7447.fb2
Тут гэты баязлiвец прыкусiў губу i сказаў:
- Спорт... спорт заўсёды да нечага прыводзiць.
Тады, Роберт, мы не ўяўлялi сабе, што за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём: Вакера аддаў пад расстрэл польскага ваеннапалоннага, бо той падняў на яго руку; толькi падняў руку - нават не ўдарыў Вакеру.
Пасля аднаго ранку я знайшла пад час снядання ў сябе на талерцы цыдулку, напiсаную Отам: "Мне таксама патрэбны грошы - 12. Можаце аддаць мне iх проста ў рукi". I я пайшла ў бацькаў кабiнет, узяла з сейфа дванаццаць тысяч марак - яны ляжалi там на той выпадак, калi ад цябе зноў пачнуць прыходзiць цыдулкi - i кiнула ўвесь пачак на стол перад Отам; я хацела ўжо ехаць у Амстэрдам i сказаць табе, каб ты не дасылаў нам болей нiякiх цыдулак: яны каму-небудзь ды каштуюць жыцця. Але ты ўжо тут; я звар'яцела б, калi б яны не далi табе амнiстыi; заставайся тут, хiба не ўсё адно, дзе жыць у гэтым свеце, у якiм за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём? Ты ведаеш варункi, якiя табе вытаргаваў Дрэшэр: нiякай палiтычнай дзейнасцi, а пасля заканчэння вучобы - адразу ў войска; я загадзя падрыхтавала ўсё, каб ты змог здаць экстэрнам iспыты на атэстат сталасцi, а пасля Клэм, прафесар статыкi, праверыць твае веды i залiчыць табе ва ўнiверсiтэце столькi семестраў, колькi ў яго атрымаецца; цi ты абавязкова хочаш вучыцца ва ўнiверсiтэце? Добра, як сабе хочаш; Эдыт вельмi радая. Падымiся да яе! Ну, iдзi! Хутчэй: хiба ты не хочаш убачыць свайго сына? Я аддала ёй твой пакой; яна чакае цябе наверсе; то iдзi ўжо.
Ён падняўся па сходах, прайшоў праз бурыя шафы, пракраўся па маўклiвых калiдорах пад самае гарышча, дзе апошняя прыступка сходаў замяняла перадпакой каморкi; тут чуцён быў пах цыгарэт, патаемна выкураных санiтарамi. Пах вiльготнай пасцельнай бялiзны, развешанай на гарышчы; цiшыня прыгнятала, запаўняючы сабой каморку, падымаючыся вышэй i вышэй, нiбы дым у камiне. Праз акенца ў даху Роберт паглядзеў на тапалёвую алею, што вяла да аўтобуснага прыпынку: дагледжаныя градкi, цяплiца, мармуровы фантан, справа пад мурам каплiца: усё гэта рабiла ўражанне iдылii, было iдылiяй i пахла ёю; за агароджай, праз якую прапускаўся электраток, пасвiлiся каровы, свiннi капалiся ў адкiдах, каб самiм потым ператварыцца ў адкiды; работнiк вылiваў у карыта кублы тлустага булёну: чулася гучнае булькатанне; здавалася, што прасёлак вядзе ў бязмежжа цiшынi...
Колькi ўжо разоў ён стаяў тут, на гэтай станцыi, куды яна зноў i зноў пасылала яго, каб не парушыць цэласнасцi сваiх успамiнаў? Ён зноў быў дваццацiгадовы Роберт, якi вярнуўся дадому, вырашыўшы маўчаць; ён павiнен быў паздароўкацца з Эдыт i са сваiм сынам Ёзэфам; Эдыт i Ёзэф - гэта быў сiгнал тае станцыi; яны абое былi чужыя яму, мацi i сын, i яны абое збянтэжылiся, калi ён зайшоў у iхнi пакой - Эдыт яшчэ больш за яго; цi ўвогуле яны калi-небудзь казалi адно аднаму "ты"?
Калi яны прыйшлi пасля той гульнi ў лапту да Шрэлы, Эдыт паставiла на стол ежу: бульбу з нейкай незразумелай падлiўкаю i зялёную салату; пасля яна налiла слабай гарбаты, а Роберт не мог тады цярпець слабай гарбаты; ён уяўляў сабе, што яго будучая жонка будзе ўмець запарваць добрую гарбату; Эдыт вiдавочна таго не ўмела, i ўсё ж, калi яна ставiла бульбу на стол, ён ужо ведаў, што пацягне яе ў кусты, у Блесэнфэльдскiм парку, калi яны будуць вяртацца дамоў з Цонавай кавярнi; Эдыт была светлавалосая, выглядала на шаснаццаць год; але яна ўжо не смяялася без дай прычыны, як смяюцца падлеткi; у яе вачах, позiрк якiх цяпер адразу ж спынiўся на iм, не было фальшывага чакання шчасця; яна прамовiла малiтву, што чытаюць перад ежай: "Божа... Божа...", i ён падумаў: трэба есцi пальцамi; вiдэлец, што быў у яго ў руцэ, здаваўся яму недарэчным, лыжка - чужою, i ён упершыню ў жыццi ўсвядомiў, што такое ежа - блаславенне заспакаення голаду - i нiчога больш; толькi цары i беднякi ядуць пальцамi. Яны нiбыта не казалi адно аднаму, калi iшлi Блесэнфэльдскiм паркам да Цонавай кавярнi, i ён баяўся, даючы на яе руцэ клятву нiколi не каштаваць бычынага прычасця; глупства: ён баяўся, як пад час канфiрмацыi ў касцёле; калi ж яны вярталiся назад праз той самы парк, ён узяў Эдыт за руку, затрымаў яе, даў Шрэле адысцiся далёка ўперад, глядзеў, як яго цёмна-шэрая постаць знiкае на фоне вечаровага неба, i пацягнуў Эдыт у кусты; яна не баранiлася i не смяялася, а спрадвечнае веданне, як гэта трэба рабiць, ажыло ў яго вуснах, яго руках i рамёнах; у яго памяцi захавалiся толькi яе светлыя валасы, серабрыстыя ад летняга дажджу, вяночак срэбных кропляў на яе бровах - нiбы шкiлет нейкай мiнiяцюрнай марской жывёлiны, знойдзены на ржавага колеру ўзбярэжным пяску, у памяцi захавалiся абрысы яе вуснаў, што памнажалiся ў незлiчоныя хмаркi аднолькавай велiчынi, калi яна, прытулiўшыся да яго грудзей, прашаптала: "Яны цябе заб'юць!" Значыць, яны з Эдыт усё-ткi былi на "ты" там, у кустах, у парку, i назаўтра, пасля паўдня, у таннай мэбляванай кватэры; ён цягнуў Эдыт за сабою, трымаючы за запясце: iшоў па горадзе, нiбы сляпы, нiбы яго вяла чароўная палачка; iнстынктыўна ён знайшоў патрэбны дом, пад пахай у яго быў скрутак з порахам для Фэрдзi, з якiм яны павiнны былi спаткацца ўвечары. Тады ён зрабiў адкрыццё: яна ўмее ўсмiхацца; яна ўсмiхнулася, паглядзеўшыся ў люстэрка - самае таннае, якое здолела купiць у краме са стандартнымi цэнамi гаспадыня дома; Эдыт усмiхнулася, адкрыўшы i ў сабе тое спрадвечнае веданне; а ён ужо тады дапяў, што скрутак з порахам, якi ляжаў на падаконнi, - дурасць, якую трэба было зрабiць; розум не быў прыдатны нi да чога ў гэтым свеце, у якiм за жэст рукi можна было заплацiць жыццём; усмешка Эдыт на твары, нязвычным да ўсмешак, здавалася яму цудам, а калi яны потым сышлi ў пакой гаспадынi, Роберт здзiвiўся, як танна iм абышоўся пакой: ён заплацiў за ўсё марку i пяцьдзесят пфенiгаў, а гаспадыня адмовiлася ўзяць пяцьдзесят пфенiгаў, якiя ён хацеў пакласцi ёй "на чай":
- Hе, шаноўны пане, на чай не бяру, бо не хачу нi ад кога залежаць.
Значыць, ён усё ж быў на "ты" з тою жанчынаю, што сядзела тут, трымаючы на каленях дзiця - Ёзэфа: Роберт узяў хлопчыка, нязграбна патрымаў яго якую хвiлiну, паклаў дзiця на ложак, i спрадвечнае веданне зноў вярнулася да яго - у яго рукi, рамёны, губы. Яна так i не навучылася запарваць гарбату нават пасля таго, як яны займелi сваю кватэру з мэбляю, нiбы лялечнай, калi ён вяртаўся дамоў з унiверсiтэта альбо ў водпуск як унтэр-афiцэр сапёрных войскаў; ён вывучыўся на спецыялiста па выбухах, пазней сам рыхтаваў каманды выбухоўцаў, сеяў формулы, у якiх было якраз тое, чаго хацеў - руiны i прах, помсту за Фэрдзi Прогульске, за кельнера Гроля, за хлопца, што ўкiдаў яго цыдулкi ў паштовую скрыню. Эдыт з сеткаю на пакупкi, з кнiжачкай iльготных талонаў; Эдыт, якая гартае кухарскую кнiгу; яна давала хлопчыку бутэлечку з малаком, кармiла грудзьмi Рут; малады бацька, маладая мацi; яна прыходзiла з дзiцячым вазком па яго, пад браму казармы; яны разам прагульвалiся берагам ракi, iшлi праз футбольныя палi i палi для лапты; яны сядзелi каля запруды, на дамбах, пакуль Ёзэф забаўляўся на рачным пяску, а Рут вучылася рабiць першыя крокi; два гады яны гулялi ў гэтую гульню, што называлася "шлюб": ён нiколi не здаваўся самому сабе жанатым мужчынам, хоць разоў семсот, калi не болей, зайшоўшы дамоў, вешаў у пярэднiм пакоi фуражку i шынель, знiмаў кiцель, сядаў да стала; Ёзэф на каленях, а Эдыт тым часам чытала малiтву: "Божа... Божа..."; толькi нiякiх прывiлеяў, нiякай звышарыгiнальнасцi; фельдфебель сапёрных войскаў д-р Роберт Фэмель, з выдатнымi матэматычнымi здольнасцямi; ён еў гарохавы суп, калi суседзi прымалi з радыёпрыёмнiка бычынае прычасце; яго водпуск з часцi доўжыўся да пабудкi; першым трамваем ён вяртаўся ў казарму; пацалунак Эдыт каля дзвярэй i дзiўнае адчуванне, нiбыта ён зноў яе зганьбаваў - гэтую маленькую светлавалосую жанчыну ў чырвоным шлафроку; Ёзэф трымаўся за яе руку, Рут ляжала ў вазку; нiякай палiтычнай дзейнасцi - хiба ён калi-небудзь займаўся палiтычнай дзейнасцю? Амнiсцiравалi, даравалi яму ягоную юначую дурноту; ён належаў да найбольш здольных кандыдатаў на афiцэра; тупасць заварожвала яго, бо яна несла ў сабе формулы; ён сеяў наўкол прах i разбурэнне, убiваў у галовы формулы выбухаў. "Ад Альфрэда нiчога няма?" - Ён не ведаў, пра каго яна пыталася, забыўшы, што яе дзявочае прозвiшча было Шрэла. Час вымяраўся падвышэннямi ў званнi: праз паўгода яфрэйтар, яшчэ праз паўгода унтэр-афiцэр, праз паўгода фельдфебель, а яшчэ праз паўгода лейтэнант; потым атупелая, шэрая, зусiм бязрадасная маса пацягнулася да вакзала; нi кветак, нi смеху на ўзбочынах вулiц, нi кайзеравай усмешкi па-над iмi, нi пыхi пасля доўгага цiхамiрнага жыцця; раздражнёная, але тупа-пакорлiвая маса; ён пакiнуў свой лялечны пакой, дзе яны бавiлiся ў шлюб, i на вакзале зноў паўтарыў клятву нiколi не прымаць бычынага прычасця.
Ад чаго ён мерзнуў - ад вiльготнай пасцельнай бялiзны цi ад вiльгацi муроў? Цяпер ён ужо мог пакiнуць станцыю - пост, якi яму вызначыла мацi. Пароль - "Эдыт, Ёзэф". Ён прытаптаў на падлозе цыгарэту, зноў сышоў унiз па сходах; павагаўшыся хвiлю, нацiснуў на клямку, убачыў, як яго мацi гаварыла па тэлефоне; яна рукой паказала яму маўчаць, гаворачы адначасна ў тэлефонную трубку: "Я вельмi цешуся, святы айцец, што вы можаце абвянчаць iх у нядзелю; мы сабралi ўсе паперы; цывiльная цырымонiя ўзяцця шлюбу адбудзецца заўтра".
Цi ён сапраўды пачуў адказ пробашча, цi гэта ён прыснiў - "шаноўная панi, я буду надзвычай рады, калi гэтая крыўдная недарэчнасць будзе нарэшце лiквiдаваная".
Эдыт не схацела ўбiрацца ў белыя строi i адмовiлася пакiнуць Ёзэфа дома; яна трымала яго на руках у тую хвiлю, калi святар запатрабаваў ад iх абаiх слова згоды на шлюб; граў арган; Роберт таксама не быў у чорным гарнiтуры; няма чаго перапранацца - час iсцi; шампанскага не было: бацька не любiць шампанскага, а бацька нявесты, якога ён бачыў толькi адзiн раз у жыццi, бясследна знiк, ад швагра ўсё яшчэ анiякiх вестак; яго шукалi за спробу забойства, хоць ён пагарджаў порахам у скрутку i хацеў не даць адбыцца замаху.
Яна павесiла трубку, падышла да Роберта, паклала яму рукi на плечы, спыталася:
- Якi цудоўны ў цябе сыночак, праўда? Пасля вяселля ты павiнен усынавiць яго, а я ўжо адпiсала ў тастаменце ўсё на яго карысць. Выпi яшчэ гарбаты; у Галандыi ж п'юць добрую гарбату; не бойся: Эдыт будзе добрай жонкаю; ты хутка здасi iспыты на атэстат, я абстаўлю вам кватэру, а ты не забывайся патаемна ўсмiхацца, калi пойдзеш у войска; паводзь сябе цiха i памятай, што на свеце, дзе за адзiн толькi жэст рукi можна заплацiць жыццём, гэткiя пачуццi нiчога ўжо не значаць; я абстаўлю вам кватэру, бацька будзе рады; ён паехаў у абацтва - быццам там можна неяк сябе суцешыць. "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; ах, мой хлопчык, яны забiлi таемную бацькаву ўсмешку; у ёй паламалася спружына - яна не магла вытрываць гэткага цiску; i тут ужо не дапаможа ладнае слоўца "тыраны"; бацька не здолее больш вытрываць у сваiм кабiнеце, а Отава абалонка страшыць яго; ты павiнен замiрыцца з Отам; прашу, паспрабуй зрабiць гэта; ну, калi ласка, iдзi ўжо.
Спробы замiрыцца з Отам; ён шмат разоў рабiў iх, падымаўся наверх, стукаўся ў дзверы; гэты маларослы хлопец не быў яму чужы; вочы нават не глядзелi на яго як на чужака; за шырокiм бледным Отавым iлбом была ўлада, увасобленая ў найпрасцейшай формуле, улада над палахлiвымi школьнымi таварышамi, над прахожымi, што не вiталi iхняга штандара; улада, якая магла б нават кагосьцi ўзрушваць, калi б яна выяўлялася толькi ў прыгарадных спартыўных залах альбо на рагу вулiцы, калi б Ота хацеў атрымаць тры маркi за выйграны баксёрскi паядынак альбо - як пераможца - схадзiць у кiно з дзяўчынаю ў стракатай сукенцы i па дарозе цалаваць яе ў пад'ездзе; але ў Оты не было нiчога, што б каго-небудзь магло ўзрушыць - таго, што ён часам знаходзiў у Нэтлiнгеры; мэтай ягонай улады быў не выйграны баксёрскi бой i не дзяўчына ў стракатай сукенцы; нават у яго мазгу ўлада ўжо зрабiлася формулай, пазбаўленай карысцi, вызваленай ад iнстынктаў; у ёй амаль не было нянавiсцi, улада ажыццяўлялася механiчна: удар за ўдарам.
Брат; вялiкае слова, Гёльдэрлiнава слова - гэткае агромнiстае, што, здаецца, нават смерць не можа напоўнiць яго, калi гэта была Отава смерць; нават вестка пра смерць не прынесла замiрэння: "Загiнуў пад Кiевам!" - у гэтых словах маглi прагучаць трагiзм, велiч, братэрства; гэтыя словы ў спалучэннi з Отавым узростам маглi б узрушваць, як словы надмагiльнага надпiсу: дваццаць пяць год, загiнуў пад Кiевам; але нiчога ў тых словах не прагучала для яго, i ён дарэмна спрабаваў памiрыцца з Отам пасля яго смерцi; "вы ўсё-ткi браты..." - казалi яму; сапраўды, яны былi братамi, згодна з запiсам у кнiзе актаў цывiльнага стану i паводле сведчання акушэркi; мажлiва, ён бы хутчэй адчуў узрушанасць, калi б яны напраўду былi чужыя адзiн аднаму, ды яны не былi чужыя; ён бачыў, як Ота есць, п'е каву, гарбату, пiва; але Ота еў не такi хлеб, пiў не тое самае малако i каву, што ён; яшчэ горш было са словамi, якiя яны казалi адзiн аднаму: калi Ота гаварыў "хлеб", гэтае слова гучала яшчэ чужэй, чым слова "pain"*, пачутае першы раз, калi ён яшчэ не ведаў, што гэта значыць - "хлеб"; сыны аднае маткi i аднаго бацькi, якiя нарадзiлiся i гадавалiся ў адным i тым доме, у адным доме елi, пiлi, плакалi, дыхалi адным паветрам, хадзiлi адной дарогай у школу; i разам смяялiся, гулялi; ён называў Оту "браткам", адчуваў, як братава рука абдымае яго за шыю; ён даведаўся, што Ота баiцца матэматыкi, дапамагаў яму, цэлымi днямi зубрыў з iм, каб пазбавiць таго страху, i тут ён здолеў вызвалiць братку ад страху - ды раптам, праз два гады, пакуль яго не было, ад Оты засталася адна абалонка; не быў яму нават чужы, не адчуваўся нават пафас гэтага слова; яно не прыходзiла на язык, не было праўдзiвым, не гучала, калi ён думаў пра Оту; i ён упершыню зразумеў тады, што сапраўды значылi словы Эдыт "пакаштаваць бычынага прычасця": Ота б выдаў катам родную мацi, каб яна iм спатрэбiлася.
* Хлеб (франц.).
А калi Роберт падымаўся наверх, каб яшчэ раз паспрабаваць замiрыцца, калi ён адчыняў дзверы ў Отаў пакой, той, паварочваючыся да яго, пытаўся: "Ну што?" Ён меў тут рацыю - сапраўды: што Роберт мог сказаць яму. Яны ж не былi нават чужыя адзiн аднаму, дасканала ведалi адзiн аднаго: ведалi, напрыклад, што адзiн не любiць апельсiнаў, a другi аддае перавагу пiву перад малаком; яны ведалi, што хтосьцi з iх замест цыгарэт ахвотна курыць маленькiя цыгаркi, а хтосьцi пакiдае закладкi ў календары Шота.
Роберт зусiм не здзiўляўся, калi бачыў, як Бен Вакс i Нэтлiнгер падымалiся ў Отаў пакой, калi ён сустракаў iх у калiдоры, усвядомiўшы, што тыя абодва былi яму менш незразумелыя, чым яго родны брат; нават забойцы не бываюць забойцамi ўвесь час, а любой гадзiне дня i ночы; нават забойцы маюць вольныя ад працы вечары - як, напрыклад, чыгуначнiкi; тыя абодва вызначалiся паблажлiвасцю: паляпвалi яго па плячы; Нэтлiнгер казаў: "Ну, хiба гэта не я даў табе ўцячы?" Яны паслалi на смерць Фэрдзi, паслалi Гроля i бацьку Шрэлы туды, дзе людзi без следу знiкаюць, але цяпер яны казалi: "Што было, тое было". Нiхто не хоча псаваць гульню. Hе трэба прыпамiнаць iм таго. Фельдфебель у сапёраў, спецыялiст па выбухах, жанаты, мае сваю кватэру, iльготную ашчадную кнiжку i дваiх дзяцей. "Пра жонку можаш не турбавацца; пакуль я тут, з ёй нiчога не здарыцца..."
Ну дык што? Цi гаварыў ты з Отам? Без вынiку? Я ведала, што так будзе, але ж трэба спрабаваць зноў i зноў; падыдзi блiжэй, цiха: я хачу табе нешта сказаць! Мне здаецца, што на iм - праклён, чары - калi гэта табе больш даспадобы; i ёсць толькi адзiн спосаб вызвалiць яго: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Госпад кажа: "Помста мая", а чаму б гэта мне не быць сродкам помсты ў руцэ Госпадавай?
Яна падышла да акна, выцягнула з кута памiж фiранкаю i акном дарожны кiй свайго брата, якi памёр сорак тры гады таму; ускiнула кiй да пляча, нiбы стрэльбу, i нацэлiлася, узяла на мушку Бена Вакса i Нэтлiнгера; яны ехалi па вулiцы конна - адзiн на сiвым, другi на гнедым жарабцы; кiй рухаўся, паказваючы дакладна хуткасць конскага бегу - як быццам яе мерылi секундамерам; яны павярнулi за рог дома, праехалi паўз гатэль на Модэстгасэ, памчалi да Мадэставай брамы, якая засланiла коннiкаў ад яе; апусцiўшы кiй, мацi сказала: "У мяне ёсць дзве з паловай хвiлiны часу". Зрабiць глыбокi ўдых, нацэлiцца, своечасова нацiснуць на курок; кожнае шво яе сноў трымала моцна, нiдзе не было магчыма разарваць дасканала сплеценую хлусню; яна зноўку паставiла кiй у кут.
- Я зраблю гэта, Роберт. Я зраблюся сродкам помсты ў руцэ Госпада; маю досыць цярплiвасцi, час мяне не бярэ: тут патрэбныя не хлопаўкi з порахам, да пораху патрэбны свiнец: помста за апошняе слова, што вымавiлi нявiнныя вусны майго сына: "Гiндэнбург"; гэтае слова засталося пасля яго на гэтай зямлi; я павiнна сцерцi гэтае слова; хiба мы дзеля таго нараджаем дзяцей на свет Божы, каб яны памiралi, маючы сем год, i выдыхалi апошняе слова "Гiндэнбург"? Я парвала лiсток з вершам i выкiнула шматкi паперы на вулiцу, а ён быў дысцыплiнаваны малы хлапчук ды прасiў мяне дастаць яму копiю; але я адмовiлася, не хочучы, каб тая лухта вымаўлялася яго вуснамi; у гарачцы ён спрабаваў аднавiць у памяцi радкi верша; я заткнула сабе вушы, але ўсё-ткi адно чула: "...Хай Госпад заўсёды будзе з табой"; я спрабавала спынiць яго трызненне, трэсла яго, каб ён апрытомнеў; я хацела, каб ён паглядзеў мне ў вочы, адчуў дотык маiх далоняў, пачуў мой голас, але ён шаптаў далей: "...Пакуль нямецкiм лясам стаяць, пакуль нямецкiм сцягам лунаць; пакуль нямецкая мова гучыць - датуль яго iменi ў сэрцах жыць"; тое, з якiм нацiскам ён нават у гарачцы вымаўляў слова "яго", амаль забiла мяне насмерць; я пазбiрала ўсе цацкi ў хаце, забрала ў цябе твае - i, не зважаючы на твой лямант, склала iх усе на Генрыхавай коўдры; толькi ён ужо не вярнуўся, не паглядзеў на мяне... Генрых, Генрых! Я крычала, малiлася i шаптала яму, ды ён ужо адышоў у краiну трызненняў, у якой для яго застаўся адзiны радок верша: "Гiндэнбург! Наперад! На бой!"; толькi той адзiн-адзiны радок верша жыў у iм; i апошняе слова, якое я пачула з ягоных вуснаў, было: "Гiндэнбург".
Я павiнна адпомсцiць за спанатраныя вусны майго сямiгадовага сыночка; няўжо ты гэтага не разумееш, Роберт? Адпомсцiць тым, што едуць конна паўз наш дом, да Гiндэнбургавага помнiка; за iмi нясуць гладкiя вянкi з залатымi, чорнымi i фiялетавымi стужкамi; я ўвесь час думаю: няўжо ён нiколi не памрэ? Няўжо мы будзем вечна бачыць на паштовых марках гэтага састарэлага буйвала, чыё iмя зрабiлася дэвiзам у сынавых вуснах? Цi ты цяпер дасi мне карабiн?
Я злаўлю цябе на слове: гэта неабавязкова павiнна адбыцца сёння цi заўтра, але гэта павiнна адбыцца неўзабаве; я назапашвала ў сабе цярплiвасць... Цi памятаеш ты свайго брата Генрыха? Табе было ўжо амаль два гады, калi ён памёр. У нас тады быў сабака з мянушкаю Бром; ты наўрад цi прыгадаеш яго; ён быў такi стары i мудры, што боль, якi вы абодва яму прычынялi, выклiкаў у яго не злосць, а толькi смутак; вы хапалiся за ягоны хвост, i ён цягаў вас па пакоi; цi памятаеш ты пра гэта? Кветкi, якiя ты павiнен быў пакласцi на Генрыхаву магiлу, ты выкiнуў у акно карэты; мы пакiнулi цябе каля ўвахода на могiлкi, дазволiлi табе залезцi на вазнiцава месца i патрымацца за лейцы: яны былi з чорнай патрэсканай скуры. Бачыш, Роберт, ты ўжо i прыгадваеш сабаку, лейцы, брата... i салдат, салдат, бясконцыя шыхты салдат - гэтага ты не памятаеш: яны iшлi ўверх па Модэстгасэ, перад гатэлем збочылi да вакзала, цягнулi за сабою гарматы; бацька трымаў цябе на руках i сказаў: "Вайне канец".
Трыльён за маленькую плiтку шакаладу, пасля два трыльёны за цукерку, гармата за паўбохана хлеба, конь за адзiн яблык; усё даражэй i даражэй; а потым у людзей не заставалася i пяцi пфенiгаў, каб купiць кавалачак самага таннага мыла; добра быць не магло, Роберт, яны i не хацелi, каб было добра; усё новыя i новыя людзi iшлi праз Мадэставу браму, стомлена паварочвалi да вакзала: усё як мае быць, як мае быць; яны неслi перад сабою iмя вялiкага буйвала - Гiндэнбурга; Гiндэнбург да апошняга ўздыху рупiўся пра парадак; цi ён сапраўды памёр, Роберт? Hе магу ў тое паверыць: "У бронзе, у каменi вобраз твой; мы верым табе, наш нязломны герой - Гiндэнбург! Наперад! На бой!" На паштовых марках ён, са сваiмi буйвалавымi шчакамi, здаецца мне сiмвалам яднання; пабачыш, ён яшчэ прычынiць нам клопату, пакажа нам, куды вядзе палiтычная разумнасць i разумнасць грошай: конь за адзiн яблык, трыльён за цукерку, а пасля няма нават пяцi пфенiгаў на кавалак мыла; i заўсёды ўсё як мае быць; я гэта ўсё бачыла i чула, як яны неслi гэтае iмя перад сабою - ён быў дурны як бот, глухi як пень, але дбаў пра парадак; прыстойнасць, прыстойнасць; гонар i адданасць, жалеза i сталь, грошы i ўбогая сельская гаспадарка; асцярожна, хлопчык - там, дзе над раллёю падымаецца пара, дзе гамоняць лясы, будзь асцярожны: там прымаюць бычынае прычасце.
Hе думай, што я з'ехала з глузду; я дакладна ведаю, дзе мы цяпер - у Дэнклiнгене; вось тут дарога, што вядзе памiж дрэваў, пад блакiтным мурам i падымаецца да таго месца, дзе жоўтыя аўтобусы поўзаюць, нiбы хрушчы; мяне прывезлi сюды з тае прычыны, што я прымусiла галадаць тваiх дзяцей - пасля таго, як порсткiя птахi забiлi апошнюю авечку; вайна, час лiчылi паводле падвышэнняў у званнях; ты пайшоў лейтэнантам, а праз два гады быў ужо обер-лейтэнантам. Ты ўсё яшчэ не гаўптман? Гэтым разам цябе падвысяць не раней як праз чатыры гады, а можа, i праз шэсць; потым ты станеш маёрам; прабач, што я смяюся; не захапляйся занадта сваiмi формуламi ў мазгу, не рабiся нецярплiвы i не прымай нiякiх прывiлеяў; мы не ямо нiчога, апроч таго, што нам выдаюць па картках; Эдыт пагаджаецца з гэтым; еш тое, што ядуць iншыя; апранайся так, як усе астатнiя; чытай тое, што чытаюць iншыя; не прымай лiшняга грама масла, дадатковай вопраткi, дадатковых радкоў вершаў - нiчога, што табе паэлеганцку прапаноўвае буйвал. Правая рука iх поўная дарункаў, гэта хабар, выдадзены разнастайнымi манетамi. Я не хацела, каб твае дзецi карысталiся з якiх-небудзь прывiлеяў; яны павiнны былi адчуць смак праўды на сваiх губах; але мяне разлучылi з дзецьмi; гэта называецца санаторый: ты можаш тут быць вар'ятам, i цябе за гэта не наб'юць; тут цябе не абальюць халоднай вадою i без згоды сям'i на цябе не надзенуць кашулю з доўгiмi рукавамi; у мяне ёсць надзея, што вы не дасцё на гэта сваёй згоды; мне нават дазволена выходзiць, калi я захачу, бо ад мяне няма нiякай небяспекi, нiякай, мой хлопчык; ды я не хачу выходзiць, не хачу бачыць часу i не хачу пастаянна адчуваць, што таемны смех забiты, што паламалася схаваная ў схаваным гадзiннiкавым механiзме спружына; раптоўна бацька стаў успрымаць усё сур'ёзна; я сказала б, урачыста; бо замураваныя былi цэлыя горы цэглы, былi высечаныя цэлыя лясы будаўнiчай драўнiны, а бетонам... тым бетонам можна было б засыпаць Бодэнскае возера; такiя людзi, будуючы, прагнуць адно забыцца; гэта - нiбы опiум; ты не можаш сабе ўявiць, чаго можа набудаваць такi архiтэктар за сорак гадоў; я адчышчала яго нагавiцы ад бетоннага раствору, ягоны капялюш - ад гiпсавых плям; ён палiў цыгару, паклаўшы галаву мне на каленi, i мы бясконца паўтаралi, нiбы галашэнне: "цi памятаеш..." - цi памятаеш 1907, 1914, 1921, 1928, 1935 год; а ў адказ заўсёды была якая-небудзь пабудова альбо чыя-небудзь смерць; цi памятаеш ты, як памерла мацi; цi памятаеш, як памёр бацька, памерлi Ёганна i Генрых? Цi памятаеш, як я будаваў абацтва Святога Антонiя, касцёлы Святога Сэрвацыя, Святога Банiфацыя, Святога Мадэста, дамбу памiж Хайлiгенфэльдам i Блесэнфэльдам; цi памятаеш, як я ставiў кляштары для белых i для карычневых братоў, дамы адпачынку для сёстраў мiласэрнасцi; кожны адказ гучаў у мяне ўвушшу, нiбы "злiтуйся з нас, Госпадзе!". Будова напластоўвалася на будову, смерць на смерць; ён пачаў хадзiць па слядах сваёй уласнай легенды, зрабiўся нявольнiкам прыдуманага iм самiм цырыманiялу: шторання сняданне ў кавярнi Кронэра, хоць куды ахвотней ён бы снедаў з намi; выпiць сваёй кавы з малаком, з'есцi свой хлеб; ён бы мог добра абысцiся без яйка ўсмятку, без гэтага паскуднага сыру з папрыкай, але ён пачаў ужо думаць, што без усяго гэтага яму нельга; я баялася: ён пачынаў злавацца, калi не атрымлiваў доўга сур'ёзных заказаў; а раней жа ён заўсёды быў рады атрымаць любы заказ, цi разумееш ты? Гэта складаная матэматыка, калi ты наблiжаешся да пяцiдзесяцi цi да шасцiдзесяцi i ў цябе ёсць выбар: альбо выпусцiць змесцiва свайго мачавога пухiра каля свайго помнiка, альбо, падняўшы вочы, пачцiва аглядаць яго; тут не трэба больш прымружваць вочы; табе тады было васемнаццаць год, Ота меў шаснаццаць - а мне было боязна; як чуйны птах з быстрымi вачыма, я стаяла там, у альтанцы наверсе; трымала вас, калi вы былi немаўлятамi, на руках; калi вы былi малымi, за рукi, стаяла побач з вамi - калi вы павырасталi вышэй за мяне; i я ўсё глядзела, як унiзе праходзiць час, якi вiраваў, браў удзел у бойках, плацiў трыльён за цукерку, а пасля не меў трох пфенiгаў на маленькую булачку; я не хацела чуць прозвiшча выратавальнiка, але яны вынеслi быка на сваiх плячах, наляплялi яго ў выглядзе маркi на свае лiсты i чыталi малiтву: прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць, пераможаны i ўсё ж непераможаны; парадак; ён быў дурны як бот, глухi як пень; унiзе, у бацькавай канторы, Ёзэфiна дакраналася iм да вiльготнай губкi i, у размаiтых колерах, наляпляла яго на лiсты; а ён, мой малы Давiд, спаў; ён абудзiўся толькi тады, калi ты знiк, калi ўбачыў, што можна заплацiць жыццём за тое, што перадасi з адных рук у другiя скрутачак з грашыма, сваiмi грашыма, загорнутымi ў газецiну; калi ад ягонага роднага сына раптам засталася толькi абалонка роднага сына. Адданасць, гонар, прыстойнасць - ён дапяў, чаго гэта ўсё вартае; я папярэджвала яго наконт Грэца, але ён сказаў:
- Ён не зробiць шкоды.
- Што ж, - адказала я, - ты яшчэ ўбачыш, на што здольныя гэтыя бясшкодныя людзi; Грэц гатовы i родную мацi прадаць.
Потым я жахнулася праз сваю празорлiвасць, калi Грэц напраўду прадаў сваю мацi; ён зрабiў гэта, Роберт, - выдаў сваю родную мацi палiцыi толькi з тае прычыны, што старая жанчына раз-пораз паўтарала: "Гэта грэх i ганьба". Болей яна не казала нiчога - толькi гэты самы сказ, аж пакуль аднаго разу яе сын не абвясцiў: "Гэтага цярпець я больш не магу; гэта iдзе насуперак майму гонару". Яны схапiлi старую, адвезлi яе ў прытулак для састарэлых, абвясцiлi яе вар'яткай, каб уратаваць ёй жыццё; але менавiта гэта i сталася прычынай яе смерцi: яны далi ёй нейкi ўкол. Хiба ты не памятаеш Грэцавай мацi? Яна ўсё вам кiдала цераз плот парожнiя кошыкi з-пад грыбоў, а вы распляталi тыя кошыкi i будавалi трысняговыя хацiнкi; калi, бывала, доўга iшоў дождж, яны рабiлiся бураватыя ад бруду; тады вы высушвалi iх, i я дазваляла вам iх палiць; няўжо ты не памятаеш... тая старая жанчына, якую выдаў Грэц, яго родная мацi? Вядома, Грэц да сённяшняга дня стаiць за сваiм прылаўкам, пяшчотна пагладжваючы кавалкi сырой пячонкi. Яны прыйшлi таксама па Эдыт, але я не аддала яе, я скрыгатала зубамi, крычала гвалт, i яны адступiлiся; я ўратавала Эдыт да тае самае хвiлi, калi яе забiў порсткi птах; я спрабавала затрымаць i яго; чула, як ён ляцеў да нас з шумам, як падаў долу, i ведала, што ён нясе смерць; з трыумфам ён уварваўся да нас праз акно ў калiдоры; я распасцерла рукi, каб злавiць яго, ды ён порстка шуснуў паўз мае рукi; даруй мне за тое, што не здолела ўратаваць авечку; i памятай, Роберт, што ты абяцаў прынесцi мне стрэльбу. Hе забудзься. Будзь уважлiвы, хлопча, калi будзеш падымацца па драбiнах; хадзi сюды, я цябе пацалую, i прабач мне, што я смяюся; якiя спрытныя цяпер цырульнiкi.
Выпрастаўшыся, ён падымаўся па драбiнах, ступаючы ў шэрую бясконцасць памiж папярэчынамi, а ў той самы час насустрач яму спускаўся Давiд, маларослы Давiд; усё сваё жыццё ён мог насiць гарнiтуры, якiя купляў яшчэ зусiм малады... памалу! Чаму вы спыняецеся памiж прыступак, чаму вам хоць бы не прысесцi на iх, калi вам трэба пагаварыць адзiн з адным; абодва выпрастаўшыся; цi напраўду яны абнялiся, цi напраўду сын паклаў руку на плячо бацьку, a бацька - на плячо сыну?
Калi ласка, каву, Гупэрц: моцную, гарачую; i цукру як найбольш; па абедзе ён любiць моцную i салодкую каву, a з ранiцы - слабую; ён, мой гаспадар; ён iдзе сюды з шэрай бясконцасцi, у якую адыходзiць вялiкiмi крокамi другi, выпрастаны i нязломны; яны адважныя - мой муж i мой сын, яны спускаюцца да мяне, у закляты замак: сын два разы, а мой гаспадар толькi адзiн раз на тыдзень: ён прыносiць з сабою суботу, у ягоных вачах каляндар, вымярэнне часу; i я не магу нават спадзявацца, што мне ўдасца растлумачыць яго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў: восемдзесят год яму, у яго сёння дзень нараджэння, якi будзе ўрачыста адзначаны ў Кронэравай кавярнi; але без шампанскага; ён заўсёды цярпець не мог шампанскага, i я так i не даведалася чаму.
Некалi ты марыў пра тое, каб наладзiць у гэты дзень грандыёзную вечарыну: сем разоў па сем унукаў, праўнукi, нявесткi, унукi з жонкамi, унучкi з мужыкамi; ты ж - колькi помню - здаваўся сабе Аўраамам, заснавальнiкам вялiзнага роду; ты бачыў сам сябе ў скляпеннях летуценняў з дваццаць дзевятым праўнукам. Памнажацца, працягваць памнажацца... але гэта будуць сумныя радзiны: адзiн-адзiны сын; светлавалосы ўнук i цёмнавалосая ўнучка, якiх табе падаравала Эдыт, а мацi, заснавальнiца сям'i, - у заклятым замку, куды спусцiцца можна толькi па бясконца доўгiх драбiнах з вялiзнымi перакладзiнамi.
- Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, стары Давiд, ты i цяпер гэткi самы хударлявы, як у маладосцi; не цвялi мяне календаром у тваiх вачах; я адплываю на маленькiм каляндарным лiстку з надпiсам "31 траўня 1942 г."; не знiшчай маёй лодачкi, злiтуйся з мяне, каханы; не спiхвай мяне ў акiян тых мiнулых шаснаццацi год. Цi памятаеш ты лозунг: "Перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць", бяда тым людзям, што не прымаюць бычынага прычасця; ты таксама ведаеш, што прычасцi маюць жахлiвую ўласцiвасць: яны iснуюць бясконца; людзi былi галодныя, а хлеба для iх не пабольшала, рыбы не пабольшала; прычасце авечкi не наталяла iх голаду, а вось бычынае прычасце давала ежы ўдосталь; яны не навучылiся лiчыць: трыльён за цукерку, конь за адзiн яблык, а потым няма i трох пфенiгаў, каб заплацiць за булачку; i заўсёды парадак, прыстойнасць, гонар, адданасць; прышчэпленыя бычыным прычасцем, яны неўмiручыя; пакiнь гэта, Давiд, навошта цягнуць час за сабою; злiтуйся, патушы час на календары ў тваiх вачах; гiсторыю робяць iншыя; у цябе ёсць Кронэрава кавярня; калi-небудзь табе паставяць помнiк - такi невялiчкi з бронзы; цябе ўвекавечаць з рулонам эскiзаў у руцэ: малы, шчуплы, з усмешкай на вуснах, штосьцi сярэдняе памiж маладым равiнам i прадстаўнiком багемы; з неакрэсленай пячаццю вясковага паходжання; ты ж бачыў, куды вядзе палiтычная разумнасць; няўжо ты хочаш пазбавiць мяне маёй палiтычнай неразумнасцi?
З акна свайго кабiнета ты абяцаў мне: "Hе бядуй, я буду цябе кахаць i пазбаўлю цябе ад тых жахаў, пра якiя табе расказваюць твае школьныя сяброўкi - ад жахаў, што нiбыта здараюцца ў першую шлюбную ноч; не вер нашэптванням гэтых iдыётак; калi прыйдзе тая хвiля, мы будзем смяяцца; абавязкова, клянуся табе; але ты яшчэ пачакай крыху: два тыднi, самае большае месяц; я куплю букет кветак, вазьму дылiжанс i пад'еду да вашага дома. Мы будзем рабiць падарожжы, паглядзiм свет, ты падорыш мне дзяцей пяцёра, шасцёра, сямёра; дзецi падораць мне ўнукаў - пяць, шэсць, сем разоў па сем; ты нiколi не будзеш заўважаць па мне, што я працую; я не дам табе адчуць, што такое мужчынскi пот, што такое сапраўдныя мускулы i сапраўдная вайсковая форма; мне ўсё даецца лёгка; я вучыўся, сёе-тое вывучаў сур'ёзна i загадзя заплацiў за пот, што прыйдзецца пралiць; я не мастак, табе не трэба мець нiякiх iлюзiй на гэты конт; я не здолею выявiць перад табою нi фальшывага, нi сапраўднага дэманiзму; тое, пра што твае сяброўкi расказваюць вусцiшныя казкi, здарыцца не ў спальнi, а пад адкрытым небам: ты павiнна яго бачыць над сабою. Лiсткi i травiнкi будуць спадаць на твой твар, ты адчуеш пах восеньскага вечара, i табе не будзе здавацца, што ты бярэш удзел у брыдкiх акрабатычных практыкаваннях, якiя належаць да тваiх абавязкаў; ты будзеш удыхаць пахi восеньскай травы, лежачы на прыбярэжным пяску, памiж зараснiкаў лазы - там, дзе вада пасля паводкi пакiнула свой след-паласу; сцёблы чароту, коркi ад пляшак, бляшанкi ад гуталiну, пацерка з ружанца, што ўпала за борт у шкiперавай жонкi, i лiманадныя пляшкi з укладзенымi ў iх цыдулкамi; у паветры горкi дым ад параходных комiнаў; грукат якарных ланцугоў; мы не будзем рабiць з гэтай справы крывавай i паважнай, хоць яна, натуральна, i крывавая, i паважная.
А той корак, якi я ўхапiла пальцамi сваiх босых ног i падарыла табе на памятку? Я ўхапiла яго i падарыла табе, бо ты пазбавiў мяне ад спальнi, гэтай змрочнай катоўнi, пра якую я ведала з раманаў, нашэптванняў сябровак, з перасцярог манашак; галiнкi лазы звiсалi над маiм iлбом, срэбна-зялёныя лiсткi вiселi ў мяне перад цёмнымi i поўнымi бляску вачыма; параходы раўлi ў мой гонар: абвяшчалi мне, што я зрабiлася жанчынаю; сутонне, асеннi вечар, усе якарныя ланцугi былi ўжо даўно апушчаныя ў ваду, матросы i жонкi шкiпераў сыходзiлi па хiсткiх трапах на бераг, i я ўжо сама жадала таго, чаго яшчэ некалькi гадзiн таму баялася; але ўваччу ў мяне ўсё ж паявiлася некалькi слязiнак, бо я адчувала сябе нявартай памяцi сваiх продкаў, якiм было сорамна рабiць уцеху з абавязку; ты прыляпiў мне тады вербавыя лiсточкi на лоб i на сляды ад слёз - там, унiзе, на прыбярэжным пяску, дзе мае ногi краналiся сцёблаў чароту, бутэлек з цыдулкамi, у якiх адпускоўцы пасылалi свае прывiтаннi гараджанам; адкуль узялiся тыя гуталiнавыя бляшанкi: цi яны былi выкарыстаныя матросамi, каб да бляску начысцiць свае боты, перад тым як выйсцi на бераг? А можа - жонкамi шкiпераў, якiя хадзiлi рабiць пакупкi з чорнымi блiшчастымi сумкамi, альбо - хлопцамi, што насiлi шапкi з чорнымi брылямi, якiя блiшчалi ў паўзмроку, калi мы потым сядзелi на чырвоных крэслах у кавярнi Трышлера? Я з захапленнем глядзела на прыгожыя рукi маладой жанчыны, што падавала нам смажаную рыбу, салату, якая была такая зялёная, што балюча было вачам; вiно; рукi гэтай маладой жанчыны, якая пазней, праз дваццаць восем гадоў, будзе прамываць вiном раны на знявечанай спiне майго сына; ты не павiнен быў крычаць на Трышлера, якi нам затэлефанаваў i паведамiў пра няшчасны выпадак з Робертам; паводка, паводка... мне заўсёды карцела кiнуцца ў раку, што выйшла з берагоў, i дазволiць вадзе аднесцi мяне да шэрых даляглядаў. Заходзь, няхай з табою зойдзе шчасце, але не цалуй мяне; не разбурай майго карабельчыка; вось табе кава, салодкая i гарачая; паабедзенная кава, моцная i без малака; вось тут цыгары, па шэсцьдзесят пфенiгаў штука; Гупэрц купiў iх па маёй просьбе. Памяняй аб'ектывы сваiх вачэй, стары; я ж не сляпая, а проста вар'ятка i, вядома ж, магу прачытаць дату на календары, што вiсiць унiзе ў вестыбюлi: "6 верасня 1958 года"; я не сляпая i ведаю, што я не магу растлумачыць твайго аблiчча спрытнасцю цырульнiкаў; вазьмi ўдзел у маёй гульнi, падкруцi аб'ектывы сваiх вачэй i не апавядай мне зноўку пра твайго прамянiстага светлавалосага ўнука, у якога матчына сэрца i бацькаў розум i якi цяпер твой упаўнаважаны пры адбудове абацтва; цi ён ужо здаў iспыты на атэстат сталасцi? Цi збiраецца ён вывучаць статыку? Ён цяпер на практыцы? Прабач мне за мой смех, але я нiколi сур'ёзна не ўспрымала будаўнiцтва; пыл, шчыльна збiты i спечаны пыл, ператвораны ў элементы структуры; аптычны падман, фата-маргана, загадзя асуджаная на ператварэнне ў руiны; перамога з неба не спадзе: яе трэба заваяваць; я сёння ўраннi прачытала гэта ў газеце - перш чым яны мяне забралi. "Усе трыумфавалi... поўныя пабожнай веры, яны прыслухоўвалiся да слоў... радасць i трыумф зноў i зноў захаплялi ўсiх..." Хочаш, я прачытаю табе гэта з мясцовай газеты?
Грамада тваiх унукаў - не сем разоў па сем, а два разы па адным - не будзе карыстацца з прывiлеяў, я абяцала гэта Эдыт, авечцы; яны не будуць прымаць бычынага прычасця, а хлопец не будзе вучыць верша, якi яму задалi ў школе:
Удары ўсе ўсхваляй, што лёс нам пасылае,
Бо лiха душы блiзкiя злучае...
Ты чытаеш зашмат цэнтральных газет, дазваляеш, каб табе падавалi "быка" з кiслай, альбо салодкай, альбо бог ведае з якой падлiўкаю; ты чытаеш зашмат газет, прызначаных для звышадукаванай элiты; зiрнi: тут, у мясцовых газетах ты можаш наесцiся сапраўдных памыяў - чыстых, без дамешак i падробак, што падаюцца з самымi лепшымi намерамi, якiя толькi магчыма сабе ўявiць: iншыя твае цэнтральныя - газеты не робяць таго з самымi лепшымi намерамi: яны проста палахлiвыя; а вось гэтыя маюць самыя лепшыя намеры; нiякiх прывiлеяў, калi ласка; i нiякай шкадобы; вось што тут пiшуць, звяртаючыся да мяне: "Мацяркi тых, што палеглi...":
I, хоць народ вас, як святых, шануе,
Ды сэрца ваша па сынах смуткуе.
Я - святая ў народа, i сэрца маё смуткуе: загiнуў мой сын - Ота Фэмель; прыстойнасць, прыстойнасць, гонар, адданасць; ён выдаў нас палiцыi, зрабiўся раптам толькi вонкавай абалонкай нашага сына; нiякай шкадобы; нiякiх прывiлеяў; абата яны, вядома, пашкадавалi, бо ён пакаштаваў бычынага прычасця; прыстойнасць, парадак, гонар; гэтую падзею святкавалi манахi з паходнямi ў руках, уверсе, на пагорку, пазiраючы долу, у далiну Кiса; надыходзiла новая часiна, часiна ахвяр, часiна пакут, а ў iх зноў былi пфенiгi на булачкi, пяць пфенiгаў на кавалак мыла; абат здзiвiўся, калi Роберт адмовiўся браць удзел ва ўрачыстасцях; манахi на запененых конях заехалi на вяршыню пагорка, расклалi вогнiшча; свята сонцавароту; запалiць агонь дазволiлi Оце; ён тыцнуў запаленай паходняй у сушняк; тыя самыя вусны, што гэтак цудоўна ўмелi спяваць "Rotate coeli", спявалi словы, ад якiх дай божа мне ўберагчы майго ўнука: "Дрыжаць спарахнелыя косцi..."; цi не дрыжаць твае косцi, стары?
Хадзi, стары, пакладзi сваю галаву мне на каленi, запалi цыгару; фiлiжанку з кавай ты лёгка дастанеш рукой; заплюшчы вочы; апусцi заслону; прэч; будзем паўтараць бясконца малiтву: "Цi памятаеш?..", успамiнаць пра гады, калi мы жылi за горадам, у Блесэнфэльдзе, дзе кожны вечар пахнуў адпачынкам, простым людам, якi наядаўся ў будках са смажанай рыбай, каля вазкоў з куханамi i марожаным; бласлаўлёныя, яны маглi есцi рукамi; а мне гэтага не дазвалялася, пакуль я жыла дома; ты дазволiў мне рабiць гэта; дудзелi катрынкi, рыпелi каруселi, а я ўдыхала тыя пахi, чула, адчувала, што трывалае толькi тое, што прамiнула; ты мяне выбавiў з таго жахлiвага дома, у якiм яны праседзелi чатырыста год i з якога яны марна спрабавалi выбрацца; летнiмi надвячоркамi я сядзела на даху, на тэрасе, а яны тым часам пацягвалi вiно ўнiзе ў садзе; мужчынскiя вечарыны, вечарыны для дамаў; а я ў пранiзлiвым смеху жанчын чула тое самае, што i ў гучным рагатаннi мужчынаў роспач; калi вiно развязвала языкi, здымала ўсялякiя табу, калi водары летняга вечара вызвалялi iх з няволi ўласнае крывадушнасцi - тады рабiлася вiдавочным, што яны не былi нi досыць багатыя, нi досыць бедныя, каб адкрыць для сябе адзiную трывалую рэч - тое, што прамiнае: я тужыла па iм, хоць мяне i выхоўвалi вечнымi катэгорыямi: шлюб, адданасць, гонар, спальня, дзе быў толькi абавязак i не было свабоды; i ў мяне ўвушшу звiнела, нiбы заклiк булькатлiвай вады ў час паводкi: "навошта-навошта-навошта?"; я не хацела далучацца да iхняй роспачы, не хацела браць у спадчыну тую змрочную спадчыну, што яны перадавалi з пакалення ў пакаленне; я сумавала па белым бязважкiм прычасцi авечкi i спрабавала пры "Меа culpa, mea maxima eulpa" выбiць у сябе з грудзей старажытны спадак змроку i гвалту; вяртаючыся ад iмшы, я пакiдала ў сенцах свой малiтоўнiк, прыходзiла як найраней - каб атрымаць пацалунак ад бацькi; яго грымотны бас разносiўся па двары аж да самае канторы: мне споўнiлася пятнаццаць, шаснаццаць, семнаццаць, васемнаццаць, i ў матчыных вачах я згледзела напятую чуйнасць, з якою яна чакала майго паўналецця; калi яе свойчас кiнулi на пакорм ваўкам, дык чаму б гэтая доля павiнна была абмiнуць мяне? Тыя ваўкi павырасталi ўжо - апiвошы, уладальнiкi форменных кепурак, прыгожыя i не надта; я глядзела на iхнiя рукi, у iхнiя вочы, i на мне вiсеў страшэнны праклён: я ведала, якiя яны зробяцца, калi iм будзе сорак, шэсцьдзесят год: фiялетавыя жылiны на руках, якiя нiколi не будуць пахнуць адпачынкам; паважнасць, мужчынскасць, адказнасць; ахоўваць законы, выкладаць дзецям гiсторыю; лiчыць грошы, выказвацца за палiтычную разумнасць; усе яны, гэтаксама як i мае браты, былi асуджаныя на бычынае прычасце; маладыя яны былi толькi сваiм узростам, i толькi адно магло прынесцi iм бляск i велiч, ахiнуць iх мiфалагiчнай смугою - смерць; час быў адно сродкам, якi наблiжаў iх да яе; яны прынюхвалiся да смерцi, i iх вабiла да ўсяго, што пахла смерцю; яны самi пахлi трупным смуродам; гэты смурод прыцiшана сядзеў у доме, у вачах тых, каму мяне хацелi аддаць на пакорм - уладальнiкаў форменных кепурак, ахоўнiкаў законаў; толькi адно было забаронена - прага да жыцця i гульня. Цi ты разумееш мяне, стары? Гульню лiчылi за смяротны грэх; не спорт: яго яны цярпелi, бо спорт падтрымлiвае жыццёвы тонус, узбадзёрвае, робiць прыгажэйшымi, узмацняе апетыт ваўкоў; яны развiваюць iнстынкты хатняй гаспадынi i мацi; танцы - таксама добра, бо павялiчвае рыначную вартасць; але калi я ў сваiм пакоi наверсе таньчыла сама для сябе, у начной кашулi гэта быў грэх, бо такi танец ужо не быў абавязкам; на вечарынах i ў цёмных калiдорах уладальнiкам форменных фуражак дазвалялася цiскаць мяне, iм дазвалялася таксама ў лясным паўзмроку, пад час паездак за горад, прылiпаць да мяне з не занадта рызыкоўнымi ласкамi; мы ж не надта ганарыстыя якiя; я малiлася, каб прыйшоў чалавек, якi б выбавiў мяне ад смерцi ў воўчым логвiшчы; я малiлася, прымала дзеля гэтага белае прычасце i бачыла цябе насупраць, у акне твайго працоўнага кабiнета; каб ты ведаў, як я цябе кахала; каб ты мог толькi пра гэта здагадвацца, ты б цяпер не падымаў вачэй i не паказваў календара ў iх; ты б не спрабаваў расказваць мне, як павырасталi мае ўнукi, - яны ўвесь час пытаюцца, не забылiся пра мяне. Hе, я не хачу iх бачыць; я ведаю, што яны любяць мяне, i ведаю, што ў мяне была адна магчымасць вырвацца з рук забойцаў: дазволiць абвясцiць сябе вар'яткай; але калi б са мною зрабiлi гэтак, як з Грэцавай мацi - тады што? Мне пашанцавала, сапраўды пашанцавала на гэтым свеце, дзе за адзiн жэст рукi можна заплацiць жыццём, у якiм абвяшчэнне цябе вар'ятам можа загубiць альбо ўратаваць цябе; не хачу аддаваць назад тых гадоў, што я праглынула, не хачу бачыць дваццацiгадовага Ёзэфа з плямамi ад муравальнага раствору: на калашынах штаноў, у пiнжаку, перапэцканым гiпсам - маладога чалавека, якi радасна махае лiнейкаю альбо крочыць са скруткам планаў пад пахаю; я не хачу бачыць дванаццацiгадовай Рут з кнiжкай "Падступнасць i каханне" ў руках; замруж павекi, стары Давiд, загарнi каляндар; вось твая кава.
Павер мне, я напраўду баюся; я не маню; дазволь плысцi маёй лодачцы, не знiшчай яе, нiбы хлопчык-неслух; свет злы, i ў iм так мала чыстых сэрцаў; i Роберт таксама бярэ ўдзел у маёй гульнi, паслухмяна ходзiць на станцыi, на якiя я яго пасылаю: з тысяча дзевяцьсот семнаццатага па тысяча дзевяцьсот сорак другi - нi на адзiн крок далей; ён заўсёды выпрастаны, не гнецца, трымаецца як сапраўдны немец; я ведаю, што ён сумаваў па радзiме, што нi гульня ў бiльярд, нi завучванне формул на чужыне не рабiлi яго шчаслiвым, што не толькi Эдыт была прычынаю таго, што ён вярнуўся: ён - немец, чытае Гёльдэрлiна, нiколi не каштаваў бычынага прычасця; Роберт належыць да блакiтнай крывi, ён не авечка, а пастыр. Я толькi б хацела даведацца, што ён рабiў на вайне, але ён нiколi пра тое не апавядае; ён архiтэктар, якi дагэтуль не пабудаваў нiводнага дома, нiколi не меў слядоў раствору на калашынах; не, ён бездакорны, ветлiвы кабiнетны архiтэктар, яго не вабяць святы з нагоды пабудовы новага дома. Але дзе наш другi сын, Ота? Загiнуў пад Кiевам; ён - наш, крывёю i целам; адкуль прыйшоў ён i куды пайшоў? Цi ён напраўду быў падобны да твайго бацькi? Цi бачыў ты хоць раз Оту з дзяўчынаю? Я вельмi б хацела што-небудзь даведацца пра яго; бо ведаю толькi, што ён з ахвотаю пiў пiва, што не любiў гуркоў, i ведаю рухi яго рук, калi ён прычэсваўся i калi апранаў палiто; ён выдаў нас палiцыi, пайшоў у войска не скончыўшы нават вучобы ў школе; ён дасылаў нам паштоўкi з тэкстамi, поўнымi забойчай iронii: "У мяне ўсё як мае быць, спадзяюся, што i ў вас таксама, мне трэба З". Ота... ён нават нiводнага адпачынку не правёў дома; дзе ён праводзiў iх? Якi дэтэктыў здолеў бы нам расказаць пра гэта? Я ведаю нумары яго палкоў, нумары палявых поштаў, яго вайсковыя званнi обер-лейтэнант, маёр, падпалкоўнiк Фэмель... i апошнi ўдар быў нам зноўку нанесены лiчбамi: "...загiнуў 12.01.42 г.". Я на свае вочы бачыла, як ён збiваў прахожых, што не вiталi яго штандараў; падымаў руку i бiў; ён бы ўдарыў i мяне, каб я хуценька не перабегла на другi бок вулiцы, дзе былi крамкi, што гандлявалi драбязой; як ён патрапiў у наш дом? У мяне нават нiякага аблуднага суцяшэння, накшталт таго, што яго маглi падмянiць пры нараджэннi; ён нарадзiўся ў нашым доме, у спальнi наверсе, праз два тыднi пасля Генрыхавай смерцi, змрочным кастрычнiцкiм днём 1917 года; i быў падобны да твайго бацькi.
Цiха, стары; нiчога не кажы, не расплюшчвай сваiх вачэй i не паказвай сваiх васьмiдзесяцi год. "Memento quia pulvis es et in pulverem reverteris"*. Яны гэта кажуць нам досыць выразна; усё прах - тое, што застаецца ад раствору, закладныя акты, дамы, сядзiбы, помнiк у цiхiм прадмесцi, дзе дзецi, гуляючы на вулiцы, будуць пытацца, хто гэта быў?
* Памятай: ты - прах i ў прах ператворышся зноў (лац.).
Яшчэ маладою мацi, я, квiтнеючы i радуючыся, хадзiла па Блесэнфэльдскiм парку i разумела ўжо тады, што адны буркатлiвыя пенсiянеры, якiя лаялiся на галаслiвых дзяцей, лаюцца толькi на тых, хто калi-небудзь зробiцца таксама буркатлiвым пенсiянерам i будзе сядзець на тым самым месцы ды лаяцца на галаслiвых дзяцей, якiя, у сваю чаргу, таксама калi-небудзь ператворацца ў буркатлiвых пенсiянераў; я вадзiла за рукi двух хлопчыкаў: аднаму было чатыры, другому шэсць год; пасля першаму было шэсць, другому - восем, першаму - восем, другому - дзесяць год, а ў садзе вiселi старанна намаляваныя шыльдачкi: "25", "50", "75", "100" - чорныя лiчбы на пафарбаванай белым лакам блясе; яны заўсёды нагадвалi мне лiчбы на трамвайных прыпынках; увечары твая галава ў мяне на каленях, фiлiжанка кавы ў цябе пад рукою; мы дарэмна чакалi шчасця; не знаходзiлi яго нi ў купэ чыгуначных вагонаў, нi ў гатэлях; чужы чалавек хадзiў па нашым доме, насiў нашае прозвiшча, пiў нашае малако, еў наш хлеб, купляў за нашыя грошы ў дзiцячым садзе какаву, а потым - школьныя сшыткi. Занясi мяне назад на бераг ракi, дзе мае босыя ногi будуць кранацца следу паводкi на пяску, дзе гудуць параходы i пахне дымам; завядзi мяне ў кавярню, дзе на стол падае жанчына з цудоўнымi рукамi; цiха, стары, не трэба плакаць; я жыла ва ўнутранай эмiграцыi, а ў цябе ўвесь час былi сын, двое ўнукаў; мажлiва, неўзабаве яны падораць табе праўнукаў; не ў маёй уладзе маё вяртанне да цябе, штодзённае скручванне лодачкi з календарнага лiстка i поўнае радасцi веславанне на ёй да паўночы; 6 верасня 1958 года; гэта будучыня, будучыня Нямеччыны; я сама чытала пра гэта ў мясцовай газетцы:
"Абразок з нямецкай будучынi: дваццацiаднагадовы унтэр-афiцэр Моргнэр зрабiўся трыццацiшасцiгадовым селянiнам Моргнэрам; вось ён стаiць на беразе Волгi; вечар, праца скончаная; ён палiць цыгару, якую добра заслужыў; на руцэ трымае адно з сваiх бялявых дзяцей. Задумлiва ён паглядае на жонку, якая канчае даiць апошнюю карову; нямецкае малако на волжскiм беразе..."
Ты не хочаш слухаць далей? Добра, але дай мне задаволiцца будучыняй; я не хачу ведаць,якая яна робiцца, ператвараючыся ў сучаснасць; хiба яны не стаяць на беразе Волгi? Hе плач, стары; заплацi за мяне выкуп, i я вярнуся з заклятага замку: мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн.