56385.fb2
Перад нямецкiм вайсковым камандаваньнем паўстала пытаньне: што рабiць зь дзесяткамi тысячаў людзей, што ў Беларусi так цi йнакш былi дапамогай для акупацыйнага апарату? Бязумоўна, немцы былi задаволены з наяўнасьцi людзкiх рэзэрваў, што лiшнi раз удасца выкарыстаць. Адно - цi паслаць iх да капаньня вакопаў i будовы ўмацаваньняў па-за фронтам, цi адправiць на паўнявольнiцкую працу на фабрыках, цi, рэарганiзаваўшы, - стварыць вялiкую збройную адзiнку? Пару тыдняў усё, як здавалася, вiсела ў паветры. Хадзiлi розныя чуткi. Найчасьцей цьвердзiлi, што неўзабаве давядзецца капаць вакопы цi будаваць бункеры. Радзей мяркавалася аб тым, што людзi атрымаюць зброю цi захаваюць тую, што маюць, ды пойдуць ваяваць на фронт.
Маёр Зiглiнг быў выклiканы ў Бэрлiн, дзе меў даўжэйшыя гутаркi зь вярхоўнымi ўладамi. Бязумоўна, ён добра ведаў як людзей, так прыблiзна й iхныя настроi, а там ужо, зьверху, пэўна-ж, таксама мелi свае пляны. Хутка пасьля Зiглiнгавага выезду ў Бэрлiн афiцэры збройных адзiнак, што знаходзiлiся на Мазуршчыне i ва Ўсходняй Прусii, атрымалi загад зьявiцца ў ввабоз у ваколiцах гораду Эльбiнг. Загад адносiўся да адзiнак, у якiя ўваходзiлi беларусы i ў меншай меры ўкраiнцы й расейцы. Iхны афiцэрскi склад быў мяшаны: прыблiзна напалову - немцы, другая палова - афiцэры iншых нацыянальнасьцяў.
24 лiпеня 1944 году каля першае гадзiны ночы ў абозе каля Эльбiнга зрабiлi трывогу. Афiцэры атрымалi загад неадкладна рыхтавацца да канфэрэнцыi. Транспартнымi аўтамашынамi перавезьлi iх у вялiкую падгарадзкую вiлу, абстаўленую моцнай вартай. Пры ўваходзе ў будынак кожны быў грунтоўна кантраляваны.
Нiхто ня змог адказаць на агульнае, як здавалася, пытаньне: што гэта за такая важная канфэрэнцыя, што турбуюць ажно а першай уночы, дый навошта такiя меры асьцярожнасьцi? Калi сабралiся ўсе ў залi, няведама адкуль зьявiлася вестка, пушчаная, вiдаць, наўмысьля, што чакаюць прыезду палкоўнiка з Бэрлiну, якi мае тут-жа i выявiць пляны адносна далейшага лёсу афiцэраў i iхных адзьдзелаў. Прысутных было больш за паўтары сотнi. Самая вялiкая заля набiтая была бiтком. Чакалi блiзу чатыры гадзiны, аж да ранiцы.
З афiцэраў амаль палова была немцамi. Другой па велiчынi групай былi расейцы, колiшнiя чыны Чырвонай Армii. Украiнцы, пераважна русафiлы, якiя трапiлi ад бальшавiкоў у нямецкi палон i пасьля перайшлi ў палiцыю, што аперавала ў Беларусi, былi трэцяй групай. Колькасна найменшая ў параўнаньнi зь iншымi беларуская група мела таксама й найменш старэйшых рангамi: пару маёраў, колькi капiтанаў, рэшта - малодшыя чыны. Яшчэ менш было мiж iмi беларускiх патрыётаў.
Загадкавай была адсутнасьць камандуючага БКА маёра Кушаля, якi ў час склiканьня афiцэраў у Эльбiнг быў цi то ў Лодзi, куды заехаў пасьля Плоцку, цi ўжо навет вярнуўся назад у Кэнiгсбэрг. Як пазьней выявiлася, маёр Кушаль аб канфэрэнцыi быў наагул непавядомлены, хоць шэф штабу БКА капiтан Мiкула ў час атрымаў паведамленьне ды, на вялiкi жаль, ня мог скантактавацца з Кушалем. Гэткiм чынам капiтан Вiталi Мiкула, апынуўшыся на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу, мусiў дзеяць на сваю руку, без папярэдняга паразуменьня са сваiм начальнiкам. Магчыма, што навет i нельга было мець нейкага папярэдняга паразуменьня цi плянаў, бо-ж сама канфэрэнцыя была неспадзяванай, тэмы нарадаў - няведамыя. Усё-ж можна было-б збольшага прадугледзець, што на парадку дня будзе лёс беларускiх збройных адзiнак, iхняя будучыня, арганiзаваньне iх у нешта большае. Можна тады загадзя было-б устанавiць беларускiя пазыцыi, палiтыку й тактыку.
Магчыма, што Генэрал-Камiсар Беларусi фон Готбэрг, якi склiкаў тую канфэрэнцыю й якому да гэтага часу падлягалi ўсе вайсковыя ненямецкiя адзiнкi з былога Генэралкамiсарыяту Беларусi ды якi, пэўна-ж, i дэлегаваў маёра Зiглiнга ў Бэрлiн для нарады зь вярхоўнымi ўладамi, ня меў намеру памiнуць цэлага штабу Беларускае Краёвае Абароны. Магчыма, што ў свой час i нейкай дарогаю быў высланы загад у Беларускую Цэнтральную Раду, каб дала дыспазыцыi ўсiм афiцэрам БКА быць там i там ды тады й тады. Магчыма, што той загад дзесьцi й кiмсьцi быў загублены. Па-першае, Астроўскi з ад'ютантамi сядзеў у Лодзi, працаўнiкi-ж БЦР былi ў Кэнiгсбэргу, а сам камандуючы БКА, маёр Кушаль, як мы ўжо раней успамiналi, езьдзiў па Мазуршчыне й па Ўсходняй Прусii, шукаючы згубленых па дарозе зь Менску розных беларускiх адзьдзелаў i афiцэрскае школы БКА. Перш за ўсё трэба помнiць, што быў хаос, дык i шмат рэчаў было магчымых i немагчымых. Магчыма, што й тое-сёе сталася не бязь ведама расейцаў, што былi абселi пасады каля людзей, якiя тварылi трыццатую дывiзiю. Магчыма...
Перастанем губляцца ў здагадках, адно запамятаем, што са штабу Беларускае Краёвае Абароны на канфэрэнцыi ў Эльбiнгу быў сам капiтан Мiкула. Беларускiя афiцэры тварылi найменшую групку лiчэбна, найнiжэйшую рангамi i з найменшай колькасьцю людзей нацыянальна сьведамых i патрыётаў. Расейцы трымалi ў сваiх руках цi ня ўсе козыры: памiнаючы немцаў, яны былi шматколькасныя лiчэбна, мелi нямала высокiх чыноў - пару палкоўнiкаў i шмат маёраў. Па-iхняму-ж думалi, пэўна, i многiя ўкраiнцы-русафiлы. Iхныя людзi, у першую чаргу маёр Мураўёў, былi сябрамi Зiглiнга.
V
Ужо сьвiтала, калi ў вялiкай залi прыгараднай вiлы ў Эльбiнгу зьявiўся Зiглiнг. Ён толькi што прыляцеў самалётам з Бэрлiну й адразу пасьпяшыў на месца канфэрэнцыi. Магчыма, ня ведаў навет, што чакаюць яго добрых пяць гадзiн, бо крышку дзiвiўся, што ўсе выглядалi надта соннымi, а некаторыя дык проста й не саромелiся пазяхаць.
У дзьвярах сустрэў яго Мураўёў, якi павiншаваў з новым авансам на падпалкоўнiка. Давялося патрэсьцi колькi добразычлiвых рук. Справа была пiльная, а Зiглiнг - чалавек свае справы, дык i не трацiлася шмат часу на выказваньне розных ветлiвасьцяў. За сталом з аднаго боку новага падпалкоўнiка (дзеля скароту будзем называць яго палкоўнiкам) прымасьцiўся ад'ютант-капiтан немец, з другога-ж - Мураўёў. Далей было колькi расейцаў наперамешку зь немцамi. На залi асноўныя нацыянальныя групы захавалiся ў цэласьцях - немцы, як найбольш лiчбоўныя й гаспадары, ня зьбiвалiся ў кучу, затое асобна трымалiся расейцы, таксама як беларусы i ўкраiнцы.
Зiглiнг гаварыў паволi й выразна. Капiтан-расеец перакладаў сказанае на расейскую мову. Каротка гаворачы, справа выглядала наступна: нямецкае камандаваньне ўважае, што для чужых збройных адзьдзелаў, эвакуаваных з усходу, ёсьць два выйсьця - або быць зарганiзаванымi ў адну вайсковую адзiнку й працягваць змаганьне супраць ворагаў Нямеччыны, або быць завербаванымi на працу пры пабудовах прыфрантавых умацаваньняў i ў нямецкай прамысловасьцi. Нямецкае камандаваньне лiчыць, што першы выхад быў-бы карысьнейшы для абодвух бакоў, але - i тут быў нясьмелы намёк, што быццам выбар залежаў ад гэтак званых хаўрусьнiкаў з усходу, - усё залежыць ад зацiкаўленых людзей. Калi захочуць iсьцi працаваць, а не ваяваць, дык i тое будзе надта добра.
- Вы як афiцэры ведаеце, як вашы людзi думаюць. Адкажыце мне тады зараз на пытаньне: што яны хочуць - цi быць у войску i ваяваць побач немцаў аж да перамогi, цi працаваць?
У залi зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы.
- Конечно, воевать будем! - пачуўся першы голас.
- Застаёмся ў армii!
- Мы е солдаты, а не робiтнiкi!
- Все согласны с этим? - дапамог Зiглiнгу Мураўёў.
- Да, конечно.
- Усе.
- Так, давайце далей.
Пасьля аднагалоснага вырашэньня першага й самага асноўнага, як здавалася, пытаньня пачалася гутарка над тым, якой па сваiм характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэньнi гэта будзе пяхотная дывiзiя - лiшнiм было гаварыць. Iшла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тут немцы былi нямiла зьдзiўленыя, калi давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былi ў канфлiкце мiж сабою. Расейцы, якiх было найбольш сярод афiцэраў, настойвалi, што дывiзiя павiнна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраiнцы (надта-ж неяк неадважна й нявыразна) даводзiлi, што для ўкраiнцаў было-б крыўдна, бо як-нiяк iх было-ж шмат. Палякi былi ў асноўным у лiку "фольксдойчаў", значыцца, выступалi разам зь немцамi. Нiводзiн паляк не асьмелiўся выступiць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасьцi. А беларусы...
Капiтан Мiкула, што да гэтага часу маўчаў i ўважна прыслухоўваўся, добра ацанiў сытуацыю, у якой ён, разам з групаю беларускiх афiцэраў, а шырэй гаворачы - тысячы беларускiх жаўнераў на Мазуршчыне й ва Ўсходняй Прусii, апынуўся. Пераважная бальшыня жаўнераў была беларусамi, адно афiцэраў было малавата. Але, пэўна-ж, у пачатках i iншыя афiцэры знайшлi-б месца ў дывiзii, пакуль сваiх набралася-б. Вунь-жа ёсьць афiцэрская школа. Адно абы дывiзiя была вызначана беларускай, а не расейскай цi якой iншай. БЦР i беларускiя вярхоўныя дзейнiкi мелi-б перад немцамi козыры ў руках. Дывiзiя была-б капiталам, якi можна было выкарыстаць палiтычна. Калi-ж такую нагоду пусьцiць люзам i не дамагацца свайго, дык гэта будзе непрабачальнай памылкай i адаб'ецца адмоўна на беларускай справе ў будучынi. Нельга-ж дазволiць, каб расейцы на беларускiм тавары капiтал сабе рабiлi. Капiтан Мiкула сумляваўся, што ўдасца чаго-небудзь дабiцца, але не было-ж iншага выйсьця. Як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны, перадусiм гарачы патрыёт, што на першае месца заўсёды ставiў дабро свайго народу, ён мусiць заступiцца за сваiх жаўнераў, дамагацца iхных правоў ды там-сям i паставiць пэўныя кропкi над "i", каб ведалi немцы i - мо ў найбольшай меры - расейцы.
- Спадар палкоўнiк, - пачаў Мiкула спакойным голасам, устаўшы, - спадары афiцэры. Я хачу гаварыць не як звычайны беларускi афiцэр, але як заступнiк камандуючага Беларускае Краёвае Абароны. Лiчу абавязкам усiм насамперш прыпомнiць, што ўсё войска амаль, аб якiм iдзе гутарка, гэта беларусы. Ёсьць iх там звыш 80 адсоткаў. Гэта жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны, беларускай Дапаможнай Палiцыi, iншых беларускiх батальёнаў. Усе гэтыя людзi былi пад загадамi Генэральнага Камiсара Беларусi, пасярэдне-ж - пад загадамi штабу БКА й палiцыi. Праўда, у Беларусi былi й iншыя, чужанацыянальныя адзьдзелы, якiя цяпер пры адступленьнi зьмяшалiся зь беларусамi i становяць часьць цэласьцi. Яны-ж цяпер - гэтая малая часьць - асьмельваюцца дамагацца, каб усё беларускае войска, зарганiзаванае ў новую дывiзiю, сталася iхным па нацыянальным характары. Спадары афiцэры, гэта ня толькi абсурд, гэта, мякка выражаючыся, непрабачальнае нахабства! - закончыў Мiкула з нацiскам.
На залi падняўся вялiкi шум, асаблiва ў групе расейцаў. Зiглiнг прыслухоўваўся адным вухам да перакладчыка, iншым - да Валянцiна Мураўёва, што, нахiнуўшыся, стараўся нешта сказаць палкоўнiку.
- Откудова он такой взялся!
- Что он чепуху плетет, большинство солдат - русские! - крычалi расейцы.
Зiглiнгаў ад'ютант стукаў у стол, стараючыся наладзiць парадак.
- Наша беларуская пазыцыя мусiць быць i ёсьць толькi адна, - прадаўжаў Мiкула, калi супакоiлася на залi, - новаарганiзаваная дывiзiя павiнна быць беларуская. Гэтага я дамагаюся як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны. Гэта нашыя жаўнеры, яны былi да гэтага часу пад нашаю камандай, такiмi яны й павiнны застацца. Iншанацыянальныя афiцэры й адзьдзелы, як меншыня, могуць увайсьцi ў новую беларускую дывiзiю...
У часе, як гаварыў Мiкула, Валянцiн Мураўёў, нахiнуўшыся, шаптаў нешта на вуха палкоўнiку Зiглiнгу. Той цiкавiўся, здавалася, тым, што гаворыць украiнскi русафiл, больш, чымся тым, што адбывалася на залi. Iзноў падняўся шум. Колькi афiцэраў зь беларускай групы ўздыхнула з палёгкай, пачуўшы Мiкулавы словы. Украiнцы выглядалi зьбянтэжанымi, а расейцы шумелi найбольш, паглядаючы на Зiглiнга й Мураўёва. Перакладчык коратка пераклаў Зiглiнгу сказанае Мiкулам.
- Как меншость! Ха-ха-ха! - пачуўшы апошнiя Мiкулавы словы, зарагатаў старэйшы вусаты маскаль - падпалкоўнiк, што стаяў побач вакна ў групе вышэйшых чынамi афiцэраў. - Да позвольте, господа офицеры, - прадаўжаў ён з сарказмам, - кому же этот молодой господин хочет очки втирать?!
- Где же ваши белорусские офицеры? Их большинство! Хэ-хэ, дураков ищут, что ли...
- Да зачем им офицера. И без них обойдутся... Хэ-хэ-хэ... - засьмяяўся яшчэ нехта iншы ў натоўпе расейцаў.
- Афiцэраў у нас на пачатак стане. А па-другое, ёсьць вунь афiцэрская школа - дзьвесьце чалавек. Вось i будуць афiцэры.
- Молокососы! Погодите, пока научатся...
- Да не довольно ли с него?! - убiўся ў гутарку iзноў той вусаты падпалкоўнiк, што знаходзiўся пры вакне. - Валька! - зьвярнуўся ён беспасярэдне да Мураўёва. - Ты чего там зеваешь? Наведи порядок!
Капiтан Мiкула, заўважыўшы, што справа йдзе ў дрэнны бок, з усхваляваньнем i ўжо маласкрыванай злосьцю, голасна сказаў, зьвяртаючыся проста да Зiглiнга:
- Спадар палкоўнiк, гавару вам, што мы даволi маем маскалёў. Мы нiколi больш не пагодзiмся, каб над намi верх трымалi ды намi камандавалi маскалi!
- Садись уже, садись, довольно с тебя! - рэзкiм тонам спынiў Мiкулу Мураўёў.
Шэф штаба БКА спачатку ня верыў сваiм вушам. Як быццам апараны варам, упрытомнiўшы дзёрзка-зьняважлiвыя словы Мураўёва, ён акiнуў зрокам беларускую групу, быццам спадзяючыся так патрэбнага ў той час падтрыманьня. Яно ня прыйшло. Мiкула, iмглiстым поглядам абвёўшы залю, зачырванеўшыся, сеў. Што ў тую хвiлiну думаў, няцяжка адгадаць. Адно ня ведаў, што, калi так рэзка й адважна выступiў супраць расейцаў у абароне сваiх жаўнераў, наважыў аб сваiм будучым лёсе.
- Дивизия будет русская! - закончыў з фiнальным адценкам у голасе Валянцiн Мураўёў.
VI
Школа камандзераў Беларускае Краёвае Абароны афiцыйна перастала iснаваць 28 лiпеня 1944 году - роўна месяц пасьля выхаду зь Менску й два месяцы пасьля ейнага пачатку. Загадам штаба новазарганiзаванай 30-й Усходняй (Другой расейскай) дывiзii яна сталася дванаццатай ротай чацьвёртага палка. Рэкрутам была выдадзена блакiтна-зялёная вопратка, i ў хуткiм часе мелi распачацца заняткi над вышкаленьнем. Камандаваньне ротаю абняў старэйшы векам, сiвы, павольны, з двума залатымi зубамi наперадзе, старшы лейтанант Петрык, а шэфам роты быў назначаны "фольксдойч" Кацынскi.
Вестку аб лiквiдацыi афiцэрскае школы кадэты прынялi зь вялiкiм незадавальненьнем. Фактычна была гэта толькi фармальнасьць - школа-ж перастала iснаваць ад Менску. Але пакуль усё было плыннае, не надта выразнае, няведамае, дык ставала й месца на пешчаньне надзеяў: а мо яшчэ ня ўсё страчана, мо школа будзе ўзноўленай, мо капiтан Мiкула, на якога ўжо кадэты былi прывыклi пакладацца й якога палюбiлi, асягне сваё. Маладыя юнакi-патрыёты навет не дадумоўвалiся, якой катастрафiчнай для беларусаў была сытуацыя ў вярхах. Ня ведалi, што быў недахоп арганiзаванасьцi, плянавасьцi - замест iх часьценька выступала прыродная, амаль першабытная стыхiйнасьць. Шэрагi беларускiх афiцэраў былi сьцiплыя, хiсткi элемэнт, што так цi йнакш на Бацькаўшчыне лiчыў сябе беларусамi, тут ужо паказваў iншае аблiчча. Сам штаб БКА быў здэзарганiзаваны, камандуючы БКА зусiм страцiў сувязь са сваiм заступнiкам, а кожны рабiў, што далося на сваю руку. БЦР была раськiданая, галава ня ведала, што рабiлi рукi... Аб якой супольнай плянавасьцi дзеяньня магла быць мова? Кадэты аб гэтым ня ведалi. Тое-сёе дайшло да iхных вушэй пад час арганiзацыi 30-й дывiзii, але няведама было, цi то былi плёткi, цi праўда. Юнакi, як людзi з асьветай, плёткам не давалi вялiкай вагi, дык i цяпер зь недаверам махнулi рукой. А шкада, што не пацiкавiлiся блiжэй, не распыталiся, асаблiва не праведалi, што сталася ў самога капiтана Мiкулы. Афiцыйны загад замяняў школу камандзераў на дванаццатую роту 30-й (Другой расейскай) дывiзii, ды i ўсяго. Што крылася за гэтым ззаду - кадэты ня ведалi, мусiць, таму, што былi яшчэ занадта зялёнымi. А шкада...
Цэлы апошнi тыдзень лiпеня праходзiў пад знакам рэарганiзацыi. Было шмат зборак, перапiсвалi ўсiх у роце, выдзялялi спэцыялiстых - кулямётчыкаў, мiнамётчыкаў, розных патрэбных рамесьнiкаў. Рота зноў зрабiла 25 кiлямэтраў у паўночна-ўсходнiм кiрунку i затрымалася ў вёсцы Альшэўка Пустулскага раёну. Разьмясьцiлiся ў сялянскiх гумнах. У суседняй вёсцы Кзы быў штаб чацвёртага палка.
VII
Пагода пагоршала. Колькi дзён бесьперапынна лiў дождж i значна пасьцюдзянела. Аднаго дня рэкруты праводзiлi страявыя заняткi ў гумнах. Пасьля заняткаў, калi Сымон Спарыш iшоў з кухнi, несучы ў кацялку зупу, хтосьцi гукнуў яму збоку:
- Сымон, iдзi, вунь Кастуся Дзежкi бацька прыйшоў.
- Дзежкаў бацька? - спытаў зьдзiўлены Сымон, i ў ягоным уяўленьнi мiльгануў вобраз спакойнага, разважлiвага, жартаўлiвага старога, добрага беларускага патрыёта.