55461.fb2
Заклікаю не галасаваць! Дэп. Майсееў: чаму Кебіч так цягне КДБ у СМ, пад сваё крыло? Задумаліся? Прашу вас устрымацца ад непрадуманага кроку!
Дэп. Баршчэўскі: Хай вырашыць новы Вярхоўны Савет! У вас усё роўна не пройдзе! Гэта пытанне канстытуцыйнае. Толькі пасля прыняцця новай Канстытуцыі вырашыцца.
Дэп. Навумчык: у 1991 годзе паводзіны старшыні КДБ Шыркоўскага былі годнымі. Вы ж не захацелі!.. Вы ж не захацелі!.. Вы ж!.. Вы!..
Дэп. Папоў: КДБ павінен быць падпарадкаваны Савету Міністраў! Урад адказвае за бяспеку дзяржавы! Як без КДБ ён забяспечыць? З юрыдычна-прававога пункту гледжання — толькі СМ! (У зале шум, крыкі, поўны хаос!) Кузняцоў яўна не спраўляецца з залай. Трыбуну захапіў дэп. Папкоў. Крычыць: „Мікрафон выключылі за трыбунай! Мікрафон дайце!” Да Кузняцова падляцеў Пазьняк, нешта крычыць яму ў твар, што — не чую. Каля мікрафона на праходзе галяпуе Гермянчук: дайце звесткі! дайце звесткі аб.! Затым махнуў рукой і пайшоў на праводзіны Леха Валенсы, недзе там жа і Шушкевіч. А тым часам прагаласавалі. Трох галасоў для перамогі Саўміна не хапіла. Засталося, як было.
Пра падпісанне Шушкевічам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Старшыня ВС Шушкевіч тлумачыць, чаму да гэтага часу Дагавор не падпісаны. (Ой, зараз будзе гвалт! Ой, будзе!) Даказвае, чаму нам ні ў якім разе нельга падпісваць гэты Дагавор. У Таджыкістане ўжо загінула сто тысяч чалавек. Дык што — і мы ўцягнемся туды? (Добра гаворыць, пераканаўча. Вельмі пераканаўча!) Ва Узбекістане насельніцтва ў два разы больш, чым у Беларусі. А армія ў пяць разоў меншая.) Дэп. Ганчар: „Сем пятніц на тыдні. Абвергніце, што гэта не датычыць вас”, „Ці маеце права кіраваць калектыўным органам?”. (О, куды хапіў! Ды як бесцырымонна!)
Дэп. Гетц: Дзе карані — чаму пагаршаецца эканамічнае становішча? Шушкевіч: Нельга адной нагой стаяць у чоўне прыватызацыі, а другой — у чоўне планавай эканамічнай сістэмы! Прыклад трэба браць з Польшчы! (Г. зн. усё прыватызаваць.) Дэп. Навумчык: Ці не лічыце вы неабходным зрабіць кадравыя перамены, калі ва Урадзе такі развал? Шушкевіч: Не пра асобы гаворка, а пра канцэпцыі! Дэп. Казлоў. Дамагаецца, каб Шушкевіч выказаў свае асабістыя адносіны да Дагавора. Дэп. Новікаў (генерал). Што перашкаджае вам выслухаць ваенных, афіцэраў? Апошняя вашая сустрэча з вайскоўцамі была 2 студзеня 1992 г. Шушкевіч. Армія павінна быць па-за палітыкай. Дэп. Мачуленка. Вы падпісалі ці не падпісалі Дагавор? У вашым лісце ў СНД няма ні слова аб тым, што Вярхоўны Савет РБ — за далучэнне Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (Усё гэта — з веданнем працэдуры, юрыдычнага боку справы. О, як зацята, як настырна і як ядавіта!) Дэп. Мінько. Ці ўхваляеце вы ўдар ЗША па Іраку? (У зале рогат.)
Дэп. Сарокін (генерал). Чаму тут няма членаў Урада, калі абмяркоўваецца такое важнае пытанне? Дзе Кебіч, міністр Казлоўскі і іншыя? Усе гавораць на расійскай мове, і Шушкевіч таксама — нібыта адпаведна пытанню. Хаця — а чаму? Хай яны пытаюцца па-расійску, а ты — сячы ім на дзяржаўнай беларускай!
Дэп. Камай. Можна думаць, што вы перагледзелі сваю пазіцыю, якую займалі ў Віскулях? Так ці не?
Шушкевіч. Жыццё ідзе наперад, і трэба ўлічваць новыя рэаліі і рабіць адпаведныя карэктывы. Дэп. Лукашэнка. „Игра!” Ён прымае нас за студэнтаў! „Только двусторонние отношения!” — заяўляў у Віскулях. (Ох, і кусаюць! Ох, і грызуць Старшыню! Пра павагу і гаворкі няма.)
Шушкевіч. Калі вы хочаце „на калені” — то я „на калені” не хачу! І каб Беларусь падала на калені — не хачу! Вядома, трэба ісці па шляху двухбаковых згодаў, хаця я не выключаю і іншых пагадненняў.
Дэп. Новік (Шушкевічу): Колькі праз Беларусь на захад прайшло зладзейства? Ці лічыце вы, што калі б мы не засцерагліся і дапусцілі, наш Урад пайшоў бы на здачу беларускай Дзяржаўнасці, нашай незалежнасці?
Шушкевіч. Не хачу, каб з майго дакладу рабіліся такія высновы...
(Рэпліка Станкевіча — напаўголаса, для блізкага акружэння: „Столькі выпіўшы, можна яшчэ і не так гаварыць!” О-о-о, усе ў адну дудку!)
Дэп. Скарынін. Здзекліва іранізуе, што Шушкевіч не ведае зместу Дагавора аб калектыўнай бяспецы. О, як прыпірае Станіслава да сцяны! Дэп. Вайцянкоў: Паедзьце з Кебічам у Маскву, і праз два тыдні мы тут збярэмся і абгаворым сітуацыю. Бо сёння ў зале надта многа істэрыкі. Вы досыць паспешліва і нечакана для многіх праінфармавалі, а трэба спакойна, не так, як сёння... З’ездзіце пагаварыце ў Маскве...
30 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Ніканчук — аб школьных падручніках: сітуацыя на сёння катастрафічная, вучыцца няма па чым.
Дэп. Звераў. Мільёны даляраў пускаюць на чорт ведае што, а на лекі дзецям няма і цэнта! (Малайчына, Звераў!)
Па дакладу С. С. Шушкевіча (працяг). Дэп. Грыб. Вельмі настойліва — у абарону Дагавора аб калектыўнай бяспецы. (З унутраным напорам супраць Шушкевіча.) Дэп. Слямнёў. Спакойна тлумачыць, што праблемы з падпісаннем Дагавора па сутнасці няма. Апраўдвае дзеянні Шушкевіча.
Дэп. Піскароў. Рэкамендуе Шушкевічу ехаць у Маскву да Ельцына, а не ў Злучаныя Штаты да Клінтана. Дэп. Грынёў. Гаворыць спакойна, разважліва, — але! Як і Піскароў, рэкамендуе паехаць у Маскву, а не ў Амерыку. Дэп. Скарынін. Патрабуе прагаласаваць за давер Шушкевічу па галоўных пытаннях: Дагавор, КДБ, Рэферэндум і інш. Дэп. Зданевіч. Спакойна, але настойліва гне сваё (прыватызацыю). Дае ў косці і Шушкевічу — за непаслядоўнасць, за непадтрымку ў многіх пытаннях дэмакратаў.
Дэп. Сцепаненка (Шушкевічу): Ці ёсць у вас крэда? Лінія? Дзе паслядоўнасць? Што за „изворотливость”? Гэта ж палітычная спекуляцыя! Вы — як прафесійны акцёр! Перастаньце хітраваць! (Бросьте лукавить!) Патрабую: даклад Шушкевіча не прымаць! Паездку ў ЗША адмяніць! На чарговай сесіі паставіць пытанне аб даверы Шушкевічу!
(Даўно падазраваў, што гэты былы першы сакратар з Жыткавічаў належыць да ліку крайніх ачмурэлых. Помню, як ён не захацеў сустрэцца са сваім дэпутатам ВС Васілём Быкавым — ухіліўся, схаваўся ад гасцей. Прыехалі — у яго была нарада ў райкаме, і нас папрасілі пачакаць. А потым—няма! Знік! Сакратарка: „Наверное, куда-то срочно позвали.”. Куды? У Мінск? Дык папрасі прабачэння — і госць-дэпутат зразумее...) Дэп. Майсееў: Прэм’ер-міністра — неадкладна ў адстаўку! Наш Савет здольны на разумныя рашэнні. Дэп. Трусаў А. З чаго пачалося ў нас канфліктаванне? З пытання аб уласным войску. „Увесь урад сёння ж у адстаўку!” Дэп. Дзейка (у працяг Трусава): Хто і сёння ў дзяржаўных крэслах? Усе тыя ж чыноўнікі антыбеларускай загартоўкі! (Малайчына, Дзейка!) Дэп. Гілевіч. (Колькі гаварыў — увесь час бачыў, як генерал Піскароў вульгарна паводзіць сябе, ёрнічае, „лыбіцца”, бо — за трыбунай „не той”, і не тое, што ім трэба, кажа. Ды яшчэ і не на той мове.)
1 ліпеня
У „Розным”. Дэп. Даўлюд. Падобна, што дэпутаты Лукашэнка, Станкевіч, Скарынін і інш. страцілі чалавечае сумленне.
Дэп. Даўгалёў. (Ад групы „Згода”.) Урад не здольны вырашаць найважныя праблемы, структуры — усе — камуністычных часоў. Змянілі вывескі — і толькі! (У зале шумяць — не падабаецца. А ён — ох і пляжыць. Ох і пляжыць!) Няма канстытуцыйнага ўрада! Ёсць прапановы па новых назначэннях.
Абмеркаванне даклада Шушкевіча (працяг).
Дэп. Грынёў. Трэба распрацаваць доўгатэрміновую эканамічную палітыку. Для гэтага — Шушкевічу сустрэцца з Ельцыным. Шушкевіч прымае прапанову. Падтрымалі
і галасаваннем. Дэп. Трусаў. Адмяніць паездку афіцыйнай дэлегацыі на чале з Шушкевічам у ЗША, а заняцца тут наспелымі праблемамі. Дэпутата Вярцінскага А. І. заглушылі. Заглушаюць і дэп. Заблоцкага крыкуны з фракцыі „Беларусь”. Дэп. Карпенка паездку падтрымаў, але. з агаворкамі. Паездкі фармальныя, гасцявыя, з жонкамі і дзеткамі — навошта? Дайце праграму паездкі! (Даўно бачу, што Карпенку наш спікер нечым не задавальняе.)
Шушкевіч дакладвае, што ў праграме, але скомкана. Дэп. Цярэшка. Заклікае: Будзем памяркоўнымі! Гэта не проста візіт старшыні ВС, а візіт кіраўніцтва дзяржавы. Прадугледжана падпісанне многіх пагадненняў. (У зале шумяць, крычаць, адчуваецца агульная непрыязнасць да ЗША.) Дэп. Гетц. Чаму не ў кампетэнцыі ВС задума паездкі? Іменна Вярхоўны Савет павінен рашаць! (Крычыць.) Чаму іменна гэтыя ў дэлегацыі людзі? Дэп. Мачуленка. Не трэба сёння галасаваць прапановы!
Дэп. Станкевіч. Уключыць у склад дэлегацыі міністра Краўчанку! Шушкевіч упарціцца, стаіць на сваім. Паставілі пытанне на галасаванне. Супроць паездкі ў ЗША — усяго 44 галасы. Дробны крыкун за спіной у мяне крычыць і крычыць — ну проста як дурнаватая вясковая баба. Мае права! Дык чаму ж не? Дэп. Цумараў. Коратка і ясна — звольніць з пасадаў увесь Прэзідыум ВС — і не менш! Дэп. Булахаў. Горача падтрымаў Цумарава.
Дэп. Ганчар. Зноў у атаку на Шушкевіча і Прэзідыум. Дэп. Карпенка. Зноў пра маральны бок у справах дзяржаўных.
Спрэчкі скончыліся галасаваннем. За недавер Шушкевічу — 166, за давер — 27, астатнія, больш сотні, не галасавалі ніяк. На перапынку члены прэзідыума сабраліся ў пакойчыку за сцэнай. Апрача Шушкевіча і Кузняцова былі Грыб, Слямнёў, Савіцкі, Кулічкоў, Леўчык, Сасноў, Гілевіч. угаворвалі Шушкевіча папрасіць прабачэння ў ВС за пераход у спрэчках на пярсоны, бо гэта, маўляў, на шкоду яму самому. Вядома, карэктнасць трэба захоўваць. Пасада!
2 ліпеня
У „Розным”. Дэп. Кучынскі робіць „утык” Кебічу, што і ён вінаваты (а не толькі кіраўніцтва ВС) у знішчэнні зброі, якая патрэбная нашай рэспубліцы. Дэп. Навумчык. Заўвага ў адрас рэдакцыйнай камісіі ВС — крытыка радыё і тэлебачання за тэндэнцыйны характар інфармацыі, за нападкі на тых, „што не хацелі ўдзельнічаць у камуністычным шабашы, у спробе камуністычнага перавароту”. Дэп. Герасюк. Падстаў крыўдзіцца на Шушкевіча шмат. Але — хто раскрадае дзяржаўныя, народныя багацці, хто шыкоўна будуецца? Кебіч, Кенік, Мясніковіч — не хопіць часу, каб назваць усіх.
Пытанне аб імянных прыватызацыйных чэках. Дакладчык — старшыня камісіі Козік. Вельмі складанае, цяжкае пытанне. З дакладу мне стала ясна адно: для зладзюганаў тут магчымасці пажывіцца і нажыцца агромністыя. Пачаліся гарачыя, вострыя спрэчкі.
6 ліпеня
У „Розным”. Дэп. Ціхіня. Абвінавачвае ва ўсім Шушкевіча і пагражае: сыходзь! (Нічога не дайшло да шаноўнага?)
Дэп. Гілевіч. Дзяржаўныя мужы (Кебіч і іншыя) не пераадолелі псіхалогіі залежнасці, паслухмянасці, падпарадкавання Крамлю — захавалі звыклы стан душы, свядомасці: там, там разумнейшыя, мудрэйшыя, там ведаюць лепш, як павінна быць, як трэба, — там! Яны бяруць на сябе адказнасць — і нам так лепш, лягчэй і прасцей, зручней. Нашыя мужы не падняліся ў душы, у свядомасці, да самастойнасці, да незалежнасці, да самапачування гаспадарамі ў сваім доме, да ўсведамлення: „Мы вырашаем, як і што, мы самі! Мы і толькі мы! Мы бярэм на сябе ўсю адказнасць!”.
Дэп. Майсееў. Выказаўся ў падтрымку Шушкевіча. Дэп. Новік. Таксама абараняе пазіцыю Шушкевіча. Дэп. Дзейка. Робіць запыт старшыні КДБ Шыркоўскаму (паўторна, ужо нядаўна рабіў): якімі фактамі валодае КДБ? „Патрабую поўнай інфармацыі!” Дэп. Крыжаноўскі. Абвінавачвае былых партакратаў у ганебнай пазіцыі. Затым пра дэп. Станкевіча, які нібыта яму прыгразіў: „Мы тебя сделаем инвалидом” (У зале шум, незадавальненне. Відаць, Станкевіч гаварыў жартам).
Пытанне аб прыватызацыйных чэках. Прэамбулу да размовы зрабіў Шушкевіч. Але дакладчык Козік папрасіў на некалькі гадзінаў адкласці абмеркаванне. А ў гэтага, што ў мяне за спіною, не зачынецца рот — зусім не помніць чалавек, дзе ён знаходзіцца: крычыць па ўсякім повадзе і без поваду.
Пытанне аб пакаранні смерцю — уводзіць ці не ўводзіць у Беларусі гэту вышэйшую меру пакарання за цяжкае злачынства. Старшыня Вярхоўнага Суда Каравай прапанаваў адмяніць смяротнае пакаранне за эканамічныя злачынствы (якія б цяжкія яны не былі). Нечакана разгарэлася вялікая спрэчка, здаецца, ёй не будзе канца.
7 ліпеня
У „Розным”. Дэп. Качан. Зноў той жа крык — і гэта ўжо сумна. Адкладзенае пытанне аб прыватызацыйных чэках. Дакладчык — Козік. Пачалася вострая гаворка — і законапраект сёння не прынялі.
Пытанне аб Рэферэндуме. Дакладчык — старшыня Камісіі Леўчык. Фактычна даклада не зрабіў, сказаў дзве-тры фразы і — „Законапраект у вас у руках. Чытайце! Рашайце! Галасуйце!”. Дэп. Баршчэўскі. Гаворыць без паперкі. Як прафесійны прамоўца. Ды і голас пастаўлены. Пра рэферэндум—вельмі пераканаўча. Дэп. Навумчык. Б’е Шушкевіча за згодніцтва з партакратамі.
Дэп. Прывалаў. О, які баявіты палкоўнік! Цікава, хто яму напісаў гэты лямант? Колькі нецярпімасці, нянавісці, варожасці да. Тон — падкрэслена ваенны, загадны. Патрабуе не выносіць пытанне пра Дагавор аб Калектыўнай бяспецы на рэферэндум. Увогуле — рэзка супроць правядзення рэферэндуму. Калі ж і праводзіць, то: „Что делать с языком, на котором в Беларуси говорят 90 процентов населения?”. О, які гадзюк! Крыві, крыві хочуць, таварышы палкоўнікі!..
Дэп. Сарокін, генерал. У тую ж дудку, што і палкоўнік. Адна нянавісць да Беларусі, да нашай незалежнасці, да нашай мовы.
Дэп. Казлоў. Нібыта спакойна і культурна. Спаслаўся на артыкул Н. Г. аб расійскай мове ў Беларусі, аб яе статусе па Канстытуцыі (мова міжнацыянальных зносінаў). „Гэта ўсё мы адрэгулюем! Мы павінны ставіць пытанне на рэферэндуме!”
Дэп. Зданевіч. Дае ў косці і Шушкевічу за балансаванне сярод правай большасці. Дэп. Скарынін. Дубасіць Шушкевіча па ўсіх лініях. Пазіцыю спікера характарызуе як „верх цынізму”. Гэта ў Шушкевіча — цынізм? Дзе?
Дэп. Пракопаў. Патрэбны неадкладныя выбары прэзідэнта! Дэп. Какоўка. Здзекуецца з партакратычнай большасці ў зале.
Дэп. Пазьняк. Як і Какоўка, бязлітасна здзекуецца з пракамуністычнай бальшыні ў зале, але яшчэ больш здзекліва — з Шушкевіча. Вось гэта і ёсць мы, беларусы. Толькі так! Толькі есці адзін аднаго! Іначай мы не можам!