6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 27

Перачытваючы пасьля свой сьпiс, Айцэн думае, што там яшчэ не хапае духу рупнасьцi й строгага адмежаваньня ад ерасi й што ён зусiм не павiнен баяцца называць iмёны й гаварыць адразу пасьля хрысьцiнаў i прычасьця, бо цi ж не пакоiцца ўся будоўля сьвятой царквы й яе службiтоў на тым, што толькi яны адны, у сiлу свайго паклiканьня, могуць ставiць перад сабою задачу ачышчэньня дзетак ад спадчыннага грэху й расказваць пра ператварэньне хлеба й вiна ў iншае, Божае цела й кроў? Iнакш бо любы ератык мог бы дайсьцi да таго й кожны парафiянiн, ня прысьвечаны ў тайнасьць i не рукапаложаны, мог бы адчынiць сваю кiрху.

I пiша: Але ў сувязi з тым, што нашым часам хiтры сатана ўзбуджае ўсемагчымыя агiдныя i аблудныя кламствы пра найвышэйшыя ўстанаўленьнi нашага хрысьцiянскага вучэньня i рэлiгii, я (iмя так i так) прысягаю; па-другое: фальшывыя дактрыны ўсiх тых, што ўхiляюцца ад iсьцiнаў вышэйназваных сьвятых пiсаньняў, сымболя веры, confessiones i Catechismi, асаблiва ж iлжэвучэньнi богаадступных цьвiнглiянаў, кальвiнiстаў, фанатыкаў тайнасьцяў i перахрышчэнцаў, якiя адмаўляюць неабходнасьць i сiлу сьвятога хрышчэньня й прысутнасьцi Хрыста пры выдзяленьнi й прыманьнi ягоных сапраўдных дзейсных цела й крывi ў сьвятой эўхарыстыi й якiя такiм чынам разбураюць адзiнства веры й ўводзяць у аблуду простых людзей, я абавязуюся з сапраўдным дбаньнем ненавiдзець, асуджаць i праклiнаць.

Гэта, радасна думае ён, ёсьць мова, якую яшчэ яго настаўнiк, добры доктар Марцiнус, так магутна скарыстаў i яна, як удар плёткай, для леных сэрцаў i прыдатная, каб навучаць гераў pastores, як сёньняшнiх, так i будучых, баяцца; таму абавязвае й гэтых прысягнуць таксама, што яны будуць ахоўваць давераныя iм парафii ад такiх аблудаў i не пацерпяць, каб хоць адзiн хто з даверанага статку прыляпiўся да богамярзотнага гурту цi сэкты.

I калi цяпер, руплiва ўсё гэта запiсаўшы, ён перачытвае ўсё яшчэ раз, здагадваецца раптам, якую сiлу дасьць гэтая прысяга яму як судзьдзю, якi вырашае, каму належаць да праведнiкаў, а каму да лiхамысьнiкаў; i каб гэта таксама занатаваць дакладна, дадае яшчэ адно ўказаньне сьвецкiм уладам што да падтрымкi духоўннага пастуха, i пiша, дробненькiмi лiтарамi, бо ўжо й месца мала на аркушы: У заключэньне я прысягаю, што буду ў поўнай вернасьцi й паслушэнстве хрысьцiянскаму загаду й мандату Яго сьветласьцi князя герцага Адальфа, нашага лiтасьцiвага валадара, i буду кiравацца разам зь Сьвятым Пiсаньнем i Аўгсбургскiм веравызнаньнем толькi хрысьцiянскiмi царкоўнымi парадкамi княства Шлезьвiг-Гольштэйн. I ў якасьцi маргiналii ўнiзе на полi лiста надрапаў: На ўсё гэта прысягаю бяз усякага фальшу й хiтрыны з добрым сумленьнем, i хай дапаможа мне Бог. Аман.

Герцаг, высокапастаўленай асобе якога тайны радца Лёйхтэнтрагер складае новую прысягу, у вышэйшай меры задаволены ёю i распараджаецца без адкладу абвясьцiць яе ў герцагстве Шлезьвiг i ўсюды, куды сягае яго валоданьне, i гер тайны радца тонка ўсьмiхаецца й кажа свайму прыяцелю Паўлю, што будаўнiцтву царства божага ў Шлезьвiгу пад дабрадайнай дыктатурай яго супэрiнтэндэнта больш нiчога на дарозе не стаiць. I як што выяўляецца фактычна, што геры pastores i такiя, якiя iмкнуцца да пасады, усе разам прысягнуць новай прысягай, надрукаваныя formularia з пячаткай i подпiсам трэба тэрмiнова адаслаць назад супэрiнтэндэнту, каб вернасьць i вера былi зарэгiстраваныя афiцыйна. I толькi пры гэтым сапраўды пачнецца здаровае супернiцтва сярод духавенства: хто верне больш заблудных авечак у статак альбо хто хутчэй дасьць належным органам патрэбнае ўведамленьне пра таго, хто яшчэ трывае ў богамярзотных вучэньнях, каб начальствы маглi прыняць строгiя меры ў адпаведнасьцi з законам. Асаблiва ў Эйдэрштэдшэне, дзе ў вялiкiм мностве асялiлiся нiдэрландцы, бо дома яны перасьледавалiся б папiстамi, наладжваецца вясёлае паляваньне; была й ёсьць старая iсьцiна, што, як лiсы й ваўкi хвалююць быдла ў хляве, так i чужынцы прыносяць у дом неспакой; i праслухоўваюцца ўсюды заезды й рынкi й нават дамы, цi не вядуцца там мудроныя гамонкi, цi не завялiся там кнiжкi Давiда Ёрыса альбо Мэна Сiманса й iм падобных пярэхрыстаў-ератыкоў i iлжэпрарокаў, цi не праводзяцца там тайныя зборнi iншадумцаў; i гер пастар старанна ўсё натуе й пiша даклад, хто па добрай волi хрысьцiць сваiх дзетак, а хто не, як часта той цi iншы ходзiць у кiрху, як слухае там казанi, цi рэгулярна прычашчаецца ад цела Хрыстовага. Але сярод людзей шырацца страхi, бо колькi таго часу прайшло, а ўжо ўсплываюць жывыя ўспамiны пра тое, як палiлi на попел пярэхрыстаў-ератыкоў, некаторых нават прывязвалi да слупоў i падсмажвалi альбо рвалi распаленымi абцугамi, а каторых душылi й расьсякалi альбо вешалi на дрэвах, альбо кiдалi ў глыбокiя ямы да пацукоў i нечысьцi, дзе ў iх адгнiвалi ногi.

Дзе рупнасьць з аднаго боку й страх з другога, там ня можа ня быць посьпеху. Як трусы ўвосень, так у Шлезьвiгу будуць выкураны зь iх нораў мэнанiты й давiд'ёрыты; геры пастары й пробашчы дакладваюць тут пра аднаго, там пра другога й пра самых зацятых спрэчнiкаў сярод iх, сьвятар Мумзэн з Ольдэнворта й ягоны cоnfrаter Молер зь Цёнiнга выганяюць кожны тузiнамi тых, якiя ня хочуць прызнаваць, што чорт сядзiць ужо ў толькi што народжаных i таму iх трэба хрысьцiць як мага хутчэй; яны ў адзiн голас заявiлi, што праз добрыя ўгаворы й застрашэньне вечным пракляцьцем яны вярнулi многiх грэшнiкаў да правiльнай веры, а рэшта зацiнаецца ў д'ябалькiх iлжэвучэньнях, i тут трэба, каб самы моцны з нас, сам гер супэрiнтэндэнт прыйшоў парахавацца зь iмi.

Гэта, прызнае Айцэн, знак неба. Будзе дадзены добры прыклад, будзе й духоўны суд, вядома, зь сiлай сьвецкiх начальстваў на заднiм плане, але цяпер справа гэтая будзе праходзiць iнакш, чым колiшняя дыспутацыя з жыдамi, тут ўжо нiякi Агасфэр ня стане ўпоперак, тут адразу, прыпаўзуць ератыкi да крыжа цi не, а справа будзе боская, i будзе знак усiм у герцагстве й далёка за яго межамi, што ёсьць тут нехта, менавiта ён, супэрiнтэндэнт Паўлюс фон Айцэн, якi захiсьне Лютэрава слова такiм, якiм яго прапаведаваў добры доктар, аслонiць яго ад любых ухiлаў i цкаваньняў.

Калi ён дакладвае план свайму прыяцелю, тайнаму герцагскаму радцу Ёганэсу Лёйхтэнтрагеру, той пачэсвае гарбок, той як заўсёды лёгенька ўсьмiхаецца, крыху мо больш коса, i кажа, што гэта была б капiтальная штука - зладзiць такi працэс, уключаючы абвiнавачваньне, допыт i асуджэньне вiнаватых, гэта быў бы йстотны ўклад у стварэньне таго парадку, якi патрэбен для працьвiтаньня дзяржавы, i ён сам перагаворыць з высакародным i шматшаноўным Каспарам Гоерам, шталерам i прэфэктам герцага ў Эйдэрштэдшэне, каб ён ўсё падрыхтаваў, каб слуханьне магло адбыцца неўзабаве ў горадзе Цёнiнгу, дзе, дарэчы, падаюць вельмi смачных крабаў i выдатнае пiва.

З Шлезьвiга да Цёнiнга вядзе прыгожая, хоць i калдобiстая дарога, i сонца сьвецiць на павясноваму чыстым небе, i Айцэну, хоць ужо й ператрэсла ў карэце ўсе вантробы, але вельмi премна на душы, як толькi можа быць прыемна чалавеку, на чыiм баку разам з адзiна правiльным i шчасьцедайным вучэньнем яшчэ й палiцыя. I герцагаў шталер i прэфэкт, шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер, якi чакае яго ў двары Цёнiнгскага замачка, таксама чалавек, зь якiм можна зварыць кашу, хоць геру шталеру менш за ўсё абыходзiць, як хрысьцяць i прычашчаюць дзяцей, але калi ўжо яго начальнiк, герцаг, здаецца, аднаго разу паверыў, што чалавечае шчасьце й дабрабыт дзяржавы залежаць ад падобнага роду царкоўных штучак, i паколькi ён, Каспар Гоер, хацеў бы ў будучым спакойна спажываць сваiх вугроў i смажаную сьвiнiну, да таго ж i шкляначку добрага вiна цi хоць бы й пiва, дык ён загадаў увязьнiць у Цёнiнгскай вежы Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса, гэтаксама як i Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса, большасьць iх з Ольдэнворта, астатнiя з Тотэнбюля i Гардзiнга, i дзеля асьцярогi на ўсякi раз канфiскаваў iхняе быдла й барахло, каб, калi яны будуць асуджаны, было нешта, на што герцаг мог бы накласьцi руку.

Усё гэта й тое, што ён, шталер i прэфэкт Iх герцагскай мосьцi, уласнай пэрсонай будзе сядзець на судзе над ератыкамi, Айцэн дазнаецца ад шматшаноўнага й высакароднага Каспара Гоера падчас iхняга шпацыру да гаванi, а было iх двох гераў салiднага ўзросту, у поўным суладзьдзi памiж сабою i зь сьветам, дзе яны глядзелi, як рыбакi выцягвалi на бераг улоў, - прыгожыя тоўстыя рыбiны ўсiх вiдаў i цэлая плойма розных сьлiмакоў i крабаў, якiя, добранька пачышчаныя i вылушчаныя, пад адпаведна моцным соўсам - чыстае разьядзеньне.

Прыемны настрой трымаецца яшчэ й на ранiцу, калi Айцэн выпраўляецца ў штатгальтарства, дзе павiнен засядаць суд; занач ён глыбока i ўсмак выспаўся, часткова ад вiна й вострай вадзiцы, сервiраванай яму шматшаноўным Каспарам Гоерам, а часткова i галоўным чынам таму, што яго добрае й чыстае сумленьне гэта лепш за ўсякiя мяккiя падушкi. Не, ён не ненавiдзiць усiх гэтых Катэ й Шыпераў i Петэрсаў, i як там яны яшчэ завуцца, хутчэй за ўсё, калi толькi яны акажуць згоду вярнуцца на дарогу правiльнай веры, а ён глядзiць на iх вачыма пастуха, якi знайшоў сваiх згубленых авечак на небясьпечным схiле, ён ставiцца да iх зь любоўю, але ж i з клопатам i спагадай, бо вось жа яны ў два рады пад аховай узброеных шталеравых галаварэзаў-палiцыянтаў, а справа й зьлева ад iх, адкiнуўшыся на зручных крэслах, pastores Мумзен i Молер i iншыя духоўныя геры, якiя прыйшлi, каб павучыцца ў свайго супэрiнтэндэнта абыходжаньню зь ератыкамi. Абвiнавачаныя, праўда, выглядаюць менш умiратворана: цёмная вежа прыбледнiла iм твары, здаецца, яны нават мерзнуць, пацiраюць сабе локцi, нацёртыя занадта кароткай вяроўкай.

Шматшаноўны шталер i прэфэкт на сваiм судзьдзёўскiм крэсьле нахiляецца да Айцэна, якi ў якасьцi iнквiзытара сядзiць леваруч i крыху нiжэй пад iм, i шэпча яму, што, калi дойдзе да допыту, хай ён, калi хоча, крыху падцiсьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасiна найперш, такая далiкатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянiнай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пiсару, загадвае агалошваць iмёны абвiнавачаных, цi на месцы кожны, i цi ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвiнавачаньне. У рэдагаваньнi яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й вiдаць з тэксту, якi кiшыць рознымi пабожнасьцямi i ў якiм абвiнавачаным пастаўлена ў вiну ня толькi ўхiленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усiх iх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьцiянску сур'ёзна папярэджвалi iхнiя душарадцы; яны, аднак, тым больш упарцiлiся i зацiналiся ў сваiх заблудах i адмаўлялi сьвятое хрысьцiянскае хрышчэньне дзяцей.

Як толькi закончылася чытаньне, шталер пытаецца, цi ня выкажацца каторы альбо каторыя з абвiнавачаных што да сутнсьцi абвiнаваўчага акта, можа, нават хто хацеў бы выказаць сваё раскаяньне; калi хоча, калi ласка, зрабiце гэта да таго, як пачнецца апытаньне. Падымае руку Клаўс Петэр Катэс, якi быў як бы галоўны сярод iх, i заяўляе, што ўсе яны простыя людзi, а менавiта сяляне й рамесьнiкi, нават адзiн зь iх майстар-шпалернiк, таму не такiя ўвiшныя ў прамовах i аргумэнтацыях, як вучоныя геры, хоць ужо ж такi ведаюць слова Бiблii, але лепей было б, каб за iх сказаў слова нехта зь iхнiх прапаведнiкаў, калi ўжо заходзiць пра сэнс i значэньне апошняй вячэры Хрыста цi пра спадчынныя грахi; а таму яны сьпiсалiся са сваiмi братамi менанiтамi ў Галандыi, каб прыслалi каго такога, хто паслужыўся б iм тут адвакатам у духоўных справах, i iм было абяцана, што пашлюць такога iм на падтрымку; вучоны муж яшчэ ўчора меўся прыбыць, але самае позьняе - сёньня; таму яны просяць некалькiх гадзiн адкладу да прыбыцьця iхняга абаронцы.

- Што! - абураецца Айцэн, бо ўжо адчувае, што шэрсьць на iм закурэла, як тады ў Альтоне. - Цi не дастаткова гэтых ухiлак i выкаўзак абвiнавачаных, якiя хочуць ў асьвечаных i ардынаваных службiтоў царквы й высокiх начальстваў адабраць права, на якiм трымаецца ўся боская пабудова, такiмi сваiмi субверсiўнымi намерамi? Яны яшчэ маюць прывалачы нам сюды ў герцагства галоўнага й вярхоўнага ератыка, каб дыспутам i цяжкасьцям канца ня было? Альбо, можа, яшчэ загадаеце прывесьцi яго ў суд як expertum legis divinae. Мы самi тут разьбiраемся дастаткова ў справах Божых i нам не патрэбна нiкога адкуль бы там нi было збоку, каб павучаў нас, а ўжо зь Нiдэрландаў, дзе праклятая ерась цьвiце й пахне, стакроць не й не.

Аднак шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер кладзе палец на тоўсты падбародак i рашае, што, зрэшты, ня будзем пазбаўляць абвiнавачаных права й зь iхняга боку запрасiць сьведак; калi тыя сьведкi вызнаюць такiя самыя аблуднасьцi, што й абвiнавачаныя, яны павiнны быць гатовыя трактавацца судом з такой самай строгасьцю, як i гэтыя; ва ўсiм астатнiм тэрмiны працэсу цьвёрда ўстаноўлены й ня могуць быць перасунутыя, пакуль там недзе памiж Амстэрдамам i горадам Цёнiнгам перакоўваюць закульгалага каня альбо мяняюць восi ў калёсах.

- А цяпер шаноўны гер superitendent, - завяршае ён, - задавайце Вашыя пытаньнi абвiнавачаным, каб гэтыя сваiмi адказамi маглi выявiць, цi трымаюцца яны сваiх iлжывых вераваньняў альбо цi не хацелi б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскiм веравызнаньнi, i да гольштайнскага царкоўнага парадку.

У поўным даверы да сiлы Гасподняй, якая коней робiць кульгавымi й ламае восi ў калёсах галандзкiх iлжэпрапаведнiкаў, пачынае Айцэн свой допыт, хiтра плануючы пры гэтым паступова перайсьцi ад агульнага да спэцыфiчнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкi павiснуць-такi ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкi. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусiм не адказаваюць i нават заяўляюць, што нiхто не саштурхне iх убок зь iхняй веры, нават гер супэрiнтэндэнт не саштурхне, як бы на iх нi напiраў.

Такога роду супрацiў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным i шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвiнавачаных, але й супроць яго, якi гэта церпiць. I ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькiя ўмаўленьнi; яго прапаведнiкi мусяць сагнуцца, як i гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, i так зрабiў для абвiнавачаных многа, калi павёў iх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пiсаньня i сутнасьцi нашага Госпада Iсуса Хрыста, да чыстых крынiц веры; цяпер яны будуць мусiць альбо напiцца, альбо ўтапiцца. Яны павiнны будуць прызнаць i згадзiцца з хрышчэньнем i тайнасьцю эўхарыстыi, як i iншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якiх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падымiся, наморшчы лоб i пытайся ў абвiнавачаных, ad primum, цi ўсе людзi, за выключэньнем Хрыста, зачатыя i народжаныя ў спадчынным грэху i, вынiкам, цi ўсе яны дзецi зла, - так альбо не?

Катэс адчувае, што ўсё пастаўлена на руб i што той у сваёй чорнай хабiце ўчапiўся i больш ня выпусьцiць з лап сваiх пытаньняў. Таму кажа:

- Мы не разумеем, чаму мы ад Адама павiнны быць грэшныя, i мы ня можам прызнаць, што былi зачатыя ў грэху. На дзетках няма нiякага грэху, каб яны мелi ўшчэрб у сваёй шчаснасьцi. Таксама й тое, што хвароба й сьмерць павiнны йсьцi ад грэху, застаецца нам незразумелым; гэта так у прыродзе, а чалавек пастаўлены ў прыроду як Адам i Ева.

- Ерась, праклятая ерась, - заяўляе Айцэн i чакае, пакуль судовы пiсар надзейна запiша гэта на паперу. Пасьля, на бэнэфiс шматшаноўнаму геру шталеру й каб ён, як недасьведчны парафiянiн, таксама зразумеў, пра што тут iдзе, ён пытаецца, ad secundum, цi ня прызнаюць усё-такi абвiнавачаныя, што малых дзяцей трэба хрысьцiць i што хрышчэньне iм карыснае й патрэбнае, - так альбо не?

- Напiсана, - кажа Катэс, - што мы жывём толькi па веры. Item, толькi той, хто верыць i дзеля веры гэтай хрысьцiцца, той будзе шчасны. А дзетак, якiя пакуль яшчэ ня ведаюць нi дабра, нi зла, нельга хрысьцiць.

- Чартоўшчына, пахiбная i заганная, - дыктуе Айцэн пiсару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвiнавачаных, ad tertium, цi Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, цi праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу вiну, так што мы цяпер адзiна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымi, - так альбо не?

- Калi мы ўсё валiм на Хрыста, - кажа Катэс, - дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павiнны рабiць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымi, i чалавек павiнен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.

- Блюзьнерства, асуды вартае, - канстатуе Айцэн, i пакуль пiсар i гэта акуратненька заносiць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, цi лiчаць абвiнавачаныя, што Iсус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды кармiў нас сваiм целам i паiў крывёю, - так альбо не?

- Хлеб i вiно, - кажа Катэс, - мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам i вiном. Усё астатняе толькi прымхi й папiзм.

- Ерась, д'ябальская ерась! - голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агiдныя ўхiленьнi ад адзiнашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо зусiм такi яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, i таму пытаецца ў абвiнавачаных, зусiм ахрыпла ад пабожнай руплiвасьцi, цi ad quintum, паводле iх сапраўдны хрысьцiянiн можа дзейнiчаць i як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду i ў гэтым сваiм стане цi можа быць шчасным i, ad sextum, цi хрысьцiяне ва ўсiх справах, якiя паводле слова Божага належаць начальствам, павiнны праявiць iм паслушэнства й цi, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаiць у супярэчнасьцi з царствамi сьвецкiмi й сьвецкiмi ўладамi, - так альбо не?

Залегла такая цiшыня, што здавалася, стала чуваць, як шашаль точыць бэлькi штатгальтарства, i ўсе вочы скiравалiся на Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзiрыха Петэрса й Сiверта Петэрса й на Вопа Карнэлiуса й Мартэна Петэрса й Карнэлiуса Сiверса; а ў iх серабрыстыя кропельку поту выступiлi на тварах, бо яны ведаюць, што з усiх пытаньняў гэтае найцяжэйшае, яно выпрабаваньне, i цяпер будзе вынесены вырак i зламана палачка.

- Ну? - кажа Айцэн. - Так альбо не?

I, паколькi нiхто яму не адказвае, ужо хоча прыступiць да вялiкай пагромнай прамовы, якая павiнна стацца для Катэса й яго прысьнiкаў толькi першым форшмакам перад тым, што яны пачуюць на Страшным судзе перад нябесным судзьдзёй, калi раптам як бы самi сабою адчыняюцца дзьверы суда i ў залу ўваходзiць хадайнiчаны абвiнавачанымi ератычны прапаведнiк з Галандыi ў суправаджэньнi захiнутай вуалем жанчыны, якая нават пад сваiмi вуалямi й захiнамi выдае ў сабе выдатныя формы. Айцэну адразу робiцца так, быццам памяшканьне з усiмi асобамi ў iм пачынае павольна, а тады ўсё хутчэй i хутчэй закручвацца, i толькi нянаджаны госьць застаецца ў цэнтры непарушны, тым часам як ягоная суправоднiца адкiдае вуалю, i на яго, супэрiнтэндэнта, глядзяць нахабныя вочы, i пры гэтым грыбаты пунсовы раток зьбiраецца ў трубачку, быццам хоча сказаць: Ба, ты жывы яшчэ, стары кныр!

А прапаведнiк-ератык роўным крокам кiруецца да крэсла шталера, пачцiва кланяецца яму й заяўляе:

- Маё iмя, Ваша высакародства, Агасфэр, Ахаб Агасфэр, i я прыбыў сюды ў Цёнiнг з горада Амстэрдама, даць Вам даведку адносна ўсiх пытаньняў, якiя тычацца веры гэтых мужчын, што стаяць перад Вамi як абвiнавачаныя, каб быць iм для суцяшэньня i дапамогi, наколькi гэта ў маiх сiлах.

Шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер разглядвае чужынца, якi ў сваiм цёмнакарычневым галандскага крою сурдуце выглядае дастойна й дастаткова годнасна, i яму робiцца крышачку як бы несамавiта, i кажа:

- Мэйнгеер, для суцяшэньня i дапамогi яно яшчэ ня позна, а што да апытаньня, дык яно ўжо закончылася.

Агасфэр зноў кланяецца.

- Ваша дастойнасьць, - кажа ён, - добра, пасьля таго як апытаньне закончана, як абвiнаваўцаў так i абвiнавачаных, цi нельга, каб кожны з бакоў падсумаваў i выклаў casus? Наколькi я ведаю, вучоны superintendent быў за тое, каб гэта зрабiць; я толькi прашу дазволiць мне адказаць яму, пасьля таго, як ён закончыць.

- Мэйнгеер, - кажа шталер i запiнаецца, шукаючы трапнай рэплiкi, i ягоны позiрк просiць дапамогi ў Айцэна.

А той толькi што нарэшце апамятаўся. Ён падымае рукi як прарок Сьвятога Пiсаньня, калi той запрашае Бога ў сьведкi, i крычыць:

- Мэйнгеер сапраўды! Мэйнгеер Агасфэр! Гэты дзяцюк ня што iншае, як прайдзiсьвет i ашуканец, рыначны блазан, якi выдае сябе за Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, i яшчэ горш за тое, злачынны дэзертыр з палка Пуфэндорфа, што на службе ў герцага. Хапайце яго! Вяжыце яго! I ягоную шлюху, каб не ўцякла! Шталеравыя палiцыянты - не зь лянiвых, адразу кiдаюцца на iлжэгаландца, i як што гэты адразу хапаецца за кароткую шпагу, высьвiствае яе з скураной похвы, i пачынаецца шум i гвалт перад спалоханымi вачыма гераў pastores, сыплюцца iскры, як гэта й бывае, але перад зграяй не ўстаiць самая высакародная дзiчына, i вось ужо здаецца, гер Агасфэр, шмат разоў паранены, павiнен быў бы ўпасьцi на падлогу, калi памiж iмi кiдаецца Маргрыт, i меч самага дужага з банды, i ўдар, назначаны яму, дастаецца ёй. Айцэн бачыць кроў, якая цячэ па яе белай шыi, рыхтык як тады ў Вiтэнбэргу чырвонае вiно, i ў жудасьцi засланяе твар.

Падняўшы вочы пасьля ўсеагульнага гармiдару й гвалту, бачыць: ляжыць перад iм тое, што засталося ад жанчыны, якую звабiў i спакусiў яго любiмец: драўляны шар, з гусiным крылом на iм замест валасоў i дзiркi замест вачэй i носа й рота, а побач расшкумутаная вязанка саломы, як гэта iх сяляне ставяць у полi, каб палохаць птушак. Але ж i мы з вамi цi ж у канцы таксама ня робiмся толькi попелам i пылам i марнасьцю й д'ябальскiм страшыдлам?

А Агасфэра палiцыянты ўжо вывелi.

РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦЬВЁРТЫ

У якiм герцаг Гаторпскi асуджае Агасфэра на васьмiкротную "вулiцу" са шпiцрутэнамi, а правялебны гер супэрiнтэндэнт адкiдае ад сябе сьмяротную стому, як калiсьцi рабi ад сваiх дзьвярэй, але толькi зь iншых прычын

Што расьлiне спорны дожджык i сонейка, тое чалавеку надзея: ён расьцьвiтае, на шчоках румянец, у валасах моцнасьць, у вачах бляск, i сам сабе здаецца як бы памаладзелым на гады й годы. Так i геру супэрiнтэндэнту Паўлюсу фон Айцэну, - ага бо, нарэшце, думае ён, заброду-жыду зышчацца скураю, а быў жа праклёнам i атрутай жыцьця, i празь яго, жыдавыя, у гэтым ён гатовы пабажыцца, д'ябальскiя чары й змусты, зрэшты, на добры канец прыгажуня Маргрыт абернута ў саламянае пудзiла, якое людзi ставяць на страх птушкам, а была ж упоперак i яму, як пабожнаму хрысьцiянiну й слузе дзяржавы.

Спытаны наконт арыштаванага, ён кажа герцагу, якi яшчэ ляжыць у ложку й сьнедае, а ён, фон Айцэн, i гер тайны радца Лёйхтэнтрагер чакаюць па левы й правы бок ложка, што, вядома, ня можа быць нiякага сумненьня: блазан i рыначны збродзень, якi шлындаўся па ўсёй Еўропе як Вечны альбо Вандроўны Жыд i ўмыкаў у людзей грошы з кiшэнi з дапамогаю прынцэсы Трапезундзкай, i Пуфэндорфаў жаўнер, якi стаяў у службе ў Яго герцагскай мосьцi i ў ягонай сьвiце выправiўся ў галандскi паход, i менанiцкi прапаведнiк-гарлапан, якi ў Цёнiнгу, бы вулiчны маталыга набраўся нахабства бязь нiякага сораму выступiць сьведкам перад Яго мосьцi духоўным судом i перад высакародным i шматшаноўным шталерам герцага й да таго ж яшчэ з дапамогай чорнай магii ператварыў у гароднае пудзiла ва ўсiх адносiнах камплектную i статэчную бабу, - адна й тая самая асоба, а значыцца, подлы дэзертыр, зь якiм трэба абыходзiцца па законах ваеннага часу; гер тайны радца, якi i ў ранейшыя часы шмат разоў сустракаўся з Агасфэрам, таксама можа пацьвердзiць яго iдэнтычнасьць i ягоную ж службовую ролю ў Пуфэндорфавым войску, у якiм прыпiсаны А.Агасфэр пазьней быў аб'яўлены прапалым бязь вестак.

Герцаг папярхаецца на кавалку вэнджанiны й пасьля таго, як, крэкчучы й адплёўваючыся, прачысьцiў горла, патрабуе ад свайго тайнага радцы далажыць, цi ня было б мудрэй прыгрэць такога штукара-чарадзея, замест каб прапускаць яго праз строй; а што да пудзiла, дык у сваiм герцагстве ён ведае процьму баб, якiх, размаляваных i расфуфыраных, хоць цяпер станавi ў любы гарод, так i так яны ўжо пажухлi й перасохлi - на iншы ўжытак негадзяшчыя. Але Лёйхтэнтрагер, зiрнуўшы на Айцэна, аж той жахнуўся, кажа герцагу, што арыштаваны, шчыра кажучы, ня ўтрымлiваецца пад вартай як чарадзей i чарнакнiжнiк; за iм проста прыглядваюць i назiраюць; чалавек сядзiць на ланцугу й гадзiнамi вядзе нейкiя перагаворы зь нейкiм рэбэ Ёшуа, гэта жыдоўскi назоў нашага Iсуса.

Герцаг Адальф палохаецца: ад чалавека, якi мае такiя сувязi й зносiны, лепей трымацца далей, хай iм займаецца супэрiнтэндэнт; але Айцэн раiць прыняць справу так, якою яна бачыцца цьвярозаму воку, чалавек быў у войску й больш ня ёсьць, дзе былi б тыя войскi на княскiя войны, калi б кожны ўцякаў зь iх, калi яму засьвярбiць? Такое абгрунтаваньне, думае герцаг, нязгорш-такi, i ён бурчыць, што ж хай Агасфэр будзе прапушчаны праз строй iншым на пострах i геру супэрiнтэндэнту на ўцеху. I як што герцаг ужо дасьнедаў, пiва дапiў, ён кiвае слузе, i той прыносiць яму тазiк, ён абмывае рукi, доўга й грунтоўна, i кажа:

- Вы пазналi яго, Айцэн, i назвалi яго й паказалi на яго пальцам, дык глядзiце ўжо самi, як яно там далей.

Калi гер супэрiнтэндэнт чуе гэта, яму робiцца млосна на сэрцы, ён азiраецца на прыяцеля Лёйхтэнтрагера, цi не паможа ён яму й цяпер; але вочы ў таго як мармур, а твар як ляднiк, i калi ён пытаецца ў герцага, колькi ж разоў прапусьцiць Агасфэра праз строй, два разы, чатыры разы, восем разоў, i герцаг, цяпер ужо знуджаны, кажа восем разоў, Айцэн ведае, што гэта сьмяротны вырак. Але адначасова таксама думае, ну, вось цяпер i выявiцца: сапраўды Агасфэр Вечны Жыд цi не й цi праўда ён асуджаны нашым Госпадам Хрыстом жыць да яго канчатковага вяртаньня, яму ўсё адно ў такiм разе нiчым не абыдзецца, акрамя добрай лупцоўкi; калi ён сапраўдны шавец i цёмны дзялок i махляр, якi пасьвiўся на людзкой даверлiвасьцi ды яшчэ й з Маргрэт вычвараў, што вычвараў, пакуль яна не ператварылася ў саламянае пудзiла, дык так яму й трэба, дык i не заслугоўвае нiчога iншага, як быць забiтым кiямi да сьмерцi. Супакойваючы такiм чынам сваё сумленьне, цi што там яшчэ замест яго ён носiць у грудзях, ён наступную ноч цiхамiрна сьпiць, пасопваючы каля сваёй жонкi Барбары, i як што яна адчувае пад ранiцу замiлаванасьць i адпаведна дае яму цыцы й чагосьцi яшчэ, гэта яму амаль удаецца; але як толькi яна пачынае варочаць кашчавымi клубамi й яго ўжо добра разьбiрае, ён думае, што й на яе шыi нiбыта бачыць крывавае колца, i спалохана адсоўваецца й садзiцца на ўскрайку ложка ў нагах, трасучыся i трымцячы й закацiўшы вочы; а яна думае, што яму заклiнiла штуку, i пытаецца:

- Як там у цябе, усё як сьлед, Паўль, яшчэ здаровы, i на сваiм месцы, Паўль?