73172.fb2 Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Калi Iвар Iварсан выйшаў наперад да барабана i ўзяў кубак з касцямi з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак i як гуляць у косцi. На вуснах старога мiльганула ўсмешка.

- Не ўпершыню гуляць мне ў косцi, ленсман, - сказаў ён такiм гучным голасам, што ўсе пачулi. - Бенгт-асiлак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўлялiся вечарамi гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з iм яшчэ раз.

Ленсман хацеў быў прыспешыць яго, але натоўпу спадабалася слухаць Iвара. Вось храбрэц! Ён яшчэ мог жартаваць перад такiм рашаючым выпрабаваннем.

Iвар абхапiў кубак абедзвюма рукамi, i ўсе ўбачылi, што ён молiцца. Прачытаўшы "Ойча наш", ён гучна ўсклiкнуў:

- А цяпер прашу цябе, госпадзi Iсусе Хрысце, каму вядома, што я не вiнаваты, злiтуйся нада мной i падары мне найменш ачкоў: у мяне ж няма нi дзяцей, нi каханай, якiя будуць плакаць па мне!

Вымавiўшы гэтыя словы, ён з такой сiлай шпурнуў косцi на барабанную шкуру, што тыя загрукаталi.

I ўсе, хто стаяў перад салдацкiм частаколам, пажадалi ў той мiг, каб Iвара Iварсана вызвалiлi. Яны палюбiлi яго за храбрасць i дабрату i нiяк не маглi зразумець, чаму гэта яны лiчылi яго злодзеем.

Амаль невыносна было стаяць так далёка, не ведаючы, што выпала на касцях. Суддзя з ленсманам нахiлiлiся над барабанам, каб паглядзець, засядацелi i ўсе асобы знатнага саслоўя, якiя прысутнiчалi пры гэтым, падышлi блiжэй i таксама пачалi глядзець, якi вынiк. Здавалася, усе збянтэжылiся, некаторыя кiвалi Iвару Iварсану, сёй-той пацiскаў яму руку, а натоўп так нiчога i не ведаў. Па радах прабег гнеўны шум.

Тады суддзя зрабiў знак ленсману, i той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылi i чулi:

- Iвар Iварсан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Людзi зразумелi, што Iвар Iварсан прызнаны невiнаватым, i ўзрадавалiся. А многiя пачалi крычаць:

- Будзь здароў, Iвар Iварсан!

Але тут здарылася такое, што вельмi здзiвiла ўсiх. Паўль Элiясан радасна закрычаў i, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасiкам, падкiнуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнiкi не паспелi перашкодзiць яму. Усе толькi ахнулi. Праўда, Iвар Iварсан быў Паўлю Элiясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калi справа iшла аб ягоным жыццi, няўжо ён i сапраўды радаваўся таму, што iншага прызналi невiнаватым?

Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнiкамi - налева, iншыя гледачы адсунулiся блiжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзiне, нiчым не заслонены, i ён вiдзён з усiх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Iварсана перанесцi смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукi кубак з касцямi, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спiну i сказаў:

- Дзякуй Богу, што брат мой Iвар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невiнаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. I малю Госпада нашага Iсуса Хрыста, каб ён даў мне выкiнуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, i жыць з iм шчаслiва да канца дзён сваiх.

З Эрыкам Iварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымi: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулi ўсе i ўскалыхнулi народ. Ужо вельмi ж непадобна было на Эрыка Iварсана прызнаць, што хтосьцi больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерцi дзеля чужога шчасця. Ва ўсiм натоўпе не знайшлося б цяпер нiводнага чалавека, хто па-ранейшаму лiчыў бы яго разбойнiкам i злодзеем. Са слязамi на вачах малiлiся людзi Богу, каб Эрык выкiнуў пабольш ачкоў.

Ён i не патурбаваўся патрэсцi ў кубку косцi, а толькi, падняўшы кубак уверх i апусцiўшы яго ўнiз, выкiнуў косцi на барабанную шкуру. Вочы яго былi надта старыя, каб убачыць ачкi на кубiках, i ён, нават не зiрнуўшы на iх, стаяў, утаропiўшыся ў прастору.

Але суддзя i iншыя паспяшалiся да барабана. I ўсе прачыталi на iхнiх тварах тое ж здзiўленне, што i ў мiнулы раз.

А натоўп, якi стаяў перад салдацкiм частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явiў вынiк справы. Нейкая жанчына ўсклiкнула:

- Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Iварсан!

I ўслед пачуўся шматгалосы крык:

- Дзякуй i хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Iварсан!

Вязаная шапачка Паўля Элiясана ўзляцела ў паветра, як i першы раз, i ўсе зноў ахнулi. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?

Эрык Iварсан стаяў маўклiвы i абыякавы, твар ягоны нiколькi не пасвятлеў. Думалi - магчыма, ён чакае, калi ленсман аб'явiць вынiк, але нават калi гэта i адбылося i Эрык даведаўся, што ён таксама, як i ягоны брат, выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, то застаўся абыякавы. Ён хацеў быў дабрацца да свайго ранейшага месца, але так знясiлеў, што судоваму прыставу давялося падхапiць яго, а то б не ўтрымацца яму на нагах.

Настала чарга Паўлю Элiясану падысцi да барабана, каб паспрабаваць шчасця, i ўсе позiркi накiравалiся да яго. Яшчэ задоўга да выпрабавання ўсе палiчылi, што ён, вiдаць, i ёсць сапраўдны злачынец; цяпер ён быў, можна сказаць, прыгавораны. Больш жа ачкоў, чым браты Iварсаны, выкiнуць было немагчыма.

Такi вынiк нiкога б раней не засмуцiў, але тут усе ўбачылi, што Марыт Эрыксдотэр цiшком перабралася да Паўля Элiясана.

Ён не трымаў яе ў сваiх абдымках, нi пацалунку, нi пяшчоты не было памiж iмi. Яна толькi стаяла побач, моцна-моцна прыцiснуўшыся да яго, а ён абняў яе стан рукой. Нiхто не мог бы з дакладнасцю сказаць, цi доўга яны так прастаялi, бо ўвагу ўсiх захапiла гульня ў косцi.

Як бы там нi было, яны стаялi побач, злучаныя неспазнаным лёсам насуперак варце i грознаму начальству, насуперак тысячам гледачоў, насуперак жахлiвай гульнi са смерцю, у якую былi ўцягнуты.

Iх звяло разам каханне, але каханне больш узвышанае, чым зямное. Яны маглi б стаяць так летнiм ранкам каля лаза ў плятнi, праскакаўшы ўсю ноч напралёт i ўпершыню прызнаўшыся адно аднаму ў тым, што хочуць стаць мужам i жонкай. Яны маглi б стаяць так пасля першага прычасця, адчуваючы, што ўсе грахi зняты з душы. Яны маглi б стаяць так, калi б абоiм давялося перанесцi жах смерцi, i перайсцi ў той свет, i сустрэцца зноў, i зразумець, што яны на векi вечныя належаць адно аднаму.

Яна стаяла, пазiраючы на яго з такiм пяшчотным каханнем! I штосьцi варухнулася ў людскiх душах i падказала iм - вось над Паўлем Элiясанам i варта было б злiтавацца. Бо ён быў юным дрэўцам, якому не суджана цвiсцi i пладаносiць, ён быў жытнёвым полем, якому суджана быць вытаптаным, перш чым давядзецца абдарыць кагосьцi сваiм багаццем.

Ён моўчкi апусцiў руку, якая абвiвала стан Марыт i ўслед за ленсманам падышоў да барабана. Па яго твары непрыкметна было, каб ён хоць крыху хваляваўся, калi браў у рукi кубак. Ён не выступаў перад народам, як iншыя, а павярнуўся да Марыт.

- Не бойся! - сказаў ён. - Бог ведае, што я таксама невiнаваты.

Пасля гэтага ён, нiбы гуляючы, патрос некалькi разоў косцi ў кубку, не спыняючы iх, пакуль яны не перакацiлiся праз край i не вылецелi на барабанную шкуру.

- Я выкiнуў на абедзвюх па шасцёрцы, Марыт! Я выкiнуў па шасцёрцы, i я таксама!

Ён будзе апраўданы - iншае яму i ў галаву не прыходзiла, i ад радасцi ён не мог устаяць на месцы. Высока падскочыўшы, ён падкiнуў шапачку ўгору, схапiў у абдымкi стражнiка, якi стаяў побач з iм i пацалаваў.

Тут многiя падумалi: "Вiдаць адразу, што ён чужаземец. Калi б ён быў шведам, то не радаваўся б да часу".

Суддзя, ленсман, засядацелi i знатныя паны паважана i не спяшаючыся падышлi да барабана, каб разгледзець косцi. Але на гэты раз выгляд iх быў нярадасны. Яны толькi пакiвалi галавой i нiхто з iх не павiншаваў Паўля Элiясана са шчаслiвым вынiкам, якi выпаў на яго долю.

Узышоўшы трэцi раз на ганак судовай палаты, ленсман паведамiў:

- Паўль Элiясан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!

Натоўп захваляваўся, але нiхто не радаваўся. Нiкому i ў галаву не прыйшло, што тут ёсць нейкi падвох. Гэтага быць не можа! Але ўсiм было боязна i неяк нядобра, паколькi божы суд зусiм не праяснiў сутнасцi справы.

Цi азначала гэта, што ўсе тры былi аднолькава невiнаватыя, цi гэта азначала, што ўсе яны былi аднолькава вiнаватыя.

Людзi ўбачылi, як ротмiстр Лёвеншольд паспешлiва падышоў да суддзi. Напэўна, хацеў сказаць, што божы суд так нiчога i не вырашыў, але суддзя панура адвярнуўся ад яго.

Суддзя з засядацелямi накiравалiся ў судовую палату i пачалi раiцца, а тым часам нiхто не асмельваўся нi паварухнуцца, нi нават прашаптаць хоць слова. Нават Паўль Элiясан, i той трымаўся спакойна. Здавалася, ён зразумеў нарэшце, што божы суд можна вытлумачыць i так i гэтак.

Суд зноў паявiўся пасля кароткай нарады, i суддзя абвясцiў, што павятовы суд схiльны тлумачыць божы прысуд такiм чынам, што ўсiх трох абвiнавачваемых неабходна прызнаць невiнаватымi.

Вырваўшыся з рук стражнiкаў, Паўль Элiясан ад незвычайнага захаплення зноў падкiнуў сваю шапачку, але i гэта было крыху заўчасна, бо суддзя яшчэ не скончыў прамову:

- Але гэта рашэнне суда патрэбна прадставiць каралю праз ганца, якога сягоння варта накiраваць у Стакгольм. Абвiнавачваемым жа патрэбна знаходзiцца ў турме, пакуль яго каралеўская вялiкасць не зацвердзiць прыгавор суда.

VIII

Аднойчы восенню, год праз трыццаць пасля той незабыўнай гульнi ў косцi на плошчы перад судовай палатай у Брубю, Марыт Эрыксдотэр сядзела на ганку невялiкай палевай клецi ў сядзiбе Стургордэн, дзе яна жыла, i вязала дзiцячыя рукавiчкi. Ёй хацелася звязаць iх прыгожым узорам палоскай i клеткай, каб яны парадавалi дзiця, якому яна збiралася iх падарыць. Але яна не магла прыгадаць якi-небудзь узор.

Пасля таго як яна доўгi час праседзела на ганку, малюючы прутком на прыступцы ўзоры, яна пайшла ў клець i адчынiла сундук з адзеннем, каб знайсцi якi-небудзь узор, па якiм магла б звязаць рукавiчкi. На самым дне сундука яна наткнулася на адмыслова звязаную шапачку з кутасiкам, узорную з мноствам разнастайных квадрацiкаў i палосачак; пасля пэўнага вагання яна ўзяла шапачку з сабой на ганак.

Круцячы шапачку на ўсе бакi, каб разабрацца з узорыстай вязкай, яна заўважыла, што шапачка дзе-нiдзе паедзена моллю. "Госпадзi божа, не дзiўна, што шапачка сапсавана, - падумала яна. - Прайшло, пэўна, сама меней трыццаць гадоў з таго часу, як яе насiлi. Добра, што я хоць выцягнула яе з сундука i бачу цяпер, што з ёю сталася".