61915.fb2 «Трэба рызыкаваць». Дзёньнікавыя запісы 1985-1988 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

«Трэба рызыкаваць». Дзёньнікавыя запісы 1985-1988 гадоў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Усяго ў кнізе 109 твораў (192 старонкі), з іх нямала з прысьвячэньнямі: “Здратаваныя магілы” – Петрасу антэасу (12-13), “Слова беларускай бярозы” – Міхасю рудкоўскаму (31), “І сніў Адам…” – Н. Н. (34-35), “Апошняя песьня Дантэ” – арлену Кашкурэвічу (36-39), “Калі паміраюць…” – Вячаславу зайцаву (59-60), “Карадаг” – Л. А. Панамарэнка (89-90), “Бахайская чарапаха” – Янку Брылю (99-100), “Дрэва на Чатырдагу” – Васілю Быкаву (104), “Таўры” – В. Б. В-ч (128-129), ***Міхасю стральцову (154), ***Уладзіміру Лучуку (155), “Чурлёніс” – В. І. Бараўскене (156-157), “Белавежскі алень” – Ул. і З. Калесьнікам, “Каложа” – Дануце Бічэль (166-167), “Багдановічу” (168-169), “Маленьне аб чашы” – М. Прашковічу (175-176), ***Міколу Грынчыку (177-178), “Нявесьце Каліноўскага” (179).

Рэдагаваў кнігу Хведар Жычка! Мастацкім рэдактарам быў М. Шырокаў, тэхнічным – З. Сень, карэктарам – А. Сачкова, цэнзарам – АТ 05929. Тыраж 3000 экз. Ум.-друк. арк. 8. 4, ул.-выд. арк 5, 75. Заказ 1499. Цана 85 кап. Кніга надрукавана на Паліграфкамбінаце імя Я. Коласа. (здадзена была ў набор 20/І-1969 г. Падпісана да друку 27/ІІІ-1969 г.). 192 старонкі.

У экземпляры, які быў у руках аўтара на старонцы 92 (верш “Дняпро і Ака. Ён і яна”, радок шосты зьверху) аўтар слова “сонцаў” выправіў на “соснаў” (“…Над ім – курганы, зьмеі соснаў – кронамі ўніз.”); на 100-ай старонцы ў вершы “Бахайская чарапаха” паміж 6 і 7 радкамі зьнізу пастаўлены знак устаўкі. Аўтар зьбіраўся ўставіць сюды дадаткова новы тэкст. Можна здагадацца, які прыкладна быў бы гэты тэкст. Прачытаем папярэднюю страфу перад той “устаўкай”, якую не пасьпеў Аўтар падрыхтаваць: “Я ляжу тут, каб людзі // Памяталі аб ханах пахмурых, // Аб бязьлітасных войнах, // што зьнішчылі родны мой край”. Шкада, што гэтай устаўкі няма!!!

26 лютага 1986 году. Сяджу за пісьмовым сталом – рыхтую неабходныя паперы на вымушаную датэрміновую пенсію. Значыць, у штаце ніякіх установаў, прадпрыемстваў і арганізацыяў мне ўжо нельга будзе працаваць. Спрытна вызваліліся ад мяне. Ну, нічога, у сваёй кватэры, думаю, будзе стварацца мною матэрыял не ніжэйшай якасьці, чымся “на службе”. І да гэтуль усё, што я рабіў у асноўным было накіравана на вызваленьне беларускай літаратуры ад тысячагадовай гідры, імя якой цэнзура, а беларускага народу – ад паўсядзённага прыгнёту. А ён страшэнны, бывае грубы, цяжкі, які адразу адрозьніш, убачыш. А бывае каварны, тонкі, хітры, разьлічаны на пазьнейшы эфект, так сказаць, пралангіраваннага дзеяньня. Бадай, апошні характэрны найбольш для савецкай формы таталітарызму, таму і найбольш небясьпечны.

Усюды чытаеш і чуеш пра ўслаўленьне народу ў цэлым і асобных яго групаў, пра ўслаўленьне іх працы, пра яе вынікі, якія вось толькі цяпер Міхаіл Гарбачоў у палітычным дакладзе XXVII зьезду КПСС рэзка крытыкуе. І народ спакойны: сонмы пісак і прапагандыстаў зноў пачнуць на ўсе лады хваліць “сьмеласьць” ЦК, які, зараз не баіцца ўскрываць язвы грамадства, значыць, знойдзе спосаб мабілізаваць народ на іх прадухіленьне.

Гарбачоў глядзіцца са зьездаўскай трыбуны выдатна – куды лепш за сваіх зусім нямоглых і маразматычных трох папярэднікаў.

4 красавіка 1986 году. Сёньня С. Я. Паўлаў разам з М. І. дзяльцом прадстаўляюць “майму” калектыву іх новага дырэктара, “бацьку”, як казалі часта Рыгор Барадулін і Генадзь Шупенька, – Анатоля Бутэвіча.

Значыць, сёньня і для мяне незвычайны дзень. У маё крэсла, за мой неспакойны стол садзіцца новы чалавек. Выбіраючы кандыдата туды сярод добрага тузіна “вылучэнцаў” і нават “самавылучэнцаў”, гэты самы Паўлаў сказаў: “Пісьменьнікаў там хапае. Пашлём партыйца”.

І вось гэты “партыец” – Толя Бутэвіч. Ну, паглядзім… Дай Бог яму шчасьця, сьмеласьці ў адстойваньні якраз непартыйнай справы – сапраўднай беларускай, агульначалавечай літаратуры!”

Прыкладна ў хвіліны рэпрэзентацыі майго пераемніка я быў у Літфондзе. Ідучы адтуль, купіў у кіёску некалькі газетаў і часопісаў, паштовых марак. Далей на рагу Карла Маркса і Камсамольскай (во назвы!) “напароўся” на фотаатэлье і, няведама чаму, ступіў на яго ганак. Ужо там, у сярэдзіне, у галаву прыйшла “задзірыстая” думка: а ці не пазнаёміцца мне з гэтай вячэрняй карэспандэнцыяй перад фотааб’ектывам. Задумана – зроблена. Усяго за 2 рублі і 90 капеек мне паказалі журнальны столік, за якім я змагу крыху адпачыць. Нават і не зусім “крыху”. На маё месца, як мне сказалі тут, прэтэндэнтаў ня будзе, бо ўсе наведвальнікі “не вызначаюцца разнастайнасьцю. Яны перад камераю стаяць альбо сядзяць пірамідаю, парамі, групамі ці па адным – дэманструючы свой рост ці бюст”.

Ну, што ж, лічу, што мне сёньня пашанцавала. Я сапраўды стаміўся і трэба было б адпачыць некаторы час. І добра зрабіў. Пасьля гэтага завітаў у мастацкі салон-магазін. У адной зале зьвярнуў увагу на багет, у другой купіў за 3 р. 27 к. тканевы каляндар на скарынаўскую тэму. Аўтар каляндара В. А. Асташонак. Гэта сувенір уяўляе сабою афсетны друк па тканіне. Упрыгожаную такім метадам тканіну, мая мама называла “набіўной”. Колісь майстры-“афсетчыкі” хадзілі ад вёскі да вёскі і гучна пыталі ўсю вуліцу: “Каму ручнік выгаўтаваць за 15 хвілінаў? Каму абрус вышыць за паўгадзіны? Каму хустку, каму насовак вышываных прадаць? Магу сваё вышыванае прадаць! Магу пры вас вышыць з вашага матэрыялу!” і г. д.

Як там ні было, каляндар мне падабаецца. Вось яго выгляд: на сьветла-бежавай тканіне фармату 144х300 мм на самым відным месцы надрукаваны кананічны скарынаўскі аўтапартрэт з “Кнігі “Быцьця”, яго Бібліі. Ніжэй – табель-каляндар на 1986 год. Канцы гэтага “ручніка”-вымпела, каб яго можна было падвесіць, забясьпечаныя карычневымі “палачкамі”. На верхняй з іх – шаўковая вішнёвая нітачка-касічка. Паміж верхнім арнаментам (ён удвая вужэйшы за ніжні) і партрэтам чырвонымі літарамі надрукавана “Францыск Скарына – вялікі беларускі асьветнік-гуманіст”. Маргінальна дадзены “буквіцы” “Ф” і “С”, скарынаўскія выдавецкія знакі і дзьве яго заставачкі.

Аднак нішто не магло мяне адцягнуць ад майго выдавецтва, ад пытаньня “Як там ўсё гэта адбылося?” Я пазваніў Васілю. Ён расказаў мне такое, чаго я і не чакаў. Паўлаў і Дзялец не павялі новага дырэктара ў выдавецтва, а выклікалі ўсё выдавецтва да сябе – “гару да Магамета”.

Рэпрэзентацыя А. Бутэвіча зьвялася да таго, што Савелій паўлаў выйшаў з-за стала прэзідыуму на трыбуну і хвілінаў пятнаццаць, літаральна, “расьпякаў” выдаўцоў за нашы крамольныя выданьні і намеры. А іх было нямала. Адзін альманах “Спадчына” чаго варты. З яго ён і пачаў шэльмаваць паважаных на ўсю Беларусь людзей, што сядзелі, панурыўшы галовы, перад ім. Як гэта яны, нягоднікі, хацелі надрукаваць у ім да 100-годдзя вялікага Купалы яго п’есу “Тутэйшыя?” “ЦК партыі вымушаны быў умяшацца і забараніць гэты яўна небясьпечны зборнік. Забараніць і першы яго выпуск і ўсе наступныя. Спыніць зусім гэтае выданьне!”

Ня згладзіў і Дзялец сваёй вернападданьніцкай прамоваю ўражаньне ад цэкоўскае лаянкі. А што ж Бутэвіч? Ён толькі падзякаваў “партыі за давер” і паабяцаў “апраўдаць” яго.

Цікава і тое, што некаторыя з прысутных, асабліва моладзь, упершыню ўбачылі перад сабою і пачулі прамову вялікага партыйнага боса, ацанілі партстыль адносінаў і “сувязі з масамі”.

Пасьля ў мяне была гаворка з двума вядомымі ў рэспубліцы дзеячамі культуры пра магчымыя паводзіны на чарговым беларускім пісьменьніцкім зьезьдзе…

5 красавіка 1986 году. Дык вось, наведаўшы ўчора мастацкі магазін, я ўбачыў там цікавы багет. Хацеў нават купіць, ня ведаючы, навошта – у мяне ж ляжыць яго прыхаваных трохмятровых палак шэсьць розных фасонаў. Некалькі год таму назад мне ўдалося дастаць адносна добрыя рэпрадукцыі з сусьветна вядомых твораў. Сярод іх “Мадону Канестабіле” і “Сіксьцінскую Мадону” Рафаэля Санці, “Мону Лізу” і “мадону Літу” Леанарда да Вінчы. Зьбіраўся аформіць іх і ўключыць у сваю калекцыю.

Вярнуўшыся дамоў, прыдзірліва перагледзеў свой багет і вырашыў ўсё-такі днямі купіць пару метраў аднаго з тых, што найбольш мне спадабаўся – для любімай мною “Мадоны Літы”. Найлепшы са старых дастанецца “Джакондзе”. І вось сёньняшні суботні дзень у такіх вось справаў, я пачаў прыкладна імі і скончыў яго. Павыграбаў адусюль дзясяткі розных трубак, рулонаў. Ведаю, што ў іх захоўваюцца ці чакаюць свайго зорнага часу матэрыялы, што калісьці мне спатрэбіліся ці спадабаліся.

Я і цяпер з задавальненьнем праглядаў і сістэмазаваў іх. Зьвёў іх “толькі” у пятнаццаць групаў: геаграфічныя і палітыка-адміністрацыйныя карты сьвету, СССР, Беларусі і яе абласьцей і іншых рэгіёнаў Зямлі; вялікія, у адзін поўны аркуш ватмана, гэтак званыя “застаўкі” маёй галі, выкананыя ёю для насьценгазеты “Літаратар”; выдатныя людзі; мастацкія рэпрадукцыі; ватманская і іншая сьпецпапера; каляндары і г. д. некаторых групаў – цэлыя серыі, па некалькі рулонаў і папак. Вось разьдзел “Каляндары”. Якіх толькі выданьняў і твораў тут няма! Каляндары сербска-лужыцкія, беластоцка-беларускія, розныя тэматычныя, папяровыя, тканевыя, “ліставыя”, альбомныя, кішэнныя, насьценныя, адрыўныя, адкідныя і г. д. Багацьце цікавых зьвестак, хоць і пільна прасеяных савецкай цэнзураю! Ці ж можна выкінуць іх, каб пасьля не знайсьці ў дзяржаўнай бібліятэцы?

Дарэчы, учора, перад паўлаўскай абразаю калектыву, я быў у выдавецтве. У былым маім кабінеце застаў рэдкалегію “Беларускага каляндара на 1987 год”. Усе баяцца, што можа з ім стацца, як з той “Спадчынаю”. Тут пададзены быў некім і “рэцэпт”: гэта год юбілейны – 70-годдзе рэвалюцыі, ёй і прысьвяціць “тады будуць лады”. Усе прамаўчалі. Я ведаю зьмест календара – ён далёкі ад усхваленьня 25 кастрычніка 1917 году і яго вынікаў. Вера настаяла на невялікім фармаце ў чорна-белай “гаме”. “Інакш кажа, не пасьпеем”. Я кінуў думку, што лепш на месяц-другі спазьніцца, але ж выпусьціць шматколерным, не на беластоцкім паліграфічным узроўні. Ёсьць жа яшчэ спосаб “падложкі”…

6 красавіка 1986 году. Нядзеля. Пасьля дзесяці гадзінаў. Мы пасьнедалі ўжо. Надвор’е – ненадзейнае. Неяк няўтульна і журботна. Учора цэлы дзень займаўся сваёю бібліятэкай, дык нічога падобнага не адчуваў, было цікава. А сёньня… Можа, яшчэ не ўключыўся ў жыцьцё. Неўпрыкмет для сябе дакрануўся да кнопкі тэлевізара першай, “усесаюзнай” праграмы ЦТБ. Па першых жа кадрах здагадаўся, што ідзе традыцыйная перадача “Служу Савецкаму Саюзу” – прапаганда вайсковай “рамантыкі”. На экране зьяўляецца нейкі малады чалавек у марской форме, толькі без пагонаў. Прадставіўшы яго тэлегледачам, вядучы пытае:

– А ў вас якая найвялікшая мара ў жыцьці?

Нечакана для мяне на гэтае банальнае, але няпростае пытаньне прагучаў адказ паскуднейшы за тое надвор’е, што цяпер за маім акном.

– Вярнуцца зноў у Афганістан! – адрэзаў гэты яўна крэтын.

– А што вы там пакінулі? – лагічна паставіў сваё пытаньне тэлежурналіст. Крэтын нешта няўцямна прамямліў. Я з агідаю і абурэньнем выключыў гэты “міратворны” гарбачоўскі (!) рупар. Запякло ў грудзях і я пацягнуўся за нітрагліцэрынам. Цяпер, ведаю, доўга не супакоюся…

7 красавіка 1986 году. Зранку патэлефанаваў А. І. Бутэвіч. Папрасіў вельмі ветліва, калі маю час, завітаць да яго. Я з задавальненьнем даў згоду. Можа, ён пакуль і не прадчувае, што гэты візіт больш патрэбны мне, чым яму. Так званыя “справы” мне яму проста перадаць (дарэчы, мне іх ніхто не перадаваў). Але перш за ўсё трэба перадаць душу, дух выдавецкі, прышчапіць яму свае погляды на месца гэтай установы ў культурным жыцьці беларусаў, у літаратурным працэсе, свае “сакрэты” рэдактарскія. Не зашкодзіць адразу адкрыць яму і мае метады адносінаў да каманд і распараджэньняў “інстанцыяў” – што мусіў выконваць, а што на словах прымаць, у далейшым нават ствараць выгляд, што нешта робіцца, а на самай справе “зацягваць” выкананьне, каб ніколі і не былі выкананыя шкодныя для культуры “партыйна-савецкія” патрабаваньні”. А іх будзе ня так ужо і мала! Будуць каманды “Выдаць!”, Будуць і “Спыніць!” “И думать не моги!”

З такімі думкамі з такім настроем я пабег туды. Працавалі без пабочных перашкодаў (сакратарка сьпецыяльна была папярэджаная) да 19 гадзінаў вечару з адным толькі звычайнай даўжыні перапынкам на абед.

Мне цікава было ведаць яго адносіны да паўлаўскіх выпадаў супраць выдавецтва, да таго непрыхаванага хамства, што было прадэманстравана. Анатоль неяк сам выйшаў на гэта пытаньне, і, да маёй радасьці, асудзіў паводзіны свайго начальніка. Больш за тое, ён пасьпеў перадаць гэта іншым “уплывовым” асобам з ЦК КПБ – свайму непасрэднаму шэфу Сяргею Законьнікаву і намесьніцы Паўлава Ганьне лазоўскай.

Дзень гэты я лічу плённым. Анатоль вельмі тактоўна папрасіў мяне, каб я, “калі гэта магчыма”, падарыў яму і заўтрашні дзень. Я, натуральна, даў такую згоду…

8 красавіка 1986 году. Сёньня зноў цэлы раборчы дзень tet-a-tet правёў з Анатолем Іванавічам. Зноў круціліся вакол “забароненых”, значыць, антыпартыйных, антысавецкіх матэрыяў: магчымасьць выданьня Скарынаўскай “Бібліі” і астатняй яго спадчыны, а таксама “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага, “Матчынага дару” Алеся Гаруна, зборніка твораў казіміра сваяка і іншага. Я даводзіў магчымасьць і неабходнасьць ажыцьцяўленьня гэтых выданьняў “любой цаною”. Сказаў, што я б выпусьціў усё гэта “легальна-нелегальна”. Убачыўшы яго зьдзіўленьне, я растлумачыў кожную частку-антыпод майго дуалістычнага тэрміну.

“Легальна” – уключыць у план, рыхтаваць праз адпаведныя рэдакцыі і службы, афіцыйна друкаваць, скажам, на Менскім паліграфкамбінаце.

“Нелегальна” – само ўключэньне ў планы шыфраваць. Напрыклад: “Выбраныя пераклады Ф. Скарыны”, “Публіцыстыка К. Каліноўскага”. Другое, тое, што зусім не прапусьціць цэнзура і цэка, не абвяшчаць загадзя ў сваіх прасьпектах (часам такое можа праскочыць), а пасьля адпаведнай падрыхтоўкі несьці непасрэдна ў друкарню. Тут будуць патрабаваць, па-першае, галоўлітаўскага дазволу, па-другое, скажуць, што “яна ў вас не плануецца, нам”, замест чаго выпускаць. Адказваем па парадку: 1) пішам на “рабочым” экземпляры, што згодна з правіламі Галоўліта СССР публікацыі такога парадку не “падвяргаюцца” папярэдняму цэнзарскаму кантролю”. Подпіс “вядучага” рэдактара і дырэктара выдавецтва – і wszystko w porzadku: 2) здымаем ці “пераносім” на наступны год любы “твор” любога Дайліды і “кампенсуем” такую “страту” вось гэтым, сапраўды патрэбным культуры нацыі.

Я сказаў яшчэ Бутэвічу, што ў такіх выпадках я меркаваў кожны раз абыхо­дзіцца бяз новых прадмоваў, каментарыяў і г. д., бо іх абавязкова трэба “літаваць”. А як трапяць яны туды, дык там абавязкова запатрабуюць усе матэрыялы. Вось тут і наступіць “Юр’еў дзень”, а то і “Варфаламееўская ноч”.

Не спадабалася мне сходу выказаная Бутэвічам асьцярожнасьць, якая ў сваю чаргу паказала яго палітычную афарбоўку.

Выслухаўшы ўсё вельмі ўважліва, ён, паміж іншага, сказаў, “паведаміў” мне што “Гаруна, напрыклад, Міхась Фёдаравіч, ні ў якім разе нельга выдаваць, бо Галоўліт яго імя выкрэсьлівае літаральна з усіх публікацыяў. Ды і ўсё-такі больш доказаў у нас, што ён ня наш”.

Вось гэтае “у нас” і “ня наш” мяне надта ж шакавала. Ды й і спасылка на Галоўліт: Я яму пра Фаму, а ён мне пра Ярому! Я вучу яго, як абысьці цэнзуру, а ён толькі ведае, што ёй мусова падпарадкоўвацца… Атрымалася, як у таго лектара, што расказваў некалі сялянам пра лакаматыў, а ў канцы сваёй гарачай прамовы пачуў пытаньне: “А куды ж, таварышак, лейцу прывязаць да гэтай машыны?”

Анатоль заўважыў мой раптоўны песімістычны настрой і папрасіў, каб я яму дазволіў ісьці з выдавецтва разам са мною. Гэта было ўжо васемнаццаць гадзінаў з хвілінамі.

9 красавіка 1986 году. “Вырашаю” праблему мэблі. Як і любая савецкая праблема, яна нялёгка паддаецца вырашэньню. У “Дамах мэблі” быццам бы яе поўна. Але ж тое, што купіў бы, на ім абавязкова будзе таблічка “Образец”, тое, што бясплатна ня возьмеш, упрыгожана шыльдай “Сегодня в продаже”. Ёсьць, праўда, пад такімі шыльдачкамі і добрыя рэчы, але ж не дакупішся – імпартныя. Дарэчы, іх ужо не бяруць нават багатыя саўбуры. Навучыліся, нарэшце, і ў СССР даволі прыстойна рабіць самі. І значна таньней гэта абыходзіцца. Але якраз на гэтых вырабах і красуюцца таблічкі са словам “Образец”. А калі гэты “Образец” стане таварам – невядома. І нельга запісаць у краме “свой попыт” – не запісваюць. “Прадаем па меры паступленьня, свабодна” – адказваюць. Уміляе гэтае слова: “свабодна”. Нехта тут жа даволі трапна адрэагаваў на яго: “Ага, добрае “свабодна”! Бегаеш кожны дзень па ўсім горадзе, паклаўшы язык на плячо”.

Яшчэ ёсьць і трэцяе непрыемнае слова-таблічка: “Прададзенае”.

Так прыкладна і ў камісійным магазіне мэблі. З той розьніцай, што замест слова “Образец”, тут іншае – “Не аформлена”.

10 красавіка 1986 году. Пахаваньне пісьменьніка Аляксея Кулакоўскага. Народу сабралася многа. Усё-такі вядомы быў – каму, як кіраўнік часопісу “Маладосьць”, каму, як аўтар зьняслаўленай саўкрытыкай праўдзівай аповесьці “дабрасельцы”, каму, як вытанчаны інтэлігент, якога вельмі абражалі бруд і неахайнасьць у чалавеку і вакол яго.

Я, каб не патрэба знайсьці Валодзю Някляева па шэляговіцка-паляшуцкай справе, усё-такі не пайшоў бы сюды – нябожчык вельмі далёкі быў ад мяне… Цяпер не шкадую, што зьявіўся тут – з-за антысавецкіх, як я некаму сказаў там, прамоваў, якія вымушаны былі слухаць Кузьмін і антановіч1. Антысавецкасьць іх – у іх праўдзе. Праўдзе, накіраванай супраць жорсткай цэнзуры і аглабельнай крытыкі, што ўсё жыцьцё ідуць поруч з савецкім пісьменьнікам. А гэтыя пакорліва зносяць іх, як і прыцярпеўся да гэтых бясконцых высьпяткаў раб Божы Аляксей. Пра крыўды, што чыніліся нябожчыку, гаварылі на грамадзянскай паніхідзе ледзь ня ўсе прамоўцы (іх было шэсьць). Асабліва выразна са спасылкаю на аповесьць “Дабрасельцы”, папракалі савецкім парадкі ў літаратуры народны пісьменьнік рэспублікі Іван шамякін, лаўрэаты Дзяржаўнай і Літаратурнай прэміяў Іван Чыгрынаў і алесь асіпенка. Апроч іх выступалі ад маладых літаратураў генрых Далідовіч, супрацоўніца музею Янкі Купалы – апошняга месца працы нябожчыка і дырэктар Салігорскай СШ (в. Кулакі, дзе нарадзіўся Аляксей Кулакоўскі, цяпер улілася ў горад Салігорск).

13 красавіка 1986 году. Я не выпісваю сабе дахаты “Литературную Россию” – штотыднёвую газету СП РСФСР і маскоўскай пісьменьніцкай арганізацыі. Усяго не перачытаеш, тым больш ня выпішаш. А часта ў гэтым выданьні бываюць цікавыя, часам сьмелыя пасажы. Вось апошні нумар за 11 красавіка. (Калі меркаваць па першай, “тытульнай”, старонцы, дык быццам бы “газета як газета”. “Вядучае” фота прысьвечана Дню касманаўтыкі”. Калонка “В номере” – асаблівых эмоцыяў не выклікае”, хоць у ёй і дадзены падрабязны пералік рубрык і публікацыяў: “Рашэньні ХХVІІ зьезду КПСС – у жыцьцё!”, “Паскарэньне эканомікі і сацыяльнае разьвіцьцё” – не чытэльна, “Да 25-годдзя палёту Юрыя Гагарына” – няма калі чытаць, “Цьвярозасьць – норма жыцьця” – брыдка чытаць такое, “З пісьменьніцкіх біяграфіяў”… Гэта барыс ізмайлаў расказвае пра фатаграфіі Сафіі Андрэеўны – жонкі Льва Талстога. Прачытаем! У рубрыцы “Проза” спыняюся на Эдмандзе Гамільтане. На перадапошняй старонцы даецца яго апавяданьне “Выгнаньнік” у перакладзе М. Глінскага. Ужо прачытаў. А што пад рубрыкай “Паэзія”? Названы імёны М. Андронава, М. Варанецкага, Ісы Капаева. Ці варта мне пашыраць кола сваіх паэтычных знаёмстваў? Хто яго ведае? А раптам нешта істотнае адкрыю? Добра, пагляджу. Гартаю з канца, ад Э. Гамільтана. Усярэдзіне газета багацей выглядае, чым прадстаўляе яго гэты кволы анонс.)

Прыцягвае старонка “Рэвізор”, яе загалоўкі: “Сьмех праз прозу”, “Паэзы”, “Мікраэпапеі”, “сяброўскія пасквілі”, “запісныя кніжкі”, “Сюжэты”. Перагортваю дзьве старонкі рэцэнзіяў. Левая мая рука апынулася на левым ніжнім рагу 18-ай старонкі. Вершы. Амаль старонка. У “анонс” ня вынесены. Аўтар? Божа, Мікола Гумілёў! Ня веру сваім вачам!” А тут з правага верхняга кутка паласы загадкава глядзіць паўз мой твар злева малады прыгожы доўгатвары, стрыжаны пад “нулёўку”, бязвусы мужчына. Адзеты ён па модзе 1920-х гадоў – пругкі накрухмалены белы каўнерык з загнутымі ўніз трохвугольнікам канцамі. Па-старасьвецку павязаны чорны гальштук прыціскае каўнерык да высокай зграбнай шыі. Чорны фрак. Фон накшталт аблокаў. Так паказвае Гумілёва на сваім дрэварыце Н. Каліта. Поруч 12 радкоў “урэзкі”-“рэкамендацыі”, напісаныя Барысам Прымеравым і аздобленыя пасярэдзіне цытатаю Гумілёўскага верша. Ніжэй, пад ружовай веньеткай са словам “паэзія” на разгорнутай кнізе – знак рубрыкі – шэсьць цудоўных вершаў, набраных у тры слупкі! “Самафракійская Перамога”, “Вольга”, “Стары канквістадор”, “Каханьне”, “***Паэт лянівы…”, “Пярсей. Скульптура Кановы”!

Божа, колькі Гумілёўскага багацьця! Упершыню пасьля яго канчатковай забароны! Ён жа быў застрэлены бальшавікамі ў Петраградзе ў 1921 годзе, пражыўшы ўсяго толькі 35 гадоў. З 1905 года, менш, чым за 20 гадоў творчай дзейнасьці, Мікола Гумілёў выдаў каля дзясятка паэтычных зборнікаў, свае пераклады вавілонскага эпасу, фальклору і паэзіі народаў Англіі, Германіі, Францыі. Пасьля яго забойства, запушчаныя яшчэ ім у вытворчасьць, ягоныя кнігі ўсё яшчэ працягвалі выходзіць у сьвет: зборнік вершаў “Агністы слуп” – 1921 год, зборнік апавяданьняў “Цень ад пальмы” – 1922 год, зборнік крытычных артыкулаў “Лісты пра рускую паэзію” – 1923 год. У гэтым самым годзе выпушчана другое выданьне пасьмяротнага зборніка М. Гумілёва “Вершы”. Вось якая вялізная творчая спадчына ўжо была набыта Гумілёвым да таго часу.

І вось цяпер ледзь ня цэлая газетная старонка прысьвечаная 100-годдзю гэтага выдатнага паэта і культурнага дзеяча, забітага паводле загаду самога Леніна. (Перад тым, як аддаць такі загад, Ленін, праўда, распарадзіўся “взять раскаяние у гумилёва и взамен пообещать помилование”. З такой мэтай з ім сустракаўся сам вярхоўны кат РСФСР Фелікс Дзяржынскі. Гумілёў з агідаю адкінуў гэтую “спагаду”). Праўда, больш нідзе ў гэтыя дні я пра яго не сустракаў ні слова. Нават “Литературная Россия”, як я заўважыў, не дала гэтае сьветлае імя ў тым самым зьмесьце: “в номере”.

Незалежная ж агульнасаюзная “Литературная газета” зусім абмінула знамянальную дату вялікага літаратара, што стаў крывавай ахвярай ленінскага тэрору. Прынамсі, у нумары за 9 красавіка – ні слова. Паглядзім, што будзе ў нумары за 16 красавіка.

Аднак публікацыя вершаў М. Гумілёва з яго партрэтам і словам пра яго павінна нам аблегчыць кампанію за рэабілітацыю Алеся гаруна, за выпуск зборніка яго цудоўных твораў. На 11 сакавіка наступнага году прыпадае 100 гадоў з дня нараджэньня гэтага слаўнага сына Беларусі.

15 красавіка 1986 году. Дзён тры таму назад я атрымаў па пошце запрашэньне праўленьня Дома літаратара “на вечар новай кнігі: Адам Міцкевіч. “Пан Тадэвуш”. Пераклад Язэпа Семяжона”.