68529.fb2 Кім - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Кім - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Голас. Халдзей вывез дачку за мяжу. Яна ў Кёльне. Мне вылятаць?

Каралёў. Не трэба, адбой. Праблема здымаецца.

Голас. Зусім?

Каралёў. Зусім. Дзякую.

Голас. Зразумела. Ну, а...

Каралёў. Усё, што атрымаў, — ваша... Усё, што ведаеш, — забудзьце.

Голас. Ужо забыліся. Дзякую. Пазваніце — буду рады.

Каралёў. Будзь здароў!

Голас. Бывайце...

Каралёў выключав тэлефон, ходзіць па пакоі, падыходзіць да акна.

Каралёў. А дзень павялічыўся. Ледзь прыкметна, але святлее... I спаць не хочацца.

Дом Юлі і Кіма. Кім сядзіць каля акна. З’яўляецца Юля.

Кім. Мэм, прыстойныя жанчыны заяўляюцца дадому да апоўначы.

Юля. А ты не спіш?

Кім. У мяне заўтра... якое заўтра? Сёння! Кантрольная. Мне трэба падрыхтавацца, а вы мала таго што подла адсутнічаеце дома і прымушаеце мяне хвалявацца, дык яшчэ прыязджаеце пад раніцу і на «мерседэсе».

Юля. Гэта не «мерседэс»! Гэта «аўдзі», а ты... ты бурчыш, як свёкар! Дзеці спяць?

Кім. А што могуць рабіць дзеці а чацвёртай гадзіне ночы? Ой-ё-ёй! Ой-ё-ёй! Мы сэканомім на энергаталонах... Вы, мэм, ззяеце, як ёлачная цацка...

Юля. Кі-ім!

Кім. Што пачварная?

Юля. Калі б ты ведаў... Калі б ты ведаў...

Кім. Я нічога не хачу ведаць, я хачу спаць. Лена тэлефанавала.

Юля. Якая Лена?

Кім. 3 клінікі.

Юля. Чаго?

Кім. Непакоілася за вас, мэм, і пыталася, куды вы падзеліся...

Юля. I што ты сказаў?

Кім. Я сказаў, што вы дома, стаміліся і спіце разам з дзецьмі. Бачыце, як вы нізка палі... Мала таго, што загульваеце

начамі, дык яшчэ вымушаеце непаўналетняга прыстойнага падлетка хлусіць дарослым.

Юля. Навошта ж ты хлусіў?

Кім. А што мне было рабіць? Сказаць, што і мне невядома, дзе вы падзеліся? Каб і яна хвалявалася ўсю ноч... А так я зло ў свеце паменшыў роўна ў два разы, і твая сяброўка спакойна спала на начным дзяжурстве. I я таксама іду спаць... чаго і вам жадаю.

Юля. Я толькі чаю пап’ю...

Кім. Вас там не напаілі нават чаем? Які жах! Я зараз прыгатую.

Юля. Я сама... Ідзі спі.

Кім. Калі вас яшчэ і голадам марылі — магу прапанаваць аўсяную кашу.

Юля. Разбяруся. Ідзі спаць...

Кім. Сонца ўзыходзіць. Дабранач, мэм!

Юля. Не здзекуйся. Ідзі.

Кім. Пайшоў. (Пайшоў.)

Юля. Кім!

Кім. Што?

Юля. Я цябе люблю...

Кім. Гэта ў вас ад бяссонніцы...

Юля. Ну хопіць ёрнічаць, я сур’ёзна!

Кім. У чатыры раніцы толькі пеўні сур’ёзна кукарэкаюць, сур’ёзныя ж размовы людзі вядуць пасля дзевяці... Гуд бай!

Юля. Чакай.

Кім. Ну што яшчэ?

Юля. Я хачу, каб ты ведаў, што б ні здарылася, што б ні адбылося, я заўсёды буду з табой, з Пінем і з Баранесай...

Кім. Не веру...

Юля. Чаму?

Кім. Вы парушылі іерархію, якую ж самі і ўстанавілі...