61915.fb2
Шкада, канешне, але трэба папрацаваць у палаце – нататкі, сьвежая карэспандэнцыя, літаратура.
9 мая 1985 г. Чацьвер. Але сказаць так, значыць, як кажуць, нічога не сказаць. Ня проста чацьвер, а Дзень Перамогі – чырвоны дзень календара. А сёньня дык і наогул “рубінавы” – 40-годдзе той перамогі. Дзякаваць Богу, можа скончыцца, нарэшце, гэтая траскатня ў эфіры, у прэсе, у вулічнай і іншай рэкламе. Дый час ужо спыніць такую масіраваную ваенную апрацоўку насельніцтва, распальваньне ваенных страсьцей.
А гэтае насельніцтва ў сваёй большасьці думае, што нехта на іх зьбіраецца напасьці. У мяне і наконт гэтага было ўжо бурнае тлумачэньне з маім суседам-пракурорам. Ён упэўнены, што Захад – агрэсіўны бок, а СССР са сваімі “краінамі” – міралюбівы. Цяжка было пераконваць, але сёе-тое, здаецца, пачаў разумець інакш, і прынамсі, так адназначна не выносіць канчатковае рашэньне.
Што я раблю? Даклад ні маскоўскі, ні менскі ня слухаў, парад маскоўскі і дэманстрацыю менскую таксама не гляджу. Усё ж гэта вядома ўжо да драбніцаў. Навошта траціць час?
Пад уплывам усёй гэтай балбатні я кажу свайму суседу:
– Ну і стварылі ж сабе рэлігію!
– Хто, якую? – пытае ён.
– Як хто? Савецкі Саюз, з вашага дазволу. Агромністы культ партыі, агромністы культ Леніна. Зафіксаваны, даўно ўхвалены, асьвечаны рытуал правядзеньня падобных мерапрыемстваў. Хіба гэта не рэлігія? Ёсьць сьпецыялісты забясьпечваць даклады “душещипательными” эфектнымі ўставачкамі – каб слухач рагатаў ці плакаў, ці абураўся – у залежнасьці ад таго, што трэба. А сусед маўчыць, адчуваю, што ён ніколі і ня чуў такога. Думаю, каб не інфарктнік, дык ён спрачаўся б са мною, а так баіцца падсадзіць сэрца. Між іншым, я часта думаю, каб ня выклікаць яго бурнай рэакцыі, ашчаджаю яго. Такім чынам ашчаджаю і самога сябе.
Дарэчы, жонка мяне наведала сёньня. І ў мяне было сьвята.
Каб супакоіць магчымых выпадковых маіх чытачоў-традыцыяналістаў, скажу, што Перамога над фашызмам для мяне вялікае Сьвята. Любая ідэалогія, якая ставіць сваёй мэтаю завалодаць сьветам, перавярнуць яго духоўна, эканамічна, этнаграфічна і г.д., для мяне ідэалогія не да ўспрыманьня, ідэалогія антычалавечая, а значыць, вартая зьнішчэньня. Адной з такіх ідэалогіяў у сучасным сьвеце быў фашызм. І, вядома, заслуга Савецкага Саюзу ў зьнішчэньні гэтай чумы – найвялікшая.
12 мая 1985 г. Толькі што разьвітаўся са сваімі супрацоўніцамі. Прыехалі а дванаццатай гадзіне на выдавецкай машыне: Жана Сьцяпанаўна, Паліна Сяргееўна, Ніна Яфімаўна, Вірынея Пятроўна. У такім парадку яны і сядзелі каля мяне. Малайцы! Усе яны мне заўсёды сімпатычныя. Сьпецыялісты бездакорныя. Яны патрэбныя выдавецтву і выдавецтва іх цэніць.
Цяпер больш грунтоўна пазнаёміўся са справамі ў калектыве. Там ужо новы загадчык рэдакцыі прозы – Мікола Сяргеевіч Кусянкоў. Кажуць, што прывыкае да калектыву, а той – да яго. Нічога. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Ён быццам бы прыстойны чалавек. Ведае літаратуру, сам валодае добрым стылем і, што яшчэ важнейшае на гэтай пасадзе, густам. Невядома толькі, наколькі моцна ён трапіў пад уплыў І. Пташнікава і Б. Сачанкі. Каб толькі не глядзеў на літаратуру іх вачамі. Тады будзе баяцца ўсяго новага, усяго сьмелага. Карацей, будзе традыцыйнікам, будзе трымаць у плане толькі такія “спакойныя” творы. Ну, паглядзім…
Сёньня толькі па-сапраўднаму пазнаёміўся з прывезенаю Васілём Жуковічам газетаю “Літаратура і мастацтва”. Газета выйшла ня ў свой дзень, ня ў пятніцу, а ў чацьвер. Затое “якраз” у Дзень Перамогі, 9 мая. Гэта і паклала свой адбітак на нумар, хоць яны даўно ўжо “жывуць” толькі гэтаю Перамогаю. Перш за ўсё мне кінулася ў вочы зноў абвінавачваньне “англа-амерыканцаў” за “жахлівую бамбардзіроўку Дрэздэна”. Я гэтае абвінавачаньне ўжо з месяц назад занатаваў у бальніцы, прачытаўшы нейкі матэрыял, здаецца, у “Правде”. Цяпер вось і ў беларускай літаратурнай газеце падхапілі гэта. І больш таго, тут ужо такое самае абвінавачаньне высунулі і за Патсдам.
Добры паэт Анатоль Вярцінскі зьмясьціў тут урывак са сваёй новай паэмы “9 мая ў Патсдаме”. У ёй верш перасыпаны вельмі эмацыйнымі, хоць і празаічнымі, адступленьнямі-каментарамі. Дык вось ён і паведамляе ў адным з іх, непамерна доўгім, як для вершаванага твору, наступнае: “Супрацоўніца акружнога аддзелу культуры “ўсхвалявана” дзякавала СССР, што ён падарыў “добры лёс яе народу”, расказала, як савецкія салдаты пад кіраўніцтвам ст. лейтэнанта Яўгена Фёдаравіча Лічувейта, мастацтвазнаўцы па прафесіі, выратавалі, рызыкуючы жыцьцём… “парк Сан-Сусі і яго палацы”…
А вось роля ЗША і Англіі. Расказваючы пра Дрэздэн, Маргош Густ кажа: “…Нешта падобнае перажылі і мы, патсдамцы, у ноч з 14 на 15 красавіка. На працягу 30 хвілінаў брытанскія бамбардзіроўшчыкі скінулі на горад каля 1800 тон сьмертаноснага грузу і спапялілі многае з таго, што будавалася стагоддзямі, у тым ліку і шмат значных скарбаў культуры.” Якраз пасьля гэтых словаў і даецца параўнаньне: “А вашы салдаты…” і г. д.
Шкада мне, што Анатоль спакусіўся на такую танную (хоць зьнешне быццам бы выйгрышную) прапаганду.
Вайна дык вайна! І я “ваюю”. На гэтай самай 11-й старонцы зьмешчаны нейкі велікаваты матэрыял “Фарбы аддаваць мастаку…”. Пад ім подпіс: “Юры Папоў. Масква”. Мастак расказвае аўтару артыкулу: “Пад Пышна фашысты зьнішчылі вёску Слабодка, яна прымыкала да нашай зоны. Карнікі вырашылі такім чынам адпомсьціць партызанам за выбухі на чыгунцы і рэйды… Паехалі ў Слабодку. Там убачылі хлеў, а ў ім… Спачатку здранцьвеў, жудасна было глядзець на абезгалоўленыя целы старых, дзяцей… Дзевяноста сем чалавек гітлераўскія вандалы, расстраляўшы, абезгаловілі, склалі ў хляве і падпалілі, але полымя патухла…”
Сапраўды жахліва. Сапраўды вандалы. Гісторыя не забудзе гэтага ніколі! Але ж мы ўбачылі тут і прычыну нямецкіх зьверстваў – партызанскія дыверсіі. Каб не яны, сотні тысячаў беларусаў уцалелі б, не было б такой дзікай расправы над мірным насельніцтвам...
20 мая 1985 г. Апошнія дзянёчкі тут, у Аксакаўшчыне. Да дванаццаці гадзінаў працэдуры ўсе прынятыя, хоць іх засталося дый было наогул ня так багата. Аднак атрымаўся адзін “збой”: прыём у доктара быў прызначаны на дзесяць гадзінаў дваццаць хвілінаў. Цяпер 12.30, а яго ў кабінеце няма. Кажуць, што сьпярша хадзіў прымаць ці правяраць нейкую новую апаратуру – ён жа загадчык аддзяленьня. Пасьля пачаў бегаць, высьвятляць, чаму “сарваўся” сёньня заезд у санаторый яго пацыентаў. Чакаўся заезд аж сямнаццаці чалавек, а заехала толькі чатыры. Вось так адразу і склалася невыкананьне “ложкамесцаў”. Ну, як-небудзь за дзень прайду праз яго кабінет, хоць не хацелася б быць прывязаным да яго цэлы дзень.
Раніцаю, у час сьнеданьня, абвясьцілі, што замест “вялікіх танцаў” будзе паказаны італьянскі фільм “Цана перамогі”. Гэта той самы фільм, які загадчык аддзелу культуры Менскага абкаму партыі А. Стрыжэвіч хацеў не пусьціць на экран вобласьці. Прычына: “занадта многа бойкі”. Далажыў першаму (тады быў яшчэ Мікуліч). Гэты не пайшоў “правяраць”, паслаў другога (Князюка), а той скеміў захапіць з сабою “гасьцяваўшага” ў іх інструктара ЦК КПСС. Паглядзелі разам з І. Дарашкевічам, які ўсё гэта і расказваў, вырашылі – пусьціць на экраны. Прызналі, што “бойкі” там вядуць прагрэсіўныя элементы супраць рэакцыйных.
Трэба будзе паглядзець і ацаніць “пільнасьць” Стрыжэвіча. Але ж факт усёроўна застаецца, што Стрыжэвічы-Маркевічы ёсьць, што яны часьцей за ўсё мацнейшыя за Нестрыжэвічаў-Немаркевічаў…
Вярнуўся з кіно. Фільм нармальны і ў нармальнага чалавека ня можа выклікаць цэнзурных перасьцярогаў ні ў якім плане (хацеў закругліць гэту фразу: “ні ў камуністычным, ні ў фашысцкім”. Цяпер жа, здаецца, толькі ў краінах такіх і блізкіх да іх веравызнаньняў лютуе афіцыйная цэнзура.)
21 мая 1985 г. Пярэдадзень ад’езду. Паўтараю Пераверзева. Нітрагліцырын пачаў глытаць з досьвітку. Першы раз прыняў, прачнуўшыся ад болю, у 4.15. Гэта супакоіла мяне, і я заснуў. Але хутка, у 6 гадзінаў прачнуўся зноў і зноў прыняў гэту малюсенькую таблетачку. Заснуў, хоць можна было ўжо і ўставаць (пад’ём а 7-ай гадзіне), адчуваў сябе стомленым. Праспаў да паловы 8-й – разбудзіў сусед. Ён ужо сьпяшаўся на нейкую працэдуру, таму, не запраўляючы пасьцелі, пабег у ванны пакой. Я пачаў прыводзіць у парадак сваё месца адпачынку. Хвілінаў праз дзесяць – зноў сьціснула сэрца так, што ўхапіўся за тую самую таблетку.
Нечакана зайшоў урач (звычайна я да яго іду ў дамоўлены час), я яму ўсё гэта і расказаў. Памералі пульс – 60, ціск – 130/90. Дабавіў адну таблетку сустака і, здаецца, яшчэ нешта, сказаў, дапіша ў карту назначэньняў.
Пасьля пачалі выклікаць на ЭКГ, на тэтрапалярную рэаграфію. На ЛФК сказалі не ісьці, але ўсё-ткі я пайшоў. А там пачуў, што мой Жора сёньня адсутнічае. “Памахайце рукамі ў палаце самі”, прапанаваў мне Валодзя з вусікамі, таксама фізкультурнік, а ў дадатак масажыст (кажуць выдатны) і артыст-аматар (сам бачыў і высока ацаніў).
Наведаў бібліятэку. З усіх падразьдзяленьняў санаторыя гэта, бадай што, найгоршае. Сістэмы разьмяшчэньня кніг на паліцах улавіць нельга. Прынамсі не алфавітная, не тэматычная і не па краінах ці жанрах. На адной паліцы ляжаць універсальныя даведнікі па краінах і кантынентах, па СССР, разам з імі некалькі кніг Флабера, Сіманава і г. д. Затое беларуская літаратура загнана ў самы далёкі куток і тут таксама цяжка ў ёй разабрацца.
Яскравы прыклад узроўню бібліятэкі, а гэта перш за ўсё значыць, бібліятэкара, “камплектнасьць” Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. З ёю атрымаліся дзівосы: стаіць сабе важна ўся пяцітомная Кароткая энцыклапедыя “БССР”, а далей пайшла з шостага тому 12-томная БелСЭ. Такім чынам, Беларускую Савецкую Энцыклапедыю ў 12-ці тамах скампанавалі тут з двух розных выданьняў. Бібліятэкарша так і кажа: “Да пятага тому яна зялёная, а з шостага – чырвоная”. А пры мне пенсіянер Бураў хацеў знайсьці даведку пра Індзіру Гандзі (пачынаў шукаць з “І”), і не знайшоў, бо ў “зялёнай” яе і не магло быць, а тамы 1-5 БелСЭ адсутнічаюць з-за няведаньня справы бібліятэкарам.
26 мая 1985 г. Першыя вынікі “барацьбы з п’янствам”. У гэтай цудоўнай дзяржаве, пры яе закарэлых парадках марна чакаць нейкіх грунтоўных, радыкальных зьменаў на лепшае. М. Гарбачоў ці наіўны, ці занадта самаўпэўнены, раз ён кідаецца ва ўсякія “рэформы” перш, чым рызыкнуць памяняць існуючы генеральны парадак, які ў краіне называюць савецкім, а за мяжою – камуністычным. Першае, вядома, больш правільна, хоць і другое не пазбаўлена нейкага сэнсу (“парадачкі” тутэйшыя сапраўды ж насаджаны і ахоўваюцца камуністамі).
Колькі ўжо прымалася пастановаў “партыі і ўраду” пра неабходнасьць змаганьня з “перажыткам капіталізму” п’янствам! А яно ня толькі ня зьнікла ці хаця б паменьшылася, а нават яшчэ больш расьцьвіло. Яно ўжо даўно перарасло паняцьце “перажытак” і стала арыгінальнай, нідзе больш у сьвеце не сустракаемай, чыста савецкай зьяваю, рэальным фактам “рэальнага сацыялізму”. Шмат прычынаў спрыяла такому ўзвышэньню тут гэтай чалавечай заганы. Адзначым некаторыя з іх. Пасьля масавага адлучэньня насельніцтва ад рэлігіі катастрафічна ўпала мараль людзей. Асабліва гэта характэрна якраз новым, савецкім, пакаленьням, якія з самай калыскі растуць ужо бяз Бога, гэта значыць, без усякіх тармазоў. Новая, штучная, рэлігія – марксізм-ленінізм – аказалася ня ў стане замяніць сапраўдную рэлігію. Больш таго, яна, як толькі магла, прывучала і нарэшце прывучыла людзей да п’янства.
Добра, напрыклад, помняцца ўсім крыху старэйшым грамадзянам заахвочвальныя словы да выпівак, сказаныя і шырока рэкламаваныя ў свой час то адным, то другім савецкім правадыром. Мы помнім тосты-запаведзі, тосты-эталоны вылюдка Сталіна “за вялікі рускі народ” і іншыя. Мы помнім пахвалу п’янству, выказаную крамлёўскім доўгажыхаром Мікаянам, што круціўся там доўгія “дзесяцігоддзі” “ад Ільіча да Ільіча”. Ён прама заклікаў піць, савецкія людзі цяпер жывуць заможна, дык чаму ж і ня выпіць?..
У такім жа духу і стылі выказваліся і іншыя найвялікшыя, вялікія, сярэднія і меншыя бонзы і бонзачкі. Шмат хто з іх, як, скажам, Мікіта Хрушчоў, Леанід Брэжнеў ня раз дэманстравалі сваё майстэрства піць. Пілі і п’юць улады на сцэне, на экране, у рамане. І “савецкі народ” запіў ледзь не пагалоўна. Паводле вымушанага панічнага прызнаньня дзеячаў прапаганды, ён перапіў ужо царскую Расію ў 30 разоў. Нядаўна ў цэнтральны друк трапіла статыстыка, у якой супаставілі ў гэтых адносінах апошнія царскія гады з 1980-мі гадамі, гэта значыць, з нашымі днямі. Дык вось высьвятляецца, што пляшкі дзяржаўнага алкаголю тады, пры капіталізме, дастаткова было сярэднестатыстычнаму “расіяніну” на цэлыя 83 дні. А цяпер? А цяпер “савецкаму чалавеку” не хапае яе і на тры дні!!! Гэта дзяржаўнага алкаголю! А “савецкі ж чалавек” у агромістых колькасьцях вырабляе яшчэ самагонку і іншыя алкагольныя напоі…
Бяду заўважылі даўно. Але ж гэтая ўсенародная бяда дапамагала камуністам будаваць сацыялізм. Знайдзіце ў сьвеце краіну, у якой бюджэт на палову складаўся б са сродкаў, выпампаваных у насельніцтва… за яго спойваньне. Такая дзяржава ёсьць – гэта Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Яго казна дагэтуль залежыць ад колькасьці прададзенага алкаголю. Знайдзіце ў Расіі (ды і ня толькі) такога кіраўніка сельскага раёну, які б не прасіў умольна “вобласьць” “тэрмінова прыслаць хоць вагон гарэлкі, я то няма чым плаціць зарплату рабочым і служачым”. Такіх ня знойдзеце!
І ўсё-такі перыядычна абвяшчаюцца кампаніі “барацьбы супраць п’янства”. Абвяшчаюцца, каб паказаць, быццам бы “партыя і ўрад” змагаюцца супраць гэтага зла, а на самай справе, каб напоўніць апусьцелую казну за кошт чарговага неймавернага павышэньня цэнаў на гарэлку. Ні разу пасьля сваіх гучных пастановаў “партыя і ўрад” не скарачалі выпуск гарэлкі, не зачынялі бровары? Незалежна ад гэтых пастановаў, а можа, згодна з імі, Дзяржплан і Мінфін няспынна павялічваюць вытворчую праграму сьпіртавой прамысловасьці. Час ад часу зьяўляюцца ўсё новыя і новыя “гатункі” архідрэнных гарэлак і вінаў, з кепска ачышчаных пладоў, з рознымі падазронымі дамешкамі. Так СССР стаў радзімаю такой сусьветна вядомай атруты, як “чарніла”, якое якраз найбольш забівае і калечыць людзей і іх патомства.
І кожны раз “высакародныя” кампаніі захлынаюцца прагнасьцю “партыі і ўраду” да лёгкіх народных грошай.
Пачатак цяперашняй, гарбачоўскай, кампаніі дае падставы меркаваць, што і яна захлынецца. Захлынецца “перагібамі” – непазьбежнымі спадарожнікамі ўсіх партыйных шырокіх кампаніяў. І гэтыя перагібы ў мільярдны раз сьведчаць пра якасьць і нават варожасьць партыйна-савецкіх функцыянераў да “свайго” народу. Прыклады? Калі ласка. Тых, гістарычных, “перагібаў” чапаць ня будзем. Яны вядомыя ўсяму сьвету. Гэта “перагібы” перыядаў рэвалюцыі, чырвонага тэрору, ваеннага камунізму, калектывізацыі, перыяду т. зв. “парушэньняў сацзаконнасьці” ці масавых дэпартацыяў і расстрэлаў мільёнаў людзей. Не зьлічыць і драбнейшых “перагібаў” – такіх, як разбурэньне бажніцаў, багахульства і іконаборства. Поўна было і ёсьць “бязьвінных”перагібаў”, што спадарожнічаюць патрэбным і непатрэбным кампаніям, як асушэньне балотаў, абвадненьне засушлівых зямель, лесаахоўныя палосы, разбурэньне “бесперсьпектыўных” вёсак і г. д.
А вось нью-перагібы “антыалкагольныя”.
Мае знаёмыя 1 чэрвеня жэняць сына. Месяц прыкладна назад яны аформілі заказ у нейкім харчблоку на вясельны банкет. Цяпер ім аб’явілі, што застольле “можа быць толькі безалкагольнае”. Вядома, што нармальныя людзі адразу адмовіліся ад такой “паслугі”. Але ж абурэньне бездапаможнае. Як можна так па-сьвінску ставіцца да людзей? Цяпер жа яны не пасьпеюць наладзіць вясельле ў сябе дома. Даўно ўжо гасьцям парассылалі запрашэньні, значыць, і перанесьці на іншы дзень цяпер ужо позна.
У Менску, дарэчы, 1 чэрвеня будзе расьпісвацца ў загсах 150 пар. Гэта 150 вясельляў. Большасьць з іх апынулася, як і мае знаёмыя, у такім становішчы. А на колькі яшчэ дзён наперад былі аформленыя вясельлі? Думаю, увесь чэрвень расьпісаны: 30х150=4500 вясельляў. Ну, скінем 1000, бо ў рабочыя дні, як правіла, праходзіць праз загсы менш гэтых цырымоніяў. Застаецца 3500. Кожнае вясельле ў сярэднім гэта 50 чалавек. 3500х50=175 000. Во, арганізатары вясельляў павінны тэрмінова шукаць спосабы прытуліць столькі “савецкіх людзей”! А вазьміце ў маштабах усёй “савецкай” краіны. А вазьміце ня толькі вясельлі, а таксама замоўленыя і “раскіданыя” банкеты з іншай нагоды, скажам, юбілейныя. Але ўсё гэта мала турбуе старанных выканаўцаў “волі партыі”. Што ім той самы “просты савецкі чалавек”!
27 мая 1985 г. 85-годдзе з дня нараджэньня Уладзіміра Жылкі. Беларуская прэса слаба адзначыла гэтую падзею. У часопісе “Беларусь” №5 і ў апошнім “Ліме” невялічкія артыкулы з адным і тым самым партрэтам юбіляра. “Беларусь” дае слова сапраўднаму жылказнаўцу Уладзіміру Калесьніку. “ЛіМ” надрукаваў зацемку ўчарашняга асьпіранта Язэпа Янушкевіча. Абодва матэрыялы складзены так, што малады нявопытны чытач і не даведаецца праўды пра гэтага выдатнага нашага творцу.
Вось мэтр Ул. Калесьнік: “Паэт захварэў тады (пасьля 1917 году – М.Д.) на вельмі небясьпечную хваробу – туберкулёз лёгкіх, якая абмежавала яго дзейнасьць і ўвогуле зямны шлях трыццацьцю трыма гадамі”. І больш пра апошнія гады паэта – ні слова! Памёр, маўляў, на сваёй радзіме ад небясьпечнай хваробы. Але ж да апошніх сваіх дзён “паэт быў верны сацыялістычным ідэалам і горача ўхваляў, хоць і сьціплыя яшчэ ў тую пару, здабыткі рэальнага сацыялізму”.
Большага зьдзеку над ахвярай гэтага “рэальнага сацыялізму” і нельга нават уявіць сабе.
А як малады навуковец, ад якога можна яшчэ чакаць максімалізму, апісвае апошні перыяд жыцьця Ул. Жылкі? Паслухаем Язэпа: “З 1920 г. Жылка цяжка хварэе на сухоты”. Далей аўтар нанізвае адзін на адзін гады замежнай вучобы, выданьня паэмы “Уяўленьне”, зборніка “На ростані” і іншых падзей у жыцьці паэта. Асаблівы акцэнт Язэп робіць на пераезд Жылкі ў СССР: “Паэт не застаўся на ростанях, а абраў для сябе, бадай, адзіна правільны шлях: у 1926 г. пераехаў у Савецкую Беларусь і актыўна… ўключыўся ў культурнае будаўніцтва рэспублікі” Далей наіўнаму чытачу паведамляецца пра выпуск у 1927 г. апошняга зборніка “З палёў Заходняй Беларусі”, аўтар якога быў “перакананы: сацыялістычная ява стане рэчаіснасьцю і на захад ад Мінска” і пра тое, што “паэт памёр ва ўзросьце 33 год…”
Толькі вось не сказана, дзе памёр. А ў Янушкевіча была зручная нагода сказаць пра гэта. За некалькі радкоў да свайго подпісу ён згадвае, што Ул. Жылка працаваў настаўнікам беларускай літаратуры ў Менскім музычным тэхнікуме. А што калі б гэты сказ дапісаць “…настаўнікам рускай літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме гораду Уржума Кіраўскай вобласьці РСФСР”.
Думаю, што цэнзар альбо не заўважыў бы гэтай прынцыпова важнай прыпіскі, альбо не прыдраўся б да яе. Затое чытач быў бы з’арыентаваны, што Уржум – гэта месца прымусовай ссылкі беларускага паэта. Наш чытач прывык ужо да такой “дынамікі” ў кар’еры выдатных асобаў. Праўда цяпер ужо цэнзураю ўзяты курс на поўнае замоўчваньне фактаў масавай бальшавіцкай рэпрэсіўнай палітыкі супраць заняволеных народаў...
А за што ж, Юзічак дарагі, арыштавалі і замучылі Жылку? А ці не за тое, даражэнькі, што ўбачылі ў яго асобе сапраўднага свайго класавага ворага. Дарэчы, як і ў асобе кожнага рэпрэсаванага тады беларускага дзеяча – а іх вялікія тысячы мы цяпер налічваем, як і ў асобе кожнага сасланага ў Сібір заможнага селяніна, гараджаніна, інтэлігента, якіх мы цяпер лічым мільёны!
Трэба б яшчэ пагартаць астатнія выданьні гэтага перыяду – што яны пішуць пра Ул. Жылку. У такім салідным выданьні, як “Полымя” – няма нічога. Не памятаю 5-га нумару “Маладосьці” – можа, што і ёсьць. А як “рэспубліканскія” газеты? У “Звяздзе”, напрыклад, ён жа нават працаваў пасьля Прагі.
Усе друкаваныя даведкі пра гэтага сьветлага Чалавека – няпоўныя і недакладныя, у тым ліку, і ў БелСЭ. А вось у Кароткай энцыклапедыі БССР, у яе 5-ым томе, які выйшаў у сьвет на дзесяць гадоў пасьля “жылкаўскага” тому БелСЭ, ёсьць хоць згадка, што з 1931 году ён працаваў у Кіраўскай вобласьці. Але ж гэта выданьне лічыцца крамольным. У ім шмат якія ацэнкі (у т. л. на А.Гаруна) “лібералізаваныя”, што было заўважана нават у ЦК КПСС. Скажу, што на контртытуле гэтай энцыклапедыі ў складзе Рэдакцыйнай калегіі стаіць і прозьвішча “М.Ф. Дубянецкі”, ня без удзелу якога сёе-тое ўдавалася ратаваць ад поўнай крэцінізацыі…
26 чэрвеня 1985 г. Праходзячы паўз Дом фізкультуры таварыства “Спартак”, я вырашыў яшчэ раз агледзець яго з усіх бакоў. Гэта ж колішні кафедральны Марыінскі касьцёл! Помнік барока 17 стагоддзя. Мала хто пра гэта ведае, бо будынак гэты заціснуты з абодвух бакоў іншымі сьценамі і з вуліцы можна бачыць толькі яго галоўны фасад.
Гледзячы на гэты фасад, ніхто ўжо не ўгадае, што стаіць перад старажытным цудоўным храмам, перад колішняй трохнефавай базілікай. Не дарэмна той архітэктар, што перапланіроўваў касьцёл усярэдзіне і перабудоўваў яго фасад, названы ў БелСЭ – Драздоў яго прозьвішча. Ён прыбраў з фасаду ўсе асаблівасьці культавага збудаваньня. Аднак тры астатнія вонкавыя сьцяны, якія можна ўбачыць толькі адтуль, куды я прыйшоў, не пацярпелі ад руплівасьці М. Драздова. Уласна кажучы, гэта і ня тры сьцяны, а цэлы комплекс сьценаў, з дзьвюма капліцамі пад купалападобнымі дахамі.