66744.fb2
Я не толькi быў упэўнены, што гэты рыс i гэты ячмень пасланы мне самiм богам, якi клапоцiцца, каб я не памёр з голаду, але не сумняваўся ў тым, што на выспе мне прызапашана яшчэ нямала такiх каласоў. Я аблазiў усе куточкi сваёй выспы, агледзеў усе лагчынкi i пагорачкi, але нiдзе не знайшоў нi рысу, нi ячменю.
Толькi тады, нарэшце, я ўспомнiў пра мех з птушыным кормам, якi я высыпаў каля свае пячоры.
У тым мяшку былi зярняты, з якiх i выраслi гэтыя каласы. "Цуд" тлумачыўся вельмi проста!
Можаце ўявiць сабе, як старанна я сабраў каласы, калi яны паспелi (гэта здарылася ў канцы лiпеня). Я падабраў з зямлi ўсе да адзiнага зярняткi i схаваў iх у сухiм надзейным месцы. Увесь ураджай першага года я вырашыў пакiнуць на насенне: я спадзяваўся, што з цягам часу ў мяне збярэцца такi запас збожжа, што яго будзе хапаць мне i на насенне i на хлеб.
Аднак толькi на чацвёрты год я здолеў адсыпаць на ежу частку зярнят, ды i то вельмi нязначную. Справа ў тым, што ў мяне прапаў амаль увесь ураджай ад першага пасеву: я кепска разлiчыў час, пасеяў перад самай засухай, i многа насення ў мяне не ўзышло. Але пра гэта я раскажу ў свой час.
Апрача ячменю, у мяне вырасла, як я ўжо казаў, дваццаць цi трыццаць сцяблiн рысу. Рыс я сабраў гэтак жа руплiва, пакiнуўшы ўвесь першы ўраджай на насенне. Потым, калi рысу сабралася дастаткова, я спёк з яго не тое каб хлеб (мне не было ў чым яго пячы), а хутчэй праснакi, якiя замянялi хлеб. Праўда, праз нейкi час я ўсё ж прыдумаў спосаб, як пячы хлеб.
Але вяртаюся да свайго дзённiка.
14 красавiка. Агароджа была зусiм скончана i завалена знадворку зямлёй. Я глуха забiў уваход, таму што вырашыў дзеля бяспекi заходзiць i выходзiць па прыстаўных лесках, каб знадворку нельга было здагадацца, што за агароджай схавана чалавечае жытло.
16 красавiка. Скончыў лескi. Пералажу цераз сцяну i кожны раз падымаю лескi за сабою. Цяпер я агароджаны з усiх бакоў. У маёй крэпасцi дастаткова прасторна, i пранiкнуць сюды можна толькi цераз сцяну.
Аднак на другi дзень пасля таго, як я канчаткова замураваў сваю агароджу, здарылася адна падзея, якая страшэнна мяне напалохала; уся мая праца ледзь не прапала марна, ды i сам я ледзь застаўся жывы.
Вось як усё адбылося.
Я чымсьцi быў заняты на дварэ, за палаткай, ля самай пячоры, як раптам са столi пячоры, з краю, якраз над маёй галавой, пасыпалася зямля i пярэднiя палi, якiя я паставiў, каб змацаваць скляпенне, абвалiлiся са страшэнным трэскам. Я вельмi напалохаўся, але не зразумеў, што адбылося. Мне здалося, што скляпенне абвалiлася, як гэта здаралася i раней, таму што была рыхлая глеба.
"Калi я застануся тут, - падумаў я, - мяне засыпле новым абвалам. Трэба хутчэй уцякаць адсюль, каб на мяне не абвалiлася гара!"
Я схапiў лескi i пералез цераз сцяну.
Не паспеў я ступiць на зямлю, як зразумеў, што прычынай абвалу гэты раз быў землятрус. Зямля хадзiла ў мяне пад нагамi, i на працягу некалькiх хвiлiн здарылася тры такiх моцных штуршкi, што магло рассыпацца самае моцнае збудаванне. Я бачыў, як ад скалы, што высiлася над морам, раптам адкалолася вяршыня i абвалiлася з такiм грукатам, якога я не чуў нi разу за ўсё сваё жыццё.
Усё мора страшэнна бушавала i пенiлася, i мне здаецца, што на моры падземныя штуршкi былi куды мацнейшыя нават, чым на выспе.
Нiчога падобнага раней я не чуў i не бачыў i таму зараз быў страшэнна здзiўлены i ўзбуджаны. Ад ваганняў зямлi ў мяне пачалася марская хвароба, як ад карабельнай гайданкi. Мяне пачало ванiтаваць. Мне здавалася, што я памiраю.
У гэты час са страшэнным грукатам абвалiлася скала. Да мяне вярнулася свядомасць, i мне прыйшла ў галаву страшэнная думка: што здарыцца са мною, калi на маю палатку абвалiцца гара i назаўсёды пахавае ўсе мае рэчы, маю ежу усё, без чаго я не здолею пражыць? I сэрца зноў замерла.
Пасля трэцяга штуршка надышло зацiшша. Я адчуў сябе лепш, але ў мяне ўсё-такi не хапала адвагi адразу вярнуцца дадому. Доўга яшчэ, панылы, сядзеў я на зямлi, не ведаючы, што вырашыць, з чаго пачаць.
Мiж тым хмары засланiлi неба i як перад дажджом сцямнела. Падзьмуў ветрык, спачатку невялiкi, амаль непрыкметны, потым ён усё мацнеў i мацнеў, i праз паўгадзiны наляцела бура. Мора ўспенiлася, закiпела i з шалёным выццём пачало кiдацца на берагi. Дрэвы выварочвала з карэннем. Так працягвалася гадзiны тры. Нiколi не бачыў я такое раз'юшанай буры. Потым бура пачала патроху сцiхаць. Гадзiны праз дзве надышла цiшыня, i тады хлынуў лiвень.
Увесь наступны дзень 18 красавiка я праседзеў дома, таму што дождж iшоў не сцiхаючы. Патроху я супакоiўся i пачаў цвяроза ўзважваць сваё становiшча. Я так разважаў. Жыць у пячоры я больш не здолею, таму што гэта вельмi небяспечна: калi на выспе здараюцца землятрусы, цяпер цi пасля гара абавязкова абвалiцца i пахавае мяне жывога; трэба, значыць, перанесцi палатку куды-небудзь на голае месца. А каб пазбегнуць небяспекi ад нападу дзiкуноў цi звяроў, давядзецца зноў будаваць высокую сцяну.
Два наступныя днi 19-га i 20-га я з ранiцы да вечара падшукваў сабе новую мясцiну для жытла. Паступова я ўсвядомiў, што на перасяленне спатрэбiцца многа часу i што пакуль мне ўсё роўна давядзецца рызыкаваць i мiрыцца з небяспекай абвалу, бо на неабгароджаным месцы жыць яшчэ больш небяспечна. I ўсё-такi я меркаваў узяцца за пабудову агароджы на новым месцы, не трацячы часу, каб пазней, калi яна будзе скончана, перанесцi туды сваю палатку. 21 красавiка я канчаткова вырашыў узяцца за справу.
З 22 па 27 красавiка. Усю ранiцу 22-га я думаў пра тое, як ажыццявiць мой план. Галоўная цяжкасць была ў недахопе iнструмента. У мяне былi тры вялiкiя сякеры i мноства маленькiх сякерак (мы везлi iх, каб гандляваць iмi), але ўсе яны даўно ўжо былi зазубраныя i ступiлiся, бо мне заўсёды даводзiлася секчы вельмi цвёрдыя, сукаватыя дрэвы. Праўда, у мяне было тачыла, але аднаму чалавеку справiцца з iм было немагчыма, таму што некаму iншаму трэба было прыводзiць камень у рух.
Я думаю, што нi адзiн дзяржаўны дзеяч, ламаючы галаву над важнымi палiтычнымi пытаннямi, не трацiў столькi разумовай сiлы, колькi патрацiў я, развязваючы складаную задачу: як круцiць маё тачыла без удзелу рук.
Нарэшце я змайстраваў такое кола, якое з дапамогай паса нагою прыводзiлася ў рух i круцiла тачыльны камень, вызваляючы абедзве рукi. Над гэтым прыстасаваннем я змарнаваў цэлы тыдзень.
Заўвага. Да таго часу я нiколi не бычыў тачыла з нажным прыводам, а калi i бачыў, то не ўглядаўся, як яно зроблена; значна пазней я ўпэўнiўся, што ў Ангельшчыне такiя тачылы вельмi распаўсюджаныя, толькi там звычайна тачыльны камень меншы, чым той, што быў у мяне: мой быў вельмi вялiкi i цяжкi.
28 i 29 красавiка. I сёння i ўчора цэлы дзень я тачыў свой iнструмент; маё тачыла дзейнiчае выдатна.
30 красавiка. Сёння заўважыў, што ў мяне засталося вельмi мала сухароў. Трэба быць вельмi ашчадным. Пералiчыў усе мяхi i вырашыў з'ядаць не больш чым адзiн сухар у дзень. Гэта сумна, але нiчога не зробiш.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Рабiнзон забiрае рэчы з карабля. - Хвароба i туга.
1 траўня. Сёння ранiцой у час адлiву я заўважыў на беразе нейкую рэч, здалёку падобную на бочку. Пайшоў паглядзець, i выявiлася, што гэта сапраўды бочка.
Тут жа былi раскiданы абломкi карабля. Напэўна, усё гэта выкiнула на бераг бура. Я паглядзеў у той бок, дзе тырчаў каркас карабля, i мне здалося, што ён выступае над вадой больш, чым звычайна.
У бочцы быў порах, пашкоджаны вадой: ён увесь прамок i зацвярдзеў. Але я ўсё роўна выкацiў бочку вышэй, каб яе не знесла ў мора, а сам па аголеным дне накiраваўся да разбiтага карабля - паглядзець, цi не трапiцца там яшчэ чаго-небудзь вартага для мяне.
Падышоўшы блiжэй, я заўважыў, што карабель трымаецца неяк вельмi дзiўна. Ужо даўно яго карма зусiм ад яго адкалолася, але цяпер яна была адкiнута ўбок, i хвалi разбiлi яе на кавалкi. Насавая ж частка карабля, якая раней амаль утыкалася ў пясок, паднялася, напэўна, футаў на шэсць. Апрача таго, з боку палубы карма была занесена пяском, i з гэтага ж боку, да берага, утварылася пясчаная водмель, так што цяпер я мог упрытык падысцi да карабля. Раней яшчэ за чвэрць мiлi да яго пачыналася водмель, i, як памятае чытач, мне даводзiлася плаваць. Я доўга не мог зразумець, чаму так змянiлася становiшча карабля, а потым здагадаўся, што гэта адбылося ў вынiку землятруса.
Землятрус да такой ступенi разбiў i раскалоў карабель, што цяпер да берага штодня пачало прыбiваць ветрам i цячэннем розныя рэчы, якiя вада вымывала з адкрытага трума.
Здарэнне з караблём цяпер захапiла ўсе мае думкi. Цяпер я i думаць забыўся пра мой намер перасяляцца на новае месца. Увесь наступны дзень я думаў пра тое, як мне прабрацца ўнутр карабля. Задача была няпростая, таму што ўсё аказалася забiта пяском. Але гэта мяне не спынiла: я ўжо навучыўся нiколi не адступацца перад цяжкасцямi i не адчайвацца. Я пачаў разбiраць карабель па частках, таму што добра разумеў: у маiм становiшчы можа стаць прыдатны любы хлам.
3 траўня. Я прыхапiў з сабою пiлу i паспрабаваў распiлаваць ацалелыя часткi кармы, але давялося спынiць працу, бо пачаўся прылiў.
4 траўня. Лавiў рыбу, але няўдала: усё траплялася такая, якую нельга есцi. Гэта мне надакучыла, i я сабраўся ўжо iсцi, але яшчэ раз закiнуў вуду i выцягнуў невялiкага дэльфiна. Вуда ў мяне самаробная: лёску я змайстраваў з пянькi ад старой вяроўкi, а кручкi зрабiў з дроту, таму што сапраўдных рыбалоўных кручкоў у мяне няма. I ўсё роўна я часам лавiў сваёй вудай столькi рыбы, што з мяне было дастаткова. Еў я рыбу сушаную, добра правэндзiўшы яе на сонцы.
5 траўня. Працаваў на караблi. Падпiлаваў бiмс*, ададраў ад палубы тры вялiкiя сасновыя дошкi, звязаў iх разам i, дачакаўшыся прылiву, паплыў на плыце да берага.
* Бiмс - папярэчная бэлька, якая падтрымлiвае палубу.
24 траўня. Усё яшчэ працую на караблi. Многа рэчаў у труме было састаўлена вельмi цесна, цяпер я рассунуў iх ломам, i з першым жа прылiвам яны ўсплылi наверх: некалькi бочачак i два матроскiя куфэркi. На жаль, iх знесла ў мора вецер дзьмуў з берага. Але сёння вецер змянiўся i хвалi выкiнулi на бераг бочку з рэшткай бразiльскай свiнiны, якая, дарэчы, была не прыгодная для ежы, таму што ў бочку трапiла многа салёнай вады i пяску.
16 чэрвеня. Знайшоў на беразе вялiзную чарапаху. Раней я нiколi не бачыў тут чарапах.
17 чэрвеня. Спёк чарапаху на вуголлi. Знайшоў у ёй каля шасцiдзесяцi яек. Нiколi ў жыццi я, здаецца, не еў такога смачнага мяса! Не дзiва: да гэтага дня мая мясная ежа на выспе складалася толькi з казлiнага i птушынага мяса.
18 чэрвеня. З ранiцы да вечара лье дождж, я не выходжу з дому. Увесь дзень мяне б'е лiхаманка, хоць, наколькi мне вядома, у гэтых мясцiнах не бывае халоднага дажджу.
19 чэрвеня. Мне ўсё яшчэ нядужыцца: дрыжу ад холаду, нiбыта зiмой.
20 чэрвеня. Усю ноч не заплюшчыў вачэй: балiць галава i трасе лiхаманка.
21 чэрвеня. Мне вельмi кепска! Баюся расхварэцца i страцiць сiлу. Што тады са мною будзе?
22 чэрвеня. Сёння мне як быццам лепш, але не ведаю, цi надоўга.
24 чэрвеня. Куды лепш.