7392.fb2
Валерый Гапееў
Аўтобус
Жанчыну бабулькай нельга было назваць, хоць відаць было, што ёй за 70 - высахлы маршчыністы твар, сівыя, аж белыя валасы. Але апранута яна была зграбна і годна. Так выглядаюць вясковыя настаўніцы-пенсіянеркі: з інтэлігентнасцю ў паставе, якая не знікла нават за гады іх няпростага вясковага жыцця, калі трэба было спалучаць у адным вечары і правяранне вучнёўскіх сшыткаў, і даенне каровы, і гатаванне вячэры для мужа-трактарыста. Так думаў Антось пра гэтую сухенькую жанчыну, падыходзячы да аўтобуса. Можа таму, што яна нагадвала яго першую настаўніцу - тая была такой жа невялікай, худой, сама выганяла на выган сваю карову, і Антосю, калі прыпадала іх чарга пасвіць, было нечага сорамна бачыць сваю настаўніцу басаногай, у выцвілай сукенцы, з пруцікам у руках. Карова была шкадлівая, ішла ляніва, настаўніца раз-пораз махала пруцікам. Антось ведаў (а хто ў вёсцы не ведаў), што муж яе добра выпівае, а калі напіваецца моцна, ганяе сваю жонку, а то і б'е...
Жанчына ля аўтобуса прытрымлівала адной рукой інвалідную каляску, у якой сядзеў хлопчык гадоў 10. "Зараз папросіць дапамагчы з каляскай", - падумаў Антось, і вырашыў, што чакаць гэтай просьбы не будзе - сам прапануе.
- Дзень добры, дапамагчы? - прыпыніўся ён ля жанчыны.
- І вам добры, - вінавацячыся, заспяшалася жанчына. - Калі вас не затурбуе, дапамажыце. Сяргейка не цяжкі, у нас 12 і 13 месцы... Давайце, я сумку Вашу патрымаю.
- Ну, хадзі да мяне, Сяргей, - Антось перадаў сваю невялікую сумку, дзе ляжалі дыскі з рукапісамі ды бутэлька мінералкі, жанчыне, працягнуў рукі.
Хлопчык, усміхаючыся адкрыта, падаўся з каляскі насустрач.
Ён і на самой справе быў зусім не цяжкі - худы, з тонкімі, амаль без мышцаў рукамі. Антось лёгка ўзяў яго на рукі. Салон быў амаль пусты: хлопец і дзяўчына гадоў па 18 сядзелі разам у самым канцы салона, мажная кабета са сваім спадарожнікам, мужчынам гадоў 45 - у самым пачатку. Тоўстая, няўклюдная, яна займала амаль ўсю прастору між двума крэсламі, і мужчына, які сядзеў з ёй побач, быў літаральна прыціснуты яе целам да акна.
Антось пасадзіў хлопчыка ў крэсла.
- Тут будзеш ці ля акна?
- Ля акна... я сам, - адказаў весела хлопчык і, не чакаючы нейкіх дзеянняў з боку Антося, сам пасунуў сваю цела на другое крэсла, потым падхапіў, перакінуў далей свае, быццам чужыя, ногі. Яшчэ рывок, яшчэ - і Антось, не паспеўшы дапамагчы, пабачыў, што хлопчык ужо добра ўладкаваўся, павярнуўся да Антося, усміхнуўся пераможна. - Вось, дзякуй!
- Ну, не сумуй, хутка паедзем.
Антось выйшаў з салона, узяў у жанчыну сваю сумку. Запаліў.
- То ўнучак мой, - нібыта апраўдваючыся за нейкі страшны грэх, ціха сказала жанчына. - Дачушкін. Радавая траўма. Хто там вінаваты і ў чым - Бог ім суддзя. Разумны расце, гэтак добра маляваць навучыўся... То во цяпер ў Мінску выстаўка яго карцін, у Духоўным цэнтры...
Антось прамаўчаў у адказ - а што тут было казаць. Жанчына таксама замаўчала.
Яшчэ некалькі пасажыраў зашлі ў аўтобус. Прыйшоў і вадзіцель.
Жанчына са складзенай інваліднай каляскай памкнулася яму насустрач, а ён ужо сам усё зразумеў, кіўнуў:
- Зараз, зараз...
Заскочыў у кабіну, пакінуў там скрутачак папер, адчыніў багажнік і ўладкаваў у яго складзеную каляску.
- Усё, паехалі, - сказаў ён, звяраючыся да Антося, які запаліў ужо другую цыгарэту і да маладога мужчыны гадоў 25 з вялікімі залысінамі, які ўбаку размаўляў па мабільніку.
У гэты час да аўтобуса імкліва падкаціла аўто, адчыніліся дзверцы і невысокі мужчына, з вялікім жыватом, апрануты ў строгі дзелавы касцюм, з гальштукам, вылез з пярэдняга пасажырскага сядзення.
- Пачакайце! - больш загадаў, чым папрасіў ён вадзіцеля і такім жа загадным голасам загаварыў унутр салона автамабіля: - Забярэш мяне ў 8 вечара, каб не спазняўся.
- Ну што Вы, Ігнат Вадзімавіч, я толькі цёшчу адвязу - і адразу ў Мінск.
- Глядзі мне...
Вадзіцель аўтобуса вачыма пералічыў пасажыраў, зірнуў у свае паперкі - усё супадала, ён спакойна усеўся ў сваё крэсла, і аўтобус крануўся з месца.
Антось вольна адкінуў крэсла назад - ззаду не было пасажыра, толькі жанчына сядзела на суседнім крэсле.
- Вам не будзе перашкаджаць? - папытаўся ў яе Антось.
- Што? - хутка перапытала жанчына, занятая сваімі думкамі так глыбока, што не толькі па вачах - па твары было відаць, што яна нечым вельмі заклапочаная: падціснутыя вусны, складкі на ілбе. - А, не, я тут буду сядзець, - адказала нечакана нервова, быццам Антось спрабаваў заляцацца да яе. Мажліва, жанчына і была прыгожай раней, але не цяпер - твар яе перакрывіла незразумелая туга, вочы хваравіта паблісквалі. Непрыгожы твар, высахлы. І нечым нават варожы.
Антось уладкаваўся як мага лепей, заплюшчыў вочы. О, як ён чакаў гэтага моманту пасля цалкам бяссоннай ночы! Увесь час ад таго моманту, калі ён паставіў апошнюю кропку ў рукапісе, здавалася, што вось толькі заплюшчыць вочы - і засне, праваліцца ў цёмную, такую жаданую яміну забыцця. Але не атрымалася - перад вачыма ўзнікла клавіятура камп'ютара.
Аўтобус пакалыхваўся, прыпыняўся на святлафорах, торгаўся. Сон не ішоў да Антося - аж млосна рабілася ад скакаўшых у вачах літараў.
"Перапрацаваўся", - задаволена усміхнуўся Антось, падняў спінку, стаў глядзець у акно. Аўтобус выехаў з гарадка і паімчаў па трасе.
Шэсць гадзін, усяго шэсць гадзін - і справа будзе зроблена. Ды не адна, а дзве справы! Дзве - вялікіх і неабходных... Вось яны, тут - у сумцы на дзвюх дысках: яго аповесць "Руйнаванне непабудаваных храмаў" і дэтэктыў "Последняя ставка Серого". Дэтэктыў - гэта праца раба. А аповесць - гэта яго творчасць, яго галоўны твор на сённяшні дзень. Антось задумваў, выношваў сваю аповесць некалькі гадоў. Яна нараджалася пакутліва, у сумненнях і адчаі. І запісваў яе Антось толькі тады, калі быў настрой, калі быццам з боку нешта штурхала яго і падказвала: сядай, пішы. Былі сумненні - ці здолее, быў адчай - а хіба яна трэба некаму, акрамя яго самога ды рэдакцыі? Што ён адзін са сваёй, няхай самай высокамастацкай аповесцю, можа зрабіць, што можа парушыць, каго прымусіць задумацца? Тым, хто чытае па-беларуску, яго думкі наўрад ці скажуць нешта новае. А для тых, хто не чытае - аповесць застанецца незаўважанай... Але нельга не пісаць, калі ёсць такая здольнасць. Гэта Антось разумеў, як правіла, як закон. Нельга змяніць свет, разбураючы. Трэба толькі ствараць. Гэта таксама закон. Вышэйшы закон...
І аповесць атрымалася. І сам ён адчуваў, калі перачытваў старонкі, і ў рэдакцыі часопіса, куды аддаваў раней кавалак для азнаямлення, сказалі адразу: "Закончыш - вязі".
Толькі рэдактар ведаў пра аповесць. Алена ведала пра другое - пра дэтэктыў, які яе муж піша за грошы нейкаму невядомаму выдаўцу. Гэты дэтэктыў выйдзе зусім пад другім імем. Стане бестселерам - грошы спаўна атрымае нехта невядомы. Антось жа атрымае тое, на што разлічваў, на што згаджаўся ад самага пачатку: паўтара долара за старонку тэксту. Ён напісаў 300 старонак - атрымае 450 долараў. Антось ведаў, што гэта - мізэрная сума, ведаў, што ў Сеціве за звычайныя артыкулы для сайтаў можна зарабляць і 5 і 8 долараў за старонку. Але ж шанцавала некаму, а яму прапанавалі такую работу. І ён згадзіўся адразу, схапіўся за яе, бо гэта былі рэальныя грошы. Іх так не хапае... Колькі могуць зарабіць разам настаўнік літаратуры ды настаўніца пачатковых класаў у райцэнтраўскай школе, не маючы і пяці гадоў стажу?..
Плылі пералескі, палі, пагойдваўся аўтобус, рухаючыся роўна, без прыпынкаў. І мяккая млявасць авалодвала целам і розумам з так прыемна было ў яе паглыбляцца, аддавацца яе волі.
- Добры дзень! Аляксандр? Гэта Валянціна. Так, я буду праз пяць гадзін. Вядома, флэшку з ключамі я вязу з сабой. А, скажыце, курс застаўся ранейшым, так? Добра... Так-так, мне менавіта наяўныя долары трэба. Як мы і дамаўляліся. Я разумею, што 20 тысяч для вас - сума не маленькая... Вы ж ведаеце, колькі мне яшчэ трэба. Выдатна, як толькі буду ў Мінску, я Вам яшчэ раз пазваню...
Голас жанчыну ззаду быў узбуджаны, рэзкі, непрыемны. "Чорт, з-за гэтых камерсантаў не паспіш", - незадаволена падумаў Антось. От жа: ён зарабляў тыя 450 долараў два месяцы, пішучы начамі, недасыпаючы так, што кругі пад вачыма не сходзілі тыднямі, а гэтай і 20 тысяч долараў - дробязь... Млявасць знікла, як яе і не было. "Не, дарэмна я яшчэ той кубак кавы піў...", - без асаблівага шкадавання падумаў Антось. "Але ж глядзі ты, як маскіруюцца: такімі грашамі варочаць - і на аўтобусе ездзіць, ды і апранута як сціпла... Ат, ну іх к чорту..."
Першы прыпынак - ён памкнуўся да выхаду, калі аўтобус яшчэ не спыніўся, выйшаў, з задавальненнем запаліў. Яшчэ некалькі пасажыраў выйшлі.
- Пяць хвілін, не разбягайцеся, - папярэдзіў усіх вадзіцель, пайшоў да будынка аўтакасы - невялікай бетоннай каробкі шэра-жоўтага колеру.
Той самы дзелавы пузаты мужчына адышоўся ўбок, пачаў тэлефанаваць некаму, голасна пакрыкваючы. І толькі апошні тэлефонны званок, які ён зрабіў, быццам змяніў яго самога - нібыта той нумар, які ён набіраў, быў асаблівым кодам па пераўтварэнні людзей. Мужчына загаварыў не проста ветліва - лісліва, ціха:
- Мікалай Сцяпанавіч? Вітаю вас. Так-так, як дамовіліся... Не, ну што вы, якое аўто - еду на аўтобусе, я ж разумею...
Мужчына пайшоў далей ад аўтобуса, Антось сплюнуў - от жа, і тут нейкія камерцыйныя сакрэты. Вось жа лёс - жывеш сярод грошай і без грошай. І вось няўжо гэтаму пузатаму трэба будзе яго аповесць аб духоўным адраджэнні беларусаў? Ці той жанчыне, для якой 20 тысяч - не грошы?
...За акном стала нечакана цямнець - на неба напаўзала хмара, і аўтобус ехаў у гэтую хмару - Антось зірнуў наперад са свайго месца - было вельмі відовішчна: дарога ўзнімалася ў гару, а там сустракалася з цёмна-фіялетавым, насычаным небам.
Яшчэ не дасягнулі вяршыні той гары, а дождж не лінуў, а суцэльнай хваляй накрыў аўтобус. У салоне стала вусцішна. Вадзіцель збавіў хуткасць, а пасажыры уціскаліся ў крэслы пры кожнай бліскавіцы і ўдары грому. Толькі пад'ехалі пад высакавольтную лінію, што навісала над шашой, як стрэльнула так аглушальна, што вадзіцель спуджана націснуў на тармазы, а аўтобус завіхляў. Але вадзіцель хутка выраўняў аўтобус.
І адразу пасля гэтага аглушальнага стрэлу наступіла цішыня - дождж скончыўся. Неба, лічы, імгненна праяснілася. Хмара знікла недзе ззаду, быццам мела рэзка акрэслены край.
- Заікам стаць можна, - прагучаў голас маладой дзяўчыны. - Ды не трымай мяне так, сінякі застануцца, - вызвалілася яна з абдымкаў хлопца.
Павесялелі астатнія пасажыры. Хлопчык-інвалід стаў зноў глядзець у акно. Мажная кабета выцягнула з-пад ног сумку і пачала разварочваць розныя кулькі, соўваючы ў рукі свайго суседа хлеб, гурок, памідор і палову курынага азадка. Такі ж набор аказаўся і ў яе руках.
- Еж, не крывіся! ¬ - загадала яна мужчыне, як дзіцяці, а на твары таго не адбілася ніводнага пачуцця - толькі скаронасць у выцвілых вачах і гатоўнасць з усім згадзіцца ва ўсёй паставе. Ён і не крывіўся ад пачатку, але, магчыма, такі выраз твару і падказваў жанчыне, што яе муж (ну, відавочна ж - муж) не хацеў есці.