56385.fb2
За час другой сусьветнай вайны акупантамi ў Беларусi былi разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена iх насельнiцтва. Крышылася, папялiлася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывiччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымалiся пад неба, клiчучы на ратунак i на помсту Ўсемагутнага, бясьсiльныя абамлелыя рукi беларускай маткi, жыўцом душылiся дымам i гарэлi ў полымях пажараў няшчасныя нявiнныя дзеткi.
Надлюдзкiя цярпеньнi гаротнага народу не ўзбагацiлi беларускага палiтычнага капiталу за межамi. Ня было там вушэй, што прыслухоўвалiся, зычлiвых сэрцаў, што спачувалi, сяброўскiх хрысьцiянскiх рук, што пасьпяшылi-б на дапамогу. Беларусь за межамi была няведамай, недасьледаванай белай плямай на мапе, чужой правiнцыяй. Рэха народных iмкненьняў заглушана было грымотамi змаганьня за беларускую зямельку двух паразiтаў-драпежнiкаў.
А ў сталiцах заходнiх дэмакратычных краiнаў зьдзiчэлыя ў сваёй прагавiтасьцi груганы - польскiя абшарнiкi, вайсковыя асаднiкi, крывадушныя ксяндзы, ураднiкi й iншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалi на беларускiм целе, рыхтавалi тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы - папы, чарнасоценцы, усякай масьцi няслаўныя нашчадкi Мураўёва-Вешацеля - з другога боку майстравалi яшчэ мацнейшае, больш удушлiвае й цясьнейшае ярмо. Адны й другiя чакалi добрае нагоды. I знаходзiлi ў заходнiм сьвеце сымпатыi й падтрымку для сваiх захопнiцкiх плянаў i пасяганьняў на чужое.
Цяжкiмi ёсьць пачаткi змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калi полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапiла яшчэ цэлы народ. Колькi-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гiсторыю нашай краiны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Калiноўскага. Колькi дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькi неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!
Катаклiзм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускi народ. Побач зь нязьлiчонымi стратамi ў ваеннай завiрусе расьлi й множылiся ладныя шэрагi новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах i нацыянальных арганiзацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг i крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гiстарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькi ў сваiх собскiх сiлах. Як не хацелася таго акупантам, зерне iмкненьня да волi й самастанаўленьня аб сваiм лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.
Юнакi, што ў чэрвенi 1944 году зьехалiся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлi добраахвотнiкамi, каб ваяваць за вялiкую й несьмяротную iдэю, iмя якой - вольнасьць i незалежнасьць Беларусi. Маладыя гады, калi фармуюцца погляды й характары людзей, калi яны, быццам тая губка, што ўбiрае ў сябе ваду, насычвалiся ведамi й нацыянальнай сьведамасьцю, - гэтыя гады пражылi яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукi ў сярэднiх школах, дзе гадавалiся на добрых сыноў i сьвядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелi магчымасьць сачыць, як на iхных вачах рабiлася гiсторыя. Назiралi, як прыблуды-чужынцы тузалi на кускi, нiшчылi ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гiтлераўцы праводзiлi ў практыку iдэю Нiцшэ - "сiла ёсьць права, а права ёсьць сiла", а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалi iдэi Iвана Грознага, Пятра Першага й Мураўёва-Вешацеля.
Якое-ж тады дзiва, што нянавiсьць да ворагаў-прыгнятальнiкаў, чужых прыблудаў i эксплуататараў радзiла ў сэрцах бязьмежную любоў i адданасьць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзiла патрыятызм, што часьценька пераходзiў аж у фанатызм? Iмкненьнi свае й адданасьць у службе для Бацькаўшчыны выказвалi энтузiязмам у вайсковай навуцы. Iхныя патрыятычныя пачуцьцi i любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыцьцёвай практыцы выказвалася даверам да сваiх родзiчаў, што йшлi тым самым шляхам; вялiкая й шляхотная iдэя, за якую прыйшлi змагацца, узносiла сэрцы iхныя вышэй за ўсякiя зямныя iнтрыгi, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцьцi юнакi, лунаючы ў вялiкiх вышынях на крыльлях чыстае iдэйнасьцi, што скiравала iхныя крокi ў Менск, часта-густа ня ведалi аб розных практычных i варожых перашкодах, якiя лёс i лiхалецьце стаўлялi на iхным цяжкiм шляху.
Колькi-ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасьцi. Колькi разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысьля, ставiў розныя выпрабаваньнi. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. I слабыя памiж iмi падалi й больш не ўставалi. А самыя моцныя, што мелi найлепшыя задаткi ў сваiх характарах, мацнелi й мужнелi, раслi шчэ больш духова i фiзычна. А за тымi моцнымi падцягвалiся, падраўноўвалi шэрагi й слабейшыя. Такiм чынам, абсалютная большасьць трывала, вучылася, набiрала практыкi, дасьведчаньня й сiлы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народу. Гэтую простую праўду юнакi пазналi хутка. Сiла ў еднасьцi. Дзе еднасьць - там сiла!
Калi ўжо пакiнуць убаку iншыя прычыны, дзеля якiх юнакi пачалi хутка ненавiдзець сваiх нямецкiх iнструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз з поўнай сьвядомасьцю падчыркнуць: усе яны, бяз вынятку, прыйшлi ў армiю добраахвотнiкамi й прыйшлi змагацца за iдэю, а не за нямецкi хлеб. Калi паўстала думка аб пераходзе да францускiх макiсаў, то кожны разважаў, што калi прыйшоў добраахвотнiкам, дык i адысьцi можа сам, калi захоча. Наверх усяго, мяркавалi яны, прыйшлi-ж у беларускую армiю, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускi народ, а не за нямецкi. Дык i за што-ж мелi змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыi, калi цэлая Беларусь была зноў у бальшавiцкiм ярме? Цi ня лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў? I якiя прэтэнзii маглi мець да iх немцы за такi цi iншы паступак? Яны-ж ня былi наёмнiкамi.
Ужо ў той час ясна вiдаць было, што немцы вайну прайграюць. Логiка падказвала, што ўсякая кропля крывi, пралiтая на гэтым баку фронту, будзе дарэмная. Тым часам, перайшоўшы на другi бок, можна будзе зрабiць шмат чаго добрага для Бацькаўшчыны. А праца для Беларусi, змаганьне за яе вызваленьне i - у канцы - само вызваленьне й было iхняй мэтай.
II
Цэлы падвячорак 31 жнiўня, значыцца, таго самага дня, калi Сымон Спарыш вярнуўся са сваiх няўдалых уцёкаў у горы, iмжыў дробненькi густы дожджык. Хмары нiзка навiсьлi над гарызонтам, лахматымi жыватамi чапалiся за вышэйшыя вяршынi гораў. Пахаладнела. Там-сям яшчэ завiдна, бо вечарам было забаронена, жаўнеры параскладалi вогнiшчы. Кожнаму дасталося па глытку сьпiрту зь вячэрай. Здагадалiся, што сьпiрт паходзiў дзесьцi з францускага складу, бо немцы-ж чужым свайго алькаголю не раздавалi.
Адзьдзел быў разьмешчаны на шырокiм лузе даўжынёю каля двух кiлямэтраў, мiж шашою i рэчкаю. Каля самай рэчкi стаялi хурманкi й конi. Паабапал шашы вырас лес палатак. З паўночнага боку дарогi была нявысокая гара, зарослая густаватым хмызьняком. Лепшага месца для пераходу на другi бок нiхто й выдумаць ня мог-бы.
Дзесь па гадзiне адзiнаццатай, калi ўжо, як здавалася, усё ў абозе спала, толькi хрупалi й пырхалi конi, з палаткi дванаццатае роты вылезьлi дзьве постацi. У руках адной быў ручны кулямёт "дзегцяроў", другая тарабанiла дзьве скрынкi амунiцыi. Яны iшлi прыгнуўшыся, моўчкi, асьцярожна ступаючы ў кiрунку дарогi. Вартавыя, што паволi шпацыравалi па дарозе, кiўнулi iм галовамi, i двойка зьнiкла ў цемры ў кiрунку гор.
Мiнаў час. Была ўжо поўнач.
Раптам з таго кiрунку ў гарах, куды накiравалася двойка, пачулiся густыя кулямётныя стрэлы. Адна сэрыя, другая, трэцяя... Сьцiхне i зноў. Вартавы з дванаццатай роты i зь iншых па суседзтву стрэлiлi па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлi, вялiкая маса людзей. Падскоквалi ўверх малыя палаткi. Людзi былi апранутыя й трымалi зброю ў руках. Гэта былi тыя, што ня спалi, а, прытаiўшыся, чакалi ўмоўленага сыгналу. Маючы з сабой зброю, захапiўшы емiну й неабходныя рэчы, усе яны кiнулiся бегчы ў кiрунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценьне "дзегцярова".
- Партызаны! Партызаны! - чулася навокал.
Камандзер роты старшы лейтанант Петрык i ўсе нямецкiя iнструктары начавалi ў палатках па суседзтву. Калi Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасьля ад вартавых i зараз-жа гоман i рух у абозе, ён хуценька ўсхапiўся, насунуў боты, накiнуў мундзiр i выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглi ў кiрунку гары, чуў крык "партызаны".
"Але-ж то файнае войска, - падумаў ён, - так хутка пачулi небясьпеку й самi бягуць на змаганьне з партызанамi". Дзеючы больш пад iмпульсамi, чымся з развагай, ён хутка схапiў зброю, шлем i, клiкнуўшы падафiцэраў, каб не заставалiся ззаду, кiнуўся ў ведамым нам ужо кiрунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусiм без майго ведама кiнулася ў бок стралянiны? Адкуль такi энтузiязм да наступу?
Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы цi прабегшы блiзу кiлямэтр праз падгорныя хмызнякi, рэдкiя дрэвы, ён апынуўся на нейкiм узбоччы сярод сваiх жаўнераў. За iм, засопшыся, цягнуўся й нямецкi iнструктар Будкэ. Толькi Кацынскi, што пры пачатку трывогi зьбiраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылi, што яны абкружаныя з усiх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакi трымалi зброю напагатове.
- Злажыце зброю! - загадаў моцны ўпэўнены голас, i два чалавекi наблiзiлiся да немцаў. Тыя не супрацiўлялiся, толькi яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазiралi навокал.
- Лейтанант Петрык, - пачаў той-жа цьвёрды голас, - мы ўсе, якiх тут бачыце, сяньня наважылi пакiнуць нямецкую армiю й перайсьцi да францускiх партызанаў...
- Чаму? - вырвалася раптам у лейтананта.
- Самая галоўная прычына, калi хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлi ў беларускую армiю, а не ў нямецкую. Мы пайшлi змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкi "фарфлюктар", i былi добраахвотнiкамi. Думаю, што мы добраахвотнiкамi можам i адыйсьцi, i вы, немцы, не павiнны за гэта крыўдзiцца. Зразумела вам усё?
- Яволь, - адказаў ужо слабейшым i больш нясьмелым голасам афiцэр. Ён азiраўся навокал, быццам зьнячэўку злоўлены ў пастку зьвярок. У гэты момант яму менш абыходзiла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваiм далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што зь iм зробяць: цi адпусьцяць, цi застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры ня мелi на яго злосьцi, бо нiякае крыўды iм не зрабiў. Быў найбольш бясколерным нямецкiм афiцэрам, якога колiшнiм кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар'еры. Гэта быў процiлеглы полюс да таго зьненавiджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калi й даводзiлася мець дачыненьнi з жаўнерамi - меў iх колькi разоў кожны дзень - то быў вельмi талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалi. Калi-ж ходзiць аб зьвязовых Будкэ й Кацынскiм, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталiся сябры, якiя маглi-б пасьля пацярпець за лiквiдацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсiх трох адпусьцiць назад.
- Вы цяпер пойдзеце назад i слухайце ўважна, што вам скажу, - гаварыў Кастусь Дзежка. - Ня сьмейце рабiць нiякiх рэпрэсiяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамi засталiся. Яны за гэта не нясуць адказнасьцi. Калi-ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.
Апошнiя словы былi вымаўлены пагрозьлiвым тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву.
- Мы хочам, каб вы далi слова, што ня будзеце рабiць рэпрэсiяў, настойваў Дзежка.
Петрык нейкi час маўчаў i пазiраў на другiх немцаў, быццам хацеў спытаць, цi даваць такое слова.
- Дык што? Даеце слова?
- Я-ж афiцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... - мармытаў немец.
- Вы можаце гаварыць як чалавек.
- Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...
- А вы? - спытаў Дзежка ў Будкэ й "фольксдойча" Кацынскага.
- Я нiкога не зачаплю, - пасьпяшыў Будкэ.
- I я тэз... - вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.
- Вельмi добра. Такiмi мы заўсёды хацелi вас, немцаў, бачыць, каб з вамi часам як зь людзьмi льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўвалiся й паводзiлiся, як зьвяры. А цяпер... - тут Дзежка хапiў аўтаматы немцаў, павымаў зь iх магазыны з амунiцыяй i перадаў зброю ўласьнiкам, - можаце iсьцi назад. I памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце iсьцi.
У шчыльным кругу зрабiўся праход, i немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакiнулi месца збору.
- Я-б iх пусьцiў, гадаўё гэткае! - пагражаў голас.
- Пастраляў-бы, вось што!
- Вось разумнiк знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталiся? Цi, можа, прыпомнiць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы iх, ты страляў-бы сваiх.
- А-ах!
- Вось табе й а-ах!
Раптам усе загаварылi. Пачалiся нарады - як i што?
- Увага! - гукнуў Дзежка. - Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць i цёмна iсьцi, дый хто ведае, куды можна трапiць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сiлаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кiлямэтраў ад галоўнае дарогi, дзе затрымаемся да свiтаньня. Там ужо будзем бачыць.
Шнурком i групамi малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, i паволi зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлiкiя варажылi, што мусiла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзiны ночы пачаўся страшэнны лiвень. Далей iсьцi было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавiлi спынiцца. Людзi былi стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамi пад нагамi - жаўнеры, стулiўшыся пад дрэвамi, старалiся заснуць i перачакаць ноч.
III
Уночы хтосьцi моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскiроўкай.
- Эй, Сымон! - забубнеў голас да соннага хлапца. - Ты ня ранены?