66744.fb2
26 чэрвеня. Мне лягчэй. У мяне скончыўся ўвесь запас мяса, i я павiнен быў пайсцi на паляванне, хоць i адчуваў страшэнную слабасць. Забiў казу, ледзь прыцягнуў яе дадому, спёк кавалачак мяса на вуголлi i з'еў. Вельмi хацелася зварыць супу, але ў мяне няма нi каструлi, нi гаршка.
27 чэрвеня. Зноў лiхаманка, такая моцная, што я ўвесь дзень праляжаў без яды i вады. Я памiраў ад смагi, але не меў сiлы ўстаць i пайсцi па ваду.
28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагi, але нi ў палатцы, нi ў пячоры не было нi кроплi вады, i мне давялося пакутаваць да ранiцы. Толькi пад ранiцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекi: тытунёвую настойку i ром. Выпiў яго, i мяне пачало ванiтаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.
30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Лiхаманкi не было. Пахадзiў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзiць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкi. Вечарам паўтарыў тыя ж лекi, якiя памаглi мне ўчора.
I ўсё роўна на другi дзень, 1 лiпеня, мне зноў зрабiлася кепска: мяне зноў калацiла лiхаманка, хоць гэты раз i менш, чым раней.
З 3 лiпеня мая лiхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькi тыднi праз два-тры...
Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма нiякай магчымасцi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут нiколi не ступала нага чалавека.
Цяпер, калi маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, цi няма на ёй якiх-небудзь iншых жывёл i раслiн, якiя здолелi б прынесцi мне карысць.
З 15 лiпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накiраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мiлi дзве ўверх па цячэннi, я ўпэўнiўся, што прылiў туды не даходзiць, таму што на гэтым месцы i вышэй вада ў ручаi аказалася прэснай, празрыстай i чыстай. Мясцiнамi ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не iдуць дажджы.
Берагi ручая былi нiзкiя; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелi густыя, высокiя травы, а далей, на схiле пагорка, у вялiкай колькасцi рос тытунь. Разлiў не даходзiў да гэтых мясцiн, i таму тытунь тут аж буяў. Там былi i iншыя раслiны, якiх раней я нiколi не бачыў; магчыма, калi б я ведаў iх асаблiвасцi, я мог бы выкарыстаць iх з вялiкай карысцю для сябе.
Я шукаў касаву*.
* Касава - дрэўца, якое разводзiцца ў Амерыцы; у карэннi касавы многа спажыўнага крухмалу.
З кораня яе iндзейцы, якiя жывуць у гарачым клiмаце, робяць хлеб. Але я не знайшоў яе. Затое бачыў цудоўныя экземпляры альясу* i цукровага трыснягу.
* Альяс - трапiчная раслiна з сямейства лiлейных.
Але я не ведаў, цi можна прыгатаваць якую-небудзь ежу з альясу, а цукровы трыснёг быў дзiкi i таму не прыгодны для вырабу цукру.
На другi дзень, 16-га, я зноў пабыў у тых мясцiнах i прайшоў крыху далей туды, дзе канчалiся лугi. Там я знайшоў многа розных пладоў. Больш за ўсё было дыняў. А па ствалах дрэў вiлася вiнаградная лаза. А над галавой вiселi цяжкiя спелыя гронкi. Гэта адкрыццё i здзiвiла i ўзрадавала мяне. Вiнаград аказаўся вельмi салодкi. Я вырашыў нарыхтаваць яго ў запас - высушыць на сонцы i, калi з яго атрымаюцца разынкi, хаваць яго ў кладоўцы: разынкi такiя прыемныя на смак i карысныя здароўю. Для гэтага я сабраў, колькi здолеў, вiнаградных гронак i развесiў iх на дрэвах.
У гэты дзень я не вярнуўся начаваць, мне захацелася застацца ў лесе. Непакоячыся, што ўначы на мяне можа напасцi якi-небудзь драпежнiк, я, як i ў першы дзень, калi трапiў на выспу, ускараскаўся на дрэва i так прабыў усю ноч.
Спаў я добра, а ранiцой накiраваўся далей. Я прайшоў яшчэ мiлi чатыры ў ранейшым кiрунку на поўнач. У канцы дарогi я адкрыў новую цудоўную далiну. З вяршынi аднаго з пагоркаў браў свой пачатак сцюдзёны i быстрацечны ручай. Ён прабiваўся на ўсход.
Я пайшоў далiнаю. Справа i злева ўзвышалiся пагоркi. Усё вакол зелянела, квiтнела. Мне здавалася, што я ў духмяным садзе, дагледжаным стараннем чалавека. Кожны куст, кожнае дрэўца i кожная кветка стаялi ў пышным уборы. Какосавыя пальмы, апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы раслi тут скрозь, але яны былi дзiкiя, i толькi некаторыя з iх мелi плады. Я нарваў зялёных лiмонаў i потым пiў ваду з лiмонным сокам. Гэты напiтак мяне вельмi асвяжаў i быў карысны для майго здароўя.
Толькi праз тры днi я вярнуўся дадому (так буду цяпер называць сваю палатку i пячору). Я з захапленнем успамiнаў цудоўную маляўнiчую далiну, якую я знайшоў, уяўляў яе гаi, з багаццем пладовых дрэў, думаў пра тое, як яна добра затулена ад вятроў, колькi там крынiчнай вады, i я прыйшоў да заключэння, што месца, дзе я збудаваў сабе дом, я выбраў няўдала: гэта найгоршая мясцiна на ўсёй выспе. А зрабiўшы такое заключэнне, я, натуральна, пачаў марыць пра тое, як бы мне перасялiцца ў тую квiтнеючую зялёную далiну, дзе такое багацце розных пладоў. Трэба было толькi адшукаць у той далiне адпаведнае месца i абгарадзiць яго ад нападу драпежнiкаў.
Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зелянiна цудоўнай далiны так i клiкала мяне да сябе. Мара аб перасяленнi захапляла мяне i радавала. Але калi я дакладна абдумаў гэты план, калi разважыў, што зараз з мае палаткi я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслiвую змену ў маiм лёсе, я сказаў сабе, што мне нi ў якiм разе не варта перабiрацца ў далiну, з усiх бакоў закрытую пагоркамi. Можа ж так здарыцца, што хвалi занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, i хто б ён нi быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеi было мала, але схавацца сярод гор i лясоў, у глыбiнi выспы, удалечынi ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме i да самае смерцi забыць усякiя мары пра волю.
I ўсё роўна я так палюбiў тую далiну, што прабыў там амаль увесь канец лiпеня i зладзiў сабе там другое жытло. Я паставiў у далiне будан, абгарадзiў яго наглуха моцным двайным частаколам вышэй чалавечага росту, а прамежкi памiж частаколiнамi залажыў ламаччам; выходзiў жа з двара i заходзiў у двор, як i ў маiм старым жытле, па прыстаўных лесках.
Такiм чынам, мне i тут не было чаго баяцца нападу дзiкiх звяроў. Мне так падабалася быць у гэтых новых мясцiнах, што я часам затрымлiваўся там па некалькi сутак, i дзве-тры ночы запар я спаў у будане, i мне вельмi лёгка дыхалася.
"Цяпер у мяне на беразе мора ёсць дом, а ў лесе лецiшча", - казаў я сам сабе. Работы па збудаванню гэтага "лецiшча" забралi ў мяне ўвесь час да пачатку жнiўня.
3 жнiўня я ўбачыў, што мае развешаныя гронкi вiнаграду ўжо высахлi i з iх атрымалiся выдатныя разынкi. Я адразу ж пачаў iх збiраць. Трэба было спяшацца, iнакш iх сапсаваў бы дождж, i я пазбавiўся б амаль усiх сваiх зiмовых прыпасаў, а прыпасы ў мяне былi багатыя: напэўна, каля двухсот вельмi буйных гронак. I ледзь толькi паспеў я зняць з дрэва i занесцi ў пячору апошнюю гронку, як насунулiся чорныя хмары i хлынуў лiвень. Ён iшоў без супынку два месяцы: з 14 жнiўня да паловы кастрычнiка. Часам гэта быў сапраўдны патоп, i тады я не меў магчымасцi выйсцi з пячоры па некалькi дзён.
За гэты час, на маё вялiкае задавальненне, у мяне павялiчылася сям'я. Адна мая кошка даўно ўжо сышла з дому i дзесьцi прападала, я думаў, што яна загiнула, i мне было шкада яе, як раптам у канцы жнiўня яна вярнулася i прывяла траiх кацянят.
З 14 па 26 жнiўня дажджы не спынялiся, i я амаль не выходзiў з дому, таму што пасля хваробы асцерагаўся трапляць пад дождж, баючыся прастуды. Але пакуль я сядзеў у пячоры i чакаў добрага надвор'я, мае харчовыя прыпасы пачалi падыходзiць к канцу, i таму я разы два нават рызыкнуў схадзiць на паляванне. Першы раз я падстрэлiў казу, а другi, 26-га, злавiў вялiзную чарапаху, з якой згатаваў сабе цэлы абед. Наогул у той час маё харчаванне размяркоўвалася так: на снеданне гронка разынак, на абед кавалак казляцiны або чарапашынага мяса (спечанага на вуголлi, таму што, на жаль, у мяне не было ў чым варыць цi смажыць), на вячэру два цi тры чарапашыныя яйкi.
Усе гэтыя дванаццаць дзён, пакуль я хаваўся ў пячоры ад дажджу, я штодня па дзве цi па тры гадзiны займаўся землянымi работамi, бо даўно ўжо надумаўся павялiчыць свой склеп. Я капаў i капаў яго ўсё ў адзiн бок i, нарэшце, вывеў за агароджу.
Цяпер у мяне быў скразны ход, i я зрабiў тут патайныя дзверы, праз якiя мог заходзiць i выходзiць, не карыстаючыся прыстаўнымi лескамi. Гэта, вядома, было зручна, але затое не так спакойна, як раней: раней маё жытло было агароджана з усiх бакоў, i я мог спаць, не баючыся ворагаў; цяпер жа прабрацца ў пячору было проста: доступ да мяне быў адкрыты! Не разумею толькi, як я тады не даўмеўся, што баяцца мне няма каго, таму што за ўвесь час я не сустрэў на выспе нiводнае жывёлiны, большай за казу.
30 верасня. Сёння сумная гадавiна майго жыцця на выспе. Я падлiчыў зарубкi на слупе, i выявiлася, што жыву я тут роўна трыста шэсцьдзесят пяць дзён!
Пашанцуе мне цi не калi-небудзь вырвацца з гэтай турмы на волю?
Нядаўна я выявiў, што ў мяне засталося вельмi мала чарнiла. Трэба будзе абыходзiцца з iм больш ашчадна. Да гэтага часу я вёў свае запiсы штодня i запiсваў розныя дробязi, цяпер буду запiсваць толькi выдатныя падзеi майго жыцця.
Да гэтага часу я паспеў заўважыць, што перыяды дажджоў чаргуюцца тут вельмi дакладна з сухiм сезонам, i, такiм чынам, я меў магчымасць загадзя падрыхтавацца i да засухi i да дажджоў.
Аднак вопыт гэты каштаваў мне вельмi дорага. Пра гэта сведчыць хоць бы такая падзея, якая здарылася са мною ў той час. Адразу ж пасля дажджоў, калi сонца прайшло ў Паўднёвае паўшар'е, я вырашыў, што настаў зручны час, каб пасеяць тыя мiзэрныя запасы рысу i ячменю, пра якiя гаварылася вышэй. Я пасеяў iх i з нецярпеннем пачаў чакаць ураджаю. Але надышлi сухiя месяцы, у зямлi не засталося нi кроплi вiльгацi, i нi адно зерне не ўзышло. Добра, што я адклаў у запас па жменьцы рысу i ячменю. Я так i сказаў сабе: "Лепш не высяваць усяго насення; я ж не ведаю добра яшчэ тутэйшы клiмат, i я не ведаю напэўна, калi сеяць i калi збiраць ураджай". Я вельмi хвалiў сябе за гэту перасцярогу, бо быў упэўнены, што ўвесь той пасеў загiнуў ад засухi. Але ж як я быў здзiўлены, калi праз некалькi месяцаў, як толькi пачалiся дажджы, амаль усё маё зерне ўзышло, як быццам я толькi што яго пасеяў!
Пакуль рос i паспяваў мой хлеб, я зрабiў адно адкрыцце, якое потым прынесла мне немалую карысць.
Як толькi спынiлiся дажджы i надвор'е ўсталявалася, недзе прыблiзна ў лiстападзе, я сабраўся на сваё лясное лецiшча. Я не быў там некалькi месяцаў i з радасцю ўпэўнiўся, што ўсё там засталося без змены, у тым самым выглядзе, як было i пры мне. Змянiлася толькi агароджа вакол майго будана. Яна была, як вядома, з двайнога частаколу. Агароджа была цэлая, толькi частаколiны, на якiя я высек маладыя дрэўцы не вядомай мне пароды, што раслi паблiзу, частаколiны мае пайшлi ў рост, гэтак як расце ў нас лаза, калi зрэзаць верхавiнку. Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы гэтыя свежыя галiны, i мне было вельмi прыемна, што агароджа мая ўся ў зелянiне. Я падстрыг кожнае дрэўца, каб па магчымасцi надаць iм усiм аднолькавы выгляд, i яны дзiвосна разраслiся.
Хоць круглая плошча майго лецiшча мела каля дваццацi пяцi ярдаў у дыяметры, дрэвы (так я мог цяпер называць свае частаколiны) хутка засланiлi яе сваiмi галiнамi i давалi такi густы цень, што ў iм можна было хавацца ад сонца ў любую пару дня. Таму я вырашыў ссекчы яшчэ некалькi дзесяткаў гэтакiх жа калоў i ўбiць iх паўкругам вакол агароджы майго старога дома. Так я i зрабiў. Я ўбiў iх у зямлю ў два рады, адступiўшы ад сцяны ярдаў на восем. Яны прынялiся, i неўзабаве ў мяне вырасла жывая агароджа, якая спачатку баранiла мяне ад спякоты, а пазней саслужыла мне i зусiм iншую, больш важную службу.
Да гэтага часу я канчаткова ўпэўнiўся ў тым, што на маёй выспе поры года трэба падзяляць не на летнi i зiмовы перыяды, а на сухi i дажджлiвы, прычым гэтыя перыяды размяркоўваюцца прыблiзна так:
-----
Палова лютага.
Сакавiк.
Палова красавiка.
Дажджы.
Сонца стаiць у зенiце.
-----
Палова красавiка.
Май.
Чэрвень.
Лiпень.