51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 72

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 72

— Хі-хі-хі, - хіхікнуў Дзіма.

— Хі-хі-хі, - захіхікаў за ім я.

Бабка Верка выйшла з пакоя, а Фама Спірыдонавіч пачаў мыцца. Апусціць некалькі пальцаў у ваду, а потым мокрымі пальцамі па твары водзіць, водзіць… У канцы папляскаў рукамі па вадзе, нібы гусь лапаю, узяў ручнік, выцерся і накіраваўся да акна. Мы з Дзімам адскочылі, прыселі каля плота.

Акно насцеж расчынілася, і мы ўбачылі Фаму Спірыдонавіча з тазікам у руках. Фама Спірыдонавіч плюхнуў ваду з тазіка ў гародчык. На нас толькі пырскі паляцелі.

Я штурхнуў Дзіму ў бок:

— Каб крыху правей, то з галавы да ног абліў бы.

— Фама Спірыдонавіч, выносьце, калі ласка, памыі, - пачулі мы, як гукнула бабка Верка.

— Зараз.

— Зараз памыямі нас абалье, — кажу Дзіму.

— Абалье, — прашаптаў Дзіма. — Хутка плюхне праз акно. Палянуецца праз дзверы выносіць. Уцякаць трэба.

Мы ўсхапіліся і на плот.

— Лавіце! Зладзеі! — залямантаваў Фама Спірыдонавіч.

А нас з плота як вадою змыла. Шукай ветру ў полі.

ТЭЛЕГРАМА Ў СТАЛІЦУ

Ні свет ні зара да нас прыляцела бабка Верка. Растрашчалася, хоць вушы затыкай.

— Маруся, твой арыштант хацеў ноччу ў хату да мяне залезці. Майго кватаранта да смерці перапалохалі. Хочаш вер, а хочаш не, але і цяпер у яго ніжняя губа, як у старога каня, трасецца.

Я яшчэ ў ложку ляжаў. Слухаю бабку Верку, коўдру на галаву нацягваю. Што, калі бабка Верка прыбяжыць у пакой ды адлупцуе?

— Яны і камень пад акно прыкацілі. Яны яго хацелі ў хату ўкінуць, як бомбу. Увесь гародчык страпяталі, - тарахцела бабка Верка. — Мне перад чужым чалавекам брыдка. Я твайму арыштанту цэлыя штаны крапівы напхаю.

Дзверы грукнулі, нібы іх ветрам шпурнула. Я здагадаўся, што бабка Верка пайшла з хаты.

А ўставаць ой як не хочацца! Як маме ў вочы гляну?

Мама нячутна зайшла ў пакой, ірванула коўдру. Я ўбачыў, што ў руках яна трымае папругу.

— Уставай, — махнула мама папругай. — Ты мне ўсе кішкі выматаў.

— Біць будзеш? — пытаюся я.

— Буду, буду, — прамовіла мама і заплакала.

Я хуценька ўсхапіўся з ложка, нацягнуў на сябе штаны, сарочку.

— Мама, бабка Верка выдумляе. Я не падглядваў у яе акно.

— Выдумляе? — мама ўзняла папружку і ляснула мне па спіне.

— Бі. Бі невінаватага, — крыкнуў я.

Мама кінула папружку на падлогу.

— Маеш шчасце, што бацька на работу пайшоў. Ён табе ўсыпаў бы. Да чаго дадумаліся! Камень у хату хацелі ўкінуць!

Гэтага я не мог сцярпець:

— Хлусіць бабка Верка. Гэты камень мы і цэлым класам не паднялі б.

— А ты ж казаў, што невінаваты, — закрычала мама. — Чаму пайшоў пад акно? Прызнавайся.

— Фама Спірыдонавіч гантэлі падымаў, а нам паглядзець захацелася, — сказаў я.

Хіба мог расказаць, што знарок пільнаваць пайшлі, што хацелі праверыць, ці не шпіён Фама Спірыдонавіч? Калі б мама толькі адно слова «шпіён» пачула, то, напэўна, прытомнасць страціла б.

— Вочы мае цябе не бачылі б, — мацней заплакала мама.

Я ведаў, што яна даруе мне, што праз дзень ці два забудзецца пра гэтую гісторыю, ды ўсё роўна прыкра было на душы. Сапсавала бабка Верка настрой і мне, і маме. Ну, мне вядома чаму. Але навошта маме? Хіба не магла запыніць мяне на вуліцы ды накрычацца, каб на душы палягчэла? Не, у хату прыбегла, да мамы. Пры чым тут яна?

Павалокся я ў школу як не солана хлябаўшы. Бачу: і Дзіма ідзе павесіўшы нос.

- І да вас бабка Верка прыбягала? — пытаюся.

— Крычала, што хацелі хату замініраваць.

Я толькі галавою паківаў. Што на гэта скажаш?

Мы з Дзімам атрымалі ў гэты дзень па пяцёрцы. Дзіма атрымаў пяцёрку па геаметрыі, а я — па геаграфіі. Калі б не гэтая гісторыя, мы, канечне, радаваліся б. А сёння асаблівай радасці не было. Усё роўна гэтую пяцёрку ні маме, ні тату не пакажаш, бо і глядзець на яе не захочуць.

Закончыліся ўрокі. Падышоў да мяне Дзіма:

— Міхась, у мяне на душы камень ляжыць.

— Які камень? — не зразумеў я.

— Сумленне мучыць. За ўчарашняе. Бабка Верка, сам ведаеш, як злуецца на нас. А я не хачу, каб злавалася.

- І я не хачу, — кажу Дзіму. — Мы з ёю па адной вуліцы ходзім, а быццам ворагі.

Дзіма наморшчыў лоб. Ён чамусьці заўжды лоб моршчыць, калі вельмі думае.

— Міхась, што зрабіць, каб не злавала?

— Давай гной з яе хлява выкінем, — прапанаваў я. — Яна заўсёды каго-небудзь просіць, каб дапамог.

— Да ты што! — усклікнуў Дзіма. — Мы ў хлеў прыйдзем, а яна падумае, што хочам карову з хлява вывесці.