66285.fb2
- Ваявода... конь... нага... - стагнаў, вырываючыся, Кiрым.
Войт, мiж тым, нiчога ня чуючы, хiстаўся ў сядле. Удар сякеры быў страшэнны, i, каб Скабель ня быў такi моцны, паядынак быў-бы скончаны.
Нарэшце Ваявода вызвалiў нагу. Хутка падняўшыся, ён кiнуўся на Войта. Той-жа, да гэтага часу апрытомнеўшы, узьняў каня на дыбкi i, накiраваўшы на Ваяводу, пусьцiў павады. Ваявода адскочыў убок, але пасьлiзнуўся й павалiўся. Скабель другi раз падняў каня на дыбкi й грымнуў на Ваяводу. Але й тут Фёдару ўдалося скокнуць убок з-пад цяжкiх капытоў. Затое конь, трапiўшы нагой на валяўшыся наплечнiк i сьлiзгануўшы па iм, упаў на каленi. Войт стрымгалоў выляцеў зь сядла.
Працiўнiкi паволi паднялiся. Войт, сьцякаючы крывёю, ледзь стаяў на нагах. Ваявода, падняўшы сякеру, падыйшоў да яго й загадаў:
- Кiдай меч i станавiся на каленi! Ты пераможаны!
Скабель не варухнуўся.
- Дык здохнi як сабака!
Але ў гэты момант Скабель узмахнуў мячом. Ваявода прысеў i са страшнай сiлай секануў сякерай. Скабель захiстаўся, i з-пад шолама пацякла кроў. Ад другога ўдару, раскалоўшага шолам, ён як сноп павалiўся на сьпiну.
Ваявода каленам стаў яму на грудзi й падняў забрала. Войт ня дыхаў. Зрэзаўшы пласт сьнегу, Фёдар паклаў яго на твар Скабелю й, адклаўшы ўбок сякеру, выцягнуў мiзэрыкордыю...
Ад сьнегу Скабель адплюшчыў вочы й, убачыўшы занесеную мiзэрыкордыю над сваiм горлам, прашапацеў:
- Не губi, Ваявода... Прабач... Каюся...
Фёдар нахiлiўся над iм i нешта зашаптаў на вуха.
- Згодзен... - адказаў ледзь чутна Скабель. - Прысягаю! На сьвятога Юр'я.
Ваявода падняўся й, махнуўшы збраяносцам Войта, падыйшоў да Вiтаўта.
- Суд Божы адбыўся! - абвесьцiў Вялiкi Князь. - З ласкi Ўсемагутнага, Фёдар Ваявода Грозаўскi давёў сваю правату й пакараў вiнаватага! Слава пераможцу!
- Слава-а-а! - загуло на паляне.
- I йзноў ён ня здрадзiў свайму звычаю! - зьдзiвiўся Граф. - Iзноў не забiў! Дзiўны чалавек! Нават лупу ня ўзяў...[15]
- Цiкава мне ведаць, аб чым ён пытаўся Скабеля? - прамармытаў Кройцэнбэрг, улазячы ў сядло. - Але за Паўля, Войт малайчына! Не разгубiўся, хаця нiчога й ня ведаў...
11. ВОЛЬНIЦА
Прыцiснуўшыся ў лясной глушы над берагам прыгожай i вясёлай Улы, захутаны сьнегам, дрэмле хутар Маркулiчы. Калiсь багаты й поўны дастатку, ён славiўся сваiм духмяным мёдам, добраякаснымi скурамi, i адважнымi воямi. Уласьнiкi пiльна дбалi аб дабрабыце й разбудавалi ў Маркулiчах моцныя гумны, сьвiрны, хлявы. Пасярод усiх гэтых будоў разьмясьцiлася прасторная хата. З заходняга боку да хаты прыбудаваная бярвенчатая вежа. I, нарэшце, увесь хутар абнесены частаколам з завостраных i абапаленых бярвеньняў, моцна ўкапаных у зямлю.
Зараз хутар апусьцеў. Пасьля налёту Крыжакоў у Маркулiчах не засталося нi душы. Хата напалову згарэла, вежа абвалiлася, стрэхi на будынках абдзерлiся. Частакол часткова згарэў, часткова вывернуты, але мейсцамi яшчэ творыць даволi моцную сьцяну.
Нядаўна хутар аджыў. Будынкi напоўнiлiся людзьмi, у стайнях зьявiлiся конi. Па навакольных вёсках паплылi чуткi: "У Маркулiчах спынiўся атаман Сыч з бандаю!"
У Матылях, Коневе, Радунi, казалi, што Сыч мае сотню апрышак. У Забалацi i Сабакенцах - тры сотнi, а ў Васiлiшках i Лiдзе - полк.
Сыч толькi пасьмяхаўся:
- Чуткамi сьвет поўнiцца. I чым болей нагавораць, тым меней палякаў тут застанецца!
У гэты дзень, Сыч даў сваiм хлопцам адпачынак. Сам-жа, прысеўшы на ганку, бруском адвострываў цяжкую сякеру, напяваючы нешта напаўголасу. Сонца пачынала ўжо прыпякаць, i Сыч з радасьцю чакаў вясны, з надыходам якой думаў падацца пад Беласток, блiжэй да мяжы.
Раптам зь лесу пачулiся гучныя галасы, i на сьцежцы зьяiвiлiся тры чалавекi. Адзiн, незнаёмы, вельмi сьпяшаўся, двое другiх, з рогатам, прымушалi яго йсьцi памалу, пагражаючы ў выпадку непаслушэнства прапароць яго вiламi. Нарэшце падарожнiкi спынiлiся каля ганку.
- Ты хто такi? - не адрываючыся ад сякеры, спытаў Сыч.
- Гайдук, Ваша Ласка... Пана Несьцяровiча, гайдук.
- Дык якiм лiхам ты сюды трапiў?
Гайдук бухнуўся на каленi й заенчыў:
- Бацька ты наш... Заступнiк... Пашкадуй, абаранi...
- Ты, што гэта? Што здарылася? - разгубiўся атаман ад такой неспадзеўкi.
- Вой, пашкадуй! Ня выдай нас! Кабеты й дзеткi там... - выў гайдук намагаючыся выцiснуць зь сябе хоць адну сьлязiну, што нiяк яму не ўдавалася.
- Я пытаюся, што здарылася? - спынiў яго раззлаваўшыся Сыч.
- Ляхi! Ляхi, кармiлец ты наш! Апанавалi маёнтак пана Несьцяровiча... Рабуюць, паляць, забiваюць!...
- Ага! Свой свая не пазнаша? Так цi што?
- Так, так!... Ой не! Што я, дурны баран, пляту! Ня вер iм... Ня вер iм, пане дабрадзею! Ня вер...
- А я й ня веру, - заспакоiў яго Сыч, яшчэ добра не разумеючы, у чым рэч.
- Ня вер, ня вер!... Усе яны брэшуць! Пан Несьцяровiч з прадвеку быў Лiтоўцам... зь дзядоў i прадзедаў. Зь Люцiцаў родам ён. Ня вер! Яны самi Палякi...
- Хто Палякi?
- А паны Самойчык i Белагрудзкi... Ня вер iм...
- Я iм i ня веру, а заадно й табе! - адказаў Сыч, нарэшце зразумеўшы, што ад яго хоча гайдук.
Сабраная навокал iх вольнiца выбухнула рогатам. Гайдук разгублена азiрнуўся й, не сустрэўшы нiдзе спагадлiвага пагляду, падпоўз да атамана й стаў цалаваць яму боты:
- Пане дабрадзею, сонейка яснае, сокал хуткакрылы, ратуй... Рэжуць! Жыўцом рэжуць!
- Знацца, зарабiлi! - прамовiў нехта з апрышак.
- Ай не! Мы нiколi нiкому нiчога, а калi бывае, каму што якое, дык што-ж там такое?
- Што такое, кажаш? А мы вось зараз пабачым! - атаман адклаў набок сякеру й устаў. Акiнуўшы вокам падворак, ён гукнуў:
- Гэй, Францiшак! Хадзi сюды!