55461.fb2
Дэп. Голубеў В. Ф. Хто будзе несці адказнасць за невыкананне Праграм? Чаму вы, Станіслаў Станіслававіч, не паставілі пытанне аб бяздзейнасці Урада? Не трэба, сп. Кебіч, уводзіць валюту сваю прымусова! Расійскі Урад будуе Расію. Кебіч не разуме гэта, ці не хоча разумець. Наконт структуры Урада скажу: у нас над міністрамі стаяць упраўленні і кіруюць міністэрствамі. Наконт знешняй палітыкі: станцыю Гадуцішкі аддалі Літве. Без рашэння Вярхоўнага Савета! Кебіч аддаў! Сам! (Ох, і зашумелі- закруціліся ў зале.)
Дэп. Герасіменка А. М. Заклікаю падтрымаць ідэю стварэння Вышэйшага Савета па эканоміцы. 1. Рэфармаваць банкавую сістэму. Усе банкі передаць Ураду! 2. Падатковая палітыка павінна стымуляваць прадпрыемствы, а не быць фіскальнай. Затым цытуе нейкі зварот аб падтрымцы эканамічнага саюза і рублёвай зоны. Прадпрыемствы вінаваты гораду Мінску 75 мільярдаў рублёў (Жах! Што ж адбываецца?) Рэкамендуе не захапляцца чэкамі, думаць пра сацыяльную абарону грамадзян! І пра бюджэт!
Дэп. Сямдзянава Г. Г. Чэргі па хлеб такія, што — у адстаўку ўвесь кабінет Урада! Яго грахі не пералічыць!
Дэп. Унучка Р. І. БНФ і ПКБ (Партыя камуністаў) самкнуліся ў сваёй дзейнасці. Мала шукаем крыніцы энергіі. Ядзерную трэба развіваць! Каб не загубіць эканоміку — трэба ўзяць крэдыт на 450—500 мільёнаў даляраў. Вёску заспакойваем, ашукваем — як і раней. Вытворчасць прадукцыі сельскагаспадарчай стала нявыгаднай. Стала нявыгадна ў вёсцы жыць.
Дэп. Антончык С. А. Гваздае карпаратыўныя партыйна-дзяржаўныя групы, якія рабуюць народ і краіну. (Ой гваздае!) Гваздае — як прайдзісветаў. (А як доказна!) Урад дазваляе ім займацца прыхватызацыяй! У гэтых умовах — толькі адстаўка Урада! Заклікае народ да забастовак, да бунту, на вуліцу! (Такога з трыбуны ВС яшчэ не гучала!.. Сапраўдны рабоча-пралетарскі лідэр! Брава, Антончык!)
Дэп. Качан М. А. Унучка — былы першы сакратар РК КПСС, сёння ён — жоўта-карычневы. Я абвяргаю ўсе яго абвінавачванні. Далей — драпежыць БНФ, прамовы Пазьняка, Гермянчука, Голубева. А галоўнае — у адстаўку Шушкевіча! У гэтых мэтах патрабуе арганізаваць ліст выбаршчыкаў. І зноў і зноў — пра Віскулі.
Дэп. Алампіеў В. П. Мы ўхіліліся ад рашэння эканамічных праблем. Цытуе Лінга: „Калі паперадзе эканомікі ідзе палітыка — будзе крах!” Не будзе — ужо ёсць. (Робіць доказны аналіз гэтага.) Што ў такім хаосе, як у нас, можна зрабіць? Адны (Заламай, Казлоў) — за СНД, другія — супроць, за дэнансацыю дагавора. Кебіч даўно заслугоўвае адстаўкі!
Дэп. Марыніч М. В. Заклікаў падтымаць і Кебіча і Шушкевіча. Даверыцца ім — і няхай працуюць!
18 лістапада
Дэп. Гілевіч Н. С. Тут была заява, што пытанне аб незалежнасці хочуць абмяркоўваць адно дэпутаты з апазіцыі — члены БНФ ды Грамады. Я не належу ні да БНФ, ні да Грамады, ні да якой-небудзь іншай партыі. Не належу і не збіраюся належаць. Але я належу да народа, які тут жыў, жыве і будзе жыць і які заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую меў у стагоддзях, калі з яго воляй ніхто не лічыўся, да народу, які мае права, Богам данае права, быць і пачувацца гаспадаром на гэтай зямлі, на сваёй роднай зямлі — іншай у яго няма. І таму зразумець маю трывогу ў гэтую хвіліну, думаю, няцяжка. Нельга недаацэньваць момант, які мы зараз перажываем — бо ён можа аказацца лёсавызначальным, ён можа стаць пачаткам канца — канца таго, да чаго мы так доўга ішлі — да суверэннасці, да незалежнасці. І што ж прымушае многіх з нас, сыны і дочкі Беларусі, так легкадумна ставіцца да лёсу сваёй Бацькаўшчыны?