6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Jerusalem

Israel

24 сакавiка 1980

Шматшаноўны гер калега!

Тое, што сёння, ужо праз некалькi дзён пасля майго пiсьма Вам ад 17 г.м., я пiшу другi раз, мае сваю прычыну ў маiх апасеннях, што сваю думку, якая стаiць у цеснай сувязi з усiм Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятлiў недастаткова. Мае папярэднiя ўяўленнi на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго iнстытута, якi ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, мiжнароднага свята працоўных, звесцi матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар мiфаў пра вандраванне душ.

Разглядаць Агасфера, якi нiбыта ў розны час i ў розных мясцiнах зноў i зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постацi, блiзкая мне, i мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў маёй працы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", таксама адзначана; пры далейшым разважаннi пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкiм, так што цяпер я лiчу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асаблiва таму, што я падазраю, што i Вам такiя iдэi ў кантэксце з праблемай Агасфера павiнны былi прыходзiць на думку.

Загадзя прымаю, i Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволiце, Вашую згоду з маiм тэзiсам, што паняцце "вандраванне душ" патрабуе, прынамсi, наяўнасцi душы. Але цi ёсць яна наогул, чалавечая душа, i, лагiчна следуючы гэтаму пытанню, цi ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерцi?

Але калi ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псiхалогiя, i пра хваробы душы - псiхiятрыя, з адпаведнымi спецыялiстамi, менавiта ж псiхолагамi, псiхiятрамi, псiхааналiтыкамi, псiхатэрапеўтамi, з адпаведнымi кафедрамi, клiнiчнымi ўстановамi, часопiсамi, медыкаментамi i т. д. i да т. п.; значыцца павiнна быць псiхiка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правiльна. Але гэты вiд душы можа разглядацца толькi ў аспекце адзiнства цела i духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весцi ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псiхiчнага iснавання адпаведных людзей, як выявiлi сукупныя прыродазнаўчыя даследаваннi ў гэтым кiрунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псiхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сiстэмы, уключна з мозгам, выклiканая аб'ектыўнымi працэсамi ў прыродзе i ў грамадстве, якiя, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнiчаюць на яго нервовы апарат i запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якiя адлюстроўваюцца ў свядомасцi альбо ў несвядомасцi, у мысленнi, адчуваннi i снах чалавека, ужо даследаваны i растлумачаны, другiя - не; але гэта толькi пытанне часу, сваiм часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псiхiка чалавека, iнакш яго душа, перастае iснаваць у той момант, калi знаходзiць свой канец псiхiчная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы i адлiчваюць момант клiнiчнай смерцi, г.зн. з моманту згасання апошнiх электрычных iмпульсаў у мозгу.

Усё гэта банальныя iсцiны, i я ведаю, што з iмi, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я i паўтараю iх толькi ў магчымай мне сцiсласцi i даступнай сутнасцi выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнiчае якое б там нi было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма нiякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмiгрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасiць адмысловай увагi; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?

Натуральна, i я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лiчыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызвалiцца ад сваёй цялеснай абалонкi, не iснуе. Што няма такога тонкага iнструмента, здольнага радасць i боль, любоў i нянавiсць i да таго падобныя эмоцыi больш чым адчуваць, мяняючы iх у долi секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якiя абавязаны служыць аб'ектыўнасцi, павiнны мiрыцца з гэтым фактам, як i з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькi грудачкай, праўда, высокаарганiзаванай, матэрыi, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.

Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неiснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот i кроў, якiя на гэтым свеце пралiвалi з разлiкам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колiшнi таксама яўрэйскi паэт Гайнрых Гайнэ "Баю-баюшкi-баю з неба, так закалыхваюць, як дзiця, калi яно тхiмкае, народ, вялiкi зброд", i Карл Маркс пiша ў сваёй крытыцы гегелеўскай фiласофii права: "Рэлiгiйная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы i, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлiгiя - гэта стогн прыгнечанай iстоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць i дух бездухоўных абставiнаў. Яна - опiум для народу."

Гэта ёсць асноўныя прынцыпы i шматразова пацверджаныя асновы, з якiх мы зыходзiм у нашым iнстытуце, i таму нам феномен Агасфера, якi Вы апiсалi, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на якi мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся пралiць святло.

З сяброўскiм прывiтаннем

Ваш адданы

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зiгфрыд Байфус

Iнстытут навуковага атэiзму

Берлiн, сталiца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

German Democratic Republic

2 красавiка 1980

Дарагi гер калега!

Ваша пiсьмо ад 17 сакавiка знайшло мяне ў тую самую гадзiну як i дадатак да яго ад 24-га, з якога толькi можна заключыць, што шляхi, якiмi сёння праходзiць пошта ў зносiнах памiж усходам i захадам, у вышэйшай ступенi дзiвосныя. Але паколькi прадмет нашага лiставання такога роду, што нават самы прыдзiрлiвы цэнзар не можа высачыць у iм нiчога заганнага ў адносiнах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносiць затрымкi спакойна i радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзiць да адрасата.

Але цяпер, праўда, я бачу некаторы сэнс у тым, каб ухапiць Вашыя аргументы ў некаторых дэталях i там, дзе яны мне падаюцца сумнiўнымi, прадпрыняць спробу паслабiць iх. Па-першае, многае, што Вы маеце сказаць, я i сам выказваў ад шчырага сэрца, па-другое, я хацеў бы пазбегнуць таго, каб пра рэчы, якiя цiкавяць мяне толькi ўскосна i пабочна, мы ўблыталiся ў бясконцыя дыскусii. Тое, цi былi "Настаўнiк справядлiвасцi" i "Князь абшчыны" паводле рукапiсу 9QRes у Dead Sea Scrolls махлярамi i параноiкамi, у маiх вачах з'яўляецца неiстотным пытаннем; для мяне важнае толькi тое, што Агасфер дакументальна зафiксаваны ў 9QRes. I Вашыя думкi пра сутнасць чалавечай псiхiкi, наколькi яны маглi б быць каштоўнымi для мяне, нiчога не даводзяць пра экзiстэнцыю-неэкзiстэнцыю Вечнага Жыда; нi я, нi хто-iншы нiколi не сцвярджаў, што Агасфер быў ходкiм доказам вандравання душ альбо чагосьцi падобнага.

Але з Вашых пiсьмаў я даведваюся, дарагi гер калега, нешта зусiм iншае, што, уласна кажучы, павiнна было Вас крыху занепакоiць: менавiта, пачатак фiксацыi ўвагi на феномене Агасфера, што, паводле маштабаў Вашага ratio Вы жадалi б растлумачыць, хоць гэта вiдавочна нельга ўцiснуць у пракрустава ложа каштоўнасцяў Вашага вопыту. Дасведчанне, якое Вы спрабуеце ўжыць, дазвольце мне гэту невялiкую крытыку, у грунце рэчаў ненавуковае; яно нагадвае тых ватыканскiх навукоўцаў, якiя не хацелi прызнаваць спадарожнiкаў Юпiтэра толькi таму, што яны не ўпiсвалiся ў арыстотэлеўсую схему светабудовы. Мы не абыходзiм факта, што Агасфер iснуе; Як i Чаму яго iснавання i што з гэтага магло б вынiкнуць, можа стацца прадметам даследавання, але спачатку павiнна быць прызнана, што ён ёсць, у падмацаванне чаго я ўжо даў Вам некаторыя доказы i дашлю яшчэ дадатковыя.

У сувязi з гэтым я ўжо i раней меў нагоду ўказаць на з'яўленне Вечнага Жыда ў апошнiя днi Варшаўскага гета; калi раней я спасылаўся Вам толькi на ўсякага роду дакументы, як 9QRes альбо на паведамленне пра працэс супроць радцаў iмператара Юлiяна Апастаты, альбо на паказаннi сведкаў, дык у гэтым выпадку я сам сведка i, як спадзяюся, Вам не сумнiўны. Я быў у Варшаўскiм гета i перажыў разам з усiмi 350000 сагнанымi туды людзьмi ўсе пакуты i знiшчэнне. Нiякi д'ябал, у гэтым Вы можаце мне паверыць, гер калега, не мог бы выдумаць тых метадаў, якiя служылi дасягненню мэты: гэта была чалавечая справа, справа рук, даруйце мне, што я нагадваю, Вашых суайчыннiкаў.

Я часта пытаўся ў сябе i тады i пазней, чаму нi раней, нi на самым пачатку перыяду гета альбо адразу пасля не дайшло да акцый супрацiўлення, i прычыны гэтага я бачу ў рэлiгiйнасцi яўрэяў, iм было немагчыма ўявiць сабе, што iстоты, якiя па цялеснай структуры i манеры рухацца падобныя да iх, маглi паставiць сабе мэтай iхняе татальнае знiшчэнне голадам i, калi гэта дасягалася ў камбiнацыi з тыфусам i халерай недастаткова хутка, забiваннем альбо дэпартацыяй у газавыя камеры. I гэтаксама немагчыма было iм нават падумаць, каб Бог, iхнi Бог, мог гэта дапусцiць. Нашчадкi таго народу, якi даў Бога i яго Сына-збаўцу i вынiклую з гэтага этыку, амаль да самага канца спадзявалiся на збавенне.

Амаль. Бо ў канцы была роспач. У канцы былi пытаннi. У чым быў iхнi грэх, за якi Бог караў аж так сурова? Яны ж былi прывязаныя да яго, нават калi ён iх адкiдаў ад сябе; яны выконвалi ягоныя запаветы, нават калi ён iх мучыў; яны яго любiлi, нават калi ён выстаўляў iх на пасмешышча i глум. I дзе калi ў свеце быў такi грэх, якi заслужыў бы такое кары? I калi будзе дастаткова той кары? I колькi яшчэ Богу хопiць цярплiвасцi на iх катаў? Цi ж не мелi яны, мучаныя i прынiжаныя, пагарджаныя i катаваныя, аслаблыя i прысмертныя, права ведаць, нарэшце, дзе ж тыя межы яго цярплiвасцi?

Пры такiх абставiнах прысутнасць Агасфера ў гета падалася мне больш чым паэтычнай неабходнасцю. I сапраўды ад яго зыходзiла дзiўнае ўздзеянне: дзе ён паказваўся, там нават пры сконе людзi чэрпалi новую сiлу i мужнасць; было так, быццам праз яго яны даведвалiся, што ад iх павiнна было нешта застацца на iснаванне далей, нешта эсэнцыяльнае, iстотнае, i што iх пакуты i iх смерць мелi нейкае значэнне, пра якое яны маглi толькi здагадвацца i ўведаюць яго поўнiцай толькi пазнейшыя пакаленнi.

Таго дня iшлi мы, Агасфер i я, па вулiцах, нямногiх, з якiх яшчэ складалася гета, бо памеры гета ўвесь час звужалiся, i пазасталыя жывымi мусiлi ўсё больш уцiскацца на ўсё меншай прасторы. Гэта дзiўнае пачуццё, якое заскоквае чалавека, калi ён бачыць каля сваiх ног дзяцей, якiя памiраюць з голаду, шкiлетападобныя лялькi, у лахманах, i ведае, што нiхто ўжо iх не пахавае. Абодва мы адчувалi, што ўсё, што мы бачым, i шмат чаго iншага павiнна на ўсе часы адбiцца ў памяцi; Вас, паважаны гер калега, я пашкадую ад апiсання; Вы можаце, калi ў Вас ёсць цiкавасць, даследаваць гэта ў архiвах, якiя Вам напэўна ж даступныя, бо немцы з даўняга часу вельмi ахвотна фатаграфуюцца, а гета давала iх камерам матываў у вялiкiм мностве.

- Так, - сказаў ён, - мы пачынаем.

Я ведаў пра марнасць гэтага пачынання; але Агасфер быў амаль у радасным настроi, бо ў адрозненне ад мяне ён верыць у зменлiвасць свету.

- Ты яшчэ маеш ножык? - спытаўся ён у мяне.

Гэта стары ножык з тронкай з разьбёных каралаў у форме разьбёнай выявы голай жанчыны. Я дастаў з кiшэнi i падаў яму.

- Падары мне, - сказаў ён, - фiгурка гэтая так мне нагадвае...

Я аддаў яму ножык, i ён павёў мяне да дома, з якога павiнен быў адбыцца напад на СС. Напад, як што адбыўся так знянацку, мусiў удацца; упершыню тыя, каго пераследавалi, перажылi ўцёкi пераследвальнiкаў. Наогул, усё як бы памянялася месцамi; яўрэi, якiя змагалiся тут, былi больш не яўрэi, якiх прывычна было бачыць жывымi, нават у смерцi яны здавалiся iншымi, не вечнымi пакутнiкамi, вечна бiтымi, правобразам якiх ёсць той рэбэ Ёшуа, якога прыбiлi да крыжа.

Тут мы трымалiся некалькi тыдняў супраць зондэркаманды гера Дырлевангера i ягоных дапаможных груп. Пасля дом, якi служыў нам умацаваннем, быў на тры чвэрцi разбураны, яго абаронцы да вельмi нямногiх, якiя залеглi паверхам вышэй, загiнулi. У нас ужо не было баепрыпасаў, толькi некалькi бутэлек бензiну. У самы той час, калi дом вакол нас рассыпаўся ў руiны, а таварышы адзiн за адным падалi ад куляў i асколкаў гранатаў, Агасфер быў вельмi маўклiвы; ён гаварыў з Богам. У яго заўсёды былi вельмi своеасаблiвыя стасункi з Богам, адначасова мяцежнiк i ўлюбенец; цяпер ён хацеў праяснiць iх, але Бог не адказваў.

Замест Бога прыйшлi СС. Агасфер сказаў мне:

- Iдзi. Праз каналiзацыю. Я прыкрыю цябе.

Пасля ён узяў тры бутэлькi бензiну, якiя ў нас яшчэ былi, i па кучы бiтай цэглы i смецця папоўз да акна насустрач нападаючым.

Дзве бутэлькi ён падпалiў i шпурнуў у эсэсаўцаў. З апошняй ён аблiў сябе самога i кiнуўся, жывым факелам, на рыклiвую швору.

У Ерусалiме я спаткаў яго зноў, каля ягонай шавецкай лаўкi на Дарозе Смутку, яе ён прызнаў сваёй маёмасцю i нанава цалкам перабудаваў пасля таго, як тая частка горада ў вынiку шасцiдзённай вайны стала даступнай яўрэям. Пры iм быў i ножык; ён паказаў мне яго i спытаўся нават, цi не хачу я вярнуць яго сабе назад. Я сказаў, што не, хай застаецца ў яго, я ведаю адну майстэрню, там мне зробяць дакладна такi самы, нават з усiмi прыкметамi антыкварнасцi.

Як заўсёды з найлепшымi прывiтаннямi

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University