61915.fb2
Цікавая структура гэтых адзінаццаці выданьняў, паводле спосабу іх паступленьня ў выдавецтва. Тут і кнігі, што перайшлі з мінулага году, і тыя, якія паступілі да нас “самацёкам”, і ўціснутыя ў наш план “дырэктывамі” кіруючых органаў. Ёсьць таксама некалькі кніг, якія уключыла само выдавецтва, зыходзячы са сваёй персьпектыўнай праграмы.
Пасьля выдатнага помніка цярпеньням чалавечым, якім зьяўляецца падрыхтаваная да выданьня на беларускай мове “Блакадная кніга” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна, заслугоўваюць увагі якраз гэтыя, апошнія выданьні. Іх нельга лічыць кан’юнктурнымі. Незалежна ад юбілеяў, яны маюць сваё, самастойнае гісторыка-літаратурнае значэньне. Вось зборнік вершаў “Крывёю сэрца” – з творамі беларускіх паэтаў, якія загінулі на вайне. Гэтыя паэты амаль не вядомыя шырокаму чытачу. Кніга хоць часткова запоўніць гэты прагал.
Найбольш арыгінальным творцам з загінуўшых пісьменьнікаў быў Мікола Сурначоў. Выдавецтва ўпершыню сабрала амаль усю яго творчую спадчыну і публікуе яе ў асобным зборніку пад назваю “Акопная песьня”.
“Кананічным”, напэўна, стане сярод шырокіх чытальніцкіх колаў складзены галоўным рэдактарам выдавецтва Серафімам Андраюком зборнік “Апавяданьні пра Вялікую Айчынную”. Цікавы лёс гэтай кнігі сарака твораў трыццаці пяці аўтараў. Гэта сапраўды найбольш значныя беларускія апавяданьні пра тую вайну. У гэтую анталогія мы знайшлі магчымым уключыць толькі пяць апавяданьняў, якія былі напісаныя ў час самой вайны. Астатнія апавяданьні – пасьляваеннага перыяду. Значная частка з іх належыць маладым аўтарам, якія вайну ведаюць толькі па кнігах і кінафільмах. Твораў пятнаццаць было напісана сьпецыяльна для гэтай кнігі. Вось з гэтымі апошнімі давялося асабліва папацець цэнзарам. Ледзь-ледзь далі дазвол на выпуск кнігі. Толькі пасьля ўмяшаньня шэфа. Пепяляеў паставіў нарэшце сваё кляймо АТ 07534 на падпісную карэктуру. “Шчасьлівы” чытач атрымае анталогію з пакалечанымі апавяданьнямі “У баку ад дарогі” Івана Чыгрынава, “Кульбы” Янкі Сіпакова, “Эфка” Івана Пташнікава і іншымі. Цэнзар прымусіў і укладальніка С. Андраюка выправіць “памылковыя выказваньні” ў ягонай прадмове “Памяць і боль”.
Што ж напалохала адданага служку рэжыму Пепяляева ў нашых кнігах? А напалохалі згадкі беларускіх пісьменьнікаў пра гуманных немцаў, якія часам трапляліся сярод гітлераўцаў. Напалохаў таксама паказ у асобных творах жорскасьці некаторых “савецкіх людзей” у час вайны. Кульгавы Пепяляеў бегаў па галоўліту, пагражаючы сваёй кульбаю пісьменьніку Янку Сіпакову за ягонае апавяданьне “Кульбы” “з добрым Гансам”, якое выдавецтва “прымеркавала да 40-годдзя перамогі (!)”.
– А Чыгрынаў… – сакратар Саюза пісьменьнікаў! – лямантаваў ветэран партыйнага фронту Пепяляеў. – Што ён нясе “слаўнаму 40-годдзю”. Апавяданьне “У баку ад дарогі”, дзе палітрук кідае цяжкапараненага камандзіра і нават кладзе яму зьверху пісталет у расшпіленай кабуры?!! Сапраўды ў баку ад нашай дарогі стаяць Чыгрынавы і выдаўцы!..
– І Пташнікаў харош! – бунтуе цэнзар. – Якімі ён паказаў нашых дзяцей? Жорсткімі, ваяўнічымі!..
Сёньня я ўжо трымаў у руках некаторыя з пералічаных тут кніг. Пагартаў і гэты “ваенны” зборнік. Таму і жыву цяпер гэтымі праблемамі. І пасьля цэнзара сёе-тое засталося чытачу на роздум… Ганаруся, што “ў рамках” “генеральнай лініі партыі” я з вялікімі цяжкасьцямі, але ж пасьлядоўна праводжу лінію, патрэбную майму народу, яго сапраўднай культуры; ганаруся, што прывучыў да гэтага таксама шматлікі атрад выдаўцоў і аўтараў.
10 ліпеня 1985 году. Нешта апошнімі днямі мне “шанцуе” на Пепяляева. То мне падрабязна перадаюць пра яго зьдзекі над літаратурай, то я занатоўваю некаторыя фрагменты з нашых “узаемаадносінаў”, то сустракаю яго асабіста. Гэта было сёньня, на вуліцы Карла Маркса. Мы з кінарэжысёрам А.Гутковічам ішлі з лячэбнай гімнастыкі, а ён бег “паглядзець на Гарбачова”, які вось-вось павінен прыехаць у Менск і пад’ехаць быццам бы сюды, як яму “ сказалі таварышы з ЦК”. Ён сьмела падышоў да нас, пастаяў побач хвілінку, слухаючы нашую размову, потым бесцырымонна сказаў:
– Міхаіл, я хацеў бы з табою пагаварыць.
Я без асаблівага шкадаваньня разьвітаўся з Аляксандрам Захаравічам, бо мы ўжо зьбіраліся разыходзіцца, і з цікаўнасьцю застаўся з гэтым чалавекам. “Што ж ён мне скажа? – думаю я – Што-небудзь пра нашую “крамолу”? А можа, будзе падлізвацца, калі адчуў, што перабраў меру? “Падлізваньня” аднак не было, хоць і была лісьлівасьць. Пепяляеў паводзіў сябе, як для цэнзара, паважна. Ён паведаміў мне, паколькі я адсутнічаў, якія “памылкі” дапусьцілі “мае” аўтары і рэдактары, даў “прынцыповую” палітычную ацэнку гэтым памылкам… Пепяляева, як высьветлілася, шакіравала перш за ўсё тое, што “некаторыя плююць на 40-годдзе перамогі, пішуць і прапускаюць усё, што ў галаву стукне”.
– Я, можа і паверу, Міхаіл, – сакоча цэнзар, – што недзе пракідваліся гуманныя немцы. Няхай сабе. Але ж цягнуць гэта ў юбілейную літаратуру… Ну, ты мне прабач…
Дарэчы Пепяляеў выпадкова сутыкнуўся з нашай літаратурай – замяняе нашага цэнзара, які цяпер у адпачынку. І вось ён быў вельмі зьдзіўлены, як гэта атрымліваецца ў нас, што “заўвагі і патрабаваньні цэнзара выдавецтва абмяркоўвае з аўтарам”.
– Абсурд нейкі, дый годзе, – гаворыць Пепяляеў, – аўтару раскрываецца прозьвішча цэнзара! Такое ў нас хіба раз у сто гадоў магчыма. А ў вас гэта, я чуў, сістэма.
– Так, мы сапраўды не хаваем перад аўтарамі яго памочнікаў, – зьедліва “падтакваю” я. – І аўтары нам удзячныя за гэта.
– Удзячныя, кажаш? Чыгрынаў і размаўляць са мною ня стаў. Падняў усіх супраць мяне. Я вымушаны быў даваць тлумачэньне начальству.
Пра гэта мне Серафім не казаў, таму мне цікава было слухаць гэтую горкую споведзь цэнзара. Сваімі рэмаркамі я непрыкметна ўцягваў яго глыбей у яе. І ён мне сказаў, што і яшчэ дзьве нашыя кнігі гэтымі днямі “працярпелі ўмяшаньне Галоўліту”, а якія – ён ня памятае(!). Вельмі зьдзіўляўся Серафімам, што, будучы галоўным рэдактарам, “дапускае такія памылкі”. “Мала таго, – кажа ён, – свае памылкі Андраюк падвоіў, аддаўшы гэты самы ўступны артыкул у часопіс “Полымя”. Мы і там яго правілі!”
На разьвітаньне Пепяляеў мне кінуў, што яго ня трэба абвінавачваць, бо ён “чысты, як голуб” і не сабе стараецца.
15 ліпеня 1985 году. Другі дзень у санаторыі “Нясьвіж”. Наш “нумар” 221 (ён нядаўна лічыўся як 61-ы) у цэнтральным корпусе, на супрацьлеглым канцы галоўнага фасаду. Зьнешняя сьцяна “нумару” складае фрагмент якраз гэтага супрацьлеглага фасаду. Ён, як і галоўны, часта паказваецца на ўсякіх паштоўках, буклетах, прасьпектах. Больш аніякіх заманлівых якасьцяў нашае жыльлё ня мае. Гэта як на канец ХХ стагоддзя жалю годны “нумар”, без элементарных выгодаў. Два ложкі, дзьве тумбачкі, два рознакаліберныя крэслы, дзьве вешалкі для ручнікоў, гардэробная шафа ды гэтак званы дыван на сярэдзіне падлогі – вось і ўсё, што павінна нагадваць нам утульнасьць і камфорт. Праўда, у парозе яшчэ вісіць на сьцяне рэпрадуктар “Сож”. І ўсё, калі не лічыць трохражковай люстры, настольнай лямпы і штораў на акне. “Нумар” больш высокі, чым доўгі. Сьцены жаўтаватыя, гладкія, голыя, без усялякіх архітэктурных ды іншых упрыгожаньняў. У галавох майго ложка – ацяпляльная батарэя на 13 рабрын, яна проста прычэпленая да сьцяны і падлогі, без дэкаратыўнага кожуха ці рашоткі. Падлога – паркетная са сьлядамі колішняга лаку, без аніякага бляску. Дзьвюхстворчатыя высокія дзьверы, пафарбаваныя бяліламі. Насупраць дзьвярэй – найбольш цікавы архітэктурны прадмет нашых “апартаментаў” – тое, што павінна лічыцца вакном.
Чаму я так не акрэсьлена кажу пра вакно? Яно ж альбо ёсьць альбо яго няма. А тут і ёсьць, і няма. Ёсьць, як шчыліна, праз якую паступае ў памяшканьне сьвятло, і няма, як архітэктурнай адзінкі. Само сабою знайшлося правільнае слова “адзінка” – тут мы маем дачыненьне акурат з паловаю адзінкі. Справа ў тым, што нашае недаакно – палова ад сапраўднага акна. Цэлае на нашую долю не дасталася. Таму што якраз “па акну” некалі перагарадзілі вялікі пакой на два. У абодвух атрымалася па палове арачнага вакна. Нашая палова, якую нам трэба ўспрымаць, як нешта цэлае, дзьвюхстворчатая.
У кожнай створцы аж па дзесяць падоўжаных уверх шыбінаў. Гэтыя створкі аздабляе зьверху “свая” палавінка арачнага закругленьня і тут яшчэ чатырнаццаць шыбінаў рознай велічыні – па зьнешняй паўакружнасьці чатыры найбольшых, ніжэй столькі ж меншых, ніжэй яшчэ чатыры меншых за іх і пад імі дзьве найменшых, ужо зусім трохкутных. Левая шыбіна правай створкі на двух завесах – значыць, адчыняецца: зьлева-направа. Гэта адзіная нашая фортка. Але ж пакуль цёпла, непатрэбная і яна – круглыя суткі адчыненае “ўсё” вакно.
Вонкавая сьцяна нашага пакою амаль метровай таўшчыні. Можна ўявіць сабе шырыню падаконьніка! Некалі можна было на ім слаць даросламу чалавеку, улічваючы, што шырыня поўнага, неперагароджанага, вакна – два метры. Распусьці аканіцы, што ўмацаваны ва ўнутраную частку сьцянной тоўшчы, і сьпі сабе на здароўе…
Невядома, як было б спаць на цэлым падаконьніку, а на нашых ложках спаць ня надта зручна. Яны ж таксама зьяўляюцца толькі палавінкамі шлюбнага ложка, нават і стаяць у розных кутках пакою. А муж і жонка – усё-ткі адно цэлае. Колькі шчасьлівых хвілінаў беспаваротна забіраецца ў людзей такім вось архігасьцінным метадам іх “добраўпарадкаваньня”!
Наш пакой у самым цэнтры фасаду, што глядзіць у бок Марысінага парку. На абодвух флангах фасаду – гранёныя вежы. У цэнтры – нашае арачнае вакно, па ягоных баках – па два прамавугольныя вакны. Пад нашым арачным – арачныя ж дзьверы. Праз іх у замак можна трапіць і з валу, і з двара, дзе калісьці была карэтная, а цяпер крыху правей ад яе пабудаванае аднапавярховае памяшканьне, дзе “адпускаюць” усялякія лячэбныя ванны. З тых дзьвярэй можна трапіць і ў наш пакой. Дзеля гэтага трэба прайсьці праз невялікі вестыбюль са шматлікімі дзьвярыма – пад шыльдамі “Лабараторыі”, “Мужчынскі пакой”, “Рэнтгенкабінет”. За двума дзьвярыма – жылыя пакоі. Адны дзьверы вядуць на другі паверх – пад нашыя дзьверы… Трэба... пераадолець яшчэ пятнаццаць рыпучых прыступак звычайна цемнаватай драўлянай крутой лесьвіцы. Па ёй я хаджу ўніз і ўверх кожны дзень – у “мужчынскі пакой”. У гэтым памяшканьні ўсё зроблена “напавер” – альбо пераробленае, альбо папсутае, а больш за ўсё зусім адсутнічае…
Дарэчы, санаторыю ўжо сорак гадоў. Напісаны горы паперы, мільёны словаў пра “клопат партыі аб народзе, якая аддала замак яму”. А гэтыя недаклопаты на кожным кроку толькі абражаюць чалавечую годнасьць. Нічога няма! А тое, што ёсьць – ня вартае ні ўвагі, ні павагі. Толькі прымітыўныя людзі з мізэрнымі, у асноўным фізіялагічнымі запатрабаваньнямі, могуць быць задаволенымі гэтым пячорным камфортам…Гэтыя старонкі маіх нататак таксама сьведчаць пра савецкі лад жыцьця, пра эфектыўнасьць партыйных клопатаў…
25 ліпеня 1985 году. Гадавіна сьмерці Уладзіміра Караткевіча. Мастакоўскую выстаўку вырашана прымеркаваць да 55-годдзя з дня яго нараджэньня, ды і з мэтаю лепшай падрыхтоўкі.
Саюз пісьменьнікаў і Натальля Сямёнаўна наладзілі ўскладаньне кветак на магілу нябожчыка. Ад Дому літаратара ў 17 гадзінаў адправіліся вялікі аўтобус і некалькі легкавых машынаў. На могілкі нас прыехала з паўсотні чалавек. Прыкладна столькі было ўжо там. Усе былі з кветкамі, ды якімі! Гэта ж час кветак! Ружы, гладыёлусы, гвазьдзікі і ўсякія іншыя казачныя расьліны. Я на Камароўцы купіў два букеты белых лілеяў, аб’яднаў іх у адзін вялікі прыгожы букет. Валодзя, дарэчы, любіў гэтыя кветкі, таму я і ўспомніў пра іх і сьпецыяльна шукаў менавіта іх.
Мабыць, варта ўспомніць удзельнікаў Валодзевай гадавіны, хоць некаторых: Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Аляксей Гардзіцкі, Уладзімір Адамчык, Валя Барадуліна, Уладзімір Дамашэвіч, Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Васіль Зуёнак, Ніна Адамчык, Вінцук Вячорка, Яўген Кулік, Мікола Купава, Анікейчык, Гарбук, Сяргей Законьнікаў, Тацяна Кабржыцкая, Віктар Карамазаў, Адам Мальдзіс, Марыя Мальдзіс, Даніла Міцкевіч, Вячаслаў Рагойша, Барыс Сачанка, Браніслаў Спрынчан, Васіль Шаранговіч, Галіна Шаранговіч, Карлас Шэрман, Яўгенія Янішчыц, Язэп Янушкевіч.
Кажуць, што на могілках быў і Васіль Быкаў, але я ня бачыў яго там. Ніякага мітынгу на магіле не было. Некалькі чалавек выступіла на памінках у кафэ Дому літаратара: Васіль Зуёнак, Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Васіль Шаранговіч, Сяргей Законьнікаў, Вячаслаў Адамчык – прыкладна тыя самыя, што і на саракавінах. Прапаноўвалі і мне выступіць, аднак я ўстрымаўся: мае думкі зусім не сугучныя пануючай супакоенасьці. Выступленьне з імі было б вельмі заўчасным.
Памінкі былі паводле новага правіла – безалкагольныя. Таму адчувалася нейкая скаванасьць, што нагадвала памінкі самыя жалобныя, якія наладжваюцца адразу пасьля пахаваньня нябожчыка. І прамовы замест таго, каб быць канструктыўнымі, як правіла, былі жалобна-ўспамінальнымі.
Дамоў я вяртаўся разам з Яўгенам Куліком і Міколам Купавам. Агледзелі “прыдзірліва” Траецкае прадмесьце на яго цяперашняй, рэстаўрацыйнай стадыі. Заадно абмеркавалі і некаторыя надзённыя пытаньні нашага жыцьця – названую Барадуліным на памінках кандыдатуру Анікейчыка на аўтара помніка Караткевічу, мітрапаліцкія габелены, увекавечаньне памяці Караткевіча і інш.
Пераначую дома і паеду назад у Нясьвіж. Гэта ж я ў самавольнай “адлучцы” з санаторыя. Уцёк сюды ўчора і вярнуся толькі заўтра. Гэта лічыцца парушэньнем рэжыму. Тут так заведзена: узяў пуцёўку – сядзі ўвесь тэрмін, незалежна ад таго, падабаецца тут табе ці не, карысна твайму здароўю ці не. Ад’ехаць куды-небудзь на адзін дзень – нельга. У выключна выключным выпадку – з пісьмовай згоды галоўнага ўрача па тваёй пісьмовай моцна абгрунтаванай заяве. Інакш пойдзе грозная адносіна на тваю працу: “Ставім вас да ведама, што ваш “х” парушаў наш рэжым так і так. Просім прыняць да яго адпаведныя меры і паведаміць нам. Інакш у ваш калектыў выдзяляцца пуцёўкі больш ня будуць, мы прымем да гэтага неабходныя меры праз вышэйшыя інстанцыі”.
Усё і ўсюды ў СССР трымаецца на прымусе, які называецца прынцыпам добраахвотнасьці, дэмакратычным цэнтралізмам, сацыялістычным парадкам, сьвядомай дысцыплінай і г. д.
27 ліпеня 1985 году. “Агафёненка з Ганцэвіч” – у такім вымаўленьні была некалі радыёперадача па “Голасе Амерыкі”. Пра гэта я сёньня даведаўся. А справа вось у чым.
Нейкага “ветэрана” Агафонава занесьлі нейкія вятры ў знаёмыя мне Ганцавічы Брэсцкай вобласьці. Аднекуль, мабыць, з галоднае матухны Расеі, як можна меркаваць па ягоным прозьвішчы. Ветэран памёр, засталася ўдава з трыма сынамі. Ішоў час. Хлопцы расьлі. Расьлі даволі буйна – усюды толькі і можна было чуць: “Агафонавы! Агафонавы! Агафонавы!”. З рэзка негатыўнымі эмоцыямі, вядома.
Хлопцы вырасьлі. Па ўскоснай віне старэйшага загінула дзяўчына. Сярэдні скончыў, здаецца нейкі інстытут і яшчэ сябе, дзякаваць Богу, нічым ня выявіў. А вось малодшы быў прычынаю той заакіянскай перадачы.
Паколькі сын ветэрана ды яшчэ Агафонаў, а не які-небудзь наш Агацкі, ці Агатовіч, дык яго адбываць вайсковую тэрміновую службу паслалі не куды-небудзь, а ў Байканур. Хлопец меў нават доступ да касманаўтаў і нават замежных! Ну, гітлер’югенд дый годзе! Такі давер!..
Гэты давер да сябе малады Агафонаў выкарыстаў даволі арыгінальна – украў у індыйскага касманаўта, калі той круціўся ў космасе, яго спартыўны касьцюм. Украў і хуценька пераслаў поштаю ў свае “родныя” Ганцавічы. Хлопец зух, але і кадэбісты ня промах. Не пасьпела яшчэ пасылка прыйсьці, як у Ганцавічы назьязджалася нейкіх падазроных тыпаў. Пайшлі ў сям’ю “унтэркасманаўта”, пачалі распытваць у таго-сяго пра гэтага юнака, схадзілі на пошту. Сюды быў якраз дастаўлены ліст для маці Агафонава ад сына. Ліст ускрылі. Прачыталі “анонс” пра пасылку і просьбу не ўскрываць яе да яго вяртаньня з войска (а вярнуцца ён павінен быў праз некалькі месяцаў). Прычына нібыта ў тым, што гэтая пасылка ня цалкам яго, частку яе ён павінен аддаць. Па Ганцавічах папаўзьлі чуткі, што малады Агафонаў украў касьмічны скафандр, і цяпер вось кадэбэ СССР з ног зьбілася, шукаючы яго. Праз колькі дзён прыйшла тая пасылка. Яе ўскрывала “прадстаўнічая камісія”. Апрача “скафандра” было і яшчэ сёе-тое…
Хлопца судзілі ваенным трыбуналам. Прыпаялі аж восем гадоў турмы. Можна ўявіць, што гэта такое, ведаючы жахлівыя савецкія турмы! Кажуць, што асудзілі і таго другога Агафонавага хаўрусьніка…
29 ліпеня 1985 году. Так нечакана ўсплыла перада мною ганцавіцкая тэма і ўсё яшчэ цягнецца. Прытым цягнецца сваім “міжнародным” бокам. Як тыя Нью Васюкі праславіліся Ганцавічы – Ганцэвічы. І зноў праславіў іх “Голас Амерыкі”.
Недзе гадоў два таму гэтая радыёстанцыя перадавала, што ў “Ганцэвічах” Брэсцкай вобласьці быццам бы будуецца нейкая вялікая супрацьпаветраная абаронная сістэма і што накіраваная яна будзе супраць амерыканскіх “крылатых” ракетаў. Як вельмі часта бывае, пачуўшы такую “інфармацыю” ганцавіцкія ўсёведаючыя насельнікі выгунулі: “Ну вось і чарговая амерыканская “вутка” ганебна прагарэла: у нас нічога не будуецца!”
Аж не – будуецца. Нядаўна пачалі будуваць менавіта вайскоўцы. “Крылытае” ці “хвастатае” там нешта будзе – невядома. Але ж будзе. Ужо ёсьць і салдаты, а ў іх – афіцэры, а ў гэтых – генерал. Ужо нават генералава жонка пасьпела палюбіць гэты ціхі маленечкі гарадок з яго дзесяцьцю тысячамі насельніцтва.
Вельмі сур’ёзныя справы адбываюцца ў Ганцавічах. Першы сакратар райкаму партыі, здаецца, Вайцешын, ужо паплаціўся сваёю пасадаю за тое, што пайшоў насуперак ваенных… Шкада Ганцавічаў і такой іх персьпектывы – горада-могільніка…
30 ліпеня 1985 году. Мае менскія ўрачы раілі мне правесьці першы постінфарктны адпачынак у Аксакаўшчыне. Там няблага сапраўды. Тым ня менш я папрасіў пуцёўкі сабе і Марыі ў Нясьвіж. Нясьвіж мне раднейшы. І як колішні значны асяродак беларускае культуры і навукі, і сваім замкам, і асабліва сваім касьцёлам.
Такія пуцёўкі мне выдзелілі. І вось я ўжо сямнаццаты дзень у Нясьвіжы. Асабліва тут няма чаго аглядаць… Мачыха-гісторыя мала што тут пашкадавала. Але затое, што зьбераглося, можна агледзець, як кажуць, з усіх бакоў. Так і раблю.
Трымаюся ўвесь час, аднак, бліжэй да касьцёлу. Я даўно ўжо ведаю гэтае цудоўнае тварэньне Яна Марыі Бернардоні – можна сказаць, унука па мастацтву вялікага Мікеланджэла, бо вучня ягонага вучня. Неўзабаве храму споўніцца 400 гадоў. Каб не панаваў у нас рэжым “свабоднага савецкага друку”, дык да гэтае даты (1993 год) яшчэ пасьпелі б і не адзін альбом падрыхтаваць і выдаць, і манаграфію, і камплект-другі паштовак з рэпрадукцыямі, і серыю паштовых марак і гэтак далей. Аднак нічога гэтага не дазволяць! Прынамсі, мала чаго. Будзем старацца. А раптам пашанцуе…
Нясьвіжскі фарны касьцёл мяне заўсёды вабіць яшчэ і тым, што ён і выдатны помнік і ў той жа час дзеючы храм. Тут фраза “пайшоў у касьцёл” нікога не шакіруе – бо нельга не хадзіць туды. Пад выглядам наведаньня помніка архітэктуры, можна, такім, як я, наведваць функцыянуючую бажніцу. Менавіта ў яе пабег я 14 ліпеня, не пасьпеўшы яшчэ, як сьлед, уладкавацца ў санаторыі. Гэта ж была нядзеля. А набажэнства правіцца тут паводле жорсткай савецкае каманды толькі ў асноўным у нядзелі, – “каб не адцягваць працоўных ад грамадска-карыснай працы”.
Пачынаючы з таго першага санаторнага дня, я кожны дзень падыходжу да гэтай дарагой сьвятыні. Часьцей за ўсё схіляю галаву ў прытворы, гледзячы праз рашотчатыя дзьверы (яны ўстаўлены, каб шматлікія наведвальнікі-турысты маглі праз іх аглядаць іх інтэр’ер нават тады, калі афіцыйна храм зачынены, адначасова яны спрыяюць вентыляцыі будынку) на вечны агеньчык перад sanctorum sancta. Часам з якое-небудзь прычыны храм адчынены і ўдаецца зайсьці ў сярэдзіну, часам раніцаю трапляю на штодзённую малітву ксяндза.
21 і 28 ліпеня прымаў чынны ўдзел у нядзельнай месе, нават займаў месца на лаўцы, тады як усе турысты і санаторцы тапталіся ў праходах; унёс належны ўклад у касьцёльную скарбонку. У першую з гэтых нядзелю сустрэўся з пробашчам ксяндзом дэканам Рыгорам Каласоўскім. Гэта ня першая нашая сустрэча. Я паважаю гэтага шаноўнага чалавека. Каб ня ён, невядома, што было б з гэтым храмам. Ён жа служыць у ім недзе з 1938 ці 39 году. Нязьменна! І пры фашыстах і пры бальшавіках!!! А каб пачалі мяняцца тут настаяцелі, дык “таварышы залескія” аднаго разу маглі б не дазволіць прыезд новага, забралі б храм нібыта пад нейкую “важную” і “вельмі патрэбную” ўстанову і нібыта з прычыны таго, што тут ужо няма ксяндза. Шэдэўр заняпаў бы. І не было б такога магутнага асяродку веры і хараства! Мяне аж у дрыжыкі кідае пры адной толькі думцы пра такую магчымасьць. Колькі ўжо і так зруйнавалі, зьнішчылі нашых сьвятыняў, нашых выдатных помнікаў.