66744.fb2
Калi на палубе i на шканцах* не засталося ўжо нiводнага ворага, капiтан загадаў свайму памочнiку ўзяць трох чалавек з каманды i пайсцi ўзламаць дзверы галоўнай каюты, дзе, пачуўшы першыя гукi трывогi, замкнуўся новы капiтан, абраны пiратамi, i з iм два матросы i юнга.
* Шканцы - пляцоўка на верхняй палубе судна.
Яны паспелi захапiць з сабой зброю, так што, калi памочнiк капiтана са сваiмi людзьмi высадзiлi дзверы каюты, iх сустрэлi стралянiнай. Памочнiку раздрабiла руку мушкетнай куляй, двух матросаў таксама паранiла, але нiхто не быў забiты.
Памочнiк капiтана крыкнуў: "На дапамогу!" Не звяртаючы ўвагi на сваю цяжкую рану, ён уварваўся ў каюту з пiсталетам у руцэ i прастрэлiў новаму капiтану галаву. Той звалiўся, не паспеўшы прамовiць i слова: куля трапiла яму ў рот. Пасля гэтага астатнiя здалiся без бою, так што больш не пралiлося нi кроплi крывi.
Як толькi капiтан стаў гаспадаром свайго карабля, ён загадаў даць сем гарматных стрэлаў. Гэта быў умоўны сiгнал, якiм ён паведамiў мне пра паспяховае заканчэнне справы. Чакаючы гэтага сiгналу, я праседзеў на беразе дзве гадзiны i быў невыказна рады, калi пачуў яго.
З супакоеным сэрцам я адразу ж вярнуўся дадому, лёг i iмгненна заснуў, таму што быў вельмi стомлены трывогамi гэтага дня.
Мяне абудзiў новы стрэл. Я ўскочыў i пачуў, што нехта клiча мяне:
- Начальнiк! Начальнiк!
Я адразу ж пазнаў голас капiтана. Ён стаяў над маёй крэпасцю, на гары. Я схапiў лескi i ўзлез да яго. Ён абняў мяне i сказаў, паказваючы на мора:
- Мой дарагi друг! Мой выратавальнiк! Вось ваш карабель. Ён ваш, i ўсё, што на iм, ваша таксама! I ўсе мы таксама вашы!
Я глянуў у той бок, куды ён паказваў: карабель стаяў ужо на другiм месцы, менш чым за паўмiлi ад берага.
Выявiлася, што, расправiўшыся з пiратамi, мой сябар капiтан зараз жа загадаў зняцца з якара i, карыстаючыся спадарожным ветрыкам, падышоў да тае бухты, дзе я некалi прычальваў са сваiмi плытамi, затым, дачакаўшыся прылiву, ён на ялiку зайшоў у бухту i заспяшаўся да мяне, каб паведамiць, што яго карабель знаходзiцца, можна сказаць, ля маiх дзвярэй.
Ад гэтай нечаканай радасцi я ледзь не страцiў прытомнасць: я ж на ўласныя вочы бачыў цяпер сваю доўгачаканую волю! Яна была тут, у мяне ў руках! Да маiх паслуг быў вялiкi карабель, якi гатовы быў везцi мяне, куды я захачу.
Я да таго ўзрадаваўся, што ў першы момант не здолеў адказаць капiтану нi слова, i пэўна павалiўся б на зямлю, калi б ён не падтрымаў мяне.
Убачыўшы, што я канчаткова знясiлеў ад раптоўнага шчасця, ён выцягнуў з кiшэнi шклянку з нейкiмi лекамi, якiя ён прыхапiў для мяне. Сербануўшы глыток, я цiха апусцiўся на зямлю. I хоць свядомасць вярнулася да мяне, усё ж я доўга не мог загаварыць.
Бедны капiтан быў усхваляваны не менш, чым я. Каб вярнуць мне мае душэўныя сiлы, ён шаптаў мне тысячы ласкавых шчырых слоў. Але грудзi мае былi перапоўнены нахлынуўшым шчасцем, i я кепска разумеў, што ён гаворыць. Нарэшце я заплакаў ад радасцi, i толькi пасля гэтага да мяне вярнулася здольнасць гаварыць. Тут я, у сваю чаргу, абняў свайго новага сябра i ад усяго сэрца павiншаваў яго. Мы абодва былi радасныя i ўсцешаныя.
Калi ж мы крыху апамяталiся, капiтан сказаў мне, што прывёз мне сякiя-такiя рэчы, якiя, на шчасце, не паспелi раскрасцi бандыты, якiя столькi часу гаспадарылi на яго караблi.
- Мне здаецца, што гэтыя рэчы будуць не зусiм бескарысныя для вас, сказаў капiтан.
Ён крыкнуў сваiм матросам, якiя заставалiся ў лодцы:
- Гэй, цягнiце сюды пакункi, якiя мы прывезлi начальнiку выспы.
Гэта быў сапраўды багаты падарунак: капiтан прывёз так многа самых разнастайных рэчаў, як быццам я збiраўся заставацца на выспе да канца свайго жыцця.
У пакунках былi: дванаццаць велiзарных кавалкаў саланiны, шэсць кумпякоў вяндлiны, мех гароху, каля ста фунтаў сухароў. Ён прывёз мне таксама скрынку цукру, скрынку мукi, мех лiмонаў i дзве бутэлькi лiмоннага соку.
Але, вядома, у тысячу разоў больш патрэбна была мне адзежа. I таму я бясконца ўзрадаваўся, калi выявiлася, што мой сябар капiтан прывёз мне паўтузiна новых, зусiм чыстых сарочак, шэсць цудоўных хусцiнак на шыю, дзве пары пальчатак, капялюш, чаравiкi, панчохi i свой выдатны, зусiм новы яшчэ гарнiтур - словам, ён апрануў мяне з галавы да ног.
Падарунак быў прыемны i вельмi карысны, але вы не можаце сабе ўявiць, якi быў у мяне няўклюдны выгляд, калi я апрануўся ў новы гарнiтур, як мне на першым часе было ў iм нязручна!
Закончыўшы агляд падарункаў, я загадаў занесцi iх у маю крэпасць i пачаў раiцца з капiтанам, як нам абысцiся з нашымi палоннымi: забраць iх з сабою цi пакiнуць тут.
- Браць iх з сабою вельмi небяспечна, - казаў капiтан. - Гэта сапраўдныя галаварэзы. Асаблiва ненадзейныя двое з iх, непапраўныя зладзеi i разбойнiкi. Калi б я нават i рызыкнуў везцi iх на сваiм караблi, то не iнакш як арыштантаў. Я закаваў бы iх у кайданы i аддаў бы ў рукi судовых улад у першай жа ангельскай калонii, у якую давядзецца нам зайсцi.
- У такiм выпадку, - сказаў я капiтану, - лепей будзе пакiнуць iх тут. I я бяруся зрабiць так, што гэтыя два разбойнiкi самi пачнуць нас упрошваць, каб мы пакiнулi iх на выспе.
- Калi вам гэта ўдасца, буду вельмi задаволены, - адказаў капiтан.
- Добра, - сказаў я, - я зараз пагавару з iмi ад вашага iмя.
Затым я паклiкаў да сябе Пятнiцу i двух матросаў-закладнiкаў (якiх мы цяпер вызвалiлi, бо таварышы iх стрымалi слова, якое давалi) i загадаў iм перавесцi пяцярых нашых палонных з пячоры ў будан.
Праз некаторы час мы з капiтанам накiравалiся туды (я ў сваiм новым гарнiтуры i на гэты раз ужо ў якасцi начальнiка выспы). Падышоўшы да агароджы майго лецiшча, я загадаў вывесцi да сябе арыштаваных i сказаў iм наступнае:
- Мне вядомы ўсе вашы злачынствы. Я ведаю, што вы напалi на безабаронных пасажыраў i забiлi iх. Ведаю i тое, што вы хацелi зрабiцца пiратамi, каб рабаваць мiрныя караблi... Цяпер ведайце, што па майму загаду карабель вернуты капiтану. Варта мне загадаць - i вас павесяць як разбойнiкаў, злоўленых на месцы злачынства. Таму, калi ў вас ёсць што сказаць у сваё апраўданне, кажыце, бо я маю намер пакараць вас як забойцаў i здраднiкаў.
Адзiн з iх адказаў за ўсiх, што iм няма чаго сказаць у сваё апраўданне.
- Але, калi нас арыштавалi, капiтан абяцаў нам лiтасць, i мы пакорна молiм вас змiласцiвiцца над намi i дараваць нам жыццё.
- Я не ведаю, якую лiтасць я здолею зрабiць для вас, - адказаў я. - Я маю намер пакiнуць выспу з усiмi маiмi людзьмi: мы ад'язджаем на радзiму. Што ж датычыць вас, то паводле слоў капiтана ён павiнен закаваць вас у кайданы i, прыехаўшы ў Ангельшчыну, аддаць вас пад суд за здраду. А суд адразу ж вынесе вам смяротны прысуд. Iншага прысуду i быць не можа. Смерць на шыбенiцы - вось што чакае вас у Ангельшчыне. I таму наўрад цi будзеце вы задаволены, калi мы возьмем вас з сабою. У вас ёсць адно выратаванне - вы павiнны застацца на выспе. Толькi пры гэтай умове я здолею вас памiлаваць.
Яны з радасцю згадзiлiся на маю прапанову i доўга дзякавалi мне.
- Лепей жыць у пустынi, - казалi яны, - чым вярнуцца на радзiму, дзе нас чакае шыбенiца.
Я загадаў развязаць iх i сказаў:
- Iдзiце ў лес на тое месца, дзе вас схапiлi, i заставайцеся там, пакуль па вас не прышлюць. Я загадаю пакiнуць вам сякую-такую зброю, харчовыя запасы i дам неабходныя ўказаннi на першы час. Вы здолееце цудоўна тут жыць, калi будзеце настойлiва працаваць.
Пасля гэтых перагавораў я вярнуўся дадому i пачаў рыхтавацца ў далёкае плаванне. Я, аднак, папярэдзiў капiтана, што мне спатрэбiцца некаторы час, каб сабрацца ў дарогу, i папрасiў яго адпраўляцца на карабель аднаго, без мяне, а ранiцой прыслаць па мяне шлюпку.
Калi капiтан адчалiў, я загадаў паклiкаць да сябе палонных i завёў з iмi сур'ёзную гутарку.
Я зноў сказаў iм, што, па-мойму, яны робяць разумна, застаючыся на выспе, таму што калi б капiтан узяў iх з сабою, iх абавязкова павесiлi б.
Я падрабязна расказаў iм, як я сам трапiў на гэтую выспу, як патроху паляпшаў сваю гаспадарку, як збiраў вiнаград, як сеяў рыс i ячмень, як навучыўся пячы хлеб.
Я паказаў iм сваё ўмацаванне, свае каморы, свае палi i загоны - словам, зрабiў для iх усё, каб жыццё iх на выспе не здавалася такiм цяжкiм.
Я пакiнуў iм сваю зброю (гэта значыць пяць мушкетаў, тры паляўнiчыя стрэльбы i тры шаблi), паўтары бочачкi пораху i даў падрабязныя парады, як даглядаць коз, як даiць i адкормлiваць iх, каб яны былi тлусцейшыя, як рабiць масла i сыр.
Такiм чынам, мне давялося расказаць гэтым людзям усю доўгую гiсторыю майго цяжкага, працавiтага i адзiнокага жыцця на выспе на працягу дваццацi васьмi год.
Развiтваючыся з iмi, я абяцаў, што папрашу капiтана пакiнуць iм яшчэ дзве бочачкi пораху, а таксама насенне гароднiны, i расказаў iм, як цяжка было без гэтага насення.
Мех гароху, якi капiтан прывёз мне, каб я ўжываў яго ў ежу, я таксама аддаў iм i пры гэтым параiў выкарыстаць для пасеву ўвесь гарох, каб яго потым было больш.
Пасля гэтай гутаркi я на другi ж дзень, ранiцой, перабраўся на карабель.