66285.fb2 Драбы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Драбы (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

- Ну вось! Шаноўны айцец Карафа, цяпер можаце спакойна скончыць вашу працу з абразамi, - зьвярнуўся Рыцар да ксяндза. - Больш вам нiхто не перашкодзiць. Але пасьпяшайцеся...

- Не! Не! Сыне мой. Не жадаю нават i дакрануцца да iх. У iх нячыстая сiла! - i ксёндз, перастрашаны да глыбiнi душы, пачаў хуценька хрысьцiцца, мармычучы модлы пад нос, i перабiраючы пацеркi ружанца.

Да ганку падвялi коней. Рыцар i ксёндз улезьлi ў сёдлы й яшчэ раз акiнулi паглядам падворак Вадзянiка.

На беразе, недалёка ад перавозу, ляжалi трупы - трупы Мацея, Якуба й трох ваяроў. Пасярэдзiне падворка: Грыпiна са стралою ў грудзях i пасечаныя Марка й Кiрыла.

Рыцар размахнуўся й кiнуў татарскi лук у бок сваiх пабiтых чэляднiкаў, калчан са стрэламi паляцеў усьлед.

- Сын мой, вы найразумнейшы з вояў, якiх я толькi ведаў, - узрушана прамовiў ксёндз, зразумеўшы выкрут Рыцара.

Рыцар нiчога не адказаў. Самазадаволена ўсьмiхнуўся, даў шпоры каню пад бакi, i ўся кавалькада хутка зьнiкла зь вiду, парушаючы цiшыню прабуджаючайся пушчы.

Калi сьцiхла бразганьне зброi, зь лесу асьцярожна вылезла чалавекападобнае стварэньне. Твар, аброслы сiвой барадой, даўгiя сiвыя валасы, поўныя шышкаў дзядоўнiку, зьвешваюцца на лоб, захiнаючы гарашчыя вочы, казьлiныя скуры, надзетыя шэрсьцю наверх, зьмешвалiся з барадой i вусамi. У руцэ гэтага ляснога стварэньня цьмяна паблiсквае нож. Крадучыся i неяк дзiўна струхваючыся, стварэньне наблiзiлася да Грыпiны, Кiрылы й Марка. Хуткiмi, спрытнымi рукамi абмацала iх i, адмоўна патрусiўшы барадой, накiравалася да Мацея. Памацала яго й раптам застыла нерухома - на дарозе чуўся гук наблiжаючагася возу. Лясны чалавек адным скачком апынуўся ў лесе, але, не адыходзячы далёка, захаваўся ў кустах.

Воз рысьсю выкацiў к перавозу. Два барадатыя паляшукi разам саскачылi зь яго й са страхам азiрнулiсдя наўкола: трупы й кроў, груганьнё ў паветры...

- Сьвят!... Сьвят!... Сьвят!... Завяртай! - выгукнуў адзiн, i воз загрукацеў у адваротную дарогу.

Як толькi грукат воза сьцiхнуў, лясны чалавек вылез з кустоў i ў два скачкi апынуўся каля аднаго з разпасьцёртых ваяроў. Блiснуў нож, i апрытомнеўшы перад гэтым напасьнiк сканаў. (Гэта быў той, што ўпаў другiм ад жордкi Мацея зь перабiтым крыжам.) Цяпер да Якуба... Валасатае стварэньне абмацало яго й, прамармытаўшы: "Вялiкi Ярыла ласку сатвароха!", узвалiў яго сабе на плечы. Нагамi размазаўшы Якубаву кроў да самай вады, рушыў у лес.

Насупiлася магутная Прыпяць, забулькатала мацней у прыбярэжных карэньнях са злосьцяй непамернай. Лес ёй у адказ зашамацеў гальлём i заскрыпеў векавымi стаўбурамi волатаў-дубоў, пасылаючы нямы праклён крывавым наезьнiкам, парушаючым спрадвечны парадак...

6. БАЯРЫН ЛУКА РАЦIШЧЭЎ

У ночы выпаў першы сьнег. Тонкiм пушыстым дываном пакрыў зьмёрзлую шэрую зямлю. Вераб'i, натапырыўшыся, тулiлiся блiжэй да будынкаў, не падымаючы ўжо такога галасу.

Шумiлiна прачнулася. Зарыпелi журавы калодзезяў, замычэлi каровы, зарыпелi па першаму марознаму сьняжку сялянскiя вазы.

Грубы барадаты карчмар выйшаў на ганак. На ўвесь рот пазяхнуўшы, перахрысьцiўся пэўным i размашыстым рухам, пачухаў у барадзе i зазначыў:

- Вось i зiма. Ласкава просiм!

- Больш гасьцей будзе... - кiнуў у адказ праходзячы мiма вартаўнiк зь дзiдай на плячы й ляскоткай за пасам.

- Дзякую на добрым слове, - i карчмар нiзка пакланiўся.

- Гэй! Захар Кузьмiч! - прагрымеў раптам бас Шумiлiнскага Войта. - Што гэта за госьцi да цябе ўчора заехалi?

- А-а-а, шаноўны Пётра Ларывонавiч! Ласкава прашу... Ласкава прашу, заходзьце! Нашыя дзьверы заўсёды насьцеж для Вашае Мiласьцi! Ласкава прашу! Кварту загадаеце?... Цi мо поўкварты?... З капустай квашанай, цi мо' з грыбкамi? Ласкава прашу... - Захар Кузьмiч нiзка пакланiўся падыходзячаму Войту. Але войт ня надта сьпяшаўся. Падабраўшы крысы шырачэннага кажуха, ён памаленьку пралез праз вузкую фортку й, пагладжваючы здаравеннай мазолiста рукой кучаравую бараду, накiраваўся да ганку. Захар Кузьмiч рысьсю кiнуўся яму насустрач:

- Ласкава прашу... Ласкава прашу...

Што праўда, Войт Пётра Ларывонавiч любiў пацягнуць, але ў карчму заглядаў рэдка. Для гэтага трэба было нейкае адмысловае нагоды, як сёньня.

- Зайду, зайду... Кiнь ужо выдыгаць, Захарэ. Не люблю я гэтага твайго "ласкава прашу". Як трэба мне зайсьцi, то хоць i не хацецiмеш -зайду, а як ня трэба, то й ня ўласкавiш.

- Ласкава прашу, зрабiце такую ласку, ласкава прашу, Пётра Ларывонавiч... - не сунiмаўся карчмар.

- Ну й сьлiзкi-ж ты, Захарэ! Няўжо цябе самаго ня нудзiць, так як мяне, ад гэтага блюзьнерства?

- Дык як загадаеце, кварту цi паўкварты? Ласкава прашу... Баярын нейкi Маскоўскi. Адразу па прыезьдзе загадалi гуся смажанага, гарэлкi й квасу... Зайдзiце, Пётра Ларывонавiч, зрабiце такую ласку...

- Ня ведаеш, кажаш? Наскрозь цябе, Захар, бачу, але хай ужо па-твойму будзе, - i Войт цяжкай хадой накiраваўся ў дзьверы.

Баярын ужо быў устаўшы, калi Пётра Ларывонавiч, з клубамi пары ўвалiўся ў карчму. Паважна перахрысьцiўшыся на абразы, ён прывiтаўся:

- Многiя лета Князю Маскоўскаму!

Баярын моўчкi пахiлiў галаву, цi то ў знак згоды, цi то замiж прывiтаньня, але застаўся сядзець на мейсцы. Войт зь цiкавасьцю прыгледзеўся госьцю ў доўгай, гафтаванай золатам рызе, з-пад якой вiднелася кальчуга, у мангольскiх ботах з закручанымi ў гару наскамi. Доўгая барада зь сiвiзной, доўгiя тонкiя пальцы, усыпаныя дарагiмi перстнямi, сухi жылiсты твар з малымi й надта сьветлымi вачамi, высокi маршчынiсты лоб...

- З ласкi Гаспадара Вялiкага Князя, - перарваў маўчаньне Пётра Ларывонавiч - буду тутэйшым Войтам пры Ваяводзе Вiцебскiм!

Баярын гнеўна зiрнуў на Войта й адказаў:

- Лука Рацiшчэў! Баярын Пасол ад Гасудара Маскоўскага да Князя Лiтоўскага!

- Ну што-ж, Баярын, калi ня хочаш размаўляць, кланяцца ня будзем! - i войт накiраваўся да стала, грымнуўшы на хаду: Гей! Захарэ! Кварту з грыбамi!

Бачачы, як безцырымонна захоўваецца Войт, Баярын прамовiў:

- За такую абразу, буду жалiцца самаму Князю й прасiць адпаведнае кары, бо халопу не належна сядзець у прысутнасьцi Баярына!

- Хто халоп? - прашыпеў праз зубы, устаючы, Войт. - Я халоп?... Ня будзь ты, Баярын, паслом, пазваў-бы я цябе на ўтаптаную зямлю, пеша цi конна! I мусiў-бы ты, Баярын, станавiцца, бо абразiў ты Драба Лiтоўскага! - Тут Войт шырака разхiнуў кажух, i атарапелы Баярын к свайму зьдзiўленьню пабачыў на палатнянай гафтаванай кашулi - залаты рыцарскi пас.

Пётра Ларывонавiч двумя каўткамi асушыў кварту гарэлкi, прыкусiў квашаным грыбам i выйшаў з карчмы, моцна ляснуўшы дзьвярыма.

Баярын з падзiву аж раскрыў рот. Ён нiколi ня мог сабе ўявiць, што пад гэтакiм звычайным кажухом мог хавацца залаты рыцарскi пас - адзнака шляхетнасьцi й адвагi.

- Ваша Сьветласьць, бацюхна Баярын, ня гневайся, ласкава прашу... Пётра Ларывонавiч пашумеў, а потым сам шкадаваць будзе, - замiтусiўся наўкола госьця карчмар. - Ён у нас лагодны чалавек, дарма што Войт. Ня гневайся, бацюхна... Ласкава прашу...

- Зь якога роду Войт вашы? Баярскага цi паспалiтага? - пацiкавiўся Баярын, ведаючы, што ў Лiтве Драбам можа стаць звычайны сялянiн, маючы розум, адвагу ды сiлу.

- Рыцарскага, бацюхна, рыцарскага! Яго пакойны бацька, Ларывон Кiрмунтавiч, яшчэ зь Вялiкiм Князем Альгердам на Маскву хадзiў. А пазьней загiнуў ад Караля Ягайлы Альгердавiча за тое, што Вялiкага Князя Кейстута любiў i, жыцьця не шкадуючы, баранiў. Ларывон Кiрмунтавiч тады й галаву палажыў, калi Кароль загадаў задушыць Вялiкага Князя Кейстута ў Крэве. Людзi кажуць, што, як даведаўся ён аб забойстве тым, дык ухапiў меч i дзесяць найлепшых польскiх рыцараў пасёк, да Караля прабiваючыся. На сьмерць пацяў... Апавядаюць, што злы дух у яго ўсялiўся, нiкога ня слухаў i нiчога не разумеў, толькi пенай пырскаў на ўсе бакi, аж пакуль яму галаву зьнесьлi.

- Ага, разумею, - перабiў Баярын. - За гэта й карыстаецца ваш Войт ласкай Князя Вiтаўта?

- Ня толькi за гэта, бацюхна Баярын, ня толькi. Як забiлi пакойнага Ларывона Кiрмунтавiча, паслаў Кароль дружыну на Сокалаў, вотчыну Ларывона Кiрмунтавiча, i спалiлi гэты самы Сокалаў дашчэнту, а людзей перабiлi да аднаго. Пётра Ларывонавiч, Войт нашы, у той час на Крыжакоў паходам пайшоўшы быў. У тым пажары Сокалаўскiм, згарэла й жонка Пётры Ларывонавiча з двума дзеткамi. Ад таго часу ён i не паказваўся болей у свой Сокалаў, хаця на вайне багатую здабычу здабыў. Па загаду Вялiкага Князя Вiтаўта, Сокалаў адбудавалi, новымi людзьмi засялiлi, але Пётра Ларывонавiч ня хоча туды ехаць, а ўсё з Дружынай Князевай заставаўся, аж пакуль дастаў пасаду Войта тутэйшага...

Выслухаўшы ўважна апавяданьне карчмара, Баярын гукнуў:

- Грыгорый! Нясi паперу й пёры!

Немалады ўжо дзяк, увесь у чорным, з рэдкай казьлiнай бародкай i васковым колерам твару, сухi як жордка, мiгам зьляцеў зь цёплай печы i, ўсеўшыся за стол, падрыхтаваўся пiсаць.

Баярын, трохi памаўчаўшы, паважна пачаў дыктаваць:

"У градзе Шумiлаве жывуць рускiя людзi й веру рускую спаведуюць. Войт мясцовы Пётр, сын Ларыонаў, iз Сокалава, бедствiя вялiкiя пацярпеў ад Караля Польскага i веры Рымскай, i ненавiсьць пiтае да iх прэвялiкую. Гасудару-ж Маскоўскаму жадае многiя лета здравiя i сiлы. Людзi тут у дастатку жывуць вялiкiм, на войны й разрухi ня гледзячы. З чужаземцамi ласкавыя, а да людзей Маскоўскiх брацкую прыязьнь адчуваюць i Гасудара Вялiкага Князя Русi Маскоўскай паўсякчас вялiчаюць ды Гасударом называюць, як i ў iншых гарадах i мястэчках Русi Лiтоўскай. Храмы Божыя веры рускай ва ўсiх гарадах i мястэчках пабудаваныя i вялiкай ласкай i пашанай люду паспалiтага карыстаюцца, вiдаць з таго, што Прэасьвяшчэньнейшы Ўладыка, Мiтрапалiт Маскоўскi i ўсяе Русi Фоцiй, працу i стараньне прэвялiкiя палажыўшы..."