6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Але ж Лютэр - вялiкi чалавек, - кажа Айцэн, якому аж у лытках пахаладзела ад такой крамолы.

- Звычайна, твая рацыя, - кажа Лёйхтэнтрагер. - Спачатку ён даў падсрачнiка папу, а пасьля расшалопаў, што божы парадак, якi высока ўвысi й нiзка ўнiзе, павiнен заставацца. Так была збудавана моцная фартэцыя на кучы гною. Пра што твая казань сёньня ранiцай?

- Думаю, пра жыдоў.

Лёйхтэнтрагер прыўстае, пачухвае бародку й выскаляецца.

- Гэта пра таго, хто ў цябе адшпiлiў Маргрыт?

- Iнстытут прапаведнiцтва, - раздражнёна кажа Айцэн, - ад Бога, а гэты твой ад сатаны.

- Ай, звычайна, - кажа Лёйхтэнтрагер, - гэта ты робiш дзеля доктара Лютэра. Наслухаўся, як ён расьпiнаўся супроць жыдоў, як бушаваў нядаўна ў доме ў магiстра Мэланхтона; рыхтык, як кажа прарок: хто маўляе з вуснаў Госпада, смачна есьць i гладка едзе.

Айцэн злуецца.

- У мяне свае словы ёсьць. - Ён хоча сказаць яшчэ больш; як гэта сябру заскочыла ў галаву высьмейваць яго, але цугляе сваю хэнць, бо думае, што яму яшчэ той спатрэбiцца на казанi, як тады перад герствам экзаменатарамi. - Ты ж будзеш каля мяне ў замкавай кiрсе? - нерашуча пытаецца.

- Паўль, - кажа Лёйхтэнтрагер, - укiнься ў нагавачкi; у цябе лыткi трымцяць, каленi пакалоцiш.

- Ты ж будзеш? - кажа Айцэн.

- Я нiчога не забыўся ў тваёй кiрсе, - кажа Лёйхтэнтрагер. - А тое, што будзеш прапаведаваць у сваёй казанi, ты й безь мяне скажаш, я ўпэўнены.

- Дык ты што, за жыдоў? - пытаецца Айцэн, успамiнаючы й ншага, з кiм яго сябар Ганс меў дужа даверлiвы абыход тае памятнае ночы.

- Жыды, - кажа Лёйхтэнтрагер, - выклятыя богам. Гэта, прынамсi, нешта, што iх вылучае. А што маюць астатнiя народы?

Юны Айцэн, якi ахвотна паверыў бы, што Бог клапатлiва дбае пра яго й нават паслаў у гэтую юдоль смутку свайго роджанага сына, каб адмыць ад грахоў персанальна яго, палохаецца ад думкi, што таму, угары, можа, i праўда на ўсё напляваць, як намякае Лёйхтэнтрагер. Але не, калi ўжо не яго сябар Лёйхтэнтрагер, дык сам Бог будзе на ягоным баку, калi ён цяпер пойдзе, апранецца, пасёрбае мучное затаўкi, а пасьля з годнасьцю, якую з гэтага часу павiнен будзе паказваць усюды, пройдзе ў замкавую кiрху, каб там трымаць ранiшнюю казань перад багавейнымi й крытычнымi вушамi доктара Марцiнуса й настаўнiка Мэланхтона. Не яго ж галава была, калi некалькi дзён таму назад была пустэльняй з напханымi ў яе навукамi, а ягоная галава была галавою ў поўным парадаку, калi апошняе ночы ён ператрос усе кнiгi Майсея, шукаючы патрэбных выслоўяў, i знайшоў шмат чаго трапнага, а на патрэбу меў яшчэ й шпаргалiк у кiшэнi, якi павiнен быў даць яму палёгку на тую крайнасьць, калi палёгкi ня будзе.

Дый ранiца такая ясная, калi ён выходзiць у дзьверы, кропелькi расы блiшчаць, як дыяманты й каштоўныя камянi, нават вада ў сьцёкавай рыне пасярэдзiне вулiцы люструе ясны божы дзень, i людзi, як i ён, пасьпяшаючы ў дом божы, вiтаюць яго так сардэчна, аж ён спадцiха нават думае, што якраз сёньня ня можа быць нiякай плягi, i адразу пасьля гэтага сам залiкае да парадку, бо чорт спакон веку з тымi, каго апантала гардыня.

Ён добра ведае кiрху зь яе высокiм сьпiчастым дахам, яе брамай, да якое колiсь доктар Марцiнус прыбiў свае тэзiсы; так, думае юны Айцэн, з малога паўстае вялiкае; крыху менш за сто фраз, а ўжо Рым скалануты, цьвярдыня антыхрыста. I думае далей, што, калi толькi будзе гаварыць з адвагай, дык i ягонае слова можа магутна паспрыяць на дабро хрысьцiянству.

Падымаючыся на катэдру пасьля некалькiх пабожных сьпеваў, калi ўсё ўнiзе ацiхае й да яго паварочваюцца твары справа й зьлева йi ён апускае галаву ў цiхiм благаньнi, каб вымалiць дабраславеньне Госпада на ўдачу ягонай казанi, каб не стаяў ён тут, як таўкач i заiка, ён успамiнае пра многiя выпадкi, калi сам сядзеў там унiзе ў богабаязнай замiлаванасьцi, тым часам як тут угары на гэтай катэдры ўзвышаў голас ягоны настаўнiк Мэланхтон, а тое часам i сам Лютэр. I ён пачынае:

- Любасныя! Мiлата вам i мiр у Хрысьце! - I зачытвае тэкст зь эвангэльля: - "А Пiлат, бачачы, што нiчога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады i ўмыў рукi перад людзьмi, кажучы: невiнаваты я ў крывi Праведнiка Гэтага; глядзеце самi. I, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас i на дзецях нашых!" - I пачынае далей зноў ад сябе: - Любасныя! Глядзiце, такое адбывалася больш чым тысяча пяцьсот гадоў таму назад каля дома намесьнiка Пiлата ў Ерусалiме, i гэта быў адназначна габрэйскi народ, якi патрабаваў крывi нашага Госпада й Збаўцы, патрабаваў укрыжаваньня. I гэты народ з такою вiною сёньня жыве сярод нас i мае нахабнасьць верыць, што зямлю Ханаан, горад Ерусалiм i Божы храм яны атрымалi ад Бога, ды яшчэ й сёньня ня могуць адмовiцца ад сваёй вар'яцкай пыхi ва ўпэўненасьцi, што менавiта яны - Божы народ, хоць яны разьбiтыя з рымскiх часоў, расьцярушаныя па сьвеце й да асноў сваiх асуджаныя i адкiнутыя.

Айцэн падымае вочы й шукае доктара Марцiнуса, i бачыць, як той лагодна кiвае, бо такiя думкi пра жыдоўскi народ якраз патрапляюць яго ўласным. I юны прапаведнiк бачыць, што ён пацэлiў у самы акурат, i, падмацаваны й падбадзёраны, прамаўляе далей. Як што яны, жыды, кажа ён, гналi нашага Госпада Iсуса з такой вялiкай нянавiсьцю й не хацелi паверыць, што ў ягонай асобе да iх прыйшоў мэсiя, дык з такой самай нянавiсьцю яны гналi i ўсiх хрысьцiян. Iх яны называлi гоямi i, паколькi ў iхнiх вачах мы былi гоямi, а не паўнавартаснымi людзьмi, дык мы ня былi людзьмi высокай, шляхетнай крывi, роду й паходжаньня, як яны, якiя вялi свой род ад Абрагама, Сарры, Iсаака й якава, хоць, i гэта асаблiва падкрэсьлiм, Бог праз сваiх прарокаў закляймiў дзяцей Iзраiля як лiхiх шлюх, бо, як асаблiва скардзiўся прарок Iсая, яны, наўзрок выконваючы Божыя запаведзi, насамрэч учынялi толькi лiхату й iдалапаклонства.

Юны прапаведнiк адчувае, як яго слова кранае чульлiвыя сэрцы парафiянаў i што ня толькi доктар Лютэр, але i ўсе яны ў душы кажуць сабе, што ён мае рацыю, i канец i аман. Гэта ўскрыляе яго, i ён рашае прыналегчы, паднапяцца й падагрэць яшчэ мацней ды кажа:

- Яны з самага малку ўсмакталi ў сябе такую нянавiсьць да гояў, што нiкому нiякага дзiва няма, калi ў гiсторыi iм увальвалi за тое, што яны атручвалi калодзежы й кралi дзяцей, якiх пасьля пратыкалi шылам i расьцiналi, як гэта было ў Трэнце й на Белым возеры. Вiтаючы нас, хрысьцiян, яны знарок перакручваюць словы "ласкава запрашаем - seid willkommen" у "шэд вiл ком", што азначае - "шайтан, прыйдзi!" альбо "вось iдзе сатана". Так яны наклiкаюць на нас пякельны агонь i ўсякiя нягоды. Да таго ж яны называюць Iсуса сынам шлюхi, а ягоную мацi шлюхай, якая ў парушэньне шлюбу зрабiла дзiця зь нейкiм забеглым кавалём-малатабойцам.

Айцэн пераводзiць дух. Яму лёгка на душы, быццам словы плывуць самi сабою, як тыя катэгорыi анёлаў на экзамене, хоць ва ўсёй замкавай кiрсе анi ценю ягонага сябра Лёйхтэнтрагера. Але ён бачыць перад сабою iншага, нахабнага маладога жыда ў брудных ботах, як ён чукае на каленях Маргрыт, i гэта нiяк ня можа быць чортавай замарокай, бо чорту ў кiрху дарога заказана, а гэта божая азнака, алюзiя божая, i ён прамаўляе далей:

- Чым жа, зрэшты, заслужылiся мы ў жыдоў на жудасны гнеў i зайздрасьць i нянавiсьць iхнюю? Мы ж не называем iх шлюхамi, як яны называюць дзеву Марыю, не называем дзяцьмi шлюхi, як яны называюць нашага Госпада Хрыста, мы ня крадзем i не пратыкаем шылам iхнiх дзяцей, не атручваем iм ваду, ня прагнем iхняй крывi. Наадварот: мы робiм дзеля iх толькi ўсяляк памыснае дабро; яны жывуць з намi ў дамах, пад нашай абаронай i аслонай, карыстаюцца нашымi дарогамi, нашым рынкам, нашымi вулiцамi; князi дазваляюць жыдам браць зь iхнiх кашалькоў i скрынак, колькi тыя хочуць, дазваляюць сабе й сваiм падданым праз жыдоў займацца лiхвярскiм зьдзiрствам i смактаць кроў.

З гэтым i падступаецца да таго, што, як ён ведае, ўзрушае ягоную парафiю яшчэ больш, чым тое Пiлатава ўмываньне рук i поцемкi жыдоўскага роду й нiбыта божае выбраньнiцтва габрэяў. I тут ужо ён абазнаны няма ладу як i выкладвае i пра дом свой i пра словы цёткi-спадчынадаўцы ў Аўгсбургу. I ўскрыляе рукi ўгору й крычыць:

- Любасныя! Цi бачыў хто калi з вас, каб жыд працаваў, як працуеце вы ў гарач i ў холад, ад рана да позьняга? Не, гэта, як самi жыды кажуць: мы не працуем, у нас добрыя, леныя днi, праклятыя гоi хай працуюць на нас, а мы мецьмем iхнiя грошы; зь iмi мы паны, а яны нашыя слугi. Так яны кажуць i гэтым самым сьледуюць свайму закону, як пра тое сказана ў Другiм Законе 23:20: "Iншаземцу аддавай у лiхву, а брату твайму не аддавай у лiхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславiў цябе ва ўсiм, што робiцца рукамi тваiмi, на зямлi, у якую ты iдзеш, каб авалодаць ёю". Iх дыханьне сьмярдзiць язычнiцкiм золатам i срэбрам, бо няма такога другога народу пад сонцам, каб быў прагнейшы й сквапнейшы за iх. I вось я чую, як кажуць, што жыды давалi вялiкiя грошы князям i панству й тым яны нiбыта карысныя. Так, а з чаго яны давалi? З добраў тых самых панстваў i iх падданых, з таго, што ўкрадзена й нарабавана лiхазьдзiрствам.

Ён азiраецца вакол i бачыць вочы сваiх слухачоў i як яны прыляпiлiся да ягоных вуснаў, i заўважае раптам, якая вялiкая сiла зыходзiць ад яго, калi ён, вось ён, стаiць на высокай катэдры ўгары й разумее, што сапраўдны прапаведнiк павiнен казаць толькi слушныя словы, у патрэбны час, каб усе яны паднялiся i рушылi й рабiлi тое, да чаго ён iх заклiкае. I з гэтымi ўзьнёслымi думкамi ў сэрцы ён падводзiць увесь sermon да добрага канца, руплiва падагульняючы, чым дыферэнцыруюцца пракляты жыд i пабожны хрысьцiянiн.

- Жыды ж, менавiта, - абвяшчае ён, - хочуць мець мэсiю з краiны дурняў i гультаёў, каб насычаў iх сьмярдзючыя гiзунталы, сьвецкага караля, каб перабiў нас, хрысьцiян, падзялiў сьвет памiж iмi й зрабiў iх валадарамi. Але мы, хрысьцiяне, маем свайго мэсiю, якi робiць так, каб мы не баялiся сьмерцi й ня дрыжалi перад аблiччам гневу Гасподняга й каб маглi ўшчамiць хваста д'яблу. Нават калi ён i не дае нам золата, срэбра й iншага багацьця, дык i ад такога мэсii ў нас сэрца гатовае выскачыць з грудзей ад радасьцi, бо сьвет ператвараецца ў рай. I за гэта мы дзякуем Богу, айцу ўсякай мiлаты й дабрамыснасьцi. Аман.

Кажа й асьцярожна патыкаецца ўнiз з катэдры, чапляючыся за каменныя поручы, бо якраз цяпер ён i адчувае слабасьць ва ўсiм целе; так адважна й шчырадушна мала хто калi тут гаварыў у сваёй першай казанi, падобна таму, як бы леў паказаў пазуры, толькi ў сьвятарскай хабiце, зразумела. Пасьля ён iдзе да аўтара й схiляе калена й прамаўляе малiтву Богу Ўсемагутнаму, але безь сьвядомасьцi й разуменьня, механiчна, толькi словы ў патрэбнай пасьлядоўнасьцi, бо толькi цяпер, калi ён усё завяршыў, у душы яго паўстае поўная яснасьць таго, што такое казань, як i вучыў вялiкi доктар Лютэр: прапаведнiк павiнен быць i воiнам i пастухом, а гэта найцяжэйшае мастацтва. Пасьля ён паварочваецца да парафiянаў i падымае рукi, урачыста скiроўваючы позiрк угору да скляпеньня храма, i прамаўляе дабраславеньне, якое калiсьцi сказаў сьвятар Аарон: "Хай Гасподзь дабраславiць цябе й ахавае цябе; Госпадзе, явi свой твар над табою ў зьзяньнi й будзь мiлажальны з табою", i жахаецца пры думцы, што з гэтага моманту ў ягонай сiле павiнна быць права й моц выслоўлiваць Божае дабраславеньне й раздаваць яго, быць сапраўдным пасрэднiкам памiж гэтымi тут i тым там угары, i ён кажа: аман, i чуе, як зазванiў звон на званiцы, магутна й чыста, вiтаючы сьвежасьпечанага гера пастара.

А на вулiцы каля брамы, як што ўжо паклаў свой таляр у скарбонку, ён сустракае Лютэра, якi, здаецца, чакаў яго на замкавым двары й хоча пагутарыць зь iм.

- Малады чалавек, - кажа Лютэр i выпрабавальна зьмервае яго адным здаровым вокам цi тое з сумнiвам, цi тое з прызнаньнем, - вы проста прачыталi з маёй галавы мае думкi, што вы сёньня выклалi пра жыдоўскi народ. Але слухаючы вас, я быў падумаў сабе: такi, як ён, як усё адно адмыслова створаны, каб падупадаць сатанiнскiм змустам; паверце мне, я маю досьвед у гэтым. Таму я раю вам, заставайцеся пастаянна ў скрусе духу й сэрца вашага й час ад часу акiдайцеся вокам цераз плячо, цi не стаiць ён ужо ў вас за плячыма. I прымiце гэта; гэта пiсямко, якое я хачу даць вам у дарогу.

З гэтымi словамi вялiкi чалавек нахiляеццца да яго, быццам хочучы абняць; але ня робiць гэтага; толькi воблачка пiўнога духу й цыбулi зыходзiць зь яго й абвалакае юнага Айцэна, тым часам як Лютэра ўжо й дух прастыў.

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

У якiм прафэсар Лёйхтэнтрагер дакладвае пра дыялектыку ў боскiм уяўленьнi i дадае з Dead Sea Scrolls факты пра верагодную сустрэчу Агасфэра з рабi, а прафэсар Байфус атрымлiвае дасьледчае заданьне

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

German Democratic Republic

29 лютага 1980

Дарагi гер калега!

Мне вельмi скрушна бачыць чалавека Вашага духоўнага бляску i прынцыповай партыйнай цвёрдасцi, - на жаль, вельмi рэдкая ў нашым жыццi камбiнацыя - так жорстка паднятым на рогi дылемы. Вы пiшаце мне ў Вашым ласкавым лiсце ад 14 г.м., што акцэптуеце доўгажыццёвасць Агасфера як факт, што верыце ў Iсуса. Хоць Вы i не кажаце выразна, што Вам, паколькi з апошнiм Вы не можаце не згадзiцца, супроцьпаказана i першае, прынамсi, гэта implicite заключана ў Вашым сцверджаннi.

Але гаворка тут iдзе, даруйце мне, што я кажу Вам гэта, пра няправiльную выснову, бо калi, з аднаго боку, Агасфера можна вельмi лёгка разглядаць без Iсуса, а з другога, дапусцiм, як я раблю гэта, разглядаць сустрэчу Агасфера з Iсусам як дадзенасць, дык гэта зусiм не азначае верыць у Iсуса як Божага сына альбо наогул як боскую сутнасць. Так i так у гэтым, але я напэўна рвуся да Вас у адчыненыя дзверы, ёсць свой клопат з багамi. Вы ёсць тая зручнасць, якую чалавек у залежнасцi ад патрэбы стварае сабе сам i ўжо з прадаўняга часу стварыў; толькi, i ў гэтым праблема, гэтыя багi развiваюць у такiм разе ўласнае жыццё, якое мяжуе з прывiднасцю. Я бачу ў гэтым неабвержную дыялектыку, якая Вам, паколькi Вы таксама хочаце быць дыялектыкам, напэўна, прынясе радасць.

А цяпер, перш чым я перайду да самай важнай часткi майго пiсьма, менавiта да кумранскага рукапiсу, некалькi дробных адказаў на Вашыя пытаннi.

Я цалкам падзяляю Ваша меркаванне, што Агасфер з Кнiгi Эстэр не iдэнтычны нашаму даўгажытнiку Агасферу; гэта ўжо хоць бы таму, што той не быў яўрэй, i ўся ягоная сувязь з яўрэйствам пралягала выключна праз яго каханую, памянёную Эстэр. Агасфер з Кнiгi Эстэр, фактычна афiцыйна званы персiдскiм царом Артаксэрксам, i менавiта першае ў яго iменi, з дадатковым iмем Макрашыр, па-нямецку "доўгая рука, даўгарукi" (464-424 да н.э.), якi ў вядомым кiмонскiм мiрным дагаворы прызнаў незалежнасць грэцкiх гарадоў у Малой Азii. Наколькi далёка заходзiў на самой справе Артаксэркс Макрашыр у сваёй дружалюбнасцi i жаданнi даць яўрэям эксыль, пра гэта нам дае звесткi толькi Кнiга Эстэр, а што да гiстарычнай надзейнасцi асобных кнiг Бiблii я маю падобныя да Вашых сумненнi; у кожным разе iх трэба разглядаць крытычным вокам.

З Вашым герам д-рам Вiльгельмам Якшам, з другога боку, я не зусiм згодзен, калi ён сваiмi, вядома ж, дабрамыснымi пытаннямi пра недастатковую цiкавасць медыяў да майго сябра Агасфера, як i да ягоных рэкламных метадаў спрабуе паставiць пад пытанне фенаменальна працяглую экзiстэнцыю гэтага чалавека. Гер Агасфер, а ў гэтым ён запэўнiваў мяне неаднаразова, ненавiдзiць ўсякi вэрхал вакол сваёй асобы. Гэта заходзiць так далёка, што ён нават не святкуе дня свайго нараджэння, хоць, вядома ж, з улiкам пражытых гадоў меў бы поўныя на тое падставы.

А цяпер да ўжо дакляраванага галоўнага пункту, да атаясамлення Агасфера з Iсусам праз фрагмент у Dead Sea Scrolls, на якi ў сваiм пiсьме да Вас ад 19 снежня мiнулага года я ўжо звяртаў Вашу ўвагу. Гаворка iдзе пра скрутак 9QRes, раздз. VII, 3 да 21, i VIII, 1 да 12; гэты скрутак цяпер падрыхтаваны да публiкацыi, i я паспяшаўся, даводзячы пэўныя мясцiны, хай сабе толькi папярэдне i толькi вельмi прыблiзна, да адпаведнасцi паэтычнаму зместу арыгiнала, перакласцi на нямецкую мову. 9QRes, дзеля Вашай iнфармацыi, азначае, што гэты рукапiсны скрутак быў знойдзены ў пячоры No 9 селiшча Кумран i атрымаў назву Resurrection, таму што ў iм мiж iншым iдзе гаворка пра ўваскрэсенне i ўшэсце Настаўнiка справядлiвасцi. Гэта, такiм чынам, рукапiс эсхаталагiчны, i названы ў iм Настаўнiк сравядлiвасцi, гэтаксама як i адначасова памянёны Князь абшчыны, верагодна, разумелiся людзьмi ў Кумране як постацi месiянскiя. Пазначаныя кропачкамi мясцiны ў маiм перакладзе ўказваюць на пашкоджаннi скрутка з пiсьмёнамi.

... прыйшоў дзень калi вы

прымаеце настаўнiка