55461.fb2 Дзённік 1993 - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Дзённік 1993 - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Дэп. Жукоўскі. О, які галасок! Толькі на плошчу! Толькі на мітынг! Стары ідэалагічны кадр з тых, што не турбуюцца — слухаюць іх людзі ці не слухаюць, ведае, што перакрычыць усіх. Поўныя вушы, поўная галава крыку, бухання ў мікрафон! І навошта так галяпаваць?

Дэп. Ганчар. Ад пачатку да канца — суцэльны здзек з Шушкевіча.

Дэп. Даўгалёў. О, як з’еў Ганчара! Аж запляскалі ў зале.

Шушкевіч. Заключнае слова. Адбіваецца, як можа. Амаль нічога не прызнае. І зноў сарваўся (у дачыненні да Ганчара).

Божа, як сумна, горка і брыдка! Як горка! Нішто не аб’яднае нас, нішто! Тое, што магло нас аб’яднаць — таго ў душах няма. Свяшчэнны доўг перад Беларуссю — г. зн. перад мовай і культурай Беларусі, перад Святым Ду­хам Беларусі, — няма! Думаюць пра іншае — пра свае чыноўніцкія амбіцыі, пра сваю ўласную пыху...

9 лістапада

Просьба нашай Камісіі ўключыць у Парадак дня пытанне аб архівах і бібліятэках адхілена. Абодва законапраекты не прайшлі: двойчы ставілі на галасаванне — і двойчы родненькія дэпутаты правалілі. Ні архівы, ні бібліятэкі іх не хвалююць. Дробязь! Хаця на абмеркаванне гэтых законапраектаў у першым чытанні хапіла б дзесяці хвілін. Так людзі выказалі свае адносіны да культуры наогул. Удалося ўставіць у Парадак дня пытанне аб зарплаце настаўнікам і педагогам.

Дэп. Пазьняк: „Першым трэба ставіць пытанне аб адстаўцы Урада!” І вельмі рэзка асудзіў Урад, які давёў краіну да цяперашняга становішча. Дэп. Ізмайлава (ваяўнічая бабулька!): зусім не па тэме Парадку дня пачала крычаць аб пагрозе дзяржаве з боку апазіцыі і БНФ. Гэтую небяспеку ўбачыла яна і ў інтэрв’ю Сярэдзіча

з Шушкевічам. (За два рады перада мной сядзіць дэпутат „ад інвалідаў” і ўвесь час паварочвае галаву, каб кінуць кеплівую рэпліку Гермянчуку, а ўхмылка дурненька-дурненькая. Можа, і добры чалавек, і заслужаны ветэран, але... Ён ведае адно, што трэба перш за ўсё ўчыняць абструкцыю „дэмакратам”. Крычы, стукай і грукай нагой аб падлогу, рукамі па стале. Навыбіралі такіх законатворцаў, навыбіралі!.. А для чаго? Недарэчна гэта было зроблена, недарэчна.

11 лістапада

Дэп. Гілевіч: „Дазвольце сказаць пра адно ўражанне, якое мяне вельмі засмучае. Мнагавата гаворыцца тут таго, што не дапамагае адказаць на пытанне: як, якімі шляхамі выйсці з глыбокага крызісу, як не дапусціць, каб здарылася самае горшае — каб абрабаваныя, ашуканыя няшчасныя сумленныя людзі не пачалі паміраць ад голаду і холаду”. „Дарэчы, у вуснах многіх нашых грамадзян словы „суверэнітэт”, „незалежнасць” сталі словамі зняважліва-абразлівымі, гучаць, як лаянка. Няшчасце на галаву звалілася — суверэнітэт! Жылі- жылі — і раптам на табе! Суверэнітэт!.. ”

16 лістапада.

Абмеркаванне дакладаў С. С. Шушкевіча і В. Ф. Кебіча. Дэп. Заблоцкі У. М. Нам патрэбен нейтралітэт па ўзору Швецыі. У любых абставінах — нейтралітэт! Ні ў якім разе не ўтвараць агульную рублёвую зону з Расіяй. Рашуча супроць здачы суверэнітэта і незалежнасці!

Прапанаваў выбраць старшынёй Урада. Марыніча. (У зале — шум і посмехі — не прынялі.) Дэп. Новік У. У. „Сёння Расія ў руках ліберальнай буржуазіі, а заўтра?” Трэба было на другі дзень пасля ўвядзення расійскага рубля нам у Беларусі ўводзіць свой, беларускі. Вярхоўны Савет і Савет Міністраў не зрабілі гэтага. Задзейнічалі хапугі. Трэба помніць пра геапалітычныя інтарэсы Расіі ў Беларусі. Паглядзіце: набіраюць сілу дзялкі-кампрадоры! Я заклікаю і ВС і СМ да разумнай згоды. Урад, дай праграму выйсця са становішча! ВС адказвае за дзейнасць Урада, і калі той не так дзейнічае — дык у адстаўку!

Дэп. Садоўскі П. В. Колькі будзе цягнуцца пераходны перыяд з агульным рублём, агульнай рублёвай зонай? Павінна быць камісія, якая б выпрацавала праграму выратавання эканомікі. Гэта зробіць абноўлены Урад — толькі абноўлены! Далей П. В. робіць бліскучы аналіз, куды пайшлі грошыкі і адкуль іх узяць. (Куды ўцяклі капіталы?) Дэп. Сукач М. Д. Узнікла патавая сітуацыя — з-за канфрантацыі ВС і СМ. Няма агульнай стратэгіі — вось бяда! Чаму ў нас павінна быць горш, калі маюцца ўсе ўмовы, каб было лепш? Адкажыце, хто вінаваты? Вячаслаў Францавіч, ніколі не хітрыце! Я — за ўласную беларускую валюту! Але — не за ізаляцыю!.. Вячаслаў Францавіч, вы кажаце: мы не дапусцім разва­лу сельскай гаспадаркі. Ды яна ж ужо развалена! Калгас ужо не корміць, а фермер тым больш не можа карміць, бо не мае падтрымкі. Нам ёсць чым гандляваць з усім све­там, а не залежаць ад Расіі! (Ой, як разумна гаворыць!) І яшчэ: трэба пакончыць з хаосам у мясцовых уладах! Скараціць начальнікаў усіх рангаў (скароцяцца шафёры, бензін, сакратаркі!).

Дэп. Чакушоў У. М. Нашто нам рабіць самазвалы і столькі трактароў, не маючы сваёй матэрыяльнай базы (вугалю, руды)? Знізілі экспарт, прадаём за бясцэнак. Перавагі клірынга відавочныя, але мы не ўмеем ім карыстацца.

Дэп. Турак А. М. Чаша цярпення перапоўнена. Ха­ваем ад людскіх вачэй бяздзейнасць. (Слухаюць, як і папярэдняга, кепска!) Яўны здзек з вытворцаў! „Беспре­дел” ва ўзаемаразліках з краінамі СНД.

Дэп. Андрэйчанка У. П. У сельскай гаспадарцы мы дайшлі да небяспечнай рысы. Усе калгасы сталі аднолькава беднымі. У жніўні працуем у полі па 6—7 гадзін — удумайцеся! „Не будзе вёскі — не будзе і рэспублікі!” (!!!) Пастаўлялі ў Расію 300 тысяч тон мяса, зараз — 40 ты­сяч тон. Павярнуць бюджэт на сельскую гаспадарку! Непарытэт цэн — галоўная прычына гібелі сельскай гаспадаркі! Сёння крэдытаванне сяла — ніякае. Трэба даць вёсцы ільготныя крэдыты! Разлік за здадзеную сельскую прадукцыю праводзіцца несвоечасова, а грошы абясцэньваюцца.

Дэп. Цялежнікаў У. І. Ні адно рашэнне Вярхоўнага Савета не давялі да канца — за ўсе тры гады. Мы спадзяваліся на палітычны цуд, а ён не адбыўся. Але яшчэ многія ў яго вераць. І эканамічнага цуда не будзе. Адказнасць на нас. Трэба правесці структурныя змены ў Савеце Міністраў.

Дэп. Цярэшка І. І. Аб рабоце Нацыянальнага банка: яго палітыка прывяла да вялікіх страт у народнай гаспадарцы, да іншых страт. (Рэпліка з залы: „Усё ў руках Са­вета Міністраў, а не банка!”) Прапаную падпарадкаваць Нацыянальны банк Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. (Ну і прапанова!)

Дэп. Навумчык С. І. дае ацэнкі дакладам Шушкевіча і Кебіча. „Вы, Вячаслаў Францавіч, чатыры гады ўзначальваеце Урад — і што зрабілі? Зарплата — 26 адсоткаў „спажывецкага кошыка”. Пазыка — ужо каля двух мільярдаў даляраў. Хто разлічыцца? Наступныя пакаленні народа? Савет Міністраў займаецца не эканомікай, а палітыкай і палітыканствам. Прапаную стварыць пераходны кааліцыйны Урад. З гэтым мы, апазіцыя, і выйшлі на Сесію.

Дэп. Трусаў А. А. Згодніцкая палітыка Шушкевіча карысці народу не дала. Паглядзіце на харомы сучасных буржуяў вакол Мінска і іншых гарадоў — хто жыве і будзе жыць у іх? Урад даў прастору жулікам, злодзеям. Зняў мытню з аднаго боку. Мае прапановы: першая, трэ­ба стварыць кааліцыйны Урад, другая, скараціць колькасць міністраў (і яшчэ восем прапаноў!).

Дэп. Жыдзіляеў І. І. Так і не зразумеў з дакладу Кебіча, ці бачыць Урад крызіс эканомікі. І ў Шушкевіча мала канкрэтных прапаноў.

Дэп. Карпенка Г. Дз. У дакладах няма аналізу крызісу ўлады на ўсіх узроўнях. Ідзе працэс палітычнага развалу дзяржавы. Перад намі два шляхі выйсця: дрэнны і зусім дрэнны. (Абмалёўвае гэтыя шляхі.) Галоўная задача — выратаванне насельніцтва ад голаду і холаду. (Малайчына!)

Дэп. Какоўка В. Ф. Спасылаецца на сваю нацыянальную валюту ў Казахстане і Узбекістане. Прыводзіць прыклад Германіі пасля вайны: стабільнасць валюты (грошай) і цэн. Гэта галоўнае права чалавека — стабільнасць. Асноўнай задачай сёння бачу змену прэм’ера.

Дэп. Жук А. М. Крытыкуй — каб самому дарвацца да ўлады, — і ўсё! Многія так і робяць. Аб справах у Аграпроме скажу так: горш, чым дзе б ні было!

Дэп. Лукашэнка А. Р. (Крытыкуе даклад Шушкевіча, але — не пераканаўча, абы прычапіцца. Нічога канструктыўнага не сказаў. Агульнае ўражанне — дэмагогія і папулізм.) „А дзе, Станіслаў Станіслававіч, былі вы? З вамі з гэтага крызісу мы не выйдзем! Прапаную вызваліць ад пасад і Шушкевіча, і Кебіча”. (Шушкевіч тут жа даў водпаведзь.)

Дэп. Каўбаска М. І. Вельмі ўпэўнена — за сваю беларускую валюту як за сімвал незалежнасці. (Малайчына, Каўбаска, не чакаў!)

Дэп. Камай А. С. Корань усіх бед зусім не там, куды паказвае Шушкевіч. А ў Віскулях! У рыначнай стыхіі, якая можа запанаваць у рэспубліцы! У дакладах Шушкевіча і Кебіча няма эканамічных разлікаў. Шушкевіч хай выконвае волю Вярхоўнага Савета! У сельскай гаспадарцы патрэбна мэтавая дзяржаўная праграма па вытворчасці прадукцыі (мяса і малака).

Дэп. Грынёў М. Ф. Рэзка крытыкуе Шушкевіча і тых, хто супроць агульнарублёвай зоны. „Давайце гандляваць! Працуем на склад, а трэба везці ў Расію! Я — за незалежнасць, але гэта трэба рабіць паступова, ра­зумна, узважана, а не з ходу!” (??? Што гэта значыць?) Рожкі-ножкі засталіся ад абяцанняў. Помнік паставяць Кебічу і Чарнамырдзіну за падпісанне пагадненняў аб далучэнні... да Расіі.

Дэп. Крыжаноўскі М. К. Хваліць даклад Шушкевіча; Кебіч прачытаў той самы даклад, што і шмат разоў ра­ней. Урад не ажыццяўляе законы. (У зале шумяць.) Б’е наменклатуршчыкаў за катэджы: цэмент бяруць па 70 рублёў мяшок, шпалеры — па 3,5 рубля метр. „Гарызонт” праеў крэдыт на 20 млн. марак, а выраб тэлевізараў знізіўся на 140 тысяч. (Сапраўды, дзіўна! Дзе ж плён ад крэдыту?) Жудасныя страты БелАЗа!..

Дэп. Грыб М. І. У дакладах прагучала сур’ёзная крытыка і самакрытыка. Расійскія тавары складуць нашым моцную канкурэнцыю. Не забываць і аспекты палітычныя! Павінен быць рэальны падзел уладаў і паўнамоцтваў.

Дэп. Жукоўскі М. Дз. У дакладах бачанне выйсця ёсць, задача ў тым, каб аб’яднаць намаганні. У свеце 170 рыначных дзяржаў, а працвітаюць з іх — 20—30. А чаму? Рыначныя адносіны павінны быць рэгуляваныя! Трэба сыходзіць з тых пазіцый, на якіх былі, калі звалілася на нас незалежнасць Беларусі. Сродкаў аднаго бюджэту не хопіць на сацыяльна незабяспечаных. Гуманітарная дапамога часта паступае абы-каму, а не ў дзяржаўны фонд.

Дэп. Спіглазаў А. Ф. Эканоміка не церпіць эксперыментаў. Нам абавязкова патрэбная свая валюта! Трэба мяняць склад Урада, і ёсць кім замяняць у самім Урадзе.

Дэп. Баршчэўскі Л. П. З агульнай рублёвай зонай страцім і ўнутраны рынак—канчаткова! Задача Урада — прагназаваць, што будзе. Урад ставіць на палітычную карту, і нас ужо не ўспрымаюць як самастойную, неза­лежную краіну. Неабходна зрабіць поўныя замены ва Урадзе! Вячаслаў Францавіч, падайце ў адстаўку — і я складу свой дэпутацкі мандат і не буду выбірацца на чарговых выбарах!

Дэп. Пазьняк З. С. Віна Кебіча — у разбурэнні эканомікі і многага іншага. Прычына — у палітычных пазіцыях Кебіча. Ён — за адраджэнне СССР, за ліквідацыю незалежнай Рэспублікі Беларусь, за ператварэнне Беларусі ў эканамічнае падмаскоўе. Самая вялікая шкода, нанесенная Урадам, — паліўны голад. У Балтыі — свая валюта, і таму — зусім іншае становішча. (Дае Кебічу і ў хвост і ў грыву!) „Што гэта за скамароства? Адкуль гэта глупства? Апрача дзяржаўнага самазабойства — Кебіч не бачыць выйсця. Ён не бачыць і не разумее, як выйсці з крызіснага становішча.

Дэп. Данілевіч І. М. Нагадвае пра гучную заяву Урада „легчы пад паравоз” — калі спатрэбіцца. „Буду гаварыць пра сельскую гаспадарку. Кожны дакладчык лічыць, што праўда ў яго. А я не бачу праўды ні ў аднаго, ні ў другога. Усходнія немцы не ліквідавалі сельгаскалектывы. Усякая стратэгія пачынаецца з земляробства. Я, кіраўнік аграфірмы, прадаў усю прадукцыю — і стаў у шэсць разоў бядней. Што ж гэта? Скажыце: калі пяройдзем на сусветныя цэны? Тады вёска выжыве. Ні адна сельская гаспадарка ў свеце не жыве без датацыі. Як дажыць да 1-га студзеня — не знаю. Лічу: тое, што зрабіў Нацыянальны банк, гэта — дыверсія супроць сяла. СМ павінен прадугледзець сродкі на вёску, на сельскую гаспадарку. Лён і бабовыя — наша золата, а не бульба і не мяса.

Дэп. Грыбанаў У. М. Чакалі высноў ад Шушкевіча. Але — не было: ні аб рэформах, ні аб адстаўцы. Як ісці да мэты — адказу не пачулі ў дакладах. Трэба хірургічнае ўмяшанне! Са скальпелем!

17 лістапада

Працяг абмеркавання дакладаў Шушкевіча С. С. і Кебіча В. Ф.

Дэп. Булахаў Дз. П. Здрада нацыянальным інтарэсам — голы суверэнітэт, што ў галовах у нацыянал-радыкалаў. Трэба наводзіць парадак у структурах улады — у рамках Канстытуцыі. 1. Давайце падпішам пагадненні! 2. Абновім склад Урада! 3. Прымем новую Канстытуцыю! 4. Нам трэба моцная ўлада! („Сильная власть!” Што мае на ўвазе? Дыктатара?)

Дэп. Даўгалёў В. Б. Прапановы Шушкевіча і Кебіча, як выйсці з крызісу, — прынцыпова разыходзяцца. Да­лей прыводзіць жахлівыя лічбы (сапраўды: жах!). Міністэрства абароны стала камерцыйным. 500 тысяч гектараў лясоў, што ў веданні ваенных, — распрадаюцца. (Жах!) У кішэні сабе кладуць мільёны. (Жах!). Глыбокі крызіс праваахоўнай сістэмы.

Горш няма куды. Прэм’ер адводзіць кожны раз убок ад галоўнага якой-небудзь прыдумкай. Урад не здольны ўзначаліць работу па выхаду з крызісу — трэба ставіць пытанне аб яго адстаўцы!

Дэп. Кучынскі Е. Ф. Крытыкуе Вярхоўны Савет за знешнепалітычную дзейнасць. За неажыццяўленне пагадненняў, падпісанных у Віскулях. „Скажыце: чаму ніводнай пастановы аб паездках у краіны СНД? Вузкі круг людзей дыктуе волю нам — усяму Вярхоўнаму Савету. Прапаную: 1. Зняць Шушкевіча з пасады старшыні ВС. 2. Прагаласаваць давер старшыні Нацбанка. 3. Трэ­ба новая каманда, якая павядзе дзяржаву. (З каго, з якіх сіл каманда?)

Дэп. Сечка Л. Н. Сітуацыя з банкавай справай у нас — нікуды не вартая. Патрэбна паэтапная рэарганізацыя кіраўнічых структур.

Дэп. Кулакоў У. П. Што ў краіне такое становішча — вінаватыя і Урад і Вярхоўны Савет. Ніхто за нас нашы праблемы не вырашыць. Я — за эканамічны саюз з Расіяй, за рублёвую зону. Але — гэта залежыць не толькі ад РБ. Беларусь — зборачны цэх, залежны ад Расіі і іншых краін. Прапаную: 1. Правесці глыбокую струк­турную перабудову народнай гаспадаркі! 2. Трэба іншая падатковая сістэма. 3. Рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы! Напрыклад, лес: мы яго гонім за мяжу неапрацаваным, а трэба гнаць мэблю. Навісла небяспека над ільнаводствам. 4. Нельга траціць рынак збыту сельгаспрадукцыі. У нас ідзе няспынны рост цэн. Але ж гэта — не рынак! Рынак — канкурэнцыя тавараў!

Дэп. Гаркун У. Г. Што і як рабіць далей? Якія рэальныя шляхі на заўтра? — Ратыфікаваць пагадненне з Расіяй! Розніца ў цэнах прывяла да поўнага банкруцтва многіх-многіх гаспадарак. Выйсце адно — у цэнавай палітыцы. Чым больш калгас вырабляе мяса і малака — тым больш стратна для яго! Што гэта? Бутэлька кефіру — 40 рублёў, бутэлька мінералкі — 330! Што гэта ТАКОЕ? Карэнным чынам змяніць крэдытную палітыку! Няма доўгатэрміновых крэдытаў для сельскай гаспадаркі. Што гэта? Дзе такое ёсць у свеце? (Божа прамілы! Сапраўды: што гэта? Што гэта?)

Дэп. Сасноў А. В. Толькі эканамічныя рэформы змогуць выратаваць краіну! Хай і ў саюзе з Расіяй і іншымі дзяржавамі — але рэформы! І рэнтабельныя прадпрыемствы чакае крах, калі не абнаўляць фонды. Даць рэнтабельным прадпрыемствам замацавацца на рын­ку! Бо — адкуль будзе бюджэт? Урад абяцае... ужо тры гады! А Вярхоўны Савет верыць яму! І зацвярджае кож­ную новую праграму. Адносіны Урада да недзяржаўнага сектара — абыякавыя, няма падтрымкі. Можа, усё ж адправім Урад у адстаўку? (Які малайчына Сасноў, які малайчына!)

Дэп. Беленькі Ю. А. Прычына развалу фінансавага становішча Беларусі — поўная некампетэнтнасць Урада ў фінансава-валютных справах. Ён прымае незаконныя пастановы. Банк іх не выконвае. Ствараецца фіктыўны капітал. (Во! Во малайчына!) Што дасць аб’яднанне грашовых сістэм? Будзе страшны ўдар па сельскай гаспадарцы. Нацыянальны банк не дапаможа ёй.

Дэп. Пракаповіч П. П. Што мы сабе думаем? Маем 150 мільярдаў доўгу Расіі за газ — і чакаем, пакуль нас адключаць? Чаму Вярхоўны Савет не кантралюе выкананне Законаў і Пастаноў? Напрыклад, аб прыярытэтах сяла? Паставілі б пытанне — і вызвалілі ад пасады, калі Багданкевіч не слухае! КДБ — у вас! Кантрольная пала­та — у вас!