73172.fb2 Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Борд узрадаваўся, што жонка не прыняла яго словы блiзка да сэрца. У яго стала на душы больш спакойна, i ён рашыў быў, што цяпер ужо абавязкова засне.

Але як толькi ён улёгся зручней, неспакой вярнуўся да яго. Яму здавалася, быццам з усiх бакоў, з усiх хацiн падкрадваюцца да яго чалавечыя ценi. Усе яны выйшлi з адным i тым жа тайным намерам, усе накiроўваюцца да могiльнiка i да таго самага адкрытага склепа.

Ён паспрабаваў быў ляжаць не рухаючыся, каб даць жонцы заснуць, але ў яго забалела галава i пот праняў. I нехаця ён пачаў круцiцца i варочацца ў ложку.

Нарэшце ў жонкi цярплiвасцi не хапiла, i яна нiбы жартам кiнула яму:

- Далiбог, мужычок, цi не лепей ужо табе самому схадзiць на могiльнiк ды паглядзець, цi ўсё добра з магiлай, чым ляжаць тут ды варочацца з боку на бок, вачэй не заплюшчваючы.

Не паспела яна вымавiць гэтыя словы, як муж яе ўскочыў з пасцелi i пачаў нацягваць на сябе кафтан. Ён вырашыў, што жонка праўду кажа. Ад Ольсбю да царквы ў Бру хады было не больш за паўгадзiны. Праз гадзiну ён вернецца дамоў i спакойна праспiць усю ноч напралёт.

Ды не паспеў ён выйсцi за парог, як жонцы падумалася, што мужу будзе, пэўна, не па сабе на могiльнiку, калi ён пойдзе туды адзiн-адзiнюсенькi. Яна жвава ўскочыла i гэтак жа быстра надзела сукенку.

Мужа яна дагнала на ўзгорку каля Ольсбю. Пачуўшы яе крокi, Борд зарагатаў.

- За мной пайшла, даведацца, цi не сцягну я генералаў пярсцёнак? запытаўся ён.

- Ах ты мой любы! Я ж ведаю, што нiчога такога ў цябе i ў думках няма. Я пайшла толькi каб быць з табой, калi прад табой з'явiцца могiльнiкавы дух цi конь-мярцвяк*.

* У Швецыi iснуе паданне пра каня, якi калiсьцi быў пахаваны на могiлках замест чалавека. Паводле павер'я, дух якога, на трох нагах i без галавы, бадзяецца па начах на могiлках, прадракаючы пагiбель кожнаму, хто яго ўбачыць, бо iменна гэты конь перавозiць людзей пасля смерцi ў царства мёртвых.

Яны паскорылi крок. Надышла ноч, i ў беспрасветнай цемры вiднелася на захадзе толькi вузкая светлая палоска. Муж з жонкай выдатна ведалi дарогу. Яны размаўлялi i былi ў добрым настроi. На могiльнiк жа яны iшлi толькi для таго, каб зiрнуць, цi адкрыты склеп, i каб Борду не пакутаваць без сну, ламаючы сабе праз гэта галаву.

- Не, нiяк не паверыць, быццам яны там у Хедэбю такiя ратазеi, што не замуруюць пярсцёнак зноў.

- Ды ўжо хутка аб усiм даведаемся, - сказала жонка. - А вось, здаецца, i могiльнiкавая агароджа!

Селянiн спынiўся, падзiвiўшыся з вясёлага жончынага голасу. Не, быць таго не можа, каб яна накiравалася на могiльнiк з iншымi намерамi, чым ён.

- Перш чым увайсцi на могiльнiк, - сказаў Борд, - нам, вiдаць, патрэбна б дамовiцца, што будзем рабiць, калi магiла адкрыта.

- Ужо i не ведаю, цi закрыта, цi адкрыта, а толькi наша справа вярнуцца дамоў ды легчы спаць!

- I гэта слушна, твая праўда! - сказаў, зноў пакрочыўшы, Борд. - I не чакай, каб могiлкавыя вароты былi ў гэты час не зачынены, - дадаў ён.

- Бадай, сапраўды, - падхапiла жонка. - Прыдзецца нам пералезцi цераз сцяну, калi захочам наведаць генерала ды паглядзець, як яму там.

Муж зноў здзiвiўся. Ён пачуў, як з лёгкiм шумам пасыпалiся ўнiз дробныя каменьчыкi, i тут жа ўбачыў, як на фоне светлай палоскi на захадзе вырысоўваецца жончына фiгура. Яна ўзлезла ўжо наверх, на сцяну, i нiчога мудронага ў тым не было, таму што сцяна была невысокая - усяго некалькi футаў. Дзiўным падалося яму толькi тое, што жонка праявiла такую жвавасць, узлезшы наверх раней за яго.

- Ну вось, - сказала яна. - Давай руку, я дапамагу табе ўзлезцi!

Хутка сцяна засталася ззаду, i цяпер яны моўчкi i асцярожна прабiралiся сярод невысокiх магiльных грудкоў.

Адзiн раз Борд спатыкнуўся аб такi грудок i ледзь быў не павалiўся. Яму падалося, быццам хтосьцi падставiў яму ножку. Ён так спалохаўся, што ўвесь задрыжаў i загаварыў гучна, на ўвесь голас, каб мярцвякi зразумелi, з якiмi намерамi ён прыйшоў на могiльнiк.

- Не хацеў бы я прыйсцi сюды, калi б справа мая была несправядлiвая.

- Яшчэ чаго скажаш, - запярэчыла жонка. - Ужо тут ты маеш рацыю! А вунь ужо i магiла вiднеецца!

Пад цёмным начным небам ён разгледзеў вывернутыя з зямлi магiльныя плiты.

Неўзабаве яны былi ўжо каля самай магiлы i ўбачылi, што яна адкрыта. Пралом у склепе не быў замураваны.

- Ну i няўклюды ж яны, - вылаяўся Борд. - Быццам знарок хочуць спакусiць тых, хто ведае, якая каштоўнасць там схавана.

- Пэўна, спадзяюцца, што нiхто не адважыцца крануць нябожчыка, сказала жонка.

- Ды i ўвогуле мала радасцi лезцi ў такую магiлу, - зазначыў муж. Саскочыць унiз, бадай, не цяжка, толькi потым сядзi там, як лiсiца ў нары.

- Сягоння ранiцай я бачыла, як яны апусцiлi ў склеп лесвiчку, - сказала жонка. - Але яе ўжо, вiдаць, прынялi.

- А дай пагляджу я i на самай справе, - сказаў муж i пачаў мацаць рукамi ў магiльным праломе. - Не, глядзi ты! - усклiкнуў ён. - Гэта ж трэба! Лесвiчка ж яшчэ тут!

- Ну i расцяпы! - падтакнула жонка. - Толькi, па мне, цi тут лесвiчка цi не - рознiца невялiкая. Той жа, хто там унiзе, i сам можа за сваё дабро пастаяць.

- Каб жа гэта ведаць! - падхапiў муж. - Можа, хоць лесвiчку прыняць?

- Нiчога ў магiле чапаць не будзем, - сказала жонка. - Лепш будзе, калi магiльшчык ранiцай убачыць магiлу якраз такой, якой пакiнуў яе напярэдаднi.

Разгубленыя i нерашучыя, стаялi яны, утаропiўшыся на чорны адкрыты пралом. Iм бы пайсцi цяпер дамоў, але штосьцi таямнiчае, нешта такое, чаго нiхто з iх не асмельваўся назваць сваiм iмем, утрымлiвала iх на могiльнiку.

- Ды можна было б пакiнуць лесвiчку i на месцы, - сказаў нарэшце Борд, - калi б я быў упэўнены, што ў генерала ёсць сiла ўтрымаць злодзеяў.

- Ты ж можаш спусцiцца ўнiз, у склеп, - параiла жонка, - вось тады сам убачыш, якая ў яго сiла.

Здавалася, нiбы Борд толькi i чакаў ад жонкi гэтых слоў. Мiгам апынуўся ён каля лесвiчкi i пачаў спускацца ў пралом.

Але толькi ступiў ён на каменную падлогу падзямелля, як пачуў парыпванне лесвiчкi i ўбачыў, што ўслед за iм лезе i жонка.

- Вунь што, ты i сюды за мной цягнешся, - сказаў ён.

- Баюся я пакiнуць цябе адзiн на адзiн з нябожчыкам.

- А не такi ўжо ён i страшны, - запярэчыў муж. - I не адчуваю, што халодная рука хоча мяне задушыць.

- Ды ўжо нiчога ён нам, вiдаць, не зробiць, - падтрымала жонка. - Ён жа ведае, што ў нас i ў думках не было ўкрасцi пярсцёнак. Вось каб мы дзеля забавы пачалi адкручваць века труны, тады iншая справа.

Муж вобмацкам прабраўся да труны генерала i пачаў мацаць рукой уздоўж века. Ён адшукаў шрубу з невялiкiм крыжыкам на плешцы.

- Тут быццам бы знарок усё так i прыладжана для злодзея, - сказаў Борд, пачынаючы спрытна i асцярожна адкручваць шрубы труны.

- Чуеш што-небудзь? - запыталася жонка. - Цi не варушыцца ён у труне?

- Тут цiха, як у магiле, - адказаў муж.

- Ён жа, мусiць, не лiчыць, што мы задумалi адняць у яго самае дарагое, - працягвала жонка. - Вось каб мы века труны паднялi, тады iншая справа.

- Так, ды тут ужо давядзецца табе мне дапамагчы, - сказаў муж.