73172.fb2
- Ой! - усклiкнула яна. - Нарэшце ж знайшла я тое, што даўно шукала. Тут ляжыць старая шапачка барона Адрыяна!
Дзяўчына Спак жахнулася. Нiчога не скажаш, добрыя былi, вiдаць, парадкi ў iх на кухнi да таго, як яна прыехала ў Хедэбю! Як магла шапачка барона Адрыяна трапiць на палiцу?
- Вось дзiва, - сказала кухарка. - З гэтай шапачкi ён вырас, ды i аддаў яе мне на анучы, чарапкi прыхоплiваць. Вось добра, што я яе хоць цяпер знайшла!
Дзяўчына Спак выхапiла ў яе шапачку з рук.
- Шкада рэзаць яе, - сказала яна. - Можна аддаць якому-небудзь бедняку!
Яна вынесла шапачку на двор i пачала выбiваць з яе пыл. Тым часам з дому выйшаў барон.
- Здаецца, што Адрыяну горш, - сказаў ён.
- А хiба няма кагосьцi паблiзу ў акрузе, хто ўмее лячыць хворых? - як можна дабрадушна запыталася аканомка. - Служанкi казалi тут пра адну жанчыну, якую завуць Марыт Эрыксдотэр.
Барон аслупянеў.
- Зразумела, калi размова iдзе аб жыццi Адрыяна, я б, не вагаючыся, паслаў па майго злейшага ворага, - сказаў ён. - Аднак толку ўсё роўна не будзе. Марыт Эрыксдотэр нiколi не прыйдзе ў Хедэбю.
Атрымаўшы падрабязныя тлумачэннi, дзяўчына Спак не адважылася пярэчыць. Яна працягвала шукаць на кухнi, распарадзiлася наконт абеду i зрабiла так, што нават баранэса крыху з'ела. Пярсцёнак не адшукаўся, а дзяўчына Спак бясконца паўтарала сабе: "Мы павiнны знайсцi пярсцёнак! Генерал пазбавiць Адрыяна жыцця, калi мы не адшукаем яму пярсцёнак".
Пасля абеду дзяўчына Спак накiравалася ў Ольсбю. Яна пайшла, нi ў каго не спытаўшыся. Кожны раз, калi яна заходзiла да хворага, пульс ягоны бiўся ўсё слабей i слабей, а перабоi наступалi ўсё часцей i часцей. Яна не магла спакойна чакаць карлстадскага лекара. Так, больш чым верагодна, што Марыт ёй адмовiць, але аканомка хацела выкарыстаць усе магчымыя сродкi.
Калi дзяўчына Спак прыйшла ў Стургордэн, Марыт Эрыксдотэр сядзела на сваiм звычайным месцы - на ганку палевай клецi. У руках у яе не было нiякай работы, яна сядзела адкiнуўшыся назад, з заплюшчанымi вачыма. Але яна не спала i, калi з'явiлася аканомка, падняла вочы i адразу ж пазнала яе.
- Вось яно што, - прамовiла яна, - цяпер з Хедэбю па мяне пасылаюць?
- Ты, Марыт, ужо чула, якiя дрэнныя нашы справы? - запыталася дзяўчына Спак.
- Так, чула, - адказала Марыт, - i не пайду!
Дзяўчына Спак не сказала ёй у адказ нi слова. Глухая безнадзейнасць прыгняла яе. Усё iшло ёй насуперак, апалчылася супраць яе, а ўжо горшага за гэта быць нiчога не можа. Яна бачыла ўласнымi вачыма i чула ўласнымi вушамi, як радавалася Марыт. Сядзела на ганку i радавалася няшчасцю, радавалася, што Адрыян Лёвеншольд памрэ.
Да гэтай хвiлiны аканомка трымалася. Яна не крычала, не наракала, убачыўшы Адрыяна, распасцёртага на падлозе. У яе была толькi адна думка дапамагчы яму i яго блiзкiм. Але адпор Марыт зламаў яе сiлы. Яна заплакала горка i нястрымна. Няўпэўненымi крокамi паплялася да сценкi адной з прыбудоў i прыцiснулася да яе iлбом, горка рыдаючы.
Марыт крыху падалася наперад. Доўга-доўга яна не адводзiла вачэй ад няшчаснай дзяўчыны. "Ах вось яно што! Няўжо так?" - падумала яна.
Але пакуль Марыт сядзела, разглядаючы дзяўчыну, якая слязамi кахання аплаквала каханага, штосьцi перавярнулася ў яе душы.
Некалькi гадзiн таму назад яна даведалася, што Генерал прыйшоў да Адрыяна i напалохаў яго амаль не да смерцi. I яна сказала сабе самой, што нарэшце час помсты настаў. Шмат гадоў чакала яна гэтага часу, але чакала дарэмна. Ротмiстр Лёвеншольд сышоў у магiлу, так i не атрымаўшы па заслугах. Праўда, з таго самага часу, калi яна пераправiла пярсцёнак у Хедэбю, прывiд Генерала бадзяўся па ўсiм маёнтку; аднак падобна было, што ў яго не хапала духу караць з уласцiвай яму лютасцю сваiх родных.
А цяпер, калi да iх прыйшла бяда, яны адразу ж просяць дапамогi! Чаму не звярнулiся тады непасрэдна да мерцвякоў на ўзгорку вiсельнiкаў? Ёй было радасна сказаць:
- Не пайду!
Такой была яе помста!
Але калi Марыт убачыла, як стаiць i плача маладая дзяўчына, прыцiснуўшыся галавой да сцяны, у яе абудзiлася памяць аб мiнулым. "Вось так стаяла i я i плакала, прыхiлiўшыся да жорсткай сцяны. I не было ў мяне нiводнага чалавека, на якога я магла б абаперцiся".
I ў той жа момант крынiца дзявочага кахання зноў забруiла ў душы Марыт i абдала сваiм гарачым дыханнем. I яна са здзiўленнем сказала сабе самой: "Дык вось як пакутавала я тады! Дык вось што азначае кагосьцi кахаць! Як моцна i соладка пакутавала я тады!"
Перад яе вачыма паўстаў юны, вясёлы, дужы i прыгожы Паўль Элiясан. Яна прыгадала яго позiрк, яго голас, кожны яго рух. Сэрца яе напоўнiлася ўспамiнамi аб iм.
Марыт думала, што кахала яго ўвесь гэты час, i, пэўна, так яно i было! Але як астылi яе пачуццi за гэтыя доўгiя гады! Цяпер жа, у гэты момант, душа яе зноў успыхнула ранейшым гарачым полымем.
Але разам з каханнем у ёй прачнулiся i ўспамiны аб той жахлiвай пакуце, якую перажывае чалавек, губляючы таго, каго кахае.
Марыт кiнула позiрк на дзяўчыну Спак, якая ўсё яшчэ стаяла i плакала. Цяпер Марыт ведала, як цяжка пакутавала яна. Яшчэ зусiм нядаўна ёю валодаў холад пражытых гадоў. Яна забылася тады, як пячэ агонь, цяпер жа ўспомнiла аб гэтым. Яна не хацела, каб па яе вiне хтосьцi пакутаваў гэтак жа, як некалi пакутавала сама; Марыт паднялася i падышла да дзяўчыны.
- Хадземце! Я пайду з вамi, паненка! - коратка сказала яна.
Такiм чынам, дзяўчына Спак вярнулася ў Хедэбю разам з Марыт Эрыксдотэр. За ўсю дарогу Марыт не вымавiла нi слова. Ужо потым аканомка зразумела, што па дарозе яна, напэўна, абдумвала, як ёй павесцi сябе, каб адшукаць пярсцёнак.
Аканомка прайшла з Марыт у дом прама з параднага ганка i ўвяла яе ў спальню. Там усё было па-ранейшаму. Адрыян ляжаў прыгожы i бледны, але цiхi, быццам мярцвяк, а баранэса, не варушачыся сядзела побач, ахоўваючы яго спакой. Толькi калi Марыт Эрыксдотэр падышла да ложка, яна ўзняла вочы.
Як толькi гаспадыня пазнала жанчыну, якая стаяла, гледзячы на яе сына, то апусцiлася перад ёю на каленi i прыцiснулася тварам да падола яе сукенкi.
- Марыт! Марыт! - загаварыла яна. - Забудзь пра ўсё тое зло, якое прычынiлi табе Лёвеншольды. Дапамажы яму, Марыт! Дапамажы яму!
Сялянка крыху адступiла назад, але няшчасная мацi папаўзла за ёю на каленях.
- Ты не верыш, як я баялася з таго самага часу, калi Генерал пачаў бадзяцца па маёнтку. Я палохалася i ўвесь час чакала. Я ведала, што цяпер яго гнеў накiраваны супраць нас.
Марыт стаяла моўчкi, заплюшчыўшы вочы, i, здавалася, цалкам паглыбiлася ў сябе. Аднак дзяўчына Спак была ўпэўнена, што ёй прыемна слухаць аповед баранэсы пра яе пакуты.
- Я хацела пайсцi да цябе, Марыт, i павалiцца да тваiх ног, як зараз, i малiць цябе дараваць Лёвеншольдам. Але я не адважылася. Я думала, што табе немагчыма дараваць iм.
- Вы, васпанi, i не павiнны мяне малiць, - сказала Марыт, - бо так яно i ёсць: дараваць я не магу!
- Але ты ўсё ж тут!
- Я прыйшла дзеля паненкi, яна прасiла мяне прыйсцi.
З гэтымi словамi Марыт зайшла з другога боку шырокага ложка. Паклаўшы хвораму руку на грудзi, яна прамармытала некалькi слоў. Пры гэтым насупiла лоб, закацiла вочы i сцiснула вусны. Дзяўчына Спак падумала, што яна паводзiць сябе, як i ўсе iншыя знахаркi.
- Будзе жыць, - сказала Марыт, - але запомнiце, панi баранэса, што дапамагаю я яму толькi дзеля паненкi.
Тут дзяўчыне Спак падалося, быццам гаспадыня яе хацела яшчэ штосьцi сказаць, але спахапiлася i прыкусiла губу.
- А цяпер дайце мне, панi баранэса, волю.
- Ты можаш распараджацца ў маёнтку, як табе неабходна. Барон у ад'ездзе. Я папрасiла яго паехаць вярхом насустрач доктару i прыспешыць яго.
Дзяўчына Спак чакала, што Марыт Эрыксдотэр неяк паспрабуе вывесцi маладога барона з непрытомнасцi, але тая, на яе вялiкае расчараванне, нiчога падобнага рабiць не стала.
Замест гэтага яна загадала сабраць у кучу ўсё адзенне барона Адрыяна: i тое, якое ён насiў цяпер, i тое, якое апранаў у ранейшыя гады i якое можна было яшчэ адшукаць. Яна хацела бачыць усё, што ён калi-небудзь надзяваў на сябе: i панчохi, i кашулi, i рукавiцы, i шапкi.