73172.fb2 Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Сэльма Лагерлёф

Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Пераклад: М.Пазнякоў

I

Ведаю, што жылi ў даўнiну на свеце людзi, якiя не зналi страху. Чула я i пра такiх, якiя лiчылi забавай прайсцiся па першым тонкiм лёдзе. I не было для iх большай радасцi, як скакаць на неаб'езджаным канi. Так, былi сярод iх i такiя, што не пагрэбавалi б згуляць у карты з самiм юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалi, што гуляе ён мечанымi картамi i таму заўсёды выйграе. Ведала я i некалькi бясстрашных душ, што не пабаялiся б адправiцца ў дарогу ў пятнiцу цi сесцi за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. I ўсё ж сумняваюся, цi хапiла б у каго-небудзь з iх духу надзець на палец жахлiвы пярсцёнак, якi належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.

Гэта быў той самы стары генерал, якi здабыў Лёвеншольдам i iмя, i маёнтак, i дваранскую годнасць. I да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вiсеў у параднай гасцiнай на верхнiм паверсе памiж вокнамi. Гэта была вялiкая карцiна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогi да столi. Здалёку здавалася, нiбы гэта Карл XII* уласнай персонай, быццам гэта ён стаiць тут у сiнiм мундзiры, у вялiкiх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпiраючы вялiзнымi батфортамi стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы блiжэй, вы бачылi, што намаляваны быў чалавек зусiм iншага роду.

* Карл ХII (1682-1718) - шведскi кароль (1697-1718). Падзеi, аб якiх упамiнаецца далей, звязаны з тым перыядам яго ўладарання, калi Швецыя вяла супраць Данii, Рэчы Паспалiтай, Саксонii i Расеi Паўночную вайну (1700-1721) за пануючае становiшча на берагах Балтыйскага мора. Першы перыяд вайны складваўся для Швецыi ўдала, аднак ваенны паход Карла XII ў Расею закончыўся поўным разгромам шведскай армii пад Палтавай (1709). Паводле слоў Ф.Энгельса, пасля паражэння ў Расеi Швецыя страцiла сваю эканамiчную i палiтычную магутнасць i была адкiнута на становiшча другаразраднай краiны. Вярнуўшыся на радзiму, Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Нарвегiю (1716-1718), дзе i загiнуў каля сцяны нарвежскай крэпасцi Фрэдрыстэн.

Над каўняром мундзiра ўзвышалася магутная i грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваiх дзён. Але пры ўсёй сваёй агiднасцi чалавек гэты быў з выгляду разумны, i верны, i слаўны. Калi б ён з'явiўся на свет у нашы днi, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то i старшынёй мунiцыпалiтэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён i ў рыксдагу б засядаў*. Але паколькi жыў ён у часы вялiкага, доблеснага караля, то адправiўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; i за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.

* Рыксдаг узнiк у Швецыi ў 1617 г. i да 1867 з'яўляўся сходам прадстаўнiкоў усiх саслоўяў, якi выконваў ролю дарадчага органа пры каралi. Рыксдаг у сучасным значэннi - шведскi парламент.

Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалi партрэт, тым больш прымiралiся з аблiччам генерала. Здавалася, вы пачыналi разумець - сапраўды такiя i былi яны, тыя самыя воiны, што пад кiраўнiцтвам караля Карла XII праклалi яму шлях у Польшчу i Расею*. Яго суправаджалi не толькi шукальнiкi прыгод i прыдворныя кавалеры, але i такiя простыя i адданыя людзi, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любiлi караля, мяркуючы, што дзеля яго варта i жыць i памерцi.

* Ваенны паход Карла XII у Рэч Паспалiтую пачаўся ў студзенi 1702 г. Нанёсшы шэраг паражэнняў польскаму войску, захапiўшы Кракаў i Варшаву, Карл XII дамогся звяржэння караля Аўгуста, выхаду Рэчы Паспалiтай з антышведскай каалiцыi i падпiсання мiрнага пагаднення ў Варшаве (18 лiстапада 1705 г.). Уварваўшыся затым у Саксонiю i вымусiўшы яе да выхаду з вайны (Альтранштацкi мiр 1706 г.), Карл XII арганiзаваў ваенны паход у Расею (жнiвень 1707 г.). Разлiчваючы на дапамогу свайго тайнага саюзнiка, украiнскага гетмана Мазэпы, Карл XII павёў сваю армiю цераз Украiну, але тут сустрэў рашучы адпор з боку расейскiх войск. Першае паражэнне шведскай армii было нанесена ў бiтве пры Лясной (28 верасня 1708 г.), а затым яна была поўнасцю разгромлена ў Палтаўскай бiтве (27 чэрвеня 1709 г.) Пасля ўцёкаў Карла ХII у Турцыю рэшткi яго войска канчаткова капiтулявалi 1 лiпеня 1709 г. Ф.Энгельс адзначаў, што сваёй спробай заваяваць Расею Карл XII загубiў Швецыю i паказаў усiм непаражальнасць Расеi.

Калi вы разглядвалi вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусiм не прыкмета ганарыстасцi ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукi, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялiкi пярсцёнак з пячаткай, якi стары Лёвеншольд насiў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце iснаваў толькi адзiн-адзiнюсенькi кароль. I пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара*! Адважвалiся нават запэўнiваць, быццам неразумнасцю сваёй i самавольствам ён давёў краiну ледзь не да пагiбелi; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхiльнiкам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! I таму, хто быў блiзкi да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае i вышэйшае за людскую славу i поспехi i дзеля чаго варта змагацца.

* Пасля паражэння шведскай армii ў Расеi ў разоранай вайной Швецыi ўзнiкла апазiцыя, якую ўзначальвала служылае дваранства i падтрымлiвалi iншыя саслоўi, незадаволеныя нарастаючым цяжарам падаткаў i павiннасцей, настойлiвым iмкненнем караля працягваць вайну. Яго лiчылi вiнаватым ва ўсiх бедах, якiя навалiлiся на Швецыю. Разам з тым сярод часткi шведскага насельнiцтва бытавала iдэалiзаванае ўяўленне пра Карла XII як пра вялiкага палкаводца i героя. Гэтыя дваiстыя адносiны да Карла XII знайшлi сваё адлюстраванне i на старонках рамана С.Лагерлёф.

Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з iм на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой i ў магiлу. I тут справа была зусiм не ў ганарыстасцi. У яго i ў думках не было выхваляцца тым, што ён носiць на пальцы пярсцёнак вялiкага караля, калi з'явiцца перад госпадам Богам i мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькi ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзiць акружаны сваiмi ўдалымi рубакамi Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што i пасля смерцi яму давядзецца быць блiзка ад таго чалавека, якому служыў i пакланяўся ўсё сваё жыццё.

Такiм чынам, калi труну генерала апусцiлi ў каменны склеп, якi ён загадаў узвесцi для сябе на могiльнiку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукi. Сярод тых, хто праводзiў генерала ў апошнi шлях, знайшлося нямала такiх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знiкне разам з нябожчыкам у магiле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такi ж слаўны i вядомы, як ён сам. Казалi, нiбы золата ў iм столькi, што хапiла б купiць цэлы маёнтак i што пунсовы сердалiк з выгравiраванымi на iм iнiцыяламi караля каштаваў не менш. I ўсе лiчылi, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагi за тое, што не пярэчылi бацькоўскай волi i пакiнулi гэту дарагую рэч з iм.

Калi пярсцёнак генерала i на самай справе быў такi, якiм ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмi нязграбная штучка, якую ў цяперашнiя часы наўрад цi пажадаў бы хто насiць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмi высока цанiўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожаннi i посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкiм выключэннем здаваць у казну, што даводзiлася змагацца з Гёртцавымi далерамi i з дзяржаўным банкруцтвам* i што для многiх золата было чымсьцi такiм, аб чым яны ведалi толькi па чутках i чаго нiколi ў вочы не бачылi. Так i здарылася, што ў народзе не маглi забыць пра залаты пярсцёнак, якi быў пакладзены ў труну без усякай карысцi для людзей. Многiя былi гатовы лiчыць нават несправядлiвым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялiкiя грошы ў чужыя краiны i здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай i драўлянай карой.

* Карл XII, вярнуўшыся ў Швецыю пасля чатырнаццацiгадовай адсутнасцi (1715), застаў краiну ў стане поўнага эканамiчнага краху, але нягледзячы на гэта, вырашыў сабраць сродкi для працягу вайны. Наткнуўшыся на супрацiўленне дзяржаўнага савета i рыксдага, ён адхiлiў iх ад кiравання дзяржавай i перадаў усю паўнату ўлады ў рукi гальшэйнгаторпскага мiнiстра Гёртца (1668-1718), якi правёў шэраг эканамiчных мерапрыемстваў з мэтай выцягвання з насельнiцтва сродкаў для новых ваенных намераў караля. У лiку гэтых мерапрыемстваў былi канфiскацыя каштоўнасцей, а таксама выпуск абясцэненых, так называемых фальшывых грошай, празваных у народзе "Гёртцавымi далерамi". Перыяд уладарання ненавiснага чужаземнага мiнiстра лiчыцца адным з самых змрочных эпiзодаў шведскай гiсторыi i вядомы пад назвай "Гёртцавага часу".

Але хоць многiя i жадалi завалодаць гэтай вялiкай каштоўнасцю, не знайшлося нiкога, хто б сапраўды падумваў прысвоiць яе. Пярсцёнак так i ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкiмi каменнымi плiтамi, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; i думалi, што так ён i застанецца там да сканчэння вякоў.

II

У сакавiку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькi месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмiстра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, якi жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалi яе ў нядзелю, адразу пасля службы, i ўсе малельшчыкi прама з царквы пайшлi за пахавальным шэсцем i праводзiлi нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамiльнай грабнiцы, дзе абедзве вялiзныя магiльныя плiты былi зрушаны на самы край. У скляпеннi пад плiтамi муляр зрабiў пралом, каб маленькую труну мёртвага дзiцяцi можна было паставiць побач з дзядулiнай.

Пакуль прыхаджане, якiя сабралiся каля склепа, слухалi надмагiльнае слова, мабыць, сёй-той i ўспомнiў аб каралеўскiм пярсцёнку i пашкадаваў, што вось ляжыць ён, маўляў, схаваны ў магiле без усякай карысцi i радасцi.

А магчыма, сёй-той i шапнуў суседу, што цяпер не так ужо i цяжка дабрацца да пярсцёнка: бо да заўтрашняга дня склеп наўрад цi замуруюць.

Сярод тых, каго трывожылi такiя думкi, быў i нейкi селянiн з сядзiбы Маламстуга ў Ольсбю. Звалi яго Борд Бордсан. Ён быў зусiм не з тых, хто гараваў бы да сiвых валасоў з-за пярсцёнка. Наадварот, калi хто-небудзь пачынаў размову пра пярсцёнак, Борд звычайна казаў: што ў яго, маўляў, i так добрая сядзiба i яму няма чаго зайздросцiць генералу, калi б ён забраў з сабой у магiлу хоць цэлы шэфель* золата.

* Шэфель - старадаўняя шведская мера ёмiстасцi для цвёрдых i сыпучых целаў, роўная 20,9 лiтра.

I вось цяпер, стоячы на могiльнiку, Борд Бордсан, як i многiя iншыя, падумаў: "Дзiўна, што склеп застанецца адкрытым". Але не абрадаваўся гэтаму, а занепакоiўся. "Ротмiстру, бадай, патрэбна б загадаць, каб склеп замуравалi сягоння ж пасля паўдня, - падумаў ён. - Знойдуцца такiя, каму захочацца дабрацца да пярсцёнка".

Справа гэта яго зусiм i не тычылася, але як бы там нi было, а ён усё больш i больш звыкаўся з думкай, што небяспечна пакiдаць склеп адкрытым на ноч. Стаяў жнiвень, ночы былi цёмныя, i калi склеп не замуруюць сягоння ж, то туды можа прабрацца злодзей i завалодаць скарбам.

Яго ахапiў такi страх, што ён ужо пачаў быў падумваць, цi не пайсцi яму да ротмiстра, каб папярэдзiць яго. Але Борд цвёрда ведаў, што ў народзе лiчыцца дурнем, i яму не хацелася выстаўляць сябе на пасмешышча. "У гэтай справе ты маеш рацыю, гэта ўжо дакладна, - падумаў ён, - але калi перастараешся, цябе падымуць на смех. Ротмiстр маху не дасць i ўжо абавязкова распарадзiцца, каб замуравалi пралом".

Ён так паглыбiўся ў свае думкi, што нават не заўважыў, як пахавальны абрад закончыўся, i працягваў стаяць каля магiлы. I прастаяў бы яшчэ доўга, калi б жонка не падышла да яго i не тузанула за рукаў кафтана.

- Што гэта на цябе найшло? - запыталася яна. - Стаiш тут i вачэй не зводзiш, быццам кот каля мышынай норкi.

Селянiн уздрыгнуў, узняў вочы i ўбачыў, што, апрача iх з жонкай, нiкога на могiльнiку ўжо няма.

- Ды нiчога, - адказаў ён. - Стаяў тут, i прыйшло мне ў галаву...

Ён ахвотна расказаў бы жонцы, што iменна яму прыйшло ў галаву, але ведаў, што яна куды больш здагадлiвая за яго. I палiчыла б толькi яго трывогi дарэмнымi. Сказала б, што замураваны склеп цi не - нiкога гэта справа не тычыцца, апрача ротмiстра Лёвеншольда.

Яны накiравалiся дамоў i вось якраз тут, на дарозе, павярнуўшыся спiнай да могiльнiка, Борду Бордсану i выкiнуць бы з галавы думкi аб генеральскай грабнiцы, ды дзе ўжо там. Жонка ўсё гаварыла аб пахаваннi: аб труне i аб тых, хто яе нёс, аб пахавальнай працэсii i аб надмагiльных прамовах. А ён час ад часу ўстаўляў слоўца, каб не заўважыла яна, што ён нiчога не бачыць i не чуе. Жончын голас гучаў дзесьцi далёка. А ў галаве ў Борда ўсё круцiлiся адны i тыя ж думкi: "Сягоння ў нас нядзеля, i, мабыць, муляр не захоча замуроўваць склеп у свой вольны дзень. Але раз так, ротмiстр мог бы даць далакопу далер, каб той папiльнаваў магiлу ноччу. Эх, каб ён здагадаўся гэта зрабiць!"

Нечакана Борд Бордсан пачаў размаўляць услых сам з сабой:

- Што нi кажы, а трэба было мне пайсцi да ротмiстра! Так, трэба было! Такая важнасць, калi б людзi i паднялi мяне на смех!

Ён зусiм забыўся, што побач з iм iшла жонка, i апамятаўся, толькi калi яна раптам спынiлася i ўтаропiлася ў яго.

- Ды нiчога, - сказаў ён. - Гэта я ўсё над той справай галаву ламаю.

Яны зноў пакрочылi дадому i хутка апынулiся ў сябе ў Меламстузе.

Ён спадзяваўся, што хоць тут ужо пазбавiцца ад трывожных думак, i так яно, можа, i было б, калi б ён узяўся за якую-небудзь работу; але дзень жа быў нядзельны.. Паабедаўшы, жыхары Меламстугi разышлiся хто куды. Ён адзiн застаўся сядзець у пакоi, i на яго зноў напаў ранейшы роздум.

Трохi счакаўшы, ён падняўся з лавы, выйшаў на двор i пачысцiў каня скрабнiцай, намерваючыся з'ездзiць у Хедэбю i пагаварыць з ротмiстрам. "Iнакш пярсцёнак украдуць сягоння ж ноччу", - падумаў ён.

Аднак ажыццявiць свой намер яму не давялося. Ён быў чалавек нясмелы. Замест таго ён пайшоў да суседа на двор пагаварыць аб тым, што яго непакоiла, але сусед быў не адзiн, i Борд па сваёй празмернай нясмеласцi зноў не адважыўся пачаць размову. Ён вярнуўся дамоў, так i не сказаўшы нi слова.

Як толькi сонца зайшло, ён улёгся ў ложак, збiраючыся адразу ж заснуць. Але сон не iшоў да яго. Зноў вярнулася хваляванне, i ён усё круцiўся ды варочаўся ў ложку.

Жонцы, безумоўна, таксама было не да сну, i хутка яна пачала распытваць, што з iм такое.

- Ды нiчога, - па сваёй звычцы адказваў ён. - Вось толькi справа адна ў мяне з галавы не выходзiць.

- Так, чула я сягоння пра гэта не аднойчы, - прамовiла жонка, - цяпер давай выкладвай, што задумаў. Ужо ж не такiя, пэўна, небяспечныя справы ў цябе ў галаве, каб нельга было пра iх мне расказаць.

Пачуўшы гэтыя словы, Борд уявiў, што ён тут жа засне, калi раскажа жонцы.

- Ды вось ляжу я i ўсё думаю, - сказаў ён, - цi замуравалi генералаў склеп, цi ён усю ноч прастаiць адкрыты.

Жонка засмяялася.

- I я пра гэта думала, - сказала яна, - i здаецца мне, што кожны, хто быў сягоння ў царкве, аб гэтым жа думае. Але чаго ж табе з-за гэтакай справы не спiцца?