6725.fb2 Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Многапаважаны, дарагi гер калега!

Сваiм пiсьмом ад 12 г. м. Вы зрабiлi мне надзвычай прыемную неспадзяванку. Я зусiм не чакаў, што некалькi маiх заўваг сустрэнуць з Вашага боку такую цiкавасць, i мяне перапаўняе зразумелае пачуццё задаволенасцi, калi я даведваюся ад Вас, што Вы падключылi да даследавання справы Агасфера ўвесь Ваш калектыў. На жаль, мы ў гэтай вобласцi, з пункту гледжання, так бы мовiць, нашай плацёжаздольнасцi, вымушаны абыходзiцца больш сцiплымi сiламi.

Тым не меней я спяшаюся дастацца на вышыню Вашых прапановаў, наколькi яны дазваляюць быць неадкладна рэалiзаванымi. Вы знойдзеце прыкладзеныя ў дадатку тры фотаздымкi. Адзiн з iх прадстаўляе гера Агасфера перад будынкам шавецкай майстэрнi на вулiцы Вiа Далароза-Дарозе Смутку; астатнiя дзве выкананы ў традыцыйнай форме, адна en face, вiдаць правае вуха, i адна ў профiль; гэтыя здымкi паходзяць, каб ужо сказаць пра гэта адразу, не з палiцэйскай картатэкi, хоць былi, каб задаволiць Вашыя магчымыя прэтэнзii, знятыя палiцэйскiм фатографам. Пры больш пiльным разглядзе Вы распазнаеце, што зняты несумненна мужчына з характарам, iнтэлiгентны, i - звярнiце ўвагу на рот i вочы! валодае пачуццём гумору; дазволю сабе яшчэ зазначыць, што жанчыны праяўляюць да яго неабыякую цiкавсць, тым болей, што ён малады.

Далей, i зноў следуючы Вашым пабуджэнням, глыбокапаважаны гер калега, я правёў судова-медыцынскае абследаванне гера Агасфера. Яно было праведзена прафесарам Хаскелем Мейеровiчам, кiраўнiком Судова-медыцынскага iнстытута Яўрэйскага унiверсiтэта; прыкладзеная дакументацыя сведчыць, што абследаваная асоба адпавядае канстытуцыi мужчыны прыкладна сарака гадоў i не носiць на сабе нi слядоў значных цялесных траўмаў, нi прызнакаў хранiчных хваробаў. Аналiз крывi даў, праўда, вынiкi, якiя пабудзiлi прафесара Мейеровiча, прыцягнуць да даследавання д-ра Хаiма Бiмштэйна з Радыялагiчнага iнстытута унiверсiтэта. Апошнi змог пацвердзiць, што ў крывi абследаванага фактычна знаходзяцца сляды элементаў радыёактыўных рэчываў з перыядам паўраспаду мiнiмум у дзве тысячы гадоў, што ўказвае на тое, што гер Агасфер можа быць яшчэ старэйшым, чым гэта лiчылася дагэтуль, а не беспасрэдна датычыцца часу нараджэння Iсуса з Назарэта. Адзiн экземпляр падпiсанага абодвума дактарамi заключэння прыкладваецца да матэрыялаў.

Я таксама меў намер напiсаць Вам кароценькае паведамленне з апiсаннем маiх асабiстых назiранняў за падзеямi апошнiх дзён у Варшаўскiм гета i не толькi таму, што мой сябар Агасфер адыграў у iх пэўную ролю, а таму, што такiя факты Вас як грамадзянiна адной з германскiх дзяржаў павiнны асаблiва крануць. На жаль, альбо лепей сказаць, на маё задавальненне, перашкодзiў у гэтым мой iншы абавязак, менавiта - паездка ў Стамбул, дзе, як Вам напэўна будзе вядома, у былым сералi калiфа знаходзiцца архiў Высокай Порты.

Дзякуючы ласцы куратара, прафесара Кемаля Дэнкташа, мне нарэшце было дазволена папрацаваць у архiве, i я знайшоў там, што даўно ўжо шукаў, а дакладней - дакументацыю аднаго працэсу супроць былога радцы iмператара Юлiяна Апастаты. Працэс адбыўся a.d. 364 (у 364 г.), праз год пасля гвалтоўнай смерцi iмператара, i адным з абскаржаных сапраўды быў яўрэй з iмем Агасфер. На жаль, пашкоджаны рукапiс утрымлiвае ў сабе фрагменты абвiнаваўчай прамовы Грэгара Нацыянца, пазнейшага патрыярха Канстанцiнопальскага, у якой апошнi закiдае ў вiну Агасферу, што ён "падкопваў Апастату з мэтай прадухiлення хваляванняў i перавароту, накiраваных на падрыў царкоўнага i дзяржаўнага ладу як у Рыме, так i ў Царстве Божым, падбухторваў хрысцiян да бунту i патрабаваў, каб хрысцiянскiя бiскупы вярнулi ўсё, што яны нарабавалi ў храмах i сiнагогах."

Агасфер меў магчымасць абараняцца; я здолеў, паколькi пергамент у гэтым месцы быў моцна папсаваны, расшыфраваць толькi некалькi фрагментаў з яго выступу, але нават iх толькi часткова. У кожным разе, з расшыфраванага вынiкае, што ён нiбыта заявiў, быццам Iсус, якога шанавалi хрысцiяне, не быў нi сын яўрэйскага бога, нi чаканы яўрэямi месiя, а просты равiн, прадказальнiк i рукапаложнiк, адзiн з тых, што i сёння займаюцца гэтым, а вучэнне, якое практыкуецца ад яго iмя, гэта не што iншае, як малазразумелая мешанiна з таго, што з сябе ўяўлялi самi яўрэi, - гэта даўно асудзiлi i адкiнулi грэкi. А ён, Агасфер, усё добра ведаў, бо знаў Iсуса асабiста i нiбыта сам гутарыў з iм.

Канец дакумента сведчыць наконт пакарання абскаржанага: Агасфер мае быць чвартаваны. Вы i я, паважаны гер калега, згодныя ў тым, што царква на працягу сваёй гiсторыi ўчыняла шмат жорсткiх акцый; як i кожная ўгрунтаваная на догмах арганiзацыя, яна не даруе нiкому, хто хоць у дробязi ставiць пад сумненне яе вучэнне.

Я дапускаю, што вынiкi маiх росшукаў у архiве Высокай Порты Вас асаблiва зацiкавяць, таму што Вы ў Вашай старанна выверанай кнiжцы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання" ў раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" зазначаеце, што легенда ёсць адносна позняя версiя, а iмя "Агасфер" наогул узнiкае толькi ў сувязi з больш познiм iмем шлезвiгскага суперiнтэндэнта Паўля фон Айцэна, пра якого ў некаторых друках пададзены надзвычай сумнiўныя звесткi, нiбыта ён у студэнцкiя гады ў Вiтэнбэргу цi непадалёк ад горада сустракаўся з Вечным Жыдам. Гэты Айцэн мне таксама вядомы як пустагаловы славалюбец, але, як м. iнш. даказвае мая знаходка ў архiве Высокай Порты, гэта нi ў якiм разе не абвяргае ранейшага сведчання на карысць iснавання Агасфера.

Чаму, зрэшты, пытаюся я ў сябе, шаноўны гер калега, Вам не пагадзiцца з думкай, што Вечны Жыд мог быць realiter? Калi адно толькi дапусцiць, што яго наяўнасць магла б быць натуральным феноменам, як з'ява адразу трацiць характар Божага цуду (у хрысцiян), што Вы, натуральна, павiнны адмаўляць, а значыцца, i не можаце выкарыстоўваць ў якасцi доказу боскасцi.

Аддаю сябе ў поўнае Ваша распараджэнне што да далейшых даведак, наколькi яны могуць быць Вам прыдатныя, i застаюся з прывiтаннямi

Ваш адданы калега

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Таварышу

праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу

Iнстытут навуковага атэiзму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлiн

12 лютага 1980

Дарагi таварыш Байфус!

Пасля азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага ўнiверсiтэта ў Ерусалiме мы даручаем Табе працягваць перапiску. Пры гэтым належыць паказаць вялiкую прынцыповую цвёрдасць i паслядоўна прадстаўляць нашыя навукова распрацаваныя i правераныя жыццём пазiцыi. Там, дзе прадстаўляецца магчымасць, трэба таксама адзначаць ролю дзяржавы Iзраiль як фарпосту iмперыялiзму супроць нашых арабскiх сяброў, якiя змагаюцца за сваю свабоду.

З кампетэнтнымi органамi ўзгоднена.

З сацыялiстычным прывiтаннем

Вюрцнер

кiраўнiк галоўнага аддзела,

Мiнiстэрства вышэйшай i прафесiйнай школьнай адукацыi

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem

Israel

14 лютага 1980

Дарагi, паважаны гер калега!

Ваша сяброўскае пiсьмо ад 31 студзеня разам з дадаткам я атрымаў i, з прычыны ўсеагульнай цiкавасцi да яго зместу, гэтым разам таксама правёў узгадненне з маiм калектывам.

Вы пытаецеся, i гэта ўяўляецца мне цэнтральным пунктам Вашага пiсьма, чаму я, г.зн. мы тут у нашым iнстытуце, нiяк не можам пагадзiцца з думкай пра рэальна iснуючага Агасфера, i вы спрабуеце нават, каб запабегчы нашым цяжкасцям, заакцэнтаваць гэтую думку, дадаючы, што вера ў iснаванне Вечнага Жыда не азначае веры ў якiя-небудзь цуды.

Я хацеў бы прынцыпова запэўнiць Вас, што мы ў ГДР наогул не верым у цуды, гэтаксама як i ў духаў, зданяў, анёлаў альбо чарцей. Прызнаць незвычайную доўгажыццёвасць гера Агасфера за факт, азначала б паверыць не толькi ў гэты цуд, але i ў Iсуса, якi нiбыта наканаваў яўрэю заставацца ў жыццi i вандраваць, не маючы спачыну, пакуль ён, Сын Бога, не вернецца i не ўчынiць суд. Як навуковец, вельмi паважаны гер калега, Вы не можаце не згадзiцца з намi, што падобная тэза беспадстаўная.

Што да Вашага доказнага матэрыялу, якi Вы, за што мы Вам шчыра ўдзячныя, прадставiлi нам. Тры фота, гэта Вы прызнаяце, даказваюць сама большае тое, што ў Вас ёсць альбо быў чалавек, знешнасць якога аналагiчная знешнасцi асобы, якая дазволiла зафiксаваць сябе на фоне шавецкай майстэрнi.

Медыцынскiя заключэннi, якiя я дадаткова прад'явiў калектыву ўрачоў Charite, мясцовай унiверсiтэцкай клiнiкi, гэта што заўгодна толькi не доказ вялiкага ўзросту Вашага Агасфера; Вашыя ўласныя, iзраiльскiя ўрачы даюць яму, як Вы кажаце, не больш за сорак гадоў. Толькi аналiз крывi, лiчаць у Charite, гаворыць на карысць Вашага сцверджання, калi не, на што звярнуў маю ўвагу гематолаг прафесар Леапольд Зёнляйн, на карысць толькi магчымасцi, бадай, нават верагоднасцi таго, што расцэненыя Вамi як важнае сведчанне сляды элементаў у крывi абследаванага маглi быць занесеныя ў арганiзм з нейкiмi раслiннымi рэчывамi i шлюзаваныя праз страўнiкава-кiшэчны тракт у кроў.

Я пiшу Вам пра ўсё гэта не з якогась недаверу да Вашага сябра Агасфера альбо ўвогуле да Вас, дарагi гер калега; маiм супрацоўнiкам i мне больш важная навуковая доказная сiла Вашых дадзеных, якая ў выпадку з трыма фотаздымкамi i ўрачэбнымi заключэннямi роўная нулю. Вы апынулiся ў становiшчы, аналагiчным таму, у якiм сваiм часам апынуўся папа Пiй ХII, якi ў сваёй энцыклiцы "Доказы боскасцi ў святле найноўшай прыродазнаўчай навукi" з факту так званага зруху чырвонага колеру ў спектры пазагалактычнай зорнай сiстэмы зрабiў выснову аб пра-выбуху, а з гэтага - пра акт тварэння, а пасля i пра самога творцу. Пры гэтым зрух чырвонага колеру не абавязкова павiнен азначаць бег зорнай сiстэмы ад цэнтра, гэты ўцечны рух, як лiчыць прафесар Фройндлiх, можа грунтавацца i на страце энергii. Справа тут, такiм чынам, якраз як i ў выпадку са слядамi элементаў у крывi гера Агасфера, у неасветленасцi навуковай праблемы, якая, калi б яна ў вынiку аказалася важнай, несумненна будзе вырашана чалавекам. Але дыялектычны матэрыялiзм адхiляе любыя спробы грунтаваць фiласофскiя высновы на пакуль што цалкам навукова-спрэчных гiпотэзах.

Зусiм iншае, калi гаварыць пра Ваша паведамленне з архiва Высокай Порты, якое я прыняў да ведама з вялiкай удзячнасцю. Шкада толькi, што нельга атрымаць фотакопii рукапiсу, бо, як нам вядома, гэты архiў, падобна ватыканскаму, дазваляе рабiць фотакопii толькi ў выключных выпадках. Быў, значыцца, нехта Агасфер, якi быў дарадцам iмператара Юлiяна Апастаты; у князёў заўсёды было пра што параiцца з разумнымi яўрэямi, як i яўрэяў заўсёды цягнула да князёў. Але цi павiнен Агасфер, якi ў 364 годзе быў чвартаваны, абавязкова быць iдэнтычны нашаму шаўцу-гандляру з Дарогi Смутку - Вiа Далароза?

Ставiць пытаннi - азначае адмаўляць iх. У гiсторыi, як Вы гэта ведаеце лепей за мяне, было больш, чым адзiн Агасфер; нагадаю толькi пра цара з такiм iмем у Кнiзе Эстэр, якi, згодна з Бiблiяй, таксама ўжо меў цяжкасцi з яўрэямi. Гер прафесар Вальтэр Бэльц з унiверсiтэта ў Гале пацвердзiў мне, што iмя Агасфер ёсць няўдалае арамейскае выпраўленне персiдскага "Артаксэркс", якое, iмя гэтае, вы маглi б перакласцi як "богам узвышаны", альбо "богам любiмы", карацей, па-нямецку "Готлiб". Не будзеце ж Вы сцвярджаць, што Ваш Агасфер ёсць рэiнкарнацыя персiдскага цара?

Я мушу, паважаны гер калега, падкарэктаваць Вашую заўвагу адносна суперiнтэндэнта Паўля фон Айцэна, якога Вы пазначаеце як "сведку iснавання Агасфера". Я далёкi ад таго, каб абараняць такога зацятага лютэранiна, як Айцэн, але я павiнен сказаць на яго карысць, што ў нiводным з яго пiсанняў, нi ў шматлiкiх лацiнскiх, нi ў "Хрысцiянскiм настаўленнi", у якiм ён разважае пра прадвызначанасць i пра эўхарыстыю, нi ў ягоным зборы казаняў ("Postille"), няма хоць якога нават намёку на сустрэчу аўтара з Вечным Жыдам; у "Гiсторыi царквы ў Шлезвiг-Гольштэйне" Фэдэрсэна, у якой шырока i падрабязна гаворыцца пра Айцэна, таксама нiчога пра тое не паведамляецца. Цi не думаеце Вы, дарагi гер прафесар Лёйхтэнтрагер, што такi пiсучы чалавек, як Айцэн, якi да таго ж яшчэ амаль штонядзелi прапаведаваў асабiста, не ўпамянуў бы такой ўсё-такi напэўна ж даволi хвалюючай сустрэчы i не выкарыстаў бы яе дзеля цiкавага маральна-карыснага ўжытку, калi б такая сустрэча сапраўды мела месца?

Цi не мог бы я напрыканцы свайго вельмi доўгага пiсьма яшчэ дадаць, што Вы забылiся адказаць мне на пытанне нашага прэс-рэферэнта д-ра В. Якша, менавiта, як так сталася, што звычайна такiя ахвочыя да сенсацый заходнiя медыi дагэтуль не занатавалi сабе нiчога пра верагодна сама мала двухтысячагадовага чалавака? Я хацеў бы дэталiзаваць гэта пытанне пасля атрымання фотаздымкаў гера Агасфера на фоне ягонай майстэрнi: Як сталася, што гер Агасфер сам яшчэ нiяк не скарыстаўся з таго факту, што ягоная крама яшчэ i сёння працвiтае на тым самым месцы пры дарозе на Галгофу, дзе ён калiсьцi прагнаў асуджанага Iсуса ад сваiх дзвярэй? Амаль дзве тысячы гадоў той самы гаспадар той самай лаўкi на тым самым месцы - якое яшчэ ў капiталiстычнай краiне прадпрыемства магло б пахвалiцца хоць нечым падобным! З чым я, па-сяброўску вiтаючы Вас, застаюся

Ваш пакорны

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зiгфрыд Байфус

Iнстытут навук. атэiзму

Берлiн, сталiца ГДР