6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Голад, вайна, халера, чума.

Кайцеся ў сваiх грахах,

Каб ня сьцерцiся у прах.

Толькi Айцэн трыумфуе ў сэрцы сваiм, што ўсё так гладка iдзе, як ён i планаваў, i кажа Агасфэру:

- Тады скажыце нам i засьведчыце, цi Гасподзь Iсус Хрыстос, якога вы ведалi асабiста й бачылi на свае вочы й зь якiм вы гутарылi на свае вусны й якому вы прычынiлi такую несправядлiвасьць сваiм жорсткiм сэрцам, цi быў ён напраўду мэсiя, якога чакаў народ Iзраiля паводле прадказаньня прарокаў?

- Цi быў ён мэсiя? - кажа Агасфэр i пачэсвае за вухам i ўздыхае. А тады кажа: - Рабi верыў у гэта.

Айцэн бачыць, што ягоны сьведка нерашуча завагаўся, i ён баiцца, што жыд можа падвесьцi яго, хоць усё разам, пытаньнi й адказы, прадумана й абгаворана загадзя i наперад, i гаворыць глухiм голасам:

- Верыў! Верыў! Гэтыя зацятыя жыды ня хочуць ведаць, што Гасподзь наш Iсус верыў, як i не хацелi таго ведаць, калi ён сам iм пра гэта казаў; iм патрэбна тваё сьведчаньне, жыд Агасфэр, як што ты ня даў яму нiякага суцяшэньня, а пакiнуў яго цярпець ад дзённай сьпёкi зь цяжкiм крыжам на плячах i цернем на галаве: цi быў ён мэсiя, так цi не?

- Мэшыях? - кажа Агасфэр. - Вялiкi, магутны мэшыях?

I выпростваецца, i здаецца, быццам палiлося зь яго нейкае сьвятло й быццам павышэў ён на цэлую галаву й больш над усiмi, што былi вакол яго, над Пэрэйрам i альтонскiмi жыдамi й над знакамiтымi герамi, якiя сядзелi вышэй, i над дастойным i вучоным doctor i superintendent тым болей.

- Мэшыях, - кажа ён, - пра якога гаворыцца ў прарокаў, што ён будзе судзiць народы й зробiць так, што мячы ператворацца ў аралы, а дзiды ў сярпы? - I Айцэн ня ведае, што зь iм робiцца, горача цi холадна, i ён глуха маўчыць, а той кажа далей: - Я любiў рабi, i ён мог быць iм. Ён мог быць мэшыяхам, як i кожны, хто створаны паводле вобразу Бога, нясе ў сабе сiлу i ўладу, каб стацца збаўцам людзей. I ён цярпеў i вiсеў на крыжы й павольна пакутлiва памёр. Але хай хто палiчыць, колькi да яго й колькi пасьля яго сканалi ў пакутах i муках i ў сваёй горасьцi благалi: мой Божа, мой Божа, чаму ты пакiнуў мяне? I дзе той вечны мiр, i дзе царства, якiя павiнны былi прыйсьцi зь iм i празь яго? Усё яшчэ есьць Адам хлеб свой у поце твару свайго, i Ева нараджае ў муках, усё яшчэ забiвае Каiн Авеля, i Вы, гер доктар, - кажа ён, павярнуўшыся да Айцэна, - не заўважыў я нештачкi, за цэлы час, колькi я ведаю Вас, каб Вы дужа любiлi ворагаў Вашых альбо дабраслаўлялi кляцьбiтоў Вашых, альбо малiлiся за зьневажальнiкаў Вашых, як заклiкаў Вас рабiць Ваш Гасподзь Iсус на гары, ня робяць гэтага й iншыя, якiя называюць сябе хрысьцiянамi.

I нарэшце, убачыўшы жах на тварах знакамiтых гераў i шал i разгубленасьць тых з начальстваў i злараднасьць сваiх галавакiвальнiкаў confratres, гер супэрiнтэндэнт схамянаецца й крычыць:

- Годзе, жыдзюга пархаты! А тое, што паўтары тысячы гадоў цябе ганялi па белым сьвеце, гэта за апошнюю вашу збродню, якую вы ўчынiлi!

Ён клiча палiцыянта, каб той арыштаваў Агасфэра за зьневажаньне Бога й за абразу Яго мосьцi герцага Гаторпскага, якi тут за найвышэйшага царкоўнага ўладыку, а таксама за падбухторваньне да бунту. Але паколькi цяпер заварушылiся, засоўгалi плячамi й локцямi й жыды, усчалася вялiкая штурхатня: аднаму трэба туды, другому туды, тузанiна за борады, i тут спрэчна, альбо ад залiшняга клопату, альбо з тайнага задавальненьня, што нехта тут раптам запрагне навароту да адзiнашчасьцедайнай веры, з гэтым, лiчы, прапала; i ў агульным гармiдары Агасфэр зьнiк, як бы яго зямля праглынула, як бы яго й ня было, бо нiхто так i ня згледзеў, каб ён выходзiў празь дзьверы.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

У якiм Агасфэр парушае нябесны спакой i пярэчыць рабi, што iсьцiна не ляжыць у нейкiм адным цэнтральным месцы, а вiдна кожнаму, хто мае вочы, каб бачыць вачыма

Вельмi цiха, нiякага руху.

Сьвятло, у якiм ён сядзiць на троне, мяккае, як блакiтныя прыцемкi; ён атулены пяшчотнай любоўю Бога, i бляск замiранасьцi азарае яго аблiчча, калi ён паглядае ўнiз, на сьвет, падымаючы руку на дабраславеньне, руку, усё яшчэ з ранай, прабiтай цьвiком.

А я падумаў, якiм чужым i далёкiм ён мне зрабiўся, хоць i выглядае акурат як рэбэ Ёшуа, якога я ведаў, хоць i ўсьмiхаецца як той, пакута, якую ён рашыў прыняць на сябе, ужо адбiлася на яго ўсьмешцы; ён як лялька ў ляльцы, у якой зноў жа лялька: так тры лялькi ў адной, i ўсё ж - адна.

I наблiзiўся я да яго й спытаўся: Рабi, цi ты гэта?

Але ён анi варухнуўся, i позiрк яго быў нерухома скiраваны ў далеч, пакуль ён гаварыў: Я Iсус Хрыстос, народжаны Сын Божы, зачаты Духам Сьвятым ад дзевы Марыi й народжаны ёю i адпакутаваў пры Понцii Пiлаце, укрыжаваны, памёр i пахаваны, сышоў у царства сьмерцi й на трэйцi дзень уваскрэс зь мёртвых i ўзьнёсься на неба, дзе й сядзiць праваруч Бога, усемагутнага Бацькi.

I я спытаўся: Рабi, што ты бачыш?

I ён сказаў: Я бачу людзей, якiх я збавiў ад вiны iх грахоў праз горкую чару, якую я выпiў.

I я спытаўся: Рабi, а ты бачыш iх ясна?

I вось зацьмiўся яго позiрк як бы ценем, i рука на дабраславеньнi апусьцiлася ў яго, i ён сказаў: Яны вельмi малыя, i iх як цэлы мурашнiк.

I схiлiўся я перад iм i сказаў: Ты пракляў мяне, рабi, асудзiў чакаць цябе там унiзе, пакуль ты ня вернешся: таму я вандрую сярод iх, i я як адзiн зь iх, i чую, што яны кажуць, i бачу, што яны робяць.

I вось нахiлiў ён сваю галаву, i яго плечы панурылiся, i яго рука прыцiснулася да раны ад дзiды на баку, быццам яна зноў яму забалела, i ён сказаў: я не хачу гэтага ведаць.

Але я сказаў: Калi мы сустрэлiся з табою ў пустынi й ты быў голы й пакiнуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь iх панавала беззаконьне, i сказаў я табе, ты павiнен узяць гэта пад сваю руку й нiз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьцi сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага.

I зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую нiхто ня мог бы сказаць, журботлiвая яна цi iранiчная, i ён адказаў: Ты сказаў.

Але я гаварыў далей: I калi ты шукаў ценю ў маiх дзьвярах, iдучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, якi я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Iзраiля i павёў яго на бiтву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпiць чару, якую даў табе твой Бацька.

Слухай, сказаў ён, я вiсеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маiм мозгу, i пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў i памёр, каб спраўдзiлася слова й прыйшло царства для ўсiх.

I вось устаў я перад iм i спытаўся: I спраўдзiлася слова? I прыйшло царства?

Ён маўчаў. I сьвятло, у якiм ён сядзеў на троне, перамянiлася, i бляск замiранасьцi зьнiк зь яго аблiчча, i ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў i падслухваў.

I зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства?

I вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, i ўсклiкнуў: Адыдзi ад мяне, сатана!

Але я засьмяяўся i сказаў: Я ня той, з кiм ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я iншы анёл, якi ведае iсьцiну.

Iсьцiна, сказаў ён, у Богу.

Як часта, сказаў я, чуў я ўжо гэта. Але iсьцiна вiдна таму, хто хоча бачыць, i таму, хто хоча думаць, яе можна дасьледаваць. А ты сядзiш на сваiм троне й ня бачыш, i суцяшае цябе недасьледвальнае.

I вось нарэшце спытаўся ён: Чаго ты хочаш наогул?

I я адказаў: Я хачу, каб ты быў, кiм павiнен быць.

Калi я даваў маiм вучням ад цела майго, сказаў ён, i ад крывi маёй тым, што любiлi мяне, ты сядзеў каля мяне, схiлiўшы галаву мне на грудзi. Чаго яшчэ магу я даць больш, што ўжо даў, i як больш павiнен адпакутаваць, чым ужо адпакутаваў?

Рабi, адказаў я, я хачу, каб ты ўбачыў, што бачыў я ў царстве, якое прыйшло пасьля цябе, каб пачуў, што я там чуў, i зьведаў, што я зьведаў пра яго структуры.

I вось засланiў ён рукамi твар. Пасьля авалодаў сабою i сказаў: Я ўзяў вiну грэшных чалавекаў на сябе й гэтая вiна адкуплена маёю ахвяраю, але дзе такое сказана, каб я адкупаў сам грэх?

Рабi, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыi, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваiх. I ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлiвасьцi. I ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў i што сказаў. Але для сотняў тысяч, якiя падушылi адзiн аднаго, калi ты прапаведаваў з гары, цяпер iх сотнi разоў па сотнi тысяч. Яны прагнуць багацьця i жонкi суседа, распусьнiчаюць i апiваюцца й жаруць сваiх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. I кожны зь iх кожнаму iншаму вораг, яны цiкуюць адзiн за адным i прадаюць адзiн аднаго, замыкаюць адзiн аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамi, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць i катуюць адзiн аднаго да сьмерцi, i ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робiцца ў iмя любовi й дзеля дабра народам. Яны нiкчэмняць i зьнiшчаюць скарбы зямлi, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, i многiя мусяць пляжыцца дзеля нямногiх i таму памiраюць раней часу. Нiводзiн меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, нiводная дзiда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сiлы сусьвету й робяць зь iх да самага неба грыбы з агню i дыму, у якiх усё жывое робiцца попелам i ценем на сьцяне.

Калi я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; i была вялiкая цемра вакол нас, i толькi на iм пакоiўся маленькi праменьчык сьвятла.

Рабi, сказаў я, ты чуў мяне?

I тады быў голас, якi прамовiў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзiць жывых i мёртвых, i ён пашле сваiх весьнiкаў-анёлаў, i яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; i тады будзе лямант i скрыгат зубоў, а праведнiкi будуць сьвяцiцца, як сонца, перад Госпадам.

I калi гэта будзе? хацелася мне ведаць.

Рабi, здавалася, пракiнуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.

Я нiчога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.