6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

кашлатачка н-да... н-да...

Мая бяда.

Ад гэтых слоў, ад музыкi Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магiстр у вочы лэдзi, i ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьцiлiся ад дабраславёнага вiна. Сэр Агасфэр дае знак, i цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавiна налева, другая палавiна, значыцца, направа, i вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як i тая, дзе банкетавалi, але крыху меншая, пасярэдзiне якое шырокi ложак зь мяккiмi падушкамi й балдахiнам, так званым нябесным дахам над iм, расшытым золатам з кутасамi па краях.

А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсiх законах гонару, натуральна: ён i лэдзi будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магiстр лепш ня ўчынiў бы.

I з гэтымi словамi ён кажа маладзёну й ягонай Барбары стаць поруч ля падножжа ложка. Лёйхтэнтрагер раптам аказваецца ў духоўнай хабiце, увесь у чорным i зь белым каўнерыкам, трымаючы ў руках кнiгу, была яна Бiблiя цi не, Айцэн сказаць ня можа, бо ў яго круцiцца ў галаве, вочы лезуць з вачнiц, калi ён вось так стаiць перад ложкам поруч з суджанай яму нявестай i яму здаецца, што бачыць Маргрыт, голую, як на карцiне майстра Кранаха зь Вiтэнбэрга, з каштоўным калье на шыi й рознымi iншымi залатымi штукенцыямi на руцэ.

А Лёйхтэнтрагер разгортвае кнiгу й кажа:

- Слухайце, вы каханыя, чаму вучыць Сьвятое Пiсаньне пра боскае ўстанаўленьне шлюбу: Бог стварыў чалавека паводле свайго вобразу, i стварыў ён мужчыну й жанчыну, бо сказаў Бог, я хачу зрабiць мужчыне памочнiцу, каб ня быў ён адзiн. Але муж павiнен быць верны сваёй жонцы, як i жонка свайму мужу. Але жанчына ня мае ўлады над сваiм целам, а муж. Вы, жанчыны, павiнны, слухацца сваiх мужоў, як валадароў, бо муж ёсьць галава жонкi, як Хрыстос ёсьць галава эклезii вернiкаў. Але як абшчына вернiкаў падданая Хрысту, так i жонка падданая мужу свайму ва ўсiх справах ягоных.

Магiстр ведае тэкст вельмi добра й яшчэ ведае, што Лёйхтэнтрагер прамаўляе слова ў слова, дакладна дэка ў дэку, i ўсё ж яму здаецца, што гучаць яны як чысты зьдзек i кпiны, асаблiва калi сэнс iх прыкласьцi не да сухарэбрай Барбары, а да голенькай Маргрыт, на якую жыд паклаў руку як яе гаспадар i валадар. I ўвесь сьцiнаецца, калi Лёйхтэнтрагер пытаецца ў яго:

- Цi хочаш ты, Паўль фон Айцэн, сутную тут дзеву Барбару Штэдэр прыняць з рук божых за жонку сабе, кахаць яе й шанаваць яе й трымацца непарушна вернасьцi, пакуль сьмерць не разлучыць вас?

- Хачу, - кажа ён, не таму, што сапраўды хоча, а таму, што адчувае, што ўсё яму ўжо вызначана наперад з таго дня ў "Лебедзях" у Лейпцыгу, i чуе, як яго сябар вось ужо гаворыць да дзевы й задае ёй пытаньнi, цi хоча яна ўзяць сутнага тут Паўля фон Айцэна за мужа, цi хоча слухацца яго й падпарадкоўвацца яму ва ўсiх справах, пакуль сьмерць не разлучыць iх, чуе яе згоду й бачыць, як Лёйхтэнтрагер падымае руку й дабраслаўляе новы саюз у iмя Бога Айца, Сына й Сьвятога Духа, быццам ён быў высьвечаны й рукапаложаны й быў на "ты" са Сьвятой Тройцай. Бачыць таксама, як Барбара адразу ж дае нырца ў ложак, раскiдае рукi, але не да яго, а да ягонага сябра Ганса. Але той нагiнаецца, расшнуроўвае абутак, а менавiта на кульгавай назе, кладзе гэты чаравiк на коўдру над жыватом дзевы й кажа: "Каб ты ведала, пад чыiм ботам ты будзеш жыць з гэтага часу й хто ёсьць твой гаспадар"; а Маргрыт, то-б-тое прынцэса Трапезундзкая, то-б-тое лэдзi звонка пляскае ў далонi й курчыцца ад сьмеху. А сэр пасьмiхаецца далiкатна й пытаецца ў магiстра, цi не хацеў бы ён зрабiць прыгатаваньнi й далучыцца да суджанай яму.

Кажучы гэта, бярэ пад руку лэдзi й выходзiць, за iм Лёйхтэнтрагер; пасьля чаго заслона зачыняецца, i толькi салодкая музыка застаецца. I тут нападае на Айцэна вялiкi юр, i ён прыгадвае, што сказаў яму яго сябар Ганс, менавiта, што Бог стварыў усiх i ўсякiх жанчын з аднолькавай дзiркай i для аднолькавых патрэб i мэтаў; i не марудзячы далей, ён скiдае зь сябе парадную вопратку i ўпаўзае да Барбары пад коўдру; а тая ўжо растапырылася ў поўнай гатоўнасьцi й юрзае заднiцай, быццам змалку нiчога iншага не рабiла, уся жарсьць i пажада, i стогне й клiча: "Ходзь, каханы, ходзь да мяне", i Айцэну робiцца весела, калi чуе, якi ў яго прыгожанькi гарбок, якiя прыгожыя i густыя валаскi на грудзях, ну, i ўсё такое iншае. I заўважае раптам, што на ёй iнкуб, але й сам адчувае, што такi самы iнкуб i пад iм, нiбыта Барбара, i ведае, што гэта голая Маргрыт, на якой ён гарцуе поўным чвалам, а пасьля зноў павольна роўненькiм i леным трушком, а яна трымае яго й прымае, прымае, пакуль яму самому не пачынае здавацца, што ўсё ягонае жыцьцё перацякае зь яго ў яе й нiчога ад яго не застаецца, акрамя высахлай скуры.

А тады спачын. Ён уздыхае й бярэ Барбарыну руку ў сваю, i абое засынаюць. Калi празь некалькi гадзiн прачынаюцца, на дварэ займаецца на ранiцу, i ляжаць яны на сьмярдзючым лежаку ў каморцы, поўнай усякай дрэнi й затканай павуцiньнем, у нейкай дзiкай трушчобiне на прадмесьцi, i нi ён, нi Барбара ня ведаюць, як сюды дасталiся, i замест iх прыгожых вясельных рызаў ляжыць куча дранага рызьзя, у якое яны хутаюцца; толькi адмысловага швiва бот Лёйхтэнтрагера адзiнока стаiць на коўдры, быццам забыты сябрам. А калi яны цiхенькiм крадком сыходзяць па лесьвiцы, выходзiць фраў гаспадыня i гарлае, патрабуючы грошай, восем грошаў гамбургскiх, а ў яго нi пфенiга нi ў кашулi, нi ў штанах, i Айцэн мусiць паслаць пасыльнага з запiскай да брата ў кантору па грошы й чакаць тут, тым часам як зброд у карчме рагоча й строiць зьдзекi ўсялякiя, што а скажы, як пачувалася, як начавалася, як зь дзеваю шпокалася, i колькi сiнякоў яму яна насадзiла сваймi касьцямi.

РАЗЬДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ

У якiм дасьледуецца, адкуль магло пайсьцi, што з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самыя зацятыя ахоўнiкi парадку, i адначасова расказваецца пра процiлегласьць памiж "не" i "так" i цяжкасьцi пры будаўнiцтве царства свабоды

Мы лунаем.

У глыбiнях прасторы, якая называецца шэол, што распасьцiраецца па-за межамi стваральнасьцi, бязь цемры, безь сьвятла, паўсюль, у бясконцым скрыўленьнi.

Тут мы можам гаварыць, кажа Люцыпар, тут няма нi Бога й нiкога зь Яго твораў, будзь тое духоўных, будзь матэрыяльных; тут ёсьць толькi Нiчога, а Нiчога ня мае вушэй.

Я не баюся, кажу я.

Люцыпар крыва ўсьмiхаецца. Той, хто, як ты, хацеў бы зьмянiць сьвет, кажа ён, мае ўсе падставы баяцца свайго посьпеху ў гэтым.

Нешта падобнае на павеў ветру кранае нас; але гэта ня вецер, а паток часьцiц, мiзэрных часьцiнак Нiчога, якiя зь Нiчога рухаюцца ў Нiчога.

Я шукаў цябе, брат Агасфэр, кажа ён.

Дзе астатнiя? кажу я. Дзе твае цёмныя сонмы, якiя былi скiнутыя зь неба над нябёсамi разам з табою i са мною за тое, што мы перад Богам адмовiлiся ганараваць чалавека, якога Ён стварыў паводле вобрзу свайго з грудачкi пылу й кропелькi-вадзiнкi й вятрынкi й жарынкi агню. Дзе яны?

Тут мiнаецца ўсё, кажа ён.

Я бачу, як ён дрыжыць ад вялiкага холаду, якi вакол нас, i я разумею, што ён шукаў мяне, бо яшчэ горш за Нiчога ёсьць думка пра яго, Нiчога, вечнае iснаваньне.

Я гнаў цябе й твой чын, кажа ён. Ты ўстаў, выпрастаўся i адняў свой кулак i рабiўся ўсё больш i больш прыгнутым i паламаным. I тым ня меней ты спадзяешся.

Бог ёсьць зьмяненьне, кажу я. Калi Ён стварыў сьвет, зь Нiчога, Ён зьмянiў Нiчога.

Гэта быў капрыз, кажа ён, выпадак, якi здараецца адзiн раз i больш нiколi. Бо глядзi, калi Бог азiраў Сваё тварэньне на сёмы дзень, Ён адразу агучыў, як цудоўна добра Ён усё знаходзiць у рэальна iснуючай форме й што сьвет мае заставацца на ўсе часы, якiм ён яго й стварыў, зь Верхам i Нiзам, з арханёламi й анёламi, хэрувiмамi й сэрафiмамi й сонмамi духаў, падзеленых паводле чыноў i ступеняў, i вянок над усiм - Чалавек. Бог ёсьць як i ўсе, хто нешта калi зьмянялi; i разам з тым яны баяцца за свой твор i сваё становiшча й з чыстых рэвалюцыянэраў робяцца самымi строгiмi ахоўнiкамi створанага iмi парадку. Не, брат Агасфэр, Бог ёсьць Iснуючае, Бог ёсьць Закон.

Калi б так было, кажу я, навошта тады Ён паслаў Свайго роджанага Сына, каб той праз свае пакуты браў на сябе вiну за грахi ўсiх i выбаўляў чалавека? Цi ж бо збавеньне ня ёсьць у сваёй аснове зьмяненьнем?

Мы лунаем.

I Люцыпар кладзе сваю руку на мяне, быццам нiчога нас не разьдзяляе, нiякае сваё бачаньне сьвету, нiякае ўяўленьне мэты, i кажа мне: ты таксама ведаў яго, рабi.

I я падумаў пра рэбэ Ёшуа i як я знайшоў яго ў пустынi: рэдзенькая бародка ў пяску й пыле й распухлы ад голаду жывот, i як я павёў яго на вяршыню высокай гары й даў яму зiрнуць на абсягi тварэньня ягонага бацькi з усёй галечай i з усёй несправядлiвасьцю i сказаў яму, што ўсё гэта ён можа ўзяць пад сваю руку, бо прыйшоў час збудаваць сапаўднае царства Божае; але ён адказаў мне: Маё царства не ад гэтага сьвету.

I што, кажа Люцыпар, ён здабыў, рабi? Цi менш грашылi пасьля таго, як ён даў сябе прыбiць на крыж, i зямля ня п'е больш крывi, як раней? Жыве воўк разам зь ягнём, i ўжо чалавек больш ня вораг чалавеку? Чаму ты ня пойдзеш да яго, што сядзiць у сьвятле, там у вышынях, праваруч бацькi, i ня спытаешся ў яго? Табе ён напэўна дасьць слова й адказ.

Ён пракляў мяне, кажу я, бо я адмовiўся даць яму цень маiх дзьвярэй, калi ён быў у дарозе да месца ўкрыжаваньня з крыжам на сьпiне.

I я бачу, як Люцыпар нецярплiва пацепвае брывом. Я ведаю, ведаю, кажа ён, але менавiта пра гэта ён i захоча гаварыць з табою, бо цi ж ня меў ты рацыi, праганяючы яго ад сваiх дзьвярэй як чалавека, якi цярпеў крайнюю нэндзу?

I тым ня меней, кажу я, рабi любiў людзей i цярпеў за iх.

Цярпеньнi, кажа Люцыпар, - не заслуга; ягня, якое аддаецца на корм, мацуе парадак ваўкоў. Але ты, брат Агасфэр, ня хочаш паслаць сябе ў гэты парадак i спадзяешся на Бога, што Ён табе дазволiць крыху павыдурнiвацца зь Ягоным тварэньнем, i пакiне табе шчылiнку, празь якую ты з чыстым сумленьнем можаш прапаўзьцi назад пад Яго Божую аслону й ня хочаш прызнаць, што гэты сьвет асуджаны на пагiбель ад пачатку праз парадак, якi Бог даў табе, i ўсё корпаньне ў iм марнае й толькi зацягвае скон. Хай жа ён iдзе ў пропадзь, гэты стары сьвет i дай нам з нашага духу будаваць царства свабоды, бяз гэтага маленькага Бога маленькага пустэльнага народу, якi толькi можа жыць, калi яму падпарадкоўваецца кожная iстота.

Я толькi баюся, брат Люцыпар, кажу я, твая пагiбель сьвету можа аказацца канчатковай, а дзе ж узяць новага Бога для новага сьветатварэньня?

Мы лунаем.

У гэтай прасторы, якая ня мае пачатку й ня мае канца й нi Сьвятла нi Цемры, а фарбай i тонам, думкай i пачуцьцём усё жывое павiнна ўлiцца ў нешта й зрабiцца нiчым па волi Люцыпара.

Маё Не табе не падабаецца, кажа Люцыпар. Не патрэбнае, як i Так, i з процiлегласьцi абодвух паўстае Чын.

Дык ты пойдзеш да яго, кажа ён.

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён дазволiў мне пакласьцi яму на грудзi голаў на апошняй вячэры й як я прывёў яму параўнаньне з колам, якое ня можа зьмянiць сваю каляiну, а вось фурман, якi кiруе валамi, можа яе зьмянiць.

Як жа мне гаварыць яму супроць Бацькi, кажу я, калi яны ёсьць адно, Бацька й Сын, зь Сьвятым Духам як трэцiм у зьвязцы?

I я бачу Люцыпара, як ён курчыцца ад сьмеху. З трох рабi адно, з аднаго рабi тры, кажа ён; мне здаецца, ты хочаш схавацца за старой абракадабрай i гульнёй у лiчбы, якою царква, якая называецца iмем рабi, спрабуе выкарчаваць сваё грэка-жыдоўскае карэньне. Ты будзеш вымушаны рашыцца, брат Агасфэр. Альбо твой рэбэ Ёшуа ўзьнёсься ў неба, дзе цяпер сядзiць праваруч Бога; тады ён ёсьць Цэлае ў сабе й зь iм можна гаварыць, альбо ж ён зрабiўся Адным з Богам i Саматрацiнай са Сьвятым Духам, стаўшыся Новым. Што ж тады сталася з Адным Богам, якi быў, пакуль утварылася гэта траiсная камбiнацыя, i якi адкiнуў нас у шосты дзень тварэньня?

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён падышоў да мяне з крыжам на сьпiне й пазнаў мяне каля майго дома й спрабаваў гаварыць са мною i як я сказаў яму, што хачу наклiкаць за яго меч Бога, i ўсе яго ворагi i ўсё воiнства да сьмерцi ўбаялiся б яго бляску й счэзьлi б, i што ён павiнен быў бы павесьцi народ Iзраiля, згуртаваўшы яго вакол сябе, як яно й наканавана ў Пiсаньнi; але ён адказаў: цi ж не павiнен я выпiць чару, якую мне даў мой Бацька?

Мы ўсё яшчэ лунаем.

У халадэчы прасторы, у павевах ветру, якi ня ёсьць вецер, i я чую пошчак зубоў Люцыпара. Тут вельмi вусьцiшна, кажа ён, няўтульна для паўтарэньня дыспуту, у якiм сьвятыя айцы царквы перагрызьлiся мiж сабою моцнымi словамi. Што ёсьць сэнс па-твойму, брат Агасфэр?

Я хачу ўсё ж пайсьцi туды, да рабi, кажу я, i пабачыць, што сапраўды сталася зь iм i што ён напраўду думае.

I мы рассталiся, ён, трымаючыся свайго гешэфту, я - свайго.

РАЗЬДЗЕЛ ВАСЯМНАЦЦАТЫ