51762.fb2
— Яшчэ невядома, каго адхвошча, — не стрымаўся я.
— Аддайце рыдлёўку.
— Каля дарогі яна ляжыць, — сказаў Дзіма. — Там шукайце.
— Не дзеці, а чэрці з лазы, — са злосцю кінуў Фама Спірыдонавіч і пайшоў. Адвярнуўся, памахаў кулаком: — Я яшчэ сустрэнуся з вамі на вузенькай дарожцы. Абавязкова сустрэнуся.
— Чхалі мы на цябе, — паціху прамовіў Дзіма.
Неўзабаве на балота прыехала машына. З кабіны выскачыў Ігар Аляксеевіч.
— Усё-ткі адстаялі. Малайцы, — пахваліў ён нас.
Мы пагрузілі металалом на машыну, хоць, вядома, і папацець давялося, а потым пайшлі дамоў. Мы адчувалі б сябе сёння па-сапраўднаму шчаслівымі, калі б не гэты канфлікт з Фамою Спірыдонавічам.
Гэтае здарэнне на выгане ніяк не выходзіла з маёй галавы. Два пытанні не давалі мне спакою.
Першае: чаму менавіта ў гэты дзень, а не раней, напрыклад, Дзімаў баран надзеў на галаву вядро? І другое: чаму Фама Спірыдонавіч прыйшоў на выган з рыдлёўкай? Ну, на першае пытанне яшчэ можна было даць адказ. Надзеў, бо менавіта ў гэты дзень рупіла яму скубці траву каля металалому. Ну і выйшла так. Самі ведаеце, як здараецца. Ходзіш, напрыклад, увесь год па дарозе, і нічога. А ў адзін дзень раптам спатыкнешся. Выпадак. А вось на другое пытанне я не мог адказаць. Не чарвей жа прыйшоў капаць з рыдлёўкай Фама Спірыдонавіч. Калі б чарвей, то вудачку з сабою ўзяў бы і якую-небудзь бляшанку. А ні вудачкі, ні бляшанкі ў яго руках не было. Толькі рыдлёўка. Быццам у землякопа. Значыць, узяў рыдлёўку, каб яму выкапаць. Значыць, ведаў, што баран вядро на галаву надзене і такога перапалоху наробіць. Але як ён мог даведацца, што надзене? Як? Немагчыма гэта. Нават прымаўка такая ёсць: «Каб ведаў, што ўпадзеш, то салому падаслаў бы». Чаму ж тады з рыдлёўкай прыйшоў? Чаму? Колькі ні ламаў я галаву, а на гэтае пытанне не змог адказаць. Вечарам сустрэў Дзму.
— Дзіма, — звяртаюся да сябра, — ты заўважыў, што Фама Спірыдонавіч з рыдлёўкай на выган прыйшоў?
— Заўважыў, - адказаў Дзіма. — Ён першы прапанаваў яму выкапаць, каб металалом закапаць. А на нас як пазіраў? Нібы з'есці збіраўся. Баламут ён. Вось што я табе скажу.
— Баламут? — я ажно рот адкрыў ад здзіўлення.
— Яшчэ які баламут. Знарок нашу вёску баламуціць. Калі мужчыны разыходзіліся пасля таго, як пакрычалі крыху, душу адвёўшы, дык ён адно што на дыбкі не ўстаў: «Ды гэтыя школьнікі заўтра нам вёдры панадзяваюць. Няўжо не разумееце, што трэба іх правучыць?»
— Чамусьці не любіць ён нас, — пагадзіўся я з Дзімам. — Памятаеш, як бабцы Верцы даказваў, што нас трэба ў кулаку трымаць? Каб можна было, то ён нас так заціснуў бы, што і не піснулі б.
— Шпіён ён, — сказаў Дзіма. — Давай сёння паглядзім, чым займаецца. Каля акна станем і паглядзім. Ён той пакой займае, акно якога ў гародчык выходзіць.
— Давай, — згадзіўся я.
І вось, калі добра сцямнела, мы накіраваліся да хаты бабкі Веркі. Праз плот пералезлі ў гародчык, падышлі да акна. Бабка Верка фіранкай завешвала толькі ніжнюю палавіну акна. Мы падкацілі вялізны камень, які ляжаў каля плота, сталі на яго і пачалі глядзець у верхнюю палавіну. Фама Спірыдонавіч стаяў каля люстра і штосьці мурлыкаў пад нос. Пасля падышоў да ложка, нагнуўся.
— За рацыяй палез, — прашаптаў Дзіма. — Зараз уключыць і будзе перадаваць.
— Што перадаваць? — не зразумеў я.
— Шпіёнскія звесткі. Мне ажно горача стала.
— Дзіма, я да старшыні сельсавета пабягу, а ты папільнуй.
— Потым разам пабяжым, — сказаў Дзіма.
Мы затаілі дыханне. А Фама Спірыдонавіч дастаў з-пад ложка… гантэлі. Вось было б, калі б да старшыні сельсавета пабеглі. На ўсю вёску абняславіліся б. Пра нас да самай старасці анекдоты хадзілі б.
— Дзіма, можа, пойдзем?
— Пастаім. Цікава.
Стаяць і вось так назіраць сапраўды было цікава. Канечне, я не раіў бы вам гэтага рабіць. Самі ведаеце, чаму.
Фама Спірыдонавіч падняў рукі з гантэлямі ўгору, потым апусціў уніз, сам сабе камандуючы:
— Аць, два, аць, два.
— Як той сабака ў лесе. Які братоў муштраваў, - напомніў я Дзіму.
— Я не здзіўлюся, калі даведаюся, што Кот Спірыдонавіч і сабака-дваранін адзін курс навукі праходзілі, - сказаў Дзіма.
Фама Спірыдонавіч падняў гантэлі чатыры разы і паклаў на падлогу.
— Хутка ён задаволіўся, — заўважыў Дзіма.
— У яго жывот вунь які. Цяжка яму. Бачыш, як потам абліўся? — заступіўся я за Фаму Спірыдонавіча.
А Фама Спірыдонавіч пачаў новае практыкаванне рабіць: прысядзе, пакрэкча і ўстане, пастаіць і зноў садзіцца, крэкча. Ды не пашанцавала яму крышку. Трэці раз прысеў, а ўстаць не змог: паваліўся, высока задраўшы ногі.
— Цыркач, — засмяяўся Дзіма.
— Бясплатны фільм, — не вытрымаў і я. — Пашанцавала нам сёння.
Фама Спірыдонавіч устаў, крэкчучы, і крыкнуў:
— Вераніка Юльянаўна, тазік, калі ласка, прынясіце!
— Навошта яму тазік? — пытаюся ў Дзімы.
Дзіма ажно кісне са смеху:
— Відаць, баіцца вечарам на двор выходзіць.
Праз хвіліну ў пакой зайшла бабка Верка і на табурэтку паставіла тазік.
— Вада ў тазіку. Будзе мыцца Кот Спірыдонавіч, — пракаменціраваў Дзіма.
Фама Спірыдонавіч мезеным пальцам дакрануўся да вады, сказаў:
— Думаў, што і сёння перагрэеце, Вераніка Юльянаўна.
Бабка Верка паказала на гантэлі, якія ляжалі на падлозе.
— Фама Спірыдонавіч, зноў вы гэтыя жалязякі гушкаеце?
— Трэніруюся, — адказаў Фама Спірыдонавіч.