66285.fb2 Драбы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Драбы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

- Як гара ня йдзе да Магамэта, то Магамэт iдзе да гары! - з гэтымi словамi наперад выступiў плячысты дзяцюк зь вясёлымi прамянiстымi вачамi. Гайдук са страхам глядзеў на гэтага дзяцюка.

- Ты, магамэт! Ты хiба ня з Конева? - спытаў Сыч.

- Здаецца!

- Пана Несьцяровiча ведаеш?

- Як ня ведаць? Сем дзён i начэй быў у яго ў гасьцях, як па пiсанаму, а на восьмы...

- Пачакай! А вось яго ведаеш? - Сыч паказаў на дрыжучага гайдука.

- Пэўна, што ведаю! Сябруем! Як адгасьцiў я ў Несьцяровiча сем дзён, то на восьмы дзень ён мяне ў дарогу выпраўляў. Шчыра й сумленна! Такую мне бiблiю на сьпiне расьпiсаў, што люба-дорага паглядзець. Ды ты не саромся! - зьвярнуўся Францiшак да гайдука. - Пакiнь сарамлiвасьць дзяўчатам. А я тваёй ласкi век не забуду. Дык каб i хацеў забыць, дык летапiс на сьпiне ня дасьць!

- Пачакай! - перабiў Сыч. - Значыць, катуюць яны людзей? Цi не?

Францiшак моўчкi скiнуў кажух, задраў на сьпiне кашулю й прамовiў:

- Прачытай сам. Чаго мяне пытаеш?

Сьпiна Францiшка сапраўды выглядала жудасна. Яшчэ не зусiм загаiўшыяся рубцы перасякалi яе ўздоўж i ўпоперак. З-пад закарэлае крывi там i сям сьвяцiлася дранае мяса.

- Так, так... Прачытаў я ў цябе на сьпiне, што пан Несьцяровiч паляк, прамовiў Сыч.

- Ну, то значыць, кепска чытаць умееш! - запярэчыў Францiшак. - Ён не паляк, а пад-паляк! Так там i напiсана. Цi ня праўда? - зьвярнуўся ён да гайдука.

- Як гэта, падпаляк? - зьдзiвiўся Сыч. - Нешта я не разумею.

- А што-ж тут разумець? Ёсьць паляк, а ёсьць падпаляк, ёсьць пан, а ёсьць падпанак. А людзi так кажуць: "Ня страшны пан, але страшныя падпанкi". Зразумеў?

- Зразумеў! - пагадзiўся Сыч. - Раскажы-ка ты нам, за якую правiну пан падпаляк цябе так адхаладзiў?

- Вiна вялiкая была: не захацеў яму ў гайдуках служыць, падпанкам быць.

- Але-ж ты з панцырных баяраў?[16] - недаверлiва ўскрыкнуў Сыч. - Ты толькi Вялiкаму Князю павiнен службай!

- А што яму баяры цi Князi, калi ён ад Бога адрокся? Папе Рымскай молiцца.

- Чаму-ж ты Ваяводзе не паскардзiўся цi Князю?

- Рука руку мые, а пан пана крые. Усе яны адным лыкам шытыя, пачынаючы ад вялiкага Князя й канча...

- Пра Гаспадара ня сьмей так казаць! Ён ад Бога над намi пастаўлены! нахмурыўся Сыч.

- А я й ня сьмею. Толькi мне здаецца, што ён добра ведае, што тут робiцца. Унь Несьцяровiч, колькi душ бязьвiнных на той сьвет адправiў. То за Карону Польскую, то за Папу Рымскую, а то й так, дзеля пацехi...

- Гэй, Сыч! - раптам працiснуўся да атамана вартавы, стаяўшы на ўскраiне лесу. - Паны на Конева рушылi!

- Як, на Конева?

- Конева паляць! Дзядзькi бароняцца, але пугай абуха не пераб'еш, паддаюцца!

- А як зь Несьцяровiчам? Спалiлi?

- Дзе там! Замоцны выявiўся для iх, дык на Коневе злосьць спаганяюць. Прыслухайся-ка!

З боку Конева даносiўся трывожны гук Царкоўнага набату.

- Набат! - ускочыў Сыч. - Хлопцы, да зброi! А ты, - крыкнуў ён гайдуку, бяжы да свайго пана й скажы яму, што сёньня Сыч з сычанятамi загляне да яго ў госьцi! - i кiнуўся ка стайням. Гайдук пабег са двара.

- Гэй, пачакай! - спынiў яго Францiшак. - Як там Даша? Даўно я яе ўжо ня бачыў...

- Прыйдзi й пабачыш.

* * *

Зь дзiкiм гiкам i сьвiстам, ударыў Сыч на разгубiўшыхся гайдукоў Самойчыка й Белагрудзкага. Падбадзёраныя конеўскiя сяляне, лавiнай навалiлiся на ўцякоўцаў.

Дзьве крайнiя хаты - ярка гарэлi. Зь iх разносiўся жудасны дзiцячы плач i жаночыя крыкi.

Першым-жа наскокам, зьмяўшы гайдукоў Самойчыка, Сыч ахапiў паўколам гайдукоў Белагрудзкага, зьбiўшыхся наўкола сваго пана.

З маёнтку Несьцяровiча, раськiнуўшагася на ўзгорку недалёка ад Конева, даносiлiся крыкi й сьвiст. Цi то падбадзёрвалi Сыча, цi то насьмяхалiся над няўдачнiкамi... Адтуль бачылi, як узьляцеў на вяроўцы Самойчык, як падагнулася над iм галiна маладой таполi...

Белагрудзкi, бачачы, як хутка разправiлiся зь ягоным сябрам, рашыў жыўцом не здавацца. Зацята адбiваючыся ад Сычанятаў, ён пачаў адыходзiць да маёнтку Несьцяровiча. Але Сыч разгадаў ягоны намер. Замкнуў кола й, пасьля кароткае бойкi, зьмяў гайдукоў. Параненаму Белагрудзкаму накiнулi на шыю пятлю й пацягнулi да Самойчыкавай таполi...

- Як пасьцелеш, гэтак i высьпiсься! - прамармытаў, перахрысьцiўшыся, адзiн зь сялян, назiраючы за канцом Белагрудзкага.

Убачыўшы раптам Францiшка, ён злавiў яго за крысо кажуха й прамовiў:

- Дык i ты, сынку, тут?

- Тут, дзедусь, тут. Дзе-ж мне болей быць?

- А як-жаж вы, дзеткi, даведалiся аб нашай бядзе? Цi мо хто падказаў?

- Мы, дзедусь, усё ведаем! - горда адказаў Францiшак. - I як дзе крыўдзяць нашага брата - люд паспалiты, дык i мы тут як тут.

- Так, так... Дай вам Бог здароўечка! А ад нас вялiкае дзякуй!

- Няма за што, дзед! - прамовiў, падыходзячы, Сыч. - Мы самi такiя, як вы, i самi бяды ды крыўды нацярпелiся. За тое й у лес падалiся... Вось прабачце нам за тое, што крыху спазьнiлiся, - указаў на дагараючыя хаты.

- Нiчога, нiчога, сынку. Абы болей бяды не было, а з гэтай мы як небудзь талакой[17] парадзiм. Вось каб вы, сынкi, не падасьпелi, то й кабеты зь дзецьмi пагарэлi-б, то горш. А хата - рэч нажыўная... Унь глянь, як на сяле заварушылiся. Цягнуць пагарэльцам, хто што можа, а з грамады па нiтцы - голаму кашуля.

- I мы ад сябе дадамо. Ад паноў здабыча багатая засталася! - прамовiў Сыч, адыходзячы. - Ты, Францiшак, каб не забыўся прыпамянуць пра гэта Цiмоху!

- Што то за ён? - пацiкавiўся дзед.

- Гэта наш Ваявода, Яснавяльможны пан Сыч! - пажартаваў Францiшак.