56385.fb2 Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

- Як нармальна, як кожны дзень, працавалi мы пры зьбiраньнi трупаў. Амэрыканец канвойны загадаў яму памагаць выцягваць трупы зь ямы. Той заваляўся, мусiць, цi трапiў ня туды, куды трэба было. Курэц мусiў узяцца за гнiлую, запэцканую, сьмярдзючую вяроўку. Гэты гультай наогул ухiляўся ад працы й, дурань, узяў ды адмовiўся. Амэрыканец, доўга не думаючы, яго пад стрэльбу й гонiць воддаль ад нас, каб застрэлiць. Людцы-ж вы мае, каб вы бачылi, што гэты падла вырабляў! Енчачы, скуголячы, як той благi сабака, скакаў перад канвойным, просячы лiтасьцi. Цалаваў яму ногi, рукi, плакаў, стагнаў. Выняў зь кiшэнi нейкi абразок i, махаючы iм часта ды цалуючы, крычаў немым голасам: "Я полiш (паляк, значыцца) - хачу жыць! Даруй, даруй мне, мiленькi!" Енчыў ён i вiзжэў то на каленях, то ўчапiўшыся аберуч за амэрыканцаву нагу, то вытвараючы не-праўдападобныя грымасы й фiгуры ў падскоках. Бачыў хто з вас, як раптам курыцы тапаром галаву адсячэш i кiнеш на зямлю, як яна падскоквае? - якраз гэтак. Калi-б канвойны й хацеў яго застрэлiць, то, мусiць, рады не даў-бы. Жывёла гэта ўчэпiцца яму то за бот, то за шынель - нiяк адагнаць ад сябе ня можа. Было-б тое вiдовiшча надзвычайна сьмешным, калi-б не такiм жалюгодным i трагiчным. I як льга было зьмiлавацца над такой нiкчэмнай iстотай? Гэта-ж, гледзячы на гэтага гультая й злодзея, трэба было саромiцца, што такая нiкчэмнасьць ходзiць на дзьвюх нагах i залiчае сябе да роду людзкога. Госпадзi ты мой, як гэта брыдка! Шкада слоў. Ды цi наогул ёсьць адпаведныя словы, каб трапна схарактарызаваць такога, прабачце, "чалавека"?

Дзежкавы разважаньнi глыбока кранулi сяброў. Добра ведалi Курца, але мала хто мяркаваў, што так нiзка той мог упасьцi. У думках асуджалi маральны бок гэтага ўчынку. Трэба заўважыць, што гэтыя, векам яшчэ маладыя хлопцы найвышэй за ўсё цанiлi гонар i асабiстую маральнасьць. Жыцьцё духова iх ня зьвiхнула, дарма што калечыла фiзычна й ставiла на найцяжэйшыя, самыя рэзкiя духовыя выпрабаваньнi. Ваенная вiхура ўзмоцнiла й адшлiфавала шляхотныя бакi характараў, зрабiла адпорнымi на розныя лiхалецьцi так, як шлiфуецца сталь добра загартаванага мяча ў частых i густых бiтвах. За шэсьць месяцаў, ад Менску, фактычна перажылi некалькi гадоў. Прысьпешаны жыцьцёвы працэс ламаў i нiшчыў духова слабых, яшчэ больш узмацняў стойкiх i моцных. Прывязанасьць да акрываўленай Бацькаўшчыны, вялiкая iдэя ейнага будучага вызваленьня не маглi iснаваць там, дзе замест гонару, чыстага сумленьня, любовi й веры ў Бога гнязьдзiлiся задаткi подласьцi, здраднiцтва й нiкчэмнасьцi.

- А што-б зрабiў ты, калi-б быў на ягоным месцы? - спытаў Кастуся Дзежку пасьля агульнага парухвiлiняага маўчаньня Вiктар Караткевiч. Усе зноў углядалiся ў апавядальнiка. Той блiснуў злосным поглядам у кiрунку Вiктара. Румянец разьлiўся па твары.

- Ты мяне сьмееш гэта пытаць? - зашыпеў нiзкiм, быццам зьмяiным, голасам. - Хiба-ж табе ня ясна? Чакай, - схамянуўся ён, нешта быццам прыпомнiўшы. - А можа, й сапраўды ня ведаеш, што трэба было-б зрабiць. Яй-богу, мусiць, ня ведаеш. Дык вось слухай, брацец ты мой. Накруцi сабе гэта на вус. Перадусiм. я ня быў-бы такi дурны, каб адмаўляцца выконваць загад канвойнага. Я-ж безабаронны чалавек. Дык якiм гэта чынам магу сказаць яму, што ня буду рабiць таго, што загадвае? Хiба-ж бяду на сябе сьцягваць? Па-другое, калi-б ужо здарылася так, як з Курцом, то зрабiў-бы адно з двух: або без пратэсту атрымаў бы кулю ў лоб, або калi-б хацеў захаваць жыцьцё, - а гэта зусiм ясна, што так было-б - то не чапаўся-б яму за рукi й ногi, не цалаваў-бы апаскуджаных чаравiкаў i рук, не прасiў-бы ў яго лiтасьцi. Хутчэй за ўсё ўчапiўся-б яму за стрэльбу, якую намагаўся-б адабраць, i, калi-б Бог мне дапамог, налева махнуць. Вось што я стараўся-б зрабiць, грамадзянiн Вiктар Караткевiч. Зразумела вам? - закончыў, уталопiўшы вочы ў Вiктара, узьнятым голасам Дзежка. - Нiколi! Паўтараю: нiколi, - пры гэтых словах ён моцна стукнуў сябе кулаком у грудзi, - не скацiўся-б я да такой подласьцi й нiзасьцi, да такой быдлячай нiкчэмнасьцi, каб у нейкага, можа, мяне нявартага, амэрыканца, скуголячы, як той сабака, падскокваючы, як клоўн у цырку, жыцьцё мне дараваць прасiць! Гэта-ж тое самае, што апляваць i апаганiць ня толькi самога сябе, але свой цэлы род i Бацькаўшчыну. Толькi чалавек, якi ня мае гонару, што правалiўся маральна, так зрабiць можа. Зрэшты, калi-ж ты, жывёла, меў сьмеласьць адмовiцца ад працы, дык чаму-ж не адважыўся атрымаць за гэта належную кару? Ах, цьфу! - махнуў на заканчэньне рукою. - Шкада й гаварыць.

- Ну не, брат, гаварыць не шкада. Гаварыць аб такiх рэчах трэба. Гэтак толькi й навучышся, - паправiў Дзежку Лабун.

VIII

- Мне ўчора неяк давялося гаварыць з гэтым самым злодзеем Курцом, - пачаў Мiкола Дудкевiч. - Ён ня толькi скрываецца й ня прызнаецда, што беларус, але й беларускай мовы высьцерагаецца.

- Ну й дзякуй Богу, што беларусы такой цацы пазбылiся. Насьвiнiць ён i палякам.

- Гэта iстота зусiм перамянiлася. Дарма шукаць у яе нечага людзкага. Удае цяпер найлепшага й найцьвярдзейшага паляка. Але калi-б заўтра iзноў трапiў у небясьпеку й дзеля ратаваньня свайго нiкчэмнага жыцьця трэба было замянiцца ў нейкага там папуаса, дык зрабiў-бы гэта бяз хвiлiны хiстаньня. Нам трэба яго абмiнаць i высьцерагацца.

- Ён можа на нас навет i ўладам даносiць.

- Яшчэ-б, каб не. Такi ўсё можа.

- Мне здаецца, што гэта адносiцца не да аднаго Курца, Ёсьць i iншыя, што неяк дзiўна захоўваюцца, - адазваўся Сымон. - Можа, гэта якi часовы дурман цi зь перапалоху, а можа, й сапраўды думаюць палякамi парабiцца. Адным словам, тут нечым нявыразным пахне. Ня хочуць навет гаварыць па-беларуску.

- Аб кiм ты гэта?

- Ды хаця-б аб гэтым франце... як яго...

- Маклюку?

- Так, аб iм. Нейкi-ж вельмi дзiўны ён цяпер. Спатыкаю ўчора, прыглядаюся дый пазнаць не магу: твар Маклюка, а вопратка "гарцэрская". Здароў. Маклюк, кажу. А той да мяне: "Як се маш?" Я, братцы, аж анямеў ад зьдзiўленьня. Стаю, рот разявiўшы, дый ня ведаю, што тут казаць. Ён дык мне проста ў вочы саромiцца глянуць. Выглядае так, быццам-бы ў кiпучы вар трапiў. "Што гэта з табой? - пытаюся. - Што гэта за такiя шматы ты апрануў? Цi не сабiраешся дзе на якi маскарад?" "Запiсалэм се до гарцэжы", - тлумачыцда, быццам сабаку праглынуўшы. "Што з табой? - кажу. - Цi ня з глузду ты зьехаў?" На гэта ён анi словам, быццам вады ў рот набраўшы. А пасьля, ужо крыху адвагу вярнуўшы: "Веш, цо было то пшэшло, а тэраз ест цось зупэлне iннэго". Тут мне, братцы, як быццам хто доўбняй па галаве. Стаю, пазiраю на гэтага дзiвака й ня ведаю, што далей гаварыць цi рабiць. "Ну як-жа маешся?" - пытаюся вось так сабе, абы нешта сказаць. "Добжэ", - адказвае мне ўсё яшчэ па-польску. Я думаў спачатку, што прыкiдваецца цi якой халеры, ажно й сапраўды да мяне цэлы час па-польску пшэкае. Гэта мяне, урэшце, як сьлед узлавала. Што ты, кажу, па-людзку гаварыць забыўся, цi што? Ён пачырванеў, як бурак, i стаiць ды бельмамi лыпае, у сабакi вочы пазычыўшы. Я плюнуў i пайшоў.

- Маклюк у "гарцэжы" запiсаўся! Га-га-га! - паехаў на ўсю глотку Караткевiч, якi ня мiнаў нагоды, каб зарагатаць.

- Я-б табе, Вiктар, зь вялiкай ахвотай памог сьмяяцца, калi-б тут было што камiчнае. Па-мойму, не сьмяяцца, а плакаць трэба.

- Што я - дурны? Плакаць, што той "гарцэжам" зрабiўся? Сьмяяўся й сьмяяцца буду.

- Няма чаго кiдацца ў крайнасьцi, - спасьцярог Дудкевiч. - Анi смяяцца, анi плакаць ня трэба. Мо гэта часовая хвароба, i хлапец ачуняе.

- Якая часовая хвароба? - усхваляваўся Спарыш. - Што ён дзiця, цi мо неадукаваны, цi нясьведамы? Можа, ня ведае, хто ён ёсьць?

- Чакай, чакай, гэта зусiм ня тое. Трэба не забывацца, што мiж намi ня ўсе былi духова моцнымi й патрыётамi. Адныя мо хочуць проста прытарнавацца да новых абставiнаў, а iншыя мо не пазбылiся яшчэ запалоханасьцi, што палякi нагналi на нас некалi. Ды ў кожным стадзе знойдзецца паршывая авечка.

- Гэта ты трапна сказаў. Па-мойму, нам трэба асьцерагацца такiх паршывых авечак, не гаворачы аб самых звычайных свiньнях. Варта было-б i адасобнiць iх ад стада.

- Мы ня маем цяпер такiх магчымасьцяў, каб загадваць некаму, што мае рабiць, як называцца цi якой мовай гаварыць, - умяшаўся Лабун. - Тых, што стараюцца прытарнавацца да абставiнаў, як нехта з вас сказаў, варта iгнараваць, але нельга зусiм адкiдаць. Магчыма, што некалi вернуцца ў сваю сям'ю...

- Карысьцi зь iх будзе, як зь перадойкi малака...

- Цяпер галоўнае, каб усе тыя цьвёрдыя, заядлыя патрыёты трымалiся разам i жылi дружна.

- Праўду гаворыш, Лабун. Ты мне проста словы з вуснаў выняў, - шлёпнуў Дзежка Лабуна па плячы. - Трымаймася, хлопцы, разам, жывём дружна. У групе ў нас будзе сiла. А цяпер стараймася ўсе дастацца на школу падхаронжых, каб тое, што пачалi ў Менску, скончылi тут. Нашай Бацькаўшчыне афiцэры будуць патрэбныя, няважна, дзе й якiя вайсковыя школы яны здабудуць.

- Вось гэта дык мне падабаецца, - дапамог Сымон. - Згода, хлопцы?

- Абсалютна ясна, што будзем трымацца.

- Слухайце, яшчэ хвiлiну ўвагi! - прасiў Дзежка. - Я вам цяпер апавядаў, як мы цягалi й закопвалi нямецкiя й амэрыканскiя трупы. Вось i заўважце: нас ужо ворагi на працягу стагодзьдзяў стараюцца задушыць i закапаць, а мы ўсё яшчэ жывём, наша Бацькаўшчына церпiць i змагаецца. Вось давайце й пастановiм зрабiць усё ў нашых сiлах, каб не сталася так, каб перад канцом вайны нехта нам паховiны спраўляў. Выжыць i ўтрымацца ў групе - гэта самае галоўнае. А пасьля прыйдзе яшчэ наша змаганьне.

- Але-ж ты й маладзец! Ёмка, брат, сказаў. Вiдаць, што ты пры трупах часу не трацiў, а цэлы час аднекуль чэрпаў мудрасьць. Дык вось, братка, прыйдзецца мне паставiць табе не чарку, а цэлую пляшку! - жартаваў Сымон.

- Сьмех набок, а Канстантын Дзежка - маладзец. Разумна гаворыць. Варта так рабiць, як некалi нехта сказаў: кроў за Бацькаўшчыну пралiваць трэба, адно не сваю, а чужую.

Калi-б хто, ня ведаючы, аб чым iшла гутарка ў малой групе, прыглядаўся ёй зводдаль, то мо й зьдзiвiўся-б, што ўсе, паўставаўшы й голасна гаворачы, трэслi ўверх кулакамi, быццам некаму пагражаючы, пачалi сьцiскаць адзiн другому рукi й пасьля, ужо зусiм супакоiўшыся й закурыўшы, памалу паплялiся ў кiрунку шэрых жаўнерскiх палатак.

СКРЫГОТЫ I ЎЗДРЫГI

I

У вялiкай канцылярыi базы сёмай дывiзii ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнiкi, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пiсары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвiдэнцыю - пэрсанальныя гiсторыi рэкрутаў. У невялiкiм шэрым сшытку жаўнер А цi Б мае запiсанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыi й шмат iншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткi, званыя эвiдэнцыйнымi, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А цi Б, водгукi афiцэраў, поступы па вайсковай лесьвiцы, удзелы ў баях, мэдалi й iншае.

Перад самым крайнiм сталом канцылярыi ад раньня стаiць чарга. Рэгiструюцца найнавейшыя "ахвотнiкi" другога корпусу - тыя, што трапiлi сюды з-пад сьцяга свастыкi. Адзiн капрал, не сьпяшаючыся, выпаўняе фармуляры, другi выпiсвае вайсковыя кнiжкi. Iдуць пытаньнi й адказы.

- Ваша iмя й прозьвiшча?

- Спарыш Сымон.

Пасьля йдзе месца й дата нараджэньня.

- Веравызнаньне?

- Праваслаўны.

Капралава пяро асьцярожненька крутлымi прыгожымi лiтаркамi запiсвае адказы. Сымон сочыцць за ягоным кончыкам. Калi яно пад рубрыкай "нацыянальнасьць" пачынае "п", "а" i ўжо пераходзiць да "л", з вуснаў юнака зрываюцца словы:

- Хвiлiнку, пане капрал!

- Што такое?

Пяро адрываецца ад недакончанага "пал" i павiсае ў паветры.

- Я па нацыянальнасьцi беларус, а не паляк.

Твар капрала выражае зьдзiўленьне. Глядзiць на Сымона, быццам на вар'ята, i, нарэшце, зьвяртаецца да лейтананта, загадчыка секцыi:

- Пане лейтанант.

- Слухаю вас.