці раней я яго не бачыў. У адной руцэ Фама Спірыдонавіч трымаў капялюш, а ў другой — рыдлёўку.

— Цішэй, людзі, цішэй, — замахаў капелюшом. — Давайце мы гэты металалом закапаем. Выкапаем яму і закапаем. Я першы пачну капаць.

Фама Спірыдонавіч рушыў на выган. За ім пацягнуліся мужчыны.

КАНФЛІКТ

— Закапаюць! — усклікнуў Дзіма. — А там будзе цэлая машына металалому.

Я ўспомніў, як мы збіралі гэты металалом. Дзе толькі не выпорвалі розныя жалязякі! І на трактарным двары знаходзілі, і на полі, і па дварах хадзілі, пыталі ў людзей. А цяпер усё закапаюць.

— Дзіма, — кажу, — што хочаш рабі, а затрымай мужчын. Хоць на дзесяць хвілін. Я ў школу пабягу, каго-небудзь з настаўнікаў паклічу.

— Не дам закопваць, — прагаварыў Дзіма. — Я ў гэтага пузатага Ката Спірыдонавіча рыдлёўку ўкраду.

Дзіма накіраваўся туды, дзе гаманілі мужчыны, а я з усіх сіл у вёску. Хоць цяпер і не бег за мной Дзімаў баран, але я ляцеў так, што мяне, мабыць, і на веласіпедзе не дагналі б. Нават па баках не азіраўся. Вось і вёска. Зусім нямнога да школы засталося.

— Міхась, куды ты? — чую.

Азірнуўся — Ігар Аляксеевіч, наш настаўнік фізкультуры, з хаты выходзіць.

- Ігар Аляксеевіч… Там… У… Трэба…

Дыханне ў мяне перарывалася, а так хацелася хутчэй расказаць Ігару Аляксеевічу, што мужчыны збіраюцца металалом закопваць.

Напалохаў я Ігара Аляксеевіча. Збялеў ён, нібы палатно. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў.

— Міхась, што здарылася? Што?

— Металалом хочуць закопваць. Кот Спірыдонавіч з рыдлёўкаю. Дзімаў баран вядро на галаву надзеў.

Ігар Аляксеевіч паціснуў плячамі:

— Не разумею. Які кот? Чый баран? Навошта яму вядро?

— Ды Дзімаў. А вядро незнарок надзеў.

— Міхась, супакойся. І ўсё па парадку раскажы.

Нарэшце, аддыхаўшыся, я расказаў Ігару Аляксеевічу, як мы з Дзімам былі на вуліцы, як прыбег Міколка, як потым лавілі барана, як раззлаваліся мужчыны, як павёў іх Фама Спірыдонавіч металалом закопваць.

Уважліва выслухаў мяне Ігар Аляксеевіч і засмяяўся:

— А каб цябе качкі затапталі! Я немаведама што падумаў. — А потым дадаў: — Усё-ткі вінаваты мы. Сабралі металалом, а ён зеллем зарастае. Я цяпер у школу пайду. Пазвонім, каб машыну з раёна прыслалі. А ты назад бяжы. Скажаш людзям, што сёння ж забярэм.

І зноў я панёсся на выган. За гэты дзень набегаўся не менш чым за цэлы тыдзень.

Яшчэ здалёку заўважыў, што на выгане, акрамя Дзімы і Фамы Спірыдонавіча, нікога не было. Дзіма стаяў каля металалому, а Фама Спірыдонавіч, заклаўшы рукі за спіну, хадзіў непадалёку.

Я падбег да Дзімы і радасна паведаміў:

— Хутка машына прыедзе. Ігар Аляксеевіч у раён пазвоніць.

— Тры тоны нагрузім, не меней, — паказаў Дзіма на металалом.

— А мужчыны дзе?

— Мужчыны пакрычалі ды разышліся. Толькі Кот Спірыдонавіч, як бусел, ходзіць. Рыдлёўку шукае. Я яе так схаваў, што і са свечкаю не знойдзе.

Задаволены, Дзіма засмяяўся. Фама Спірыдонавіч накіраваўся да нас. Спыніўшыся насупраць, ён паківаў галавою:

— Э-э-эх вы, школьнікі! Не сорамна вам? Рыдлёўку ўкралі і яшчэ зубы скаляць. Я вашаму дырэктару паскарджуся.

— А вы бачылі, што мы рыдлёўку ўкралі? — з націскам на «мы» прамовіў Дзіма. — За руку нас злавілі?

Фама Спірыдонавіч скрывіўся:

— Не замазвайце вочы. Каму яшчэ яна патрэбна?

— Дзімаў баран яе панёс, — усміхнуўся я. — У яго пытайце.

Фама Спірыдонавіч стаяў як мыла з'еўшы.