51762.fb2 Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Эльдарада просіць дапамогі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Чалавек-жаба паднёс рукі да рота і нягучна крыкнуў:

— Не бойцеся. Я чалавек, не бойцеся. «Няўжо заўважыў? — пранеслася ў галаве.—

Няўжо? Не. Калі б заўважыў, то кінуўся б на нас.

«Не бойцеся…» Хоча, каб выйшлі. Пашукай дурняў…»

— Я чалавек. Не бойцеся, — данеслася ў другі раз.

— А мы не баімся. У нас стрэльба, — неспадзявана вырвалася ў мяне.

— Маўчы! — Міхась балюча ўшчыпнуў мяне за плячо.

— Не страляйце. Не трэба страляць. Я чалавек. Глядзіце. На твары ў мяне маска.

Чалавек-жаба сарваў з галавы агідную маску.

Выбліснуў месяц, і мы змаглі разгледзець незнаёмага. Было яму гадоў сорак — сорак пяць. Твар смуглявы, прыгожы. Доўгія, чорныя, як смоль, валасы спадалі на яго плечы.

Ен стукнуў сябе кулаком у грудзі.

— Бачыце? Я чалавек. Я Кока-Кола. Разумееце? Кока-Кола. А вы рускія?

Страх адступіў. Мы бачылі перад сабою чалавека, а не пачвару. Пакуль мы не верылі яму: памяталі, што здарылася з Наташай. Але ранейшага страху

ўжо не было. Дый мы былі не на чужой зямлі, а на сваёй, дзе, як кажуць, кожны куст родны. А гэты, мы адчувалі, баіцца нас.

— Мы беларусы, — крыкнуў я. — Савецкі Саюз! Кока-Кола заўсміхаўся:

— Вельмі добра.

— Дзе Наташа? — гукнуў Міхась.

— Наташа? Дзяўчынка? Я раскажу. Я вам усё раскажу. Не страляйце.

— Дзе Наташа?

— Наташа добрая. Наташа прыгожая, — хутка-хутка загаварыў Кока-Кола. — Яе схапілі кепскія людзі.

— А ты добры? — запытаўся Міхась.

— Я слухаў пра Савецкі Саюз. У майго гаспадара Кляйна радыё. Гаспадар Кляйн дазваляў мне радыё слухаць. Кляйн казаў, што Савецкі Саюз кепскі, а я не верыў яму. Я другое чуў. Радыё мне многа расказала.

— Міхась, гэта ён прыслаў запіску, — здагадаўся я. — Ен прасіў, каб дапамаглі жыхарам Эльдарада.

— Ты з Эльдарада? — спытаўся Міхась. — Ты індзеец?

— Эльдарада. Індзеец, — усміхнуўся Кока-Кола.

— Я веру яму. Ен добры. Чаго нам хавацца? Выйдзем з кустоў,— прапанаваў Міхасю.

— Мы выходзім, — крыкнуў Міхась. — Ты не ўцякай. Не бойся нас.

— Я не баюся.

Мы выйшлі на палянку. Міхась, як сапраўдны дарослы, падаў Кока-Колу руку, назваў сваё імя:

— Міхась.

Павітаўся і я, сказаў:

— Андрэй.

— Андрэй… Разумею… Андрэй… — Кока-Кола доўга трос маю руку, не адпускаў.

Пальцы ў яго былі моцныя, а далонь мазолістая. Я спытаўся ў Кока-Колы:

— Чаму ў цябе такое цікавае імя: Кока-Кола? Зусім не індзейскае.

Кока-Кола перастаў усміхацца, спахмурнеў:

— О-о-о, гэта доўгая гісторыя, вельмі доўгая. Калі будзеце слухаць, я вам яе раскажу.

Вось што мы пачулі ад Кока-Колы.

КОКА-КОЛА РАСКАЗВАЕ

— Пасля таго як краіну інкаў захапілі чужаземцы-іспанцы, жыхары нашага Эльдарада зразумелі, што іспанцы прыйдуць і да іх. Аднойчы разведчыкі паведамілі правадыру: іспанцы ўжо шукаюць Эльдарада, каб забраць яго багацце. А багацця — золата і каштоўных камянёў — было нямала. Стагоддзямі збіралі яго ў нашай краіне. Правадыр загадаў усім назаўсёды пакінуць Эльдарада. Дзень і ноч нашы індзейцы знішчалі ўсё тое, што сваімі рукамі будавалі. Ад гарадоў, дзе нядаўна стаялі белакаменныя гмахі, і каменя не пакінулі. Ніхто не павінен быў ведаць, што існавала Эльдарада. Інакш, разумеў правадыр, прагныя іспанцы трапяць і на край свету, каб знайсці жыхароў нашага Эльдарада. Золата і каштоўныя камяні нашы людзі пакідалі ў цясніны, завалілі каменнем. Рэшту з сабою ўзялі.

Невялікімі атрадамі, па пяцьдзесят — сто чалавек рушылі ў далёкую дарогу. Самыя вопытныя воіны ўзначальвалі такія атрады. Толькі яны ведалі шлях, які выбраў правадыр. Многія не дайшлі, загінулі. Прыходзілася і рэкі адольваць, і балоты, і цясніны.

Як ручайкі сцякаюцца ў раку, так і атрады сталі сцякацца ў недаступныя, бязлюдныя джунглі. Кожны, хто змог, выканаў загад правадыра. Вырасталі хаціны, зацепліліся вогнішчы.

А правадыр аб'явіў: «Нікому ніколі не сыходзіць з гэтага месца. Ні з кім не страчацца. Ні словам, ні якім іншым спосабам не паведамляць пра сябе. Няшчасце таму, хто парушыць гэты вечны закон».

Не хацеў правадыр новага перасялення.

Шмат гадоў нішто не парушала размеранага жыцця нашага новага Эльдарада. А потым над намі сталі лятаць дзіўныя сярэбраныя птушкі.

«Белыя!.. Гэта ляцяць белыя», — здагадаліся старэйшыны. Белымі палохалі не адно пакаленне. Рахманай авечкай быў кракадзіл у параўнанні з невядомымі белымі. І зноў людзі пачалі разбураць хаціны, а жыллё рабілі на дрэвах. Каб сярэбраная птушка не заўважыла.

Неяк сярэбраная птушка зноў з'явілася над намі. Яна ляцела нізка-нізка, і чамусьці з яе жывата выбівалася полымя, а за ёю слаўся чорны след. Людзі пахаваліся, а праз некалькі хвілін пачулі, як, скалануўшы лес, ударыў пярун. Дзень, ноч сядзелі на дрэвах. Нарэшце смялейшыя злезлі з дрэваў і ўбачылі, што сярэбраная птушка ляжыць каля возера, дзе звычайна лавілі рыбу. І што самае жахлівае: каля вады, на беразе, ляжаў белы чалавек. Сотні вачэй здалёку назіралі за ім. Белы чалавек не варушыўся. І тады людзі зразумелі, што белы чалавек мёртвы. І яго птушка таксама мёртвая. Мёртвы белы чалавек і мёртвая сярэбраная птушка ўжо не здаваліся такімі страшнымі. Хтосьці падышоў да белага чалавека, нагнуўся, прытуліў вуха да яго грудзей і пачуў, што ціха б'ецца сэрца.

Што было рабіць з ім? Праткнуць кап'ём? Але хіба падымецца ў каго рука на безабароннага? Здавён нашы людзі не пакідалі ў бядзе параненых і нямоглых. Гэта быў яшчэ адзін вечны закон нашай краіны. І белага чалавека не пакінулі дзікім звярам. Вылечылі.

Незнаёмы назваўся Кляйнам. Было яму гадоў пяцьдзесят. Кляйн сказаў, што застанецца з намі назаўсёды, што не парушыць нашага вечнага закону. І мы прынялі яго ў сваю сям'ю. Да кожнага Кляйн падабраў ключык. Мужчын навучыў выплаўляць метал, жанчынам рабіў пярсцёнкі, дзецям майстраваў свісцёлкі. Ен нават запалкі прыдумаў. Мы глядзелі на яго як на добрага чарадзея.

«Яшчэ не таму вас навучу, — хваліўся Кляйн. — Толькі вы мне пабудуйце лабараторыю».

Мы яшчэ не ведалі, што такое «лабараторыя». Але раз Кляйн захацеў — трэба будаваць. Кожны стараўся дагадзіць яму.