6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Служба: А ў кватэры?

Гiрш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госцi кажуць, што нiчога не чулi, нi стрэлу, нi выбуху. Яно канечне, вонкi ж быў феерверк, грукату хапала.

Служба: Што яшчэ вартага ўпамiнання?

Гiрш: На стале ляжала запiска, шрыфт нейкi вельмi ж дапатопны, цяжка прачытаць.

Служба: Яна ў вас? Паспрабуйце прачытаць.

Гiрш: З Богам - маiм - узыходжу - на - мур. I пад гэтым напiсана: Псальма 17, двухкроп'е, 30.

Служба: Значыца, усё-такi ўцёкi. Адкуль вы тэлефануеце?

Гiрш: З кватэры на Ляйпцыгерштрасэ.

Служба: Госцi яшчэ на месцы? Вазьмiце ў iх прозвiшчы i адрасы i скажыце людзям, каб нiчога нiдзе не гаварылi пра здарэнне. I вы i таварыш - як вас? -Рудэльман? - каб i вы не распускалi язык. Служба сама паклапоцiцца пра далейшае. Канец.

Ранiцай 1 студзеня 1981 г. мне была пададзена сраваздача пра здарэнне, i я прыняў меры. Улiчваючы магчымыя ўскладненнi, я асабiста правёў некаторыя допыты.

Гутарка з грамадзянкай Г.Байфус у iх кватэры, як i грунтоўны агляд яе (фотаздымкi кабiнета З.Байфуса i пашкоджанай знешняй сцяны прыкладзены) далi не большы вынiк, чым паведамленне обермайстра палiцыi Гiрша. У пакоi не выяўлена нiякiх прыкметаў барацьбы. На маё пытанне ў сувязi з гэтым фраў Г.Байфус паказала, што пакой не прыбiраўся i ў iм не рабiлася нiякiх перастановак, толькi дзiрка ў сцяне была занавешана кiлiмам, каб занадта не задзiмала халодным ветрам. Шукаючы мужа, яна першая зайшла пасля поўначы ў пакой, убачыла дзiрку i ўстанавiла выразна непрыемны пах, прыкладна як бы серны, але менш рэзкi. У той час, як яна ведала, усе госцi яшчэ былi ў поўнай колькасцi, 18 запрошаных, у большасцi мужавыя калегi па працы з жонкамi цi сяброўкамi, i iншыя, дакладную колькасць якiх яна не магла ўспомнiць дакладна, прыведзеных, як гэта водзiцца на Сiльвестар гасцямi з сабою; сам муж прывалок з сабою нейкiх двух замежнiкаў, яшчэ паполуднi i замест таго, каб ёй i дачцэ Урзуле дапамагчы ў прыгатаваннях да вечарыны, выправiўся з iмi ў кабiнет, замкнуўся i доўгi час бурна i гучна там дэбатавалi; пазней, праўда, адзiн з iх, такi невысокi кульгавы гарбун, выказаў вялiкую гатоўнасць дапамагчы ў гарнiраваннi блюдаў i ўладкаваннi буфета, раптам даў 6 пляшак вiна, вiно аказалася для прысутных дам надзвычай узбуджальным, сама ж яна з таго, на жаль, нiчога не спажыла; апрача таго гер захапляў незвычайнымi картачнымi трукамi i па тых жа картах многiм з гасцей вычытаў iх мiнулае i будучае.

З паказанняў прысутных на вечарыне гасцей толькi адзiн таварыш Якш даў звесткi, якiя маглi б пралiць дадатковае святло на знiкненне З.Байфуса. Пратакол прыкладваецца.

Маё iмя Якш, Вiльгельм, д-р фiл., нар. 3 верасня 1944 у Пазэвальку, праж. 117 Берлiн, Шнэевiтхенштр. 23. Я навуков. супрацоўнiк Iнст. навуков. атэiзму i яго прэс-рэферэнт, член партыi.

Ужо на пачатку 1980 г. я заўважыў пэўныя анамалii ў паводзiнах кiраўнiка iнстытута праф. д-ра Dr. h. c. З.Байфуса, неспакой i няўпэўненасць, якiя паяўлялiся ў сувязi з пэўнымi навуковымi пытаннямi, i паступова набывалi ўсё большы аб'ём. Увосенi 1979 г. З.Байфус апублiкаваў кнiгу "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", якая, як i большасць яго публiкацый, складалася з часткова пераробленых дакладаў членаў яго калектыву; толькi раздзел "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" належыць ягонаму пяру i грунтуецца на пошуках i даследаваннях. На прадмет гэтага Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, якi меў iмя Агасфер, пачаў iзраiльскi грамадзянiн праф. Ёханаан Лёйхтэнтрагер працяглую перапiску з З.Байфусам, у ходзе якое апошнi высноўваў усё новыя i новыя тэорыi пра рэальны змест Агасфер-вобраза, тым часам як праф. Лёйхтэнтрагер сцвярджаў, што ў свой час пракляты Iсусам яўрэй сапраўды жыве больш як 1900 гадоў i сёння ўпраўляе абутковай лаўкай у Ерусалiме. Пры нагодзе службовых гутарак з З.Байфусам, якiя, праўда былi ўсё радзейшыя, я выклаў свой пункт погляду, паводле якога iзраiльскi прафесар альбо звар'яцеў, альбо збiраўся прафанiраваць нас i наш iнстытут; пазней ў мяне з'явiлася падазрэнне, што тут можа заходзiцца пра план тайных службаў i праз наш iнстытут яны хочуць пранiкнуць у рады навукоўцаў ГДР i разлажыць iх, i я своечасова паiнфармаваў адпаведныя органы. Мне вядома, што З.Байфус у сваёй якасцi кiраўнiка iнс. нав. атэiзму папярэджваўся з боку Мiн. выш. i прафесiйнай школьнай адукацыi пра дзейнасць Ё.Лёйхтэнтрагера i А.Агасфера i яму было прадпiсана паведамiць апошнiм, што вiзiт з iхняга боку ў сталiцу Рэспублiкi непажаданы.

Таму хто апiша маё здзiўленне, калi З.Байфус ранiцай 31 снежня сказаў, што мiстэры Агасфер i праф. Лёйхтэнтрагер знаходзяцца ў Берлiне i на працягу наступнай гадзiны наведаюць яго ў нашым iнстытуце; мая прапанова дазволiць мне прысутнiчаць пры магчымай гутарцы, бо я ж таксама займаўся матэрыяламi i неаднаразова гутарыў пра гэта з З.Байфусам, была iм энергiчна адхiлена; ён здольны, заявiў ён, свае навуковыя погляды прадстаўляць i без маёй дапамогi. Ключ, значыцца, ляжыць недалёка, i З.Байфусу не было патрэбы мець сведкаў таго, што ён меўся абмяркоўваць з двума iзраiльскiмi грамадзянамi. Але ён не змог перашкодзiць, каб я ўвечары 31.XII. з нагоды сустрэчы Новага года, якую ён i яго жонка ладзiлi для сяброў i супрацоўнiкаў i на якую ён прывёў абодвух, пазнаёмiўся з iмi персанальна.

Маё ўржанне ад праф. Лёйхтэнтрагера як i мiстэра Агасфера было, трэба думаць, неспрыяльнае. Праф. Лёйхтэнтрагер не саромеўся цалкам выкарыстоўваць цiкавасць, якую ён як госць з заходняй загранiцы, нягледзячы на сваё калецтва, выклiкаў у дам; А.Агасфер здаваўся хутчэй сумным, калi спрабаваў заiнтрыгаваць прысутных не сваiмi гiстарычнымi ведамi, якiя мне, праўда, месцамi здалiся сумнiўнымi. На маё адносна гэтага пытанне А.Агасфер заявiў, што персанальна ведаў рэбэ Ёшуа альбо па-грэцку Iсуса, i паказаў мне, вiдаць, у доказ свайго сцвярджэння, рымскую манету, адну з трыццацi, як ён сказаў, што былi выплачаны Юду Iскарыёту за тое, што ён выдаў рабi тагачасным уладам. Праф. Лёйхтэнтрагер настояў на тым, каб з адной старадаўняй калоды картаў, якую ён насiў пры сабе, вычытаць мне мой лёс; ён прадказаў мне вялiкую кар'еру, што ёсць нiякае не дзiва, бо ў нашай дзяржаве кожны мае светлую будучыню.

Але перад усiм я мог на працягу ўсяго вечара назiраць за кiраўнiком нашага Iнстытута праф. д-рам Dr. h. c. З.Байфусам. Ён быў у стане ўсхваляванасцi, што, можа, i не кiнулася ў вочы iншым гасцям, якiя на працягу мiнулага года не назiралi за яго паводзiнамi, мяне ж яны прымусiлi задумацца, асаблiва калi ён адвёў мяне ўбок, са значэннем падняў сваю чарку i спытаўся: "Якш, што б Вы сказалi на тое, каб мяне чорт забраў?"

Як так? - адказаў яму я. - Вы думаеце, Вы гэтага заслужылi?

На гэта ён захiхiкаў, аж мне мароз па скуры пабег, павярнуўся i пайшоў да праф. Лёйхтэнтрагера, быццам той быў магнiтам, якi прыцягваў яго.

Крыху пазней зазванiлi званы па радыё, госцi пачалi цалавацца, i я пачуў, як фраў Байфус спыталася: "А куды гэта падзеўся мой Зiгi?"

Але праф. З.Байфус знiк гэтаксама, як i два iзраiльскiя грамадзяне Ё.Лёйхтэнтрагер i А.Агасфер.

Подп.: д-р Вiльгельм Якш

У сувязi з гэтым варта адзначыць: перапiска З.Байфуса з Ё.Лёйхтэнтрагерам ужо даўно кантралявалася.

Прадпрынята ацэнка сiтуацыi ў сувязi са знiкненнем (уцёкi?) З.Байфуса; як толькi гэты аналiз паступiць, ён будзе прадстаўлены ў сакратарыят мiнiстэрства.

Аднос. папярэджання З.Байфуса пра грамадзян Iзраiля Ё.Лёйхтэнтрагера i А.Агасфера i пра паступiўшае яму ўказанне з боку Мiн. выш. i праф. школьн. адукацыi тав. д-р В. Якш правiльна паiнфармаваны. Гэта паследавала на падставе прадстаўлення II В i нiжэйпадаванага паведамлення нашых арабскiх сяброў у Бейруце.

САКРЭТНА

Аchab Ahasver located now at 47, Via Dolorosa, Jerusalem, also known as Johannes, Malchus, Cartaphilus, Giovanni Bottadio, Joerg von Meissen, Vassily Blazhenny, longtime Jewish agent. Sepecialty: Ideological penetration. On occasion, subject was observed in the company of one Jochanaan (Hans) Leuchtentrager, said to be a professor at Hebrew University, and may be assosiated with him in secret activities.

Яшчэ ранiцай 1 студзеня былi прынятыя паведамленнi ў сув. з уездам вышэйазначаных А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера ў сталiцу ГДР i iх прабывання ў апошняй. Было праверана таксама ў пунктах перасячэння гранiцы, цi паследаваў выезд вышэйназваных, магч. ў суправаджэннi трэцяй асобы.

Вынiкi праверак адмоўныя. Даклады прыкладваюцца.

Берлiн, 5 студз. 1981 г.

На Ваш тэрмiновы запыт аднос. уезду альбо выезду грамадзян дзяржавы Iзраiль А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера паведамляю, што

1. на iмя памянёных асобаў вiзаў намi не выдавалася,

2. у пунктах перасячэння гранiцы нашымi пастамi нi ўезд, нi выезд памянёных асобаў не зарэгiстраваны, нi асобна нi ў суправаджэннi трэцяй асобы.

Расследаванне аднос. нелегальнага пераходу гранiцы вышэйпамянёнымi працягваецца.

З сац. прывiтаннем

Подп.: Кюнле, кптн.

Мiн. ун. спраў

Берлiн, 7 студз. 1981

Аднос. Вашага тэрмiновага запыту магу Вас паiнфармаваць, што памянёныя Вамi iзраiльскiя грамадзяне А.Агасфер i Ё.Лёйхтэнтрагер нi ў снежнi 1980 г. нi ў першы тыдзень студзеня 1981 г. нi ў якi гатэль альбо месца начлегу ў сталiцы ГДР не звярталiся i намi не рэгiстравалiся.

Натуральна, памянёныя маглi забяспечыць сябе прыстанiшчам у прыватным парадку.

Нашы расследаваннi працягваюцца.

З сац. прывiтаннем

Подп.: Мацман, кптн.

Прэз. народнай палiцыi

Аддз. пашпартоў i рэгiстрацыi

Прыкладзеныя паведамленнi стаяць у яўнай супярэчнасцi з паказаннямi жонкi З.Байфуса Гудрун, а таксама тав. д-ра В.Якша i iншых гасцей, якiя ўсе засведчылi прабыванне А.Агасфера i Ё.Лёйхтэнтрагера ў кватэры знiклага па вул. Ляйпцыгерштрасэ, 61 на вечары 31 снеж. 1980 г., прычым застаецца няясным, да поўначы цi пасля поўначы памянёныя былi iмi бачаныя. Пададзеныя сведкамi апiсаннi асобаў супадаюць, асаблiва ў частцы горба i кульгавасцi нагi Ё.Лёйхтэнтрагера i ягоных картачных трукаў, а таксама тыпова яўрэйскага выгляду А.Агасфера, так што магчыма выклiканыя прыёмам алкаголю альбо iншых сродкаў галюцынацыi ў асобных прысутных здаюцца выключанымi, не кажучы пра рэальна iснуючую адтулiну ў знешняй сцяне 8-га паверха ў доме па Ляйпцыгерштрасэ, 61 з моцна абпаленымi краямi.

Расследаванне Мiн. унутраных спраў (пагранiчная палiцыя) дало дадатковыя адпраўныя пункты. Яны паступiлi з, на жаль, спазненнем. Даклад прыкладваецца.

Берлiн, 12 студз. 1981 г.

У ноч з 31.ХII.1980 на 1.I.1981 прыкладна ў 0.00 гадзiн дзяжурныя на ахоўнай вышцы на ўчастку пераходу гранiцы на Фрыдрыхштрасэ унт. аф. Курт Блюмель i яфр. Роберт Рэкцэ назiралi трох незнаёмых асобаў, якiя рухалiся з рога вулiц Ляйпцыгерштр. i Фрыдрыхштр. на вышынi прыкладна 10 - 15 метраў уздоўж Фрыдрыхштр. у напрамку пункта пераходу гранiцы. За двума з гэтых асобаў цягнуўся агнiсты шлейф (унт. аф. Блюмель падазрае свайго роду соплавую выцяжку), трэцi, сярэднi, нiбыта не меў уласнай цягава-лётнай сiлы i быў транспартаваны астатнiмi двума, пынамс., быў iмi трыманы. Паколькi ў гэты час усё неба было ў выбуховых феерверачных агнях, якiя на Сiльвестар значна ўскладняюць працу памежных органаў, унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ палiчылi, што справа iдзе пра з'яўленне варожай канструкцыi значных памераў. Але неўзабаве яны зразумелi, што мае месца прарыў пагранiчных умацаванняў праз пералёт названай канструкцыi з дапамогай новай тэхнiкi. Яфр. Рэкцэ хацеў адкрыць агонь па аб'екце, але унт. аф. Блюмель стрымаў яго, таму што паводле прадпiсання дазваляецца адкрываць агонь па лятаючых аб'ектах на мяжы ГДР толькi з вышэйстаячага дазволу.

Тым часам тры асобы наблiзiлiся да ахоўнай вышкi i ў лёце абышлi яе, пры гэтым двое з агнiстым шлейфам гучна i рэзка рагаталi, а ў сярэдняга ж быў моцна спалоханы i як бы скажоны болем твар, так што унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ страцiлi дар мовы i пачалi моцна дрыжаць. Як толькi унт. аф. Блюмель прыйшоў да памяцi, ён зрабiў данясенне л-ту Кнуту Ломаеру. К гэтаму часу ўцекачы з Рэспублiкi паспелi ўжо пераляцець памежныя ўмацаваннi i знаходзiлiся на заходнеберлiнскiм баку пункта пераходу гранiцы, адкуль яны з вялiкай хуткасцю скошаным лётам узмылi ўгору, пакуль унт. аф. Блюмель i яфр. Рэкцэ не ўбачылi iх падобнымi да навагодняй ракеты.