7447.fb2 Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

- Iдыёцкая выпадковасць: тваё iмя засталося ў спiсах шуканых асоб, а, мiж iншым, спроба забойства мае тэрмiн задаўненасцi дваццаць год. Цябе павiнны былi выкрэслiць са спiсаў яшчэ два гады таму.

- Спроба забойства? - спытаў Шрэла.

- Ну, тое, што вы тады зрабiлi з Вакерам, падпадае пад гэтае вызначэнне.

- Ты, пэўна, не ведаеш, што я ў тым удзелу не браў i нават не ўхваляў таго ўчынку?

- Тым лепей, - адказаў Нэтлiнгер, - тады зусiм лёгка будзе скрэслiць тваё iмя ў спiсах шуканых раз i назаўсёды; пакуль што мне ўдалося адно паручыцца за цябе i здабыць табе часовае вызваленне; але твайго iмя выкрэслiць са спiсаў я не мог; цяпер жа гэта будзе проста фармальнасць. Цi дазволiш, калi я пачну ўжо есцi суп?

- Калi ласка, - адказаў Шрэла.

Ён павярнуўся i зiрнуў у бок вакзала; Нэтлiнгер тым часам еў свой суп з сярэбранай конаўкi; вядома ж, бледна-жоўтыя клёцкi ў гэтым супе былi зробленыя з мазгоў самай чыстай пароды скацiны, якая калi-небудзь пасвiлася на нямецкiх лугах; ласось залацiўся на талерцы сярод свежай салатавай зелянiны; грэнкi былi падсмажаныя да слаба-карычневага адцення, на шарыках масла зiхцелi серабрыстыя кропелькi вады; бачачы, як Нэтлiнгер есць, Шрэла змусiў сябе перамагчы непрыемнае пачуццё ўзрушанасцi; яда заўсёды была для яго ўзнёслым актам братэрства; ён прыгадаў сяброўскiя абеды ва ўбогiх i ў добрых гатэлях; яда ў адзiноце была заўсёды яму як праклён; мужчыны, якiя ў адзiноце харчавалiся ў пачакальнях i сталоўках, у незлiчоных пансiёнах, дзе яму даводзiлася жыць, былi для яго вартымi праклёнаў; ён заўсёды шукаў за сталом кампанii, найбольш любiў падсаджвацца да якой-небудзь жанчыны, абменьваўся з ёю некалькiмi словамi, крышачы хлеб, усмiхаўся з-па-над талеркi з супам; толькi тады гэты чыста бiялагiчны працэс пераставаў быць невыносны, нават рабiўся прыемны; такiя людзi, як Нэтлiнгер - а iх ён бачыў безлiч, - нагадвалi яму асуджаных; тое, як яны ядуць, здавалася ядзеннем катаў; яны елi, хоць i захоўваючы правiлы паводзiн за сталом, але бесцырымонна, са смяротнай сур'ёзнасцю, якая вынiшчала i гарохавы суп, i пулярку; апроч таго, яны былi вымушаныя думаць пра кошт кожнага кавалка. Ён адвярнуўся ад Нэтлiнгера, зноў пачаў глядзець у бок вакзала, прачытаў вялiкi плакат, што вiсеў над уваходам: "Сардэчна вiтаем землякоў, што вяртаюцца на радзiму".

- Слухай, - сказаў ён, - цi ты мог бы назваць мяне чалавекам, якi вяртаецца на радзiму?

Нэтлiнгер падняў вочы, нiбы вяртаючыся да рэчаiснасцi з прорвы жалобы, глянуў з-пад грэнак, якiя ён у гэтую хвiлю намазваў маслам.

- Гэта залежыць ад таго, - сказаў ён, - цi ў цябе па-ранейшаму германскае грамадзянства.

- Hе, - адказаў Шрэла, - у мяне няма нiякага грамадзянства.

- Шкада, - сказаў Нэтлiнгер.

Ён зноў схiлiўся над грэнкамi, накалоў на вiдэлец кавалак вэнджанага ласася, паклаў яго сабе на талерку.

- Каб табе ўдалося давесцi, што ты мусiў уцячы не з прычыны крымiнальнага злачынства, а па выключна палiтычных матывах, ты б мог атрымаць зусiм нядрэнную суму як кампенсацыю. Хочаш, каб я высветлiў юрыдычны аспект гэтай справы?

- Hе, не трэба, - адказаў Шрэла i, калi Нэтлiнгер адсунуў ад сябе талерку з ласасём, спытаў: - Няўжо ты дазволiш, каб такую цудоўную рыбiну панеслi назад?

- Натуральна, - сказаў Нэтлiнгер, - але ж ты не можаш...

Ён спалохана азiрнуўся, бо Шрэла ўзяў пальцамi са срэбнай талеркi кавалак хлеба i рэшту ласася i паклаў ласася на хлеб.

- ...Ты ж не можаш...

- Ты не паверыш нават, але якраз у гэткiм люксовым гатэлi можна дазволiць сабе ўсё; мой бацька быў кельнерам; нават у гэтых святых харомах; ты не ўбачыш на iх тварах нi следу здзiўлення, калi будзеш есцi пальцамi i гарохавы суп, хоць гэта ненатуральна i нязручна; але менавiта ненатуральнае i непрактычнае прыцягвае найменей увагi ў такiх рэстаранах; адсюль i высокiя цэны - гэтыя цэны - ад кельнераў, якiя не робяць здзiўленых фiзiяномiй; ну, а есцi хлеб пальцамi i класцi на яго пальцамi рыбу - гэта нельга лiчыць чымсьцi ненатуральным цi нязручным.

Усмiхаючыся, ён узяў апошнi кавалак ласася з талеркi i паклаў яго зноў памiж дзвюма грэнкамi. Нэтлiнгер са злосцю паглядзеў на яго.

- Напэўна, - сказаў Шрэла, - ты б цяпер ахвотней за ўсё забiў мяне; не з тае прычыны, з якой хацеў забiць тады - гэта праўда, але мэта засталася б тая самая; паслухай, што скажа табе сын кельнера: па-сапраўднаму шляхетны чалавек нiколi не схоча падпарадкоўвацца тыранii кельнераў; хоць, вядома, сярод iх ёсць i такiя, што думаюць гэтаксама, як шляхетныя людзi.

Пакуль Шрэла еў свой бутэрброд, кельнер з дапамогаю служкi, накрываў стол пад галоўную страву: на дапаможных столiках ставiлiся складаныя прылады - падагравальнiкi яды, на абрус клалася начынне i талеркi, выкарыстаная пасуда прыбiралася; Нэтлiнгеру было прынесена вiно, Шрэле пiва. Нэтлiнгер адпiў з чаркi.

- Крышачку залiшне цёплае, - сказаў ён.

Шрэла даў кельнеру магчымасць пакласцi куранят, бульбы i салаты, кiўнуў галавой Нэтлiнгеру i падняў келiх з пiвам, назiраючы, як кельнер палiвае густою цёмна-бураю падлiвай кавалак паляндвiцы на Нэтлiнгеравай талерцы.

- А Вакера цi жывы яшчэ?

- Натуральна, - адказаў Нэтлiнгер, - яму ж толькi пяцьдзесят восем, i ён - ад мяне пачуць гэтае слова табе будзе напэўна смешна, - ён належыць да непапраўных.

- Ды што ты? - спытаў Шрэла. - Цi такое напраўду мажлiва - непапраўныя немцы?

- Ну, ён шануе тыя самыя традыцыi, якiя шанаваў i ў 1935 годзе.

- Гiндэнбург i гэтак далей? Прыстойнасць, адданасць, гонар - цi так?

- Менавiта. Гiндэнбург бы i цяпер быў ягоным лозунгам.

- А якi твой лозунг?

Нэтлiнгер падняў вочы ад талеркi, затрымаў вiдэлец, уваткнуты ў кавалак мяса, якi ён толькi што адрэзаў.

- Калi ты ўсё ж здолееш мяне зразумець? - сказаў ён. - Я дэмакрат, дэмакрат паводле сваiх перакананняў.

Ён зноў нахiлiўся над паляндвiцаю, падняў вiдэлец з наколатым на яго кавалкам мяса, засунуў мяса ў рот, абцёр губы сурвэткаю i, пахiтваючы галавою, працягнуў руку па чарку з вiном.

- А што сталася з Трышлерам? - спытаў Шрэла.

- Трышлер? Hе прыпамiнаю нешта.

- Стары Трышлер жыў у Нiжнiм Порце - там, дзе карабельныя могiлкi! Хiба ты не памятаеш таксама Алоiса; ён вучыўся з намi ў адным класе?

- Ага, - адказаў Нэтлiнгер, накладваючы сабе на талерку сельдэрэевай салаты, - цяпер прыгадваю: гэтага Алоiса мы шукалi колькi тыдняў запар i не здолелi знайсцi, старога ж Трышлера дапытваў сам Вакера, але не выцягнуў з таго нiчога, зусiм нiчога - гэтаксама як i з ягонай жонкi.

- Hе ведаеш, цi яны яшчэ жывыя?

- Hе ведаю. Але раён, дзе яны жылi, моцна бамбардзiравалi. Калi хочаш, я магу высветлiць, дзе яны i што з iмi. О Божа, - дадаў ён цiха, - што такое, што ты збiраешся рабiць?

- Я хачу пайсцi, - адказаў Шрэла, - прабач, але я мушу iсцi.

Ён падняўся; стоячы дапiў пiва, махнуў рукой кельнеру i, калi той цiха падышоў да стала, паказаў на падагравальнiк з срэбнай талеркай, дзе астатнiя тры кавалкi курынага мяса скварчэлi ў распушчаным тлушчы.

- Калi ласка, - сказаў Шрэла, - цi не маглi б Вы запакаваць мне гэта, каб толькi тлушч не праходзiў?

- Ахвотна, - адказаў кельнер, узяў талерку з падагравальнiка, крыху быў нахiлiўся ўперад, каб iсцi, але потым выпрастаўся i спытаў: - Бульбу Вам таксама запакаваць, шаноўны пане, - i, можа, крыху салаты?

- Hе, дзякуй, - адказаў Шрэла з усмешкай, - бульба фры зробiцца мяккай, а салата не будзе ўжо мець смаку.

Ён дарэмна намагаўся ўбачыць хоць след iронii на дагледжаным твары сiвога кельнера. Нэтлiнгер, падняўшы вочы ад талеркi, зiрнуў на Шрэлу са злосцю.

- Добра, - сказаў ён, - ты хочаш мне адпомсцiць, я разумею; але хiба гэта трэба рабiць менавiта гэткiм чынам?

- А што, было б лепш, каб я цябе забiў?

Нэтлiнгер маўчаў.

- Зрэшты, гэта нiякая не помста, - сказаў Шрэла, - мне проста трэба пайсцi адсюль; не магу больш трываць; ды я да канца жыцця рабiў бы сабе папрокi, калi б пакiнуў тут гэтую страву; можа, ты наважышся прыпiсаць гэты ўчынак маёй гаспадарнасцi: каб я цвёрда ведаў, што кельнерам i служкам дазваляецца даядаць рэшткi страваў, я яе не забiраў бы, - але мне вядома, што тут гэтага рабiць не дазволена.