51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 73

І праўда, падумае. Тады ўжо не да мамы пабяжыць, а адразу ў міліцыю. Што ж яшчэ можна прыдумаць? Гародчык ускапаць? Восень. Восенню гародчыкі ў нас не ўскопваюць. Дровы пакалоць? Дык на гэтую зіму бабка Верка дроў яшчэ не завозіла.

— Не ведаю, як ёй дагадзіць, — развёў я рукамі.

— А я здагадаўся, — сказаў Дзіма. — Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння. У нас у хаце яна крычала, што дзень нараджэння ёй сапсавалі. Трэба тэлеграму паслаць.

— Хочаш з днём нараджэння яе павіншаваць? — не вытрымаў, усміхнуўся я.

— Не. Мы тэлеграму ў сталіцу адправім. Дзянісу, сыну бабкі Веркі. Адрас Дзяніса я ведаю. Ужо казаў табе, што бабка Верка часта просіць, каб пісьмо Дзянісу напісаў.

— Не прыедзе Дзяніс, — махнуў я рукою.

— Прыедзе. Мы ў тэлеграме напішам вось што: «Цяжка захварэла. Прыязджай. Мама». Усяго чатыры словы. І заплацім мала, і Дзянісу сюрпрызік будзе.

«Тэлеграму паслаць. Тэлеграму… Мабыць, някепска гэта, — разважаў я. — Дзяніс вунь як рэдка да бабкі Веркі прыязджае. А калі такую тэлеграму атрымае, то як на крылах прыляціць. Абрадуецца бабка Верка. Потым прызнаемся, што мы ёй гэткі падарунак падрыхтавалі. Адразу перастане злаваць. Дый неяк шкада яе. Усё адна, адна. Другія ўнукаў няньчаць, а яна гэтаму Кату Спірыдонавічу дагаджае, ваду грэе, як панічу».

— Дзіма, ты на пяцёрку з плюсам прыдумаў, - кажу. — Але ці павераць нам на пошце? Ці не надаюць у каршэнь?

— Павераць, — упэўнена прагаварыў Дзіма. — Я два разы тэлеграмы Дзянісу пасылаў.

— Дык давай цяпер на пошту пойдзем. Невядома, што нас дома чакае.

І мы з Дзімам пайшлі на пошту. Пошта знаходзілася ў суседняй вёсцы. Да гэтай вёскі было ўсяго два кіламетры. За паўгадзіны на пошту зайшлі.

Загадчыца пошты, маладая дзяўчына ў «бананах», сустрэла Дзіму як старога знаёмага.

— Пісьмо прынёс? — прыязна ўсміхнулася.

— Не. Тэлеграму хочам у Менск паслаць. Бабка Верка прасіла.

— Ну-ну, — падахвоціла загадчыца пошты.

— У тэлеграму ўсяго чатыры словы. «Цяжка захварэла. Прыязджай. Мама».

— Няўжо так моцна захварэла бабка Верка? — здзівілася загадчыца пошты.

— Другі дзень з ложка не ўстае. А ў бальніцу не згаджаецца ехаць, — схлусіў Дзіма.

— Тады трэба тэрміновую пасылаць, — сказала загадчыца.

Вось так мы з Дзімам паслалі тэлеграму ў сталіцу. А дома мне мама з татам аб'явілі байкот. Байкот яны мне аб'яўляюць, калі вельмі раззлуюцца. Ні слова мне не кажуць. Быццам не заўважаюць мяне. Быццам я збоку прыпёку. Вось як сёння было.

Да самага вечара я вучыў урокі. Вечарам нарэшце вылез са свайго пакоя. Тата, бачу, за сталом сядзіць, гадзіннік рамантуе. Татаў гадзіннік, як ён сам кажа, «з заскокамі»: то зусім становіцца, то як шалёны стрэлку ганяе. Захацелася і мне каля таты прымасціцца. Як падысці да яго? Вырашыў пяцёркай пахваліцца.

— Тата, — кажу, — я пяцёрку атрымаў…

Тата ні слова. Тады я да мамы накіраваўся. Мама тэлевізар глядзіць і ката на каленях трымае, гладзіць па спінцы. Кот задаволена жмурыцца і мурлыкае пад нос.

— Мама, я пяцёрку па геаграфіі атрымаў.

Мама гладзіць ката, гладзіць. А кот мурлыкае, мурлыкае…

Я цяжка ўздыхнуў і на кухню падаўся. А на кухні Міколка нажом нейкі кіёк стругае.

— Міколка, што майструеш? — пытаюся.

І Міколка маўчыць.

— Міколка, давай заўтра ў горад паедзем. Я папрашу маму. Там марожанага наядзімся.

Міколка адагнуўся на секунду і паказаў мне язык. Хацеў рэзнуць яму па карку, але стрымаўся. Плюнуў і пасунуўся ў свой пакой. Лёг у ложак, заплюшчыў вочы, каб хутчэй заснуць. А сну ні ў адным воку. Нейкім мулкім здаецца ложак. Чамусьці ўспомнілася, як тэлеграму з Дзімам пасылалі.

«Цікава: атрымаў Дзяніс тэлеграму ці яшчэ не атрымаў, - разважаю. — Відаць, атрымаў. Пэўна, камечыць у руках, месца сабе не знаходзіць. А яго жонка Ірына ходзіць за ім, як цень, і супакойвае. Гэта не жартачкі — маці цяжка захварэла. Прыедзе заўтра. Абавязкова прыедзе. Першым аўтобусам. А бабка Верка сустрэне яго жывая-здаровая. Ён, канечне, тэлеграму ёй пакажа… Што ж будзе? А калі накінецца на бабку Верку? Маўляў, я ўсю ноч не спаў, папрасіўся, каб з работы адпусцілі. Не, усё-ткі прамаўчыць. А жонка, Ірына? Тая, напэўна, не сцерпіць. Людзі кажуць, што языкатая. Наробіць яна ляманту. Будзе дзень нараджэння ў бабкі Веркі! Не дзень нараджэння, а сапраўдны тарарам. Што ж рабіць? З татам і мамай параіцца? Калі раскажу, што з Дзімам тэлеграму паслалі, то адразу пра свой байкот забудуцца. За папружку возьмуцца. Але ж і бабцы Верцы заўтра дастанецца. Няхай бяруцца за папружку, няхай. Затое, як Дзіма казаў, не будзе камень на душы ляжаць».

Усхапіўся я і да таты і мамы.

— Мы з Дзімам сёння Дзянісу тэлеграму паслалі, - аб'яўляю, як дыктар.

— Што? — натапырыў вушы тата.

— Якому Дзянісу? — спалохана глянула на мяне мама.

Ката ўбок шпурнула. Бедны кот толькі мяўкнуў.

— Сыну бабкі Веркі. Хіба ты яго не ведаеш? Мама пакратала мой лоб.

— Міхась, у цябе тэмпературы няма?

— Я здаровы, як дуб, — кажу. — Гэта бабка Верка захварэла.

— Захварэла? — прыўзняў бровы тата.

— Яна не па-сапраўднаму захварэла. Гэтак мы з Дзімам у тэлеграме напісалі. Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння, і мы вырашылі Дзяніса ў вёску выклікаць. Хай пасядзіць за сталом з бабкай Веркай як чалавек.

— Што вы нарабілі! — успляснула рукамі мама.

— Спакойна, — сказаў тата. — Спакойна, разбярэмся. — І нечакана пахваліў мяне: — Малайчына, што прызнаўся.

— Мы хацелі, каб лепей было, — паціху прамовіў я.

Тата лёгенька штурхнуў мяне ў спіну.

— Разбярэмся. Ідзі спаць.

Я зноў лёг на ложак. Чамусьці цяпер ён не здаваўся мулкім, і на душы было лёгка. Я заплюшчыў вочы і адразу заснуў.

ДЗЯНІС, ІРЫНА І… ПАРОЦІКІ

— Уставай, — разбудзіў мяне тата.

Мне хацелася даўжэй паспаць. Сёння нядзеля, у школу ісці не трэба.