51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

— Ператварыўся таму, што вы пяць добрых спраў зрабілі. Калі б не зрабілі, то цяжка вам прыйшлося б.

— Пяць добрых спраў? Штосьці не памятаю, — прагаварыў Дзіма.

— Даярак павіншавалі — першая добрая справа, — пачаў загінаць пальцы дзядзька Тодар, — металалом завезлі, які два гады на выгане ляжаў, - другая, дзень нараджэння бабцы Верцы сапраўдным святам зрабілі — трэцяя, а чацвертая, што Міхась малых навучыў, як па-сапраўднаму ў школу гуляць.

— А пятая? — запытаўся Дзіма.

— Гэта тыя пяцёркі, якія вы цэлы тыдзень дамоў прыносілі. Пра ўсё гэта мне прагны багацей расказаў, калі яшчэ чалавекам быў. Ён ведаў, што ў сабаку ператворыцца. Гаспадара шукаў. Пасаджу яго цяпер на ланцуг. Дурань, дурань! Паквапіўся на багацце і сабакам стаў.

Мне вельмі захацелася, каб дзядзька Тодар сабаку ў вёску прывёў, каб бабцы Верцы паказаў, каб маме і тату, каб Дзянісавы пароцікі крыху за хвост яго пацягалі.

— Дзядзька Тодар, пойдзем да нас, — прапанаваў я.

— Не магу. Трэба развітвацца. Вось прыйшоў, каб супакоіць вас, каб галаву не ламалі, каб не хваляваліся.

— Дык мы болей не сустрэнемся?

— Тры разы мы, казачныя героі, з вамі сустракаліся. А болей нельга. Калі чацверты раз сустрэнемся, то і казкі не стане, назаўсёды згіне яна. Вы як хочаце?

- І нават у кніжках казак не будзе? — запытаўся Дзіма.

- І ў кніжках.

— Хай будзе казка, — прамовіў я.

— Хай будзе казка, — слова ў слова паўтарыў за мною Дзіма.

— Да сустрэчы ў кніжцы, — сказаў дзядзька Тодар і пайшоў.

Усяго тры разы сустракаліся мы з казачнымі героямі, а запомніцца назаўсёды.