7447.fb2 Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

- Бо я сам яшчэ гэтага не разумею, бо не магу сам яшчэ паверыць у гэта; мажлiва, гэта проста паскудны сон; мажлiва, я змагу табе пазней гэта растлумачыць, а можа, i нiколi не здолею.

- Але быць архiтэктарам ты ўжо не хочаш?

- Не, - адказаў ён.

- I з гэтае прычыны ты ляцеў на шчыты?

- Мажлiва, - адказаў ён.

- Я заўсёды ненавiдзела людзей, якiя не ведаюць, што такое грошы, сказала Марыяна, - якiя з шалёнай хуткасцю пруць на машынах проста на шчыты, дзе напiсана "СМЕРЦЬ", якiя нi за што нi пра што палохаюць пешаходаў, што выйшлi прайсцiся i заслужылi адпачынак пасля працоўнага дня.

- У мяне была прычына iмчацца проста на шчыты.

Ён ехаў павольней, а на пясчанай дарозе каля падножжа ўзгорка Казакен спынiўся: машына стала пад разлапiстымi галiнамi хвоi.

- Навошта ты тут спынiўся? - спытала яна.

- Хадзем, пройдземся трошкi, - адказаў ён.

- Пазнавата ўжо, - запярэчыла яна, - твой дзядуля хутчэй за ўсё прыедзе цягнiком а палове пятай, а ўжо дваццаць на пятую.

Ёзэф вылез з машыны, прайшоў некалькi крокаў угару i, прыклаўшы руку да лба, зiрнуў у бок Дэнклiнгена.

- Напраўду, - сказаў ён, - бачу, як цягнiк выходзiць з Додрынгена; тая самая пыхкаўка, што i ў гады майго маленства: i прыбывае таксама, як i тады. Хадзем, чвэрць гадзiны яны, напэўна, пачакаюць.

Ён вярнуўся да машыны, дапамог Марыяне вылезцi, пацягнуў яе за сабою ўгору - пясчанаю дарогай; на палянцы яны селi; Ёзэф паказаў у бок раўнiны, яго палец рухаўся разам з цягнiком, якi тым часам iмчаў цераз бурачныя палеткi памiж iржышчаў i лугоў у напрамку Кiслiнгена.

- Ты нават не можаш сабе ўявiць, - сказаў ён, - як добра я ведаю гэтыя вёскi; як часта мы прыязджалi менавiта гэтым цягнiком; пасля таго як памерла мама, мы амаль увесь час жылi ў Штэлiнгене альбо ў Гёрлiнгене, а ў Кiслiнгене я хадзiў у школу; вечарамi мы беглi да цягнiка, на якiм з горада прыязджаў дзядуля - бачыш, вунь з таго цягнiка, што якраз цяпер выязджае з Дэнклiнгена; дзiўна, але мне заўсёды здавалася, што мы бедныя; пакуль была жывая мама i з намi жыла бабуля, нам давалi есцi менш, чым знаёмым дзецям, i мне нiколi не дазвалялi насiць добрага адзення, а толькi перашытае са старога - i мы мусiлi быць сведкамi таго, як яна налева i направа дарыла добрыя рэчы чужым людзям: хлеб, масла i мёд з кляштара i з маёнткаў; мы ж мусiлi есцi штучны мёд.

- I ў цябе не было нянавiсцi да яе, тваёй бабулi?

- Hе, i я сам не ведаю, чаму я не стаў ненавiдзець яе за гэтыя бессэнсоўныя дзiвацтвы; можа, таму, што дзядуля забiраў нас у свой кабiнет i крадком даваў усялякiя ласункi; а яшчэ ён нас вадзiў у кавярню Кронэра i напiхваў нас усiм; ён заўсёды казаў: "Toе, што робяць вашыя мама i бабуля, гэта вялiкая, вельмi вялiкая рэч... але я не ведаю, цi вы ўжо досыць вялiкiя для гэткай вялiкасцi".

- Ён сапраўды казаў гэта?

- Казаў, - рассмяяўся Ёзэф. - Калi мама памерла, a бабулю забралi, мы засталiся з дзядулем адны, i нам хапала ежы; апошнiя гады вайны мы амаль заўсёды былi ў Штэлiнгене; я чуў, як аднаго разу ўначы было падарвана абацтва; мы сядзелi ў кухнi ў Штэлiнгене, а суседзi-сяляне праклiналi нямецкага генерала, якi даў загад падарваць; яны мармыталi самi сабе: "навошта-навошта-навошта?" Праз пару дзён да нас завiтаў бацька; ён прыехаў у амерыканскай машыне, i яго суправаджаў амерыканскi афiцэр; яму дазволiлi пабыць у нас тры гадзiны; ён прывёз з сабою шакалад, але мы баялiся гэтай лiпкай цёмна-карычневай рэчы, якой яшчэ нiколi ў жыццi не елi; мы пачалi есцi яе толькi пасля таго, як фраў Клошграбэ, жонка кiраўнiка маёнтка, адкусiла кавалачак; бацька прывёз фраў Клошграбэ каву, i яна сказала яму: "Hе турбуйцеся, пане доктар; мы даглядаем Вашых дзяцей, як сваiх", - i яшчэ яна сказала: "Хiба гэта не ганьба, што яны перад самым канцом падарвалi абацтва?"; а яе муж адказаў: "Напраўду, гэта ганьба, але, можа, на тое была Божая воля", а фраў Клошграбэ заўважыла: "Ёсць i такiя, што выконваюць волю д'ябла", - бацька засмяяўся, i амерыканскi афiцэр засмяяўся таксама; бацька быў з намi ласкавы, i, калi ён мусiў развiтвацца з намi, я першы раз бачыў, як ён плача; я нiколi не думаў, што ён умее плакаць; ён заўсёды быў цiхманы i не выказваў нiякiх пачуццяў - нават калi ён мусiў вяртацца з адпачынку i мы праводзiлi яго на вакзал, ён нiколi не плакаў; усе плакалi: мама, бабуля, дзядуля i мы, а ён - не. Вунь, - сказаў ён, паказваючы на дым ад паравоза, што вiсеў у паветры, нiбы сцяг, - яны толькi што прыбылi ў Кiслiнген.

- Зараз дзядуля пойдзе ў кляштар i даведаецца пра тое, што ты яму павiнен быў бы сказаць сам.

Я сцёр напiсаныя крэйдаю лiтары памiж нагою святога Iаана i нагою святога Пятра, маленькi "iкс" у падвале прытулку пiлiгрымаў; ён iх нiколi не знойдзе, не ўбачыць i нiчога не даведаецца ад мяне.

- Тры днi, - сказаў ён, - фронт праходзiў памiж Дэнклiнгенам i горадам, i мы з фраў Клошграбэ вечарамi малiлiся за дзядулю; потым ён прыехаў увечары з горада, быў бледны i сумны - такi, якiм я яго нiколi да тае пары не бачыў; ён хадзiў разам з намi памiж руiнаў абацтва, мармычучы ўвесь час тое, што мармыталi сяляне, што бабуля ўвесь час мармытала ў бамбасховiшчы: "Навошта-навошта, навошта?"

- Напэўна, ён быў шчаслiвы ад таго, што ты дапамагаеш пры адбудове абацтва?

- Што ж, - сказаў Ёзэф, - але цяпер я мушу пазбавiць яго гэтага шчасця; не пытайся - чаму, але мушу.

Ён пацалаваў Марыяну, зачасаў ёй валасы за вуха i, растапырыўшы пальцы, пачаў вычэсваць з iх хваёвую iглiцу i пясчынкi.

- Бацька хутка вярнуўся з палону i забраў нас у горад, хоць дзядуля быў супраць гэтага i казаў, што для нас было б лепей, каб мы гадавалiся не сярод адных руiн; але бацька сказаў: "Я не магу жыць на сяле i хачу, каб дзецi былi са мною, бо iх жа зусiм не ведаю". Мы яго таксама не ведалi i спачатку пабойвалiся, дый адчувалi, што i дзядуля яго таксама пабойваўся. У той час мы ўсе жылi ў бацькавым кабiнеце, бо наш дом быў непрыдатны, каб у iм жыць; а на сцяне ў кабiнеце вiсеў вялiзны план горада; усё, што разбурана, было заштрыхавана чорным; робячы ўрокi за дзядулевым рысавальным сталом, мы часта прыслухоўвалiся да размоў бацькi i дзядулi, iншых людзей - як яны збiралiся разам каля карты. Часта ўсе голасна спрачалiся, бо мой бацька заўсёды казаў: "Усё гэта - прэч... узарваць!" i пiсаў "iкс" каля чарговай чорнай плямы, а iншыя ўсё гаварылi: "Напрамiлы божа, мы ж не можам гэтага рабiць"; тады бацька казаў: "Зрабiце гэта раней, чым людзi вернуцца ў горад... Цяпер нiхто тут не жыве, i вам няма чаго лiшне забiваць сабе галаву: змяцiце ўсё гэта з паверхнi зямлi..." А яны зноў: "Гэта ж рэшткi аконнага проймiшча з шаснаццатага стагоддзя, а там вунь частка каплiцы з дванаццатага"; бацька кiдаў грыфель i казаў: "Добра, рабiце як хочаце, але, паверце, вы яшчэ пашкадуеце... рабiце як хочаце, толькi без мяне". А яны казалi: "Ну што Вы, шаноўны пане доктар, Вы ж у нас самы лепшы спецыялiст па выбухах, Вы не можаце адмовiцца дапамагчы нам"; на што бацька адказваў: "Але ж адмоўлюся, калi мне давядзецца азiрацца на кожную курасадню часоў Рыма; для мяне сцены - гэта ўсяго толькi сцены, i паверце мне, што сярод iх бываюць толькi дрэнныя i добрыя; да д'ябла гэтую дрэнь! Падарвiце ўсё i ўбачыце, колькi будзе вольнага месца". Калi яны пайшлi, дзядуля, пасмейваючыся, сказаў: "Божа мой, ты ж павiнен зразумець iх пачуццi", а бацька таксама засмяяўся: "Я разумею iх пачуццi, але не паважаю"; а пасля ён сказаў нам: "Хадзем, дзецi, купiм шакаладу". I ён выправiўся з намi на чорны кiрмаш, купiў сабе цыгарэт, а нам - шакаладу, i мы працiскалiся з iм у цёмныя, напалову разбураныя пад'езды дамоў, падымалiся па сходах, бо яму хацелася яшчэ купiць цыгарэт дзядулю; ён заўсёды купляў i нiколi нiчога не прадаваў; калi мы атрымлiвалi хлеб альбо масла з Штэлiнгена цi з Гёрлiнгена, ён прымушаў нас забiраць ягоную частку ў школу, i мы маглi самi вызначаць, каму ахвяраваць яе; i аднаго разу мы купiлi на чорным кiрмашы масла, якое перад гэтым падарылi; у скрутку была яшчэ цыдулка, напiсаная фраў Клошграбэ: "На гэтым тыднi, на жаль, толькi адзiн кiлаграм". Але бацька адно смяяўся i казаў: "Ну, што ж, людзям таксама патрэбны грошы на цыгарэты". Неяк да нас iзноў прыйшоў бургамiстр, i бацька паведамiў яму: "У руiнах кляштара францысканцаў я знайшоў бруд з-пад пазногцяў, што паходзiць з чатырнаццатага стагоддзя; не смейцеся; гэта даведзена: чатырнаццатае стагоддзе, бо ён перамяшаны з валаскамi ваўнянага прадзiва, якое, як дакладна вядома, выраблялася ў нашым горадзе толькi ў чатырнаццатым стагоддзi; гэта надзвычай рэдкае адкрыццё ў галiне гiсторыi культуры, пане бургамiстр"; той адказаў: "Гэта ўжо занадта, пане Фэмель", а бацька запэўнiў яго: "О, будзе яшчэ больш занадта, пане бургамiстр". Рут засмяялася: яна якраз сядзела побач i пiсала, робячы кляксы, хатняе заданне ў сшытак па арыфметыцы; яна гучна засмяялася, а ён падышоў к дачцэ, пацалаваў яе ў лоб i сказаў: "Твая праўда; гэта ўсё смеху варта, маё дзiця"; мне зрабiлася зайздросна, бо мяне бацька ў лоб яшчэ нiколi не цалаваў; мы любiлi яго, Марыяна, але ўсё яшчэ крыху пабойвалiся, калi, стоячы перад планам горада з крэйдай у руцэ, ён паўтараў: "усё прэч... узарваць..." Бацька быў вельмi патрабавальны што да маёй вучобы; ён заўсёды казаў мне: "Ёсць толькi дзве мажлiвасцi: альбо не ведаць нiчога, альбо ведаць усё; твая мацi не ведала нiчога; здаецца, што яна не скончыла нават пачатковай школы, а ўсё ж я не ажанiўся б з нiякай iншай жанчынаю; таму - вырашай". Мы любiлi яго, Марыяна, i калi я цяпер думаю, што яму тады было толькi крыху больш за трыццаць, дык не магу ў гэта паверыць, бо ён заўжды здаваўся мне нашмат старэйшым, хоць з выгляду гэткi ён не быў; часам ён бываў нават вясёлы, цяпер такога з iм не здараецца; калi мы ранiцай вылазiлi са сваiх ложкаў, ён ужо стаяў каля акна, голячыся, i крычаў нам: "Вайне - канец, дзецi", хоць вайна скончылася ўжо чатыры цi пяць год перад тым.

- Нам трэба ўжо iсцi, - сказала Марыяна, - нельга, каб яны так доўга чакалi нас.

- Хай сабе крыху пачакаюць, - адказаў ён. - Мне яшчэ трэба даведацца, што яны зрабiлi з табою, авечка. Я ж пра цябе амаль нiчога не ведаю.

- Авечка... - сказала яна, - скуль ты гэта ўзяў?

- Дык так, проста нешта прыйшло ў галаву, - адказаў ён. - Раскажы, што яны выраблялi з табою. Мяне заўсёды смяшыць твой додэрынгенскi акцэнт: ён табе зусiм не пасуе; мне вядома толькi, што ты хадзiла там у школу, але нарадзiлася ў iншым месцы; ведаю, што ты дапамагаеш фраў Клошграбэ пячы пiрагi, гатаваць ежу i прасаваць бялiзну.

Яна паклала Ёзэфаву галаву сабе на каленi, заплюшчыла яму вочы i сказала:

- Са мною? Ты хочаш даведацца, што яны зрабiлi са мною? Яны кiдалi на мяне бомбы i не траплялi, хоць бомбы былi такiя вялiкiя, а я - такая малая; людзi ў бамбасховiшчы запiхвалi мне ў рот ласункi, а бомбы падалi i не траплялi ў мяне; я чула толькi, як яны рвуцца i як асколкi з шумам ляцяць праз ноч, нiбы птушкi; нехта ў бамбасховiшчы сказаў: "Дзiкiя гусi шумяць уначы". Мой бацька быў высокi, цёмнавалосы, зграбны; ён насiў карычневы мундзiр з мноствам залатых нашывак i нешта накшталт блiскуча-срэбнага штылета на рамянi; ён стрэлiў сабе ў рот; не ведаю, цi бачыў ты калi-небудзь чалавека, якi стрэлiў сабе ў рот? Hе, не бачыў? Тады дзякуй Богу, што ён уратаваў цябе ад гэткага вiдовiшча. Бацька ляжаў на дыване, кроў сцякала на смiрнаўскiя ўзоры - гэта быў сапраўдны смiрнаўскi дыван, мой дарагi; а мая мацi была бялявая высокая жанчына ў сiняй унiформе, на галаве насiла шыкоўны капялюш; на рамянi ў яе не было штылета; i яшчэ ў мяне быў малы брат; ён быў нашмат меншы за мяне i светлавалосы; малы брат вiсеў на дзвярах з пятлёю на шыi, матляючыся ўзад i ўперад, а я смяялася... i ўсё яшчэ смяялася, калi мацi накiнула мне зашмаргу на шыю, мармычучы сабе пад нос: "Ён даў такi загад", але раптам увайшоў нейкi чалавек без формы, без залатых нашывак i без штылета, толькi ў руцэ ў яго быў пiсталет; ён нацэлiў гэты пiсталет у мацi, а я заплакала, бо на шыi ў мяне была пятля i мне дужа хацелася пагуляць у тую гульню, у якую было дазволена гуляць майму малому брату - "ён даў такi загад"', але чалавек зацiснуў мне рот, сцягнуў мяне ўнiз па сходах, зняў з шыi пятлю, пасадзiў мяне на грузавiк...

Ёзэф паспрабаваў быў ссунуць яе рукi са сваiх вачэй, але яна трымала моцна, а праз хвiлю спыталася:

- Hе хочаш слухаць далей?

- Хачу, - адказаў ён.

- У такiм разе хай вочы будуць закрытыя, i - дай мне цыгарэту.

- Тут, у лесе?

- Тут, у лесе.

- Вазьмi ў мяне ў кашулi, у кiшэнi.

Ён адчуў, як яна адшпiлiла ў яго кашулi гузiк на кiшэнi i, не адымаючы правай рукi ад яго вачэй, выцягнула запалкi i цыгарэты.

- Давай i табе прыкуру, тут, у лесе, - сказала яна. - Я мела тады якраз пяць гадкоў i была такiм мiлым дзiцёнкам, што людзi лашчылi мяне нават на грузавiку: запiхвалi мне ў рот ласункi, мылi мяне з мылам, калi машына спынялася; грузавiк абстрэльвалi з гармат i кулямётаў, але ў нас не патрапiлi; мы ехалi доўга... не ведаю нават, як доўга, але не менш як два тыднi; а калi мы спынiлiся, чалавек, якi не дазволiў мне згуляць у гульню "Ён даў такi загад", узяў мяне да сябе, закручваў мяне ў коўдру i клаў побач на сена, на салому, часам - на ложак, кажучы: "Ану, скажы мне "тата"; я не ўмела казаць "тата": да мужчыны ў прыгожай форме я заўсёды звярталася "папа"; але я навучылася казаць: "тата"; трынаццаць год запар я казала гэтае слова чалавеку, якi не дазволiў мне згуляць у тую гульню; у мяне з'явiлiся ложак, коўдра i мацi, якая была строгая, але мяне любiла; i цэлыя дзевяць гадоў я жыла ў чыстым доме; калi я першы раз прыйшла ў школу, пробашч сказаў: "Паглядзiце, паглядзiце, хто да нас прыйшоў - несапсаваная i самая чыстая ў свеце паганачка"; а iншыя дзецi, з якiх нiхто не быў паганцам, пачалi смяяцца, пробашч тым часам дадаў: "Давайце раз-два - i зробiм з нашай малой паганачкi, з нашай добрай авечкi хрысцiянскае дзiця"; i яны зрабiлi з мяне хрысцiянскае дзiця. I авечка расла, жвавая i шчаслiвая, гуляла ў карагоды i ў бэрка, забаўлялася з мячыкам, скакала цераз вяровачку i дужа любiла сваiх тату i маму; i надышоў дзень, калi ў школе было пралiта трохi слёз, сказана колькi прамоваў, узгадана колькi разоў пра "этап у жыццi" i я пайшла вучыцца да краўчыхi, неўзабаве ўжо ўмела добра абыходзiцца з iголкай i нiткамi, ад мацi навучылася прыбiраць у хаце, пячы пiрагi, гатаваць стравы, а ўсе людзi ў вёсцы казалi: "Яна яшчэ выйдзе за прынца, не нiжэй..."; але аднаго разу ўвечары ў вёску прыехала вельмi вялiкая i вельмi чорная машына; барадаты шафёр спынiў машыну на дзядзiнцы i з кабiны спытаўся ў людзей: "Дзе тут жывуць Шмiцы?" А людзi адказалi: "У нас тут многа Шмiцаў, якiя вам патрэбныя?" Мужчына сказаў: "Тыя, што ўзялi дзiця на выхаванне". Тады людзi сказалi: "А, гэта Эдуард i яго жонка; яны жывуць там, у баку ад дарогi, за кузняй; перад iх хатаю расце самшыт". Мужчына сказаў: "Дзякуй"; машына паехала далей, i людзi рушылi за ёю ўслед, бо ад дзядзiнца да Шмiцавай хаты было самае большае пяцьдзесят крокаў; я сядзела на кухнi i ачышчала салату; я вельмi любiла гэты занятак, надрэзваць лiсце, потым дрэннае выкiдаць, а добрае класцi ў рэшата, дзе яна была такая зялёная i чысцюткая; а мая мацi якраз казала мне: "Hе засмучайся, Марыяна; то не iх вiна; калi хлопцам трынаццаць-чатырнаццаць год - а ў некаторых гэта пачынаецца нават у дванаццаць, - яны робяць гэткiя рэчы; гэта - прырода, Марыяна, а з прыродаю справiцца нялёгка"; а я адказала: "Праз гэта я зусiм не засмучаюся". "Тады праз што ўсё-ткi", - спыталася мая мацi. Я сказала: "Я ўсё ўспамiнаю свайго брацiка - як ён вiсеў на дзвярах, а я смяялася i не ведала, як гэта жахлiва... а ён жа не быў нават хрышчоны". I не паспела мая мацi адказаць на гэта, як дзверы адчынiлiся - а мы не чулi, каб хто-небудзь пастукаў, - i я яе адразу пазнала: яна ўсё яшчэ была светлавалосая, высокая, насiла шыкоўны капялюш, толькi блакiтнай унiформы на ёй ужо не было; яна, не марудзячы, падышла да мяне, намерваючыся абняць, i сказала: "Ты, напэўна, i ёсць мая Марыяна... табе нiчога не падказвае голас крывi?" На хвiлю ножык, што я трымала ў руцэ, застыў у паветры, а пасля я адказала, абрэзваючы наступны лiсцiк салаты: "Hе, голас крывi мне нiчога не падказвае". "Я - твая мацi", - сказала яна. "Hе, - запярэчыла я, - мая мацi - вунь яна. Мяне завуць Марыяна Шмiц"; памаўчаўшы нейкую хвiлю, я дадала: "Ён даў такi загад, i Вы накiнулi мне на шыю пятлю, шаноўная фраў". Я навучылася ў краўчыхi казаць гэткiм жанчынам "шаноўная фраў".

Яна крычала i плакала, спрабавала абняць мяне, але я трымала нож перад сабою, вастрыём наперад; яна гаварыла нешта пра школу, пра ўнiверсiтэты, крычала i плакала, а я выбегла праз заднiя дзверы ў сад, пабегла праз поле да айца пробашча i ўсё яму расказала. Ён сказаў мне: "Гэта - твая мацi, а бацькоўскае права ёсць бацькоўскае права; пакуль ты не станеш паўналетняй, у яе застанецца права на цябе; гэта ўсё вельмi прыкра". А я адказала: "Хiба яна не страцiла таго права, гуляючы ў гульню "ён даў такi загад"? - "Ты увiшнае дзяўчо, запомнi гэты аргумент як след". Я яго запомнiла i паўтарала яго заўсёды, калi яны пачыналi гаварыць пра "голас крывi"; я казала ўвесь час: "Я не чую голасу крывi, я проста не чую яго". Яны гаварылi: "Гэтага не можа быць, гэта iдзе насуперак прыродзе". "Праўда, - адказвала я, "ён даў такi загад" - гэта было насуперак прыродзе". Яны казалi: "Але ж тое было больш як дзесяць год таму, i цяпер яна раскайваецца ў гэтым"; а я пярэчыла iм: "Ёсць учынкi, якiя нельга загладзiць раскайваннем". "Ты хочаш быць у сваiм прысудзе суровейшай за Госпада Бога?" - пыталiся яны. "Hе, - адказвала я, - я не Бог, i таму не магу быць гэткаю мiласэрнаю, як ён". Мяне пакiнулi ў маiх бацькоў. Але аднаму я не магла нiяк перашкодзiць: мяне сталi зваць не Марыяна Шмiц, а Марыяна Дростэ; я адчувала сябе, нiбы чалавек, якому штосьцi выразалi... Я ўсё яшчэ ўспамiнаю, - працягвала яна, - свайго малога брата, якога змусiлi гуляць у гульню "ён даў такi загад"... ты i надалей мяркуеш, што ёсць нешта горшае, такое дрэннае, што ты не наважваешся мне пра яго расказаць?

- Hе, не, - адказаў ён. - Марыяна Шмiц, я раскажу табе пра ўсё.

Яна адняла руку ад ягоных вачэй; ён выпрастаўся, паглядзеў на яе; яна намагалася не ўсмiхацца.

- Чагосьцi такога кепскага твой бацька, напэўна, зрабiць не змог бы, сказала Марыяна.

- Hе, - адказаў Ёзэф, - то не было гэтак кепска, ды ўсё-ткi досыць кепска.

- Хадзем, - сказала яна, - раскажы мне пра ўсё ў машыне; ужо амаль пятая, i яны нас чакаюць; калi б у мяне быў дзядуля, я не прымушала б яго чакаць, а калi б у мяне быў такi, як у цябе, дзядуля, я рабiла б дзеля яго ўсё на свеце.

- А дзеля майго бацькi? - спытаўся ён.

- Я яшчэ не ведаю яго, - адказала яна. - Хадзем, i не круцiся, скажы яму, як толькi надарыцца мажлiвасць. Хадзем.

Яна падняла яго за руку; ён абняў яе за плячо, i яны пайшлi да машыны.