55461.fb2
Дэп. Савіцкі (пасля правалу пытання аб экалагічнай інспекцыі): „Віншую! Нас з’ядуць тараканы скора, калі мы так рашаем пытанні экалогіі!”
Дэп. Катушкін — Шушкевічу: «Станіслаў Станіслававіч, вы, іменна вы расколваеце Сесію. Вы ўжо дзесяць разоў зрабілі выпад супроць дэпутатаў аб’яднання „Беларусь”! Я вам раблю катэгарычную заўвагу!» (Усё — з вялікай злосцю.)
Пытанне аб санітарна-эпідэміялагічнай службе — зарэзалі. Не ўключылі. Ну і ну! Гэта заняло б толькі паўхвіліны часу. І вось — маем!..
Пытанне аб Рэферэндуме (з удакладненнем пытанняў, якія выносяцца на ўсенароднае галасаванне). Дэп. Пазьняк: рашуча супроць. Булахаў, Станкевіч, Грыбанаў: рашуча за. Булахаў узяў слова яшчэ раз — за! „У 1991-м у нас не было вопыту, рэферэндум быў недасканалы”.
Наша Камісія прасіла ўключыць у план Сесіі пытанні „Аб архівах” і „Аб бібліятэках”. Не ўключылі: толькі 88 галасоў „за” (і па адным, і па другім). Было бачна, з якім вялікім энтузіязмам зарэзалі — аж пошчак ішоў па зале, як галасавалі супроць! Выступленне Трусава не памагло. Пытанне „Аб племянной справе” — зарэзалі пад гучны рогат. Настолькі на пошлы лад настроеныя думкі дасціпнікаў. А пытанне вельмі важнае для развіцця жывёлагадоўлі. Дэп. Унучка (эканаміст!) пульнуў досціп: „Штучна ці натуральна асемяняць?” (з націскам на „натуральна”). А між тым дэп. Лужынскі з вялікай горыччу сказаў, якая гэта важная эканамічная праблема.
Дэп. Герасюк прапанаваў уключыць у Парадак дня пытанні: 1. Аб катэджах наменклатуры; 2. Аб адстаўцы
В. Кебіча з пасады Старшыні Савета Міністраў. Абедзве прапановы з трэскам праваліліся.
Дэп. Вярцінскі (ад сябе і ад дэп. Гілевіча) унёс прапанову абмеркаваць пытанне „Аб канцэпцыі інфармацыйнай прасторы” — замест праваленага Законапраекта аб СМІ. Прапанова была з вялікім поспехам зарэзана — „за” толькі 75 галасоў.
Дэп. Трусаў унёс прапанову абмеркаваць пытанне аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. „За” — усяго 95 галасоў. Дзівак-чалавек! Людзі ашалелі ад шчасця, што сталі „членамі Парламента”, і цяпер самім адмовіцца ад такога гонару? Прагаласавалі прапанову Качана аб забароне БНФ: „за” — 45. (Я думаў, што будзе больш.) Яго ж прапанову аб аднаўленні дня 7 лістапада як Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі падтрымалі 131 голасам. Не прайшла. Прапанова Мінько абмеркаваць на Сесіі справаздачу Шушкевіча атрымала 176 галасоў. Прайшла! Рыхтуйся, спікер, да справаздачы! Ой, мала табе не будзе!
19 траўня
Пачалося, як звычайна, з „Рознага”. Дэп. Дзейка звярнуўся з запытам да генеральнага пракурора, чаму быў звольнены з Арміі афіцэр Мікалай Статкевіч. Дэп. Кучынскі прабіў трывогу аб пашырэнні ў Беларусі рэлігійных сектаў „Белыя браты”, „Крышнаіты” і іншых — аб страшным уздзеянні іх на псіхіку нашай моладзі, аб неабходнасці ратаваць яе. Маладыя хлопцы, трапіўшы ў іх сеці, сохнуць, усыхаюць. Многія наогул знікаюць! Дэп. Баршчэўскі. Запыт намесніку прэм’ера М. Дземчуку: чаму ў кнігарнях няма беларускіх кніг? Апратэставаў („у народа выклікаў смех”) выпад дэп. Качана і кампаніі супроць БНФ. (У зале прамаўчалі.)
Першае пытанне Парадку дня: Аб зменах у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Доўга затрымаліся на першай жа папраўцы. На кожную заўвагу — у зале рэплікі, як у школьнікаў ці студэнтаў — лёгкія, зубаскальскія, з прэтэнзіяй на дасціпнасць. Ах, гэтыя практыкаванні ў досціпах! Як яны выдаюць узровень культуры, выхаванасці! У зале — вялікая суматоха. Спрэчкі — якіясьці анархічныя, мітынговыя, амбіцыйныя і нават бзікаватыя. Леўчык, пасля правалу першага пытання, што называецца „плюнуў” і сеў на месца. Дэп. Арціменя прысарамаціў усіх — асабліва Лукашэнку: за яго выступленне. Шушкевіч злосна абрэзаў Лукашэнку: „Хопіць дэмагогіі! Вы толькі крычыце, як на мітынгах. А ніводнай за ўвесь час канкрэтнай прапановы! Ніхто так не дэстабілізуе залу, як вы!”
Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Дакладчык Шушкевіч. Гаварыў хвілін 15 — максімум, а можа і 10. Для такога даклада — малавата. Я чакаў, што зойме каля гадзіны. Пайшлі пытанні. Першае: Дык што за лад у нас будзе, у Беларусі — сацыялістычны ці капіталістычны? — Адказ: Пачытайце ўважліва тэкст, там сфармулявана. Дэп. Камай: А дзе Закон аб сімвалах у Канстытуцыі? Адказ: Ёсць закон, і добры, добра прыняты грамадскасцю, і няма патрэбы яго мяняць. (Сапраўды, сімвалы ў нас выдатныя. Адно што Гімна няма.) Пытанне: Чаму — платнае навучанне? А было бясплатнае. — Адказ: Было не для ўсіх, было сацыяльнае рэгуляванне. Пытанне: Што ў эканамічнай аснове ладу — якая ўласнасць? — Адказ: Не трэба вызначаць! Будзем будаваць справядлівае грамадства, на прававых асновах. — Пытанне: Ці парламент будзе прафесійны, ці такі, як цяпер? — Адказ: Прафесійны, але. з пэўнымі агаворкамі (рэгламентацыямі).
Дэп. Заблоцкі: Нідзе ў свеце няма спалучэння выканаўчых і заканадаўчых улад. Усюды яны размежаваны. Дэп. Качан: Дзе гарантыя на працу, на адукацыю і г. д.? Шушкевіч: Не трэба слоў „гарантыя”. Гэта — нерэальна! Дэп. Камай: Дык якая ж эканамічная аснова РБ? Трэба вызначыць у Канстытуцыі эканамічны базіс РБ! Адказ: Няма патрэбы ў такім вызначэнні, у іншых краінах няма.
Дэп. Трафіменка: На здароўе — гарантуецца права, а на ўсё іншае — не, слова „гарантуецца” няма.
Дэп. Сінчылін: Чаму адна беларуска мова — дзяржаўная? Шушкевіч адказаў вельмі эмацыйна, але добра, лагічна і доказна. Праўда, спасылка на шведскую мову ў Фінляндыі — няўдалая.
Дэп. Лакцюшын. Таксама аб мовах. Паршывую сацыялогію прыцягнулі з „Советской Белоруссии”, фальшывыя лічбы. Ах, сацыёлагі! Шушкевіч рэзка абрэзаў.
Дэп. Баршчэўскі пачаў дасведчана гаварыць аб мовах у Фінляндыі. У зале заулююкалі. Асабліва — дэпутат-генерал Гетц. Дэп. Лавіцкі прапанаваў зняць у прэамбуле ўпамінанне аб Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Прагаласавалі прапанову. „За” ўпамінанне — толькі 106 галасоў. Знялі! З энтузіязмам! Вось адносіны да гісторыі Бацькаўшчыны. Не было яе і няма — у душах і сэрцах бальшыні.
20 траўня
Арганізацыя працы і дысцыпліна — ніякая. Калі галасавалі пункт аб грамадзянстве — спачатку было ў зале 203 дэпутаты, паўторна — ужо 250, амаль 50 набеглі з калідораў, з кафэ. Не склікаўшы людзей у залу, паставілі на галасаванне. Станкевіч нахіліўся да мяне і прашаптаў: «Шушка (Шушкевіч) перад выбарамі спікера запрасіў на кватэру Лукашэнку, Ганчара, рэзаў і чысціў селядца і прасіў: „Галасуйце за мяне! Я вас не пакрыўджу, буду падтрымліваць...”. А цяпер — такія ворагі Лукашэнка і Шушкевіч!». (Па-мойму, плётка, у якой зацікаўлены непрыяцелі Станіслава, а іх процьма.)
Аб дзяржаўнай мове ў Рэспубліцы Беларусь. Зноў вылезлі: Лакцюшын (учора — Сінчылін) і член нашай Камісіі, дзядок П. З. Мінчанка (пасланец ад КПБ) і іншыя. Канешне ж, узяў і я слова. Пры маім выступленні рэпліку „Не пугай!” кінуў дэпутат з Барысава Трусаў (не ўпершыню і менавіта „Не пугай!” — на „ты”, як у сябе на заводзе). Кінуў — пасля маіх слоў: „Для Беларусі стане горш, калі мы адступім назад ад Закона аб мовах”. Выступіў я нялепшым чынам, трэба будзе пры абмеркаванні п. 50 паправіць. І аднак жа за дзве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 83 дэпутаты, а за адну беларускую — 204. Ура! Хоць гэта яшчэ толькі абмеркаванне праекта Канстытуцыі.
21 траўня
Пачалі з пытанняў непрадбачаных: выступленне дэп. Сапронава аб злоўжываннях у замежным гандлі агаломшыла. Калі ўсё гэта праўда, то — жахліва! Слухалі з выключнай увагай і пры поўнай цішыні ў зале. Урад распрадае краіну, багацці народа, заганяючы людзей у жабрацтва. Выступіў Міністр хлебапрадуктаў — амбіцыйна — з водпаведдзю Герасюку. А Герасюк тут жа прыпёр яго да сцяны фактамі. Затым паўгадзіны аддалі тэме: як прымусіць дэпутатаў пастаянна быць на сесіях і ўдзельнічаць у пасяджэннях. Ой, што тут пачалося! Як узяліся бэсціць адзін аднаго! Шушкевіч неасцярожна назваў імёны адсутных дэпутатаў. А Станкевіч, бэсцячы яго за нібыта „пошла-кухонны ўзровень”, сам пакарыстаўся менавіта такім стылем: „Вы можаце з маладой сваёй жонкай такое на кухні гаварыць...”. Гэта — пра спікера Вярхоўнага Савета. Крэпенька! Выйшла: усе вы, шаноўныя, адною культурай валодаеце. Шушкевіч узарваўся: „Я не ў міліцыі ў вас, дэпутат Станкевіч, не падследчы на допыце ў вас!..” Затым дэп. Ганчар з гасподніх вышак спляжыў усіх. Асабліва Шушкевіча і Прэзідыум.
25 траўня
Выбары намесніка Старшыні Прэзідыума. Прапанавалі дэпутата Міцько, разумнага, інтэлігентнага чалавека, медыка па адукацыі. Правалілі: толькі 125 „за”. Чаму? Праясніў сваім пытаннем да Міцько ваяўнічы дэпутат-генерал Сарокін: „Вашы адносіны да ўваходу Беларусі ў Калектыўную Бяспеку?”. Добра адказаў Міцько, вельмі добра, але ўжо было ясна, што „зарэжуць”. Якая зацятасць ворагаў нашай дзяржаўнай незалежнасці!
Абмеркаванне главы Канстытуцыі „Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”. За прэзідэнцкую форму кіравання выказаліся толькі 132 дэпутаты. Зарэзалі саму ідэю „прэзідэнцтва”. Ніякага прэзідэнта не трэба: ні „моцнага”, ні „слабага” (як у Германіі). Не трэба! Слова ўзяў Ганчар: патрэбен галава ўлады, дзяржавы без галавы не бывае, такога няма ў свеце! Прагаласавалі паўторна. Набралі 147. Рост! Не разумеюць шаноўныя, не разумеюць, якая нас можа чакаць бяда — пры нашай масавай палітычнай культуры.
26 траўня
У „Розным”: дэп. Бойка зачытаў ліст свайго выбаршчыка супроць „тарашкевіцы” (палічыў вартым увагі). Ліст рэзкі. Дарэмна зачапіў Данчыка. Пытанне ж увогуле правамернае і ў прынцыпе — рэзкасць справядлівая. „А можа, гэта правакацыя?” — сказаў Бойка, як бы звяртаючыся да прысутных дэпутатаў-філолагаў. Не, вядома, не правакацыя, але падумаць так можна — настолькі самаўпэўнена і напорыста ў друку „плянуюць” і „клясуюць”. Дарэмна А. Трусаў, узяўшы слова, „рашуча заявіў пратэст” супроць выступлення Бойкі. Праблема ж ёсць!
Абмеркаванне главы „Суд”. Пункт аб увядзенні суда прысяжных не прайшоў. пасля выступлення А. Трусава, які напомніў зале, што суд прысяжных быў ліквідаваны бальшавікамі пасля 1917-га. Знайшоў каму напомніць! Тым, для каго суд прысяжных вельмі непажаданы. Пытанне зусім не звязана з палітыкай, але раз выступіў у падтрымку апазіцыйнік і крытыкнуў бальшавікоў — усё, кранты! Адразу ж многія ўсумніліся і — 20 галасоў не хапіла. Трусаў забыўся, хто ў зале.
Пытанне аб Кантрольнай Палаце. Сама назва не прайшла. Дэп. Грынёў: Трэба сістэма кантролю, а Палата пакуль не адпавядае. „Вы протаскиваете то, в чём заинтересованы”. (Гэта — Шушкевічу. Не зусім карэктна.) Дэп. Сапронаў: Не разумею логікі паводзін дэпутатаў, што галасавалі супроць. Патрэбен жа кантроль!
Дэп. Макейчанка (у адказ на „шпільку” А. Трусава): І ў ЦК працавалі людзі, якія нешта ведалі ў галінах гаспадаркі. Між іншым, гэта праўда: былі такія людзі — і дасведчаныя, і кампетэнтныя, і культурныя. На жаль, часта ім не хапала мужнасці, стойкасці, упартасці, іх волю ламалі недасведчаныя і некультурныя, амбіцыйныя і фанабэрыстыя „сталаначальнікі”.
27 траўня
У „Розным” дэп. Герасюк гаварыў пра росквіт карупцыі ў Беларусі (набывае ўсё большыя маштабы). Папрасіў даваць яму слова па гэтым пытанні кожны дзень і да канца сесіі. (Брава, Герасюк! Малайчына! Нехта ж павінен пароць у вочы зладзюгам — што яны зладзюгі.) Дэп. Крыжаноўскі спачатку расказаў пра састарэласць тэхнікі ў Беларусі і пра нядбайнасць Урада ў гэтай справе. Затым папракнуў дэпутатаў за нападкі на Шушкевіча — што не падпісаў Дагавор аб Калектыўнай бяспецы, асудзіў і за непрыманне імі Кантрольнай Палаты — бо яна пачала ўскрываць злачынствы мужоў дзяржаўных.
Пытанне аб дадатковых паўнамоцтвах Савета Міністраў у Канстытуцыі. Дакладчык дэп. Леўчык. Спрэчкі разгарэліся страшныя. Кебіч (пасля выступлення дэп. Какоўкі і іншых) — ох і ўскіпеў ад злосці! „Ніводнай стрэльбы не прадалі ў Таджыкістан! І не прададзім без рашэння Вярхоўнага Савета! І вы, таварыш гаспадзін Трусаў, перастаньце!.. У газетах поўна хлусні!..”. А пачаў сваю прамову так: „Спыніце балбатню! Іначай не магу сказаць!..” (Ох і разышоўся! Відаць-такі—дапяклі!) Лакцюшын, Лукашэнка, асабліва генерал Гетц — крычаць так, што аж глушаць залу, патрабуюць амаль усенароднага ганьбавання дэмакратаў-апазіцыянераў. (Лакцюшын: „Все эти Каковки, Сасновы, Барщевские...”) Дэп. Заблоцкі абрэзаў крыкуноў, а галоўнае — гакнуў па эканамічнай палітыцы Урада за адсутнасць стратэгіі, за нягоднасць такога эканамічнага курса. Дэпутаты Жукоўскі, Мачуленка зноў паднялі крык супроць дэмакратаў, — крык наогул, без канкрэтных прапаноў. Дэп. Сасноў вельмі пераканаўча даў ім водпаведзь.
28 траўня
У „Розным” дэп. Чэпік патрабаваў або — або: або — Урад у адстаўку, калі праўда тое, што казаў Герасюк, або — дэпутата Герасюка пазбавіць на паўгода мандата за яго ўчарашняе выступленне пра міністра хлебапрадуктаў Якушава М. С. Вось такое або — або. Такая інтрыга ў сюжэце.
Пытанне Аб дзяржаўнай службе. Дакладчык — дэп. Заблоцкі. Не ўцямлю, чаму Заблоцкі? Ён — намеснік старшыні Камісіі па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Размова ж — пра служачых дзяржаўнага апарату! Дэп. Голубеў зрабіў вельмі слушную прапанову: аб абавязковым веданні беларускай мовы як мовы дзяржаўнай тымі, хто паступае на працу ў дзяржаўную ўстанову. Узнікла спрэчка. Дэп. Цярэшка: „Камісія не прапаноўвала такога”. Голубеў: „Непрыемна казаць, Іван Іванавіч, але Камісія тройчы разглядала і рэкамендавала гэтую прапанову”. (Галасавалі як за прапанову аднаго Голубева. „За” — 42 галасы. Рэпліка з залы дэпутата-генерала Піскарова: „Великое множество!” Здзеклівым тонам, вядома. Чаму ж з дзяржаўнай мовы і не паздзеквацца! У нас, у незалежнай Беларусі гэта можна. Нават пахвальна. Пад воплескі...)
1 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Волкаў: „Нам у Камісію прыйшло звыш 100 пісем пра дзяцей з ракам шчытавіднай залозы. Колькасць расце. Ужо цэлыя сем’і хварэюць. Усіх чакае смерць! Дзяцей запісваюць інвалідамі ад нараджэння! Гэта дзікунства!”
Дэп. Качан. Тэма — Другі з’езд камуністаў Беларусі, названы аб’яднаўчым. Чытае Зварот З’езда да Вярхоўнага Савета РБ. Аб недапусцімасці свабодных цэн на прадукцыю першай неабходнасці. Затым кінуў лозунг: „Адрадзіць саюзную дзяржаву! Іначай — пагібель!” Дэп. Судас: пра ільготы пенсіянерам на транспарт у сельскай мясцовасці. Патрабуе вырашыць гэта пытанне ў карысць пакрыўджаных. Шушкевіч дае водпаведзь М. Грыбу за яго выступленне ў „Народнай газеце” наконт падпісання Дагавора аб Калектыўнай бяспецы.
Слова ўзяў намеснік прэм’ера С. Лінг. Ад закона будзе залежаць, хто будзе працаваць на дзяржаўных службах. Тыя, што будуць, як жабракі, зазіраць у вочы кожнаму наведніку? (Гэта — у адказ тым, хто лічыць, што ў чыноўнікаў вельмі высокія зарплаты.)
2 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Холад крытыкуе Кебіча, што не скарачае раздзьмутыя чыноўніцкія штаты. Дэп. Лябедзька робіць запыт да сп. Жыльскага (старшыня камітэта па справах Рэлігіі) — у абарону каталіцкай парафіі ў Ашмянскім раёне, у абарону прыезджага святара (здаецца, са Славакіі). Няма ксяндзоў, а патрэба ў іх вялікая і ўсё нарастае. „У Гародні вучацца на ксяндзоў толькі 74 семінарысты. Гэтага зусім мала!” — бядуе Лябедзька. Дэп. Пракаповіч: Спад вытворчасці працягваецца. Заключэнне эканамічнага саюза — працэс доўгі. Патрэбен палітычны Саюз у рамках СНД. Чаму ігнаравалі прапанову VII з’езда народных дэпутатаў Расійскай Федэрацыі аб утварэнні Канфедэрацыі? (Вось яно — куды хіліць! Да Канфедэрацыі! Нашто нам гэтая незалежнасць!)
Пытанне аб барацьбе з эканамічным злачынствам і карупцыяй. Дакладчык — дэп. Папоў. Схапіліся спрачацца, што такое карупцыя. Дэп. Булахаў: Суб’ектам карупцыі з’яўляецца ўвесь беларускі народ! Бо эвентуальна кожны так ці іначай у ёй удзельнічае. Дэп. Какоўка: Зняць першы артыкул! Дэп. Аксаміт: Зняць увесь законапраект, дапрацаваць і ў канцы сесіі прыняць! Як добра ў ходзе абмеркавання пытання аб карупцыі бачна, хто не мае ніякага дачынення да злачынстваў, у каго сумленне чыстае!.. Гэта адчуваецца вельмі выразна. Сумленны чалавек (напрыклад, Аксаміт) гаворыць такім асаблівым тонам — і без крыку, і пераканаўча. Або як дэп. Герасюк, які сказаў: „Пры паступленні на дзяржаўную службу кожны павінен прад’явіць дэкларацыю”. Так усюды ў свеце. Але калі вам падабаецца без дэкларацый — хай будзе так! (Прагаласавалі прапанову Герасюка: „за” — 171. Не прайшла. Дзіва што!..)
Ну і схватка! Па колькі разоў бяруць слова адны і тыя ж. Большасць схіляецца, што гэта не закон, а пастанова аб узмацненні барацьбы з карупцыяй і злачынствамі ў сферы эканомікі.
3 чэрвеня
У „Розным” першы ўзяў слова дэп. Прывалаў. О, які, аказваецца, гэта ваяўнічы палкоўнік! Ястрабок! Але ж і заслужыў: крыкамі сагналі з трыбуны. Не любяць нашыя людзі празмернай ваяўнічасці. Дэп. Федарчук: Побач з вамі, Станіслаў Станіслававіч, група па згатаванню віцебскіх „блюд”, асабліва з Кантрольнай палаты. Знаю людзей, якія не мяняюць масак. (Нейкія цяжкія закіды, а пра што?)
Дэп. Маркевіч у прамове ўжыў слова „шпалеры”. У зале — бачна — не разумеюць, што гэта. Трэба рускім языком гаварыць, шаноўны!
Дэп. І. Трусаў. Пытанні Шушкевічу: Ці падпісаў Станіслаў Станіслававіч Дагавор аб Калектыўнай бяспецы? Якую пазіцыю ў гэтым займае Прэзідыум? І нарэшце: калі вы былі шчырым? (Во дзе сапраўдная „вандэя”! Божа, як мы яшчэ далёка да беларускай Беларусі!)