51762.fb2
Стаў верш вучыць. Паўгадзіны прасядзеў, не меней. Надакучыла, шчыра скажу. Вырашыў да Дзімы пазваніць.
Набіраю нумар Дзімавага тэлефона, званю.
— Кватэра Клімовічаў? — пытаюся.
— А хто звоніць? — гучыць Дзімаў голас.
— Дзед Мароз, — кажу жартам.
— А-а-а, ты Міхась? — пазнаў мяне Дзіма. — Не займайся глупствам. Мне трэба верш давучыць. Хутка сустрэнемся.
Сказаў так і кінуў трубку.
Я зноў сеў за стол. Практыкаванне па мове напісаў, правіла паўтарыў. А за вокнамі весяліня. Сонейка свеціць, другакласнікі, браты-блізнюкі, Сеня і Пецька, у мяч гуляюць, галёкаюць.
Відаць, урокі не вывучылі. Нядаўна іхнюю маці, цётку Соню, у школу выклікалі, бо з пісьмом у Сені і Пецькі няладна складваецца. Чуў, як маме цётка Соня скардзілася.
Мабыць, на рабоце яна, на ферме. Дык воля, гуляюць. Не шкодзіла б у кватэру іх пазаганяць. Няхай за пісьмо бяруцца.
Але ж геаграфію не вывучыў.
— Го-о-ол! — раздаецца за акном.
— Няма! Не забіў! — чуецца ў адказ.
Усё-ткі трэба пазаганяць у хату. Мала таго, што цётку Соню зноў у школу выклічуць, дык і мне з-за іх нічога ў галаву не лезе. Даведаецца цётка Соня, што ў хату загнаў, - дзякуй скажа. Геаграфію яшчэ вывучу.
Разважыўшы гэтак, я ўздыхнуў з палёгкаю і выйшаў на двор.
Лупяць Сеня і Пецька штосілы мячом у плот. Ажно рэха разносіцца, як лупяць.
— Ану, хутчэй да мяне, — клічу.
— Чаго? — падбег Пецька.
— Давай да нас, — узрадаваўся Сеня. — Утрох будзем гуляць.
— Я вам нагуляю! — схапіў Пецьку за каўнер. — Марш урокі вучыць.
— Вывучылі мы, — захныкаў Пецька.
— Хлусіш.
— Да адзінаццаці вечара ўчора з мамаю сядзелі, - пусціў Пецька слязу. — Дазволіла нам мама пагуляць.
— Не веру.
— Пусці-і-і…
— Не пушчу, — цвёрда стаю на сваім.
— Пусціш, пусціш, — закрычаў Сеня. — Вунь наша мама з магазіна вяртаецца. Дасць яна табе.
Глянуў я: сапраўды па вуліцы ідзе цётка Соня. Адпусціў Пецьку, павярнуўся і ў другі бок. Каб ад бяды далей.
Крочу няспешна, а насустрач хлапчанё гадоў шасці стрымгалоў ляціць. Сарочка на ім расхрыстана, валасы ўспацелыя, раскудлачаныя. «Васька, Ані Бялько брат!» — ледзь пазнаў яго.
Ляціць Васька, а за ім не менш дзесятка гэткіх жа, як ён, карапузаў гоніцца. Дагналі, наваліліся кучаю. Ён верашчыць, адбіваецца, а яны схапілі яго за рукі і валакуць некуды.
Удзесяцёх на аднаго? Дапамагчы трэба.
Падскокваю да іх, плячамі распіхваю.
— У дзіцячым садзіку хіба вучылі вас сябра крыўдзіць? — пытаюся.
Спыніліся яны, на мяне спадылба пазіраюць. І Васька, той, якога даганялі, што сама дзіўна, шмыгнуўшы носам, нечакана заяўляе:
— Ніхто мяне не крыўдзіць.
— Не крыўдзіць? — здзіўляюся. — Дык на тваёй сарочцы хутка ніводнага гузіка не застанецца.
— Застанецца. У мяне многа гузікаў, - даволі-такі сур'ёзна кажа ён.
— А чаму яны цябе ловяць? — цікаўлюся.
— Мы ў школу гуляем.
— У школу? — у мяне вочы на лоб палезлі. — Няўжо так у школу гуляюць?
— Гуляюць, гуляюць, — загаманілі малыя наперабой. — Васька дрэнны вучань. З урокаў ён уцякае. Даганяем яго. Гуляюць, гуляюць!
І найперш «дрэнны вучань» галёкае, даказвае, што гуляюць.
«Ну й дзеці растуць, — думаю. — І мы калісьці ў школу гулялі, але ў нас іншы парадак быў. Звычайна настаўніцу выбіралі, сядзелі, каб ні гуку. А яны? Ну й дзеці!.. Трэба навучыць іх, як у школу гуляць».
— А ўмееце вы да дзесяці лічыць? — пытаюся.
— Я нават да дваццаці ўмею, — смела адказвае Васька. — Мяне Аня навучыла.
І другія карапузікі закрычалі:
— А я да сямі.
— А я да дванаццаці.
— А я да дзевятнаццаці.