7447.fb2
- Вядома, бацька; хiба ты сумняваўся ў гэтым?
- Hе, але я нешта быў падумаў, цi не адмовiцца ад усяго... можа, лепш не рабiць нiчога - хоць дзеля дзяцей, пэўна, адмаўляцца не трэба, дый я шмат чаго падрыхтаваў да гэтага дня.
Стары апусцiў вочы, стаў разглядваць настольнiк з чырвонымi i белымi квадратамi, водзячы па iм укруга келiхам з пiвам; Роберта ўразiла гладкая скура на бацькавых руках: рукi дзiцяцi, што захавалi сваю цноту; бацька падняў вочы, зiрнуў Роберту ў твар.
- Я думаў пра Рут i Ёзэфа; ты ж ведаеш, у Ёзэфа ёсць дзяўчына?
- Hе, не ведаю.
Стары зноў апусцiў вочы да настольнiка, зноў пачаў вадзiць келiхам.
- Я заўсёды меў надзею, што мае абедзве тутэйшыя сядзiбы зробяцца для вас нечым накшталт вашага другога дома, але ўсiм вам было больш даспадобы жыць у горадзе, нават Эдыт... адзiн Ёзэф, здаецца, здзейснiць мае мары; дзiўна, вы ўсе мяркуеце, што ён падобны на Эдыт i ў iм нiчога няма ад нашае раднi; а ўсё ж ён гэтак моцна нагадвае Генрыха, што мне часам робiцца вусцiшна, калi я бачу твайго хлопца; гэта - Генрых, такi, якi ён бы мог вырасцi... цi ты яшчэ памятаеш яго?
Нашага сабаку звалi Бром; а я трымаў лейцы, седзячы ў карэце; яны былi з чорнай скуры, патрэсканыя; мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн; Гiндэнбург.
- Ага, я памятаю яго.
- Ён вярнуў мне маёнтак, якi я яму падараваў; каму мне цяпер яго падараваць? Ёзэфу альбо Рут? А можа, табе? Цi хочаш, каб ён быў твой? Каб ты валодаў скацiнаю i паплавамi, цэнтрыфугамi i буракарэзнымi машынамi, трактарамi i сенасушылкамi? Цi, можа, мне аддаць гэта ўсё кляштару? Абодва маёнткi я купiў з першага свайго ганарару! Калi я будаваў абацтва, мне было дваццаць дзевяць год, i вы нават не можаце сабе ўявiць, што значыць для маладога архiтэктара атрымаць такi заказ. Скандал! Сенсацыя! Я езджу туды гэтак часта не толькi дзеля таго, каб згадваць будучыню, якая даўно ўжо стала мiнуўшчынай. У мяне заўсёды была мара зрабiцца на старасцi гадоў нечым накшталт селянiна. Я не зрабiўся селянiнам, а толькi старым дурнем, якi гуляе ў хованкi са сваёю жонкаю; мы па чарзе заплюшчваем вочы i мяняем даты, нiбы малюнкi ў эпiдыяскопе: калi ласка, вось 1928 год - мацi трымае за руку двух сыночкаў-прыгажуноў; аднаму трынаццаць год, другому - адзiнаццаць; побач усмiхаецца бацька з цыгарай у роце; у глыбi вiдна Эйфелева вежа. Цi, можа, гэта Энгельсбург альбо Брандэнбургская брама? - выберы сабе якую трэба дэкарацыю; магчыма, гэта будуць: марскi прыбой каля Астэндэ, вежа Святога Севярына альбо кiёск па продажы лiманаду ў Блесэнфэльдскiм парку? Hе, гэта, напэўна, абацтва Святога Антонiя: ты знойдзеш яго ў фотаальбоме са здымкамi з усiх пораў года; толькi адзенне, знешнi выгляд мяняюцца адпаведна модзе; твая мацi то ў вялiкiм, то ў малым капелюшы, то з кароткiмi, то з доўгiмi валасамi, то ў шырокай, то ў вузкай спаднiцы; a дзецям тым часам тры i пяць, пяць i сем гадоў; потым з'яўляецца незнаёмая жанчына - светлавалосая, зусiм маладая; адно дзiця яна нясе на руках, другое стаiць, трымаючыся за яе руку; малодшаму дзiцёнку адзiн год, старэйшаму тры гады; ты ведаеш, што я любiў Эдыт так, як не здолеў бы палюбiць сваёй роднай дачкi; я нiколi не мог паверыць, што ў яе быў свой бацька, свая мацi i свой брат. Яна была пасланнiца вялiкага Госпада; калi яна ў нас жыла, я мог зноў паўтараць у думках Яго iмя, не чырванеючы, мог паўтараць гэтае iмя ў малiтвах; якую вестку яна прынесла, перадала табе? Помсту за авечак? Я спадзяюся, што ты дакладна выканаў даручэнне, не зважаючы на тыя фальшывыя аргументы, якiя я заўсёды браў пад увагу; маю надзею, што ты не захаваў пачуццё вышэйшасцi ў лядовым склепе iронii - як гэта рабiў я. Цi Эдыт сапраўды мела брата? Цi ён жывы? Цi iснуе?
Стары Фэмель па-ранейшаму вадзiў пiўным келiхам укруга па столiку, утаропiўшыся ў бела-чырвоны настольнiк; потым ён, зусiм крыху падняўшы галаву, спытаў:
- Скажы мне ўсё-ткi, цi ён сапраўды iснуе? Ён жа быў твой сябар; я аднаго разу бачыў яго; стоячы каля акна ў спальнi, я бачыў, як ён iшоў цераз двор да твайго пакоя; я не забыў яго i часта пра яго думаю, хоць бачыў яго тады не больш як дзесяць цi дваццаць секунд; ён наганяў на мяне страх, нiбы анёл цёмнага царства. Цi ён сапраўды iснуе?
- Iснуе.
- I ён жывы?
- Жывы. Ты баiшся яго?
- Баюся. I цябе - таксама баюся. Хiба ты гэтага не ведаў? Я не хачу ведаць, якую вестку табе перадала Эдыт; скажы толькi: ты выканаў яе наказ?
- Выканаў.
- Добра. Цябе здзiўляе, што ўва мне жыў страх перад табою - i цяпер трохi таго страху засталося. Я смяяўся з вашых дзiцячых гульняў у канспiрацыю, але смех засеў у мяне ў горле, калi я даведаўся, што яны забiлi таго хлопчыка; ён бы мог быць братам Эдыт, але пазней я зразумеў, што гэта была ледзь не гуманнасць з iхняга боку - забiць хлопца, якi ўсё-такi як-нiяк кiнуў бомбу i прычынiў апёкi настаўнiку гiмнастыкi, а вось хлопчык, якi кiдаў твае цыдулкi нам у паштовую скрыню, паляк, што падняў руку на настаўнiка гiмнастыкi? Было досыць неадпаведнага руху павекаў, не таго колеру валасоў цi формы носа: дый таго потым не было трэба, а толькi бацькавай цi бабулiнай метрыкi; доўгiя гады я жывiўся са свайго смеху, але i ён вычарпаўся, не засталося запасаў, Роберт: i я адчынiў лядоўню, дазволiў пракiснуць маёй iронii i высыпаў яе, нiбы паскудныя адкiды чагосьцi, што раней мела вартасць; я думаў, што люблю i разумею тваю мацi, ды толькi тады я па-сапраўднаму зразумеў i палюбiў яе, як зразумеў i палюбiў вас; толькi яшчэ пазней я добра ўсвядомiў гэта; калi скончылася вайна, я быў "на канi"; мяне прызначылi ўпаўнаважаным па будоўлi ва ўсёй акрузе; нарэшце надышоў мiр, думаў я; самае дрэннае засталося ў мiнулым; але аднаго разу ангельскi камендант вырашыў, так бы мовiць, папрасiць у мяне прабачэння за тое, што яны разбамбiлi касцёл Святога Анупрыя, знiшчыўшы пры гэтым скульптурную групу дванаццатага стагоддзя "Распяцце"; ён не прасiў прабачэння за смерць Эдыт, а толькi за знiшчаную скульптурную групу дванаццатага стагоддзя; "Sorry"*, - казаў ён; a я засмяяўся, першы раз за апошнiя дзесяць гадоў; але то быў нядобры смех, Роберт, - i я адмовiўся ад сваёй пасады; упаўнаважаны па будаўнiцтву! Навошта? Я ж быў гатовы аддаць на знiшчэнне ўсе скульптурныя групы з усiх стагоддзяў дзеля таго толькi, каб яшчэ раз убачыць усмешку Эдыт, адчуць дотык яе рукi да майго пляча; што маглi значыць малюнкi вялiкага Госпада ў параўнаннi з сапраўднай усмешкай яго пасланнiцы? А за хлопчыка, якi прыносiў вестачкi ад цябе - я нiколi не бачыў яго твару, не ведаў яго iмя, - за яго б я аддаў сабор Святога Севярына, хоць разумею, што гэта проста смешна нiзкая цана - як, напрыклад, медаль таму, хто ўратаваў чалавечае жыццё; цi бачыў ты ў каго-небудзь яшчэ ўсмешку Эдыт цi ўсмешку сталяровага вучня? Цi хоць слабы водблiск тых усмешак? Роберт, Роберт!
* Мне шкада (англ.).
Стары Фэмель адставiў келiх з пiвам, паклаў рукi на стол.
- Цi бачыў ты яшчэ хоць раз такiя ўсмешкi? - прамармытаў ён, закрываючы твар рукамi.
- Бачыў, - адказаў Роберт. - На твары гатэльнага служкi, якога завуць Гуга. Я пакажу яго табе.
- Я падару гэтаму хлопцу маёнтак, якi не захацеў узяць Генрых; напiшы мне яго iмя ды адрас тут, на падстаўцы пад пiва; на гэтых круглых кардонках пiшуць самыя важныя рэчы; i паведамi мне, калi што-небудзь дазнаешся пра брата Эдыт. Цi жывы ён?
- Жывы. Ты ўсё яшчэ баiшся яго?
- Баюся. Самае жахлiвае тое, што ў iм не было нiчога, штб б магло ўзрушыць iншага; калi я глядзеў, як ён iдзе цераз двор, я ведаў: ён моцны i ўсё, што ён робiць, робiцца не з тых прычын, з якiх робяць пэўныя ўчынкi астатнiя людзi: з прычыны, што нехта бедны, а нехта багаты, нехта брыдкi, а нехта прыгожы, што некага лупцуе мацi, а некага не лупцуе - прычыны, якiя прымушаюць кагосьцi штосьцi рабiць: альбо будаваць цэрквы, альбо забiваць жанчын; альбо зрабiцца добрым настаўнiкам, альбо - дрэнным арганiстам; я ведаў, што ягоных учынкаў нельга растлумачыць нiводнай з названых тут прычын; у тыя часы я яшчэ ўмеў смяяцца, але ў iм я не знайшоў нiчога, нiводнай шчылiнкi, якая б магла быць прычынай майго смеху; гэта палохала мяне: мне здавалася, нiбыта цераз мой двор iшоў анёл цёмнага царства, божы экзекутар, якi хоча накласцi секвестр на цябе; ён зрабiў гэта, наклаў на цябе секвестр; нiшто ў iм не ўзрушвала iншых; нават калi я пачуў, што яны збiлi яго i хацелi забiць, гэта мяне не ўзрушыла...
- Пане радца, я толькi цяпер пазнаў Вас. Вельмi ўсцешаны бачыць Вас жывога-здаровага. Колькi ж гэта гадоў прайшло з тае пары, як Вы былi тут апошнi раз?
- Ах, Муль, гэта Вы? Цi жыве яшчэ Вашая мацi?
- Hе, пане радца: пахавалi яе. Гэта былi вялiкiя хаўтуры. Яна пражыла багатае жыццё - сямёра дзяцей, трыццаць шэсць унукаў i адзiнаццаць праўнукаў... багатае жыццё. Вы зробiце мне гонар, спадары, калi вып'еце за памяць па маёй мацi.
- Ахвотна, дарагi Муль; яна была слаўная кабета.
Стары Фэмель падняўся, Роберт устаў таксама; тым часам гаспадар пайшоў да прылаўка, каб напоўнiць келiхi; станцыйны гадзiннiк паказваў усяго толькi дзесяць на пятую; двое сялян стаялi каля прылаўка; яны, сумна паглядаючы, запiхвалi сабе ў рот памазаныя гарчыцаю тэфтэлi; задаволена пакрэкваючы, пiлi пiва; гаспадар вярнуўся з-за прылаўка з пачырванелым тварам, але вочы зрабiлiся вiльготныя; ён зняў з падноса келiхi, паставiў на стол, потым узяў свой келiх У руку.
- За добрую памяць па Вашай матулi, Муль, - сказаў стары Фэмель. Яны паднялi келiхi, кiўнулi адзiн аднаму i, адпiўшы, адставiлi iх.
- Цi ведаеце Вы, - сказаў стары, - што Вашая мацi пяцьдзесят год таму дала мне крэдыт - калi я, сасмяглы i галодны, вяртаўся з Кiслiнгена? Тады якраз быў рамонт гэтага ўчастка чыгункi, ды мне было яшчэ зусiм няцяжка адмахаць чатыры кiламетры пехатою; за Вашае здароўе, Муль, i за добрую памяць па Вашай матулi. Гэта вось мой сын, Вы яго яшчэ не ведаеце?
- Фэмель, вельмi прыемна.
- Муль, вельмi прыемна.
- Вас, пане радца, знае тут кожнае дзiцё; усiм вядома, што Вы пабудавалi нашае абацтва, а старыя бабулi яшчэ могуць расказаць пра Вас нямала розных гiсторый - як Вы замаўлялi цэлыя вагоны пiва для муляраў, як Вы давалi сола ў скоках на свяце з нагоды канца будаўнiцтва. Гэты глыток за Вашае здароўе, пане радца.
Яны, стоячы, выпiлi да дна; Роберт з парожнiм келiхам у руцэ глядзеў на карчмара, якi тым часам вярнуўся да прылаўка, забраўшы апарожненыя талеркi са стала, дзе сядзела маладая пара, прасунуў iх у акенца на кухню; потым падышоў i атрымаў ад маладога чалавека плату. Стары Фэмель пацягнуў сына за крысо пiнжака:
- Сядай, сядай жа; у нас яшчэ дзесяць хвiлiн часу. Гэта цудоўныя, добрыя людзi.
- I ты не баiшся iх - праўда, бацька?
Стары паглядзеў сыну проста ў вочы; на яго хударлявым, усё яшчэ без адзiнай зморшчыны твары не было ўсмешкi.
- Якраз гэтыя людзi, - сказаў Роберт, - здзекавалiся з Гугi, i, мажлiва, нехта з iх быў катам Фэрдзi!
- Калi цябе не было i мы чакалi ад цябе вестачкi, я баяўся кожнага чалавека... але каб баяцца Муля? Хiба ты яго баiшся?
- Убачыўшы кожнага новага чалавека, я пытаюся ў сябе, цi хацеў бы я апынуцца ў ягонай уладзе; i няшмат ёсць такiх, пра каго я мог бы сказаць: "Я гатовы на гэта".
- А цi быў ты ва ўладзе брата Эдыт?
- Hе. Мы жылi ў Галандыi з iм у адным пакоi, дзялiлiся ўсiм, што ў нас было; палавiну дня мы гулялi ў бiльярд, a другую палавiну вучылiся: ён нямецкай мове, я - матэматыцы; я не быў у ягонай уладзе, але заўсёды быў гатовы на гэта... I гатовы апынуцца ў тваёй уладзе, бацька...
Роберт выцягнуў цыгарэту з рота.
- Я вельмi хацеў бы падарыць табе што-небудзь да васьмiдзесяцiгоддзя, хацеў бы сказаць табе... ну, мажлiва, ты i сам ведаеш, што я хацеў бы табе сказаць?
- Ведаю, - адказаў стары i паклаў руку сыну на плячо, - можаш мне гэтага не казаць.
Я ахвотна б ахвяраваў табе колькi слязiнак скрухi, але не магу выцiснуць iх з сябе: я ўсё яшчэ гляджу на вежу Святога Севярына як на здабычу, што выслiзнула ў мяне з рук; шкада, што абацтва было справай тваёй маладосцi, тваiм вялiкiм лёсам, першай вялiкай гульнёй; i ты добра пабудаваў яго: салiдныя муры, выдатныя статычныя характарыстыкi; мне давялося запатрабаваць два грузавiкi выбуховага рэчыва; я абышоў будынкi, крэйдаю напiсаў свае формулы ды знакi з лiчбамi на сценах, калонах, апорах скляпенняў, напiсаў iх таксама на вялiкiм роспiсе - карцiне "Таемнай вячэры", памiж нагой святога Яна i ступнёю святога Пятра; я ж дасканала ведаў абацтва; ты гэтак часта апавядаў мне пра яго, калi я быў яшчэ хлопчыкам, падлеткам, юнаком - я iшоў i пiсаў свае знакi з лiчбамi на сцяне, а побач са мною бег абат, адзiны чалавек, якi застаўся там, на месцы; ён апеляваў да майго розуму, да маiх рэлiгiйных пачуццяў; на шчасце, то быў новы абат, якi мяне не ведаў. Ён апеляваў да майго сумлення; дарэмна; ён не бачыў, як я прыязджаў туды па суботах, еў стронгу, натуральны мёд, намазваў масла на вясковы хлеб; не бачыў мяне, архiтэктаравага сына; i калi ён глядзеў на мяне, як на вар'ята, я шапнуў яму: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; мне тады было дваццаць дзевяць год - якраз столькi, колькi табе, калi ты будаваў абацтва, - i я чакаў ужо новай здабычы, шараватая танклявая постаць якой вiднелася на даляглядзе, - сабор Святога Севярына; але я трапiў у палон, i вось тут, на станцыi Дэнклiнген, за тым сталом, дзе цяпер нiкога няма, мяне дапытваў малады афiцэр.
- Пра што ты думаеш? - спытаўся бацька.