56385.fb2 Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 72

Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 72

- Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык i хвалю цябе за шчырасьць.

- Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як i ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкiх характараў i студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асаблiва перад самiм сабой.

- Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзiць разам на дзяўчат, а розную палiтыку пакiнем на той час, калi прыйдзе момант.

- Бяз сумлеву.

VII

Хадзiць "на дзяўчат", як выражаўся Дэмарчык, давялося зь iм Сымону шмат разоў. Пазнанскi хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным - вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем.

- Ну што ты, братка, уявiш сабе лепшае? - пачынаў разважаць будучы кандыдат у "Iнтэлiджэнс Сэрвiс". - Пойдзеш сабе на танцы цi на спатканьне, разам дзяўчыну прытулiш i пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет i ня шукай лепшых настаўнiкаў мовы, чымся ангельскiя красунi, бо ня знойдзеш. На жаўнерскi мундзiр яны таксама гоняцца, як тыя мухi на гной. Тут толькi выпадае паставiць кропку над "i", скарыстаць з нагоды.

- Можа, й маеш слушнасьць.

- Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькi дазволь пану Дэмарчыку пакiраваць у блiжэйшай будучынi некаторымi тваймi сьцежкамi, пабачыш, што чалавекам будзеш. I каханьнем насыцiшся, й мовы навучышся.

- А ты ўжо ў гэтым такi вялiкi спэцыялiст?

- Яшчэ якi! Хочаш пераканацца?

- Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае.

- Ты, братка, глядзi на гэта з пункту карысьцi.

- Дык што-ж маю рабiць?

- Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.

- Дзе-ж тая забава?

- Усюды колькi хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятнiцы ў вялiкай залi кавярнi адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд цi навет у Дарлiнгтон езьдзiць - там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?

- Некалi пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.

- Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькi пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...

- Пабачым...

Раз неяк надвечар Дэмарчык схапiў Сымона за руку:

- Хадзем.

- Куды?

- Танцаваць вучыцца.

- Куды?

- А вось хадзi й ня пытайся.

Дэмарчык накiраваўся ў кiрунку прыбiральнi.

- Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы.

- Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядалiся й кпiлi?

Умывальны барак быў прасторны. Мiж двух радоў, дзе над карытамi знаходзiлiся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.

- Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?

- А дзе-ж той музычны iнструмент, пад якi танцаваць будзем?

- А вось! Бачыў? - Дэмарчык выставiў даўгi, зложаны ў трубку язык i зарагатаў.

- Ха-ха-ха! - памог Сымон. - А добра-ж ён iграе хаця?

- Слухай: До-рэ-мi-фа-соль-ля-сi-до-оо. До-сi-ля-соль... Ну як?

- Будзе аll right*.

* Поўны парадак (англ.)

- То цяпер давай крокi. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такiя, як факстрот, якi англiчане тут завуць "квiк стэп", танго, навет i "джайв", палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногi разам - глядзi, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля iдзе правая наперад, iзноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзi ўважна: так - левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена - i так цэлы час. Пры гэтым можаш рабiць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокi ведаў, гэты альфабэт усiх танцаў. Разумееш?

- Ну.

- Дык хадзi. Давай мне рукi. О так, гэту залажы за плячо. I чакай, ня прытуляйся-ж так, я-ж табе ня дзеўка. Пастаў ногi разам, i пачынаем. Я вяду. Ну, увага! Тра-та-та-та-та, тара-та-тата, та-ра-та-та-та. Стой! Ногi крышку заштыўныя, быццам калкi тыя. Старайся свабадней крыху, не напiнайся, каб гнуткiя ў каленях былi. Ну давай яшчэ раз: та-ра-та-та-ра...

- Дык у гэтым цэлая штука?

- Ясна. Нiчога тут надзвычайнага. Цяпер паспрабуй сам.

- Тра-ля, тра-ля-ля-ля... - пачаў Сымон, сам сабе падпяваючы, тупаць па ўмывальным бараку.

- Маладзец, вельмi ўдала! Бачу, што будуць яшчэ зь цябе людзi. А цяпер пакажу табе танго, самым простым спосабам, значыцца, глядзi, пачынаецца таксама: тра-ля-ля-ля, та-ра-та-та-та...

Гэткiм чынам Дэмарчык, выясьнiўшы Сымону асновы самых простых танцавальных крокаў i паваротаў, намовiў яго ў наступную сераду пайсьцi разам у кавярню на забаву.

- Ведаеш, - гаварыў ён, - i мне будзе выгадней, бо калi захочаш якую дзяўчыну падчапiць, а прыйдзеш сам, дык цяжкавата. Звычайна вольныя дзяўчаты гуляць прыходзяць парамi. Дык бачыш, у чым штука. Адна-ж сяброўка другой не пакiне, нiякавата, разумееш? А калi з табой, дык мы цяпер любую парачку падзелiм, надта-ж зручна будзе.

- I, пэўна-ж, ты заўсёды больш прыгожанькую прыгалубiш?

- Аб гэтым ужо неяк памяркуем. Можа, навет у нас смак да прыгажосьцi ня той самы. Я заўсёды прыглядаюся, цi прыгожыя ногi. А ты?

- Твар.

- Ну бачыш. I гэты гарэх мы ўжо раскусiлi. Пойдзеш у сераду са мной?