7447.fb2 Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

- Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?

Ён задрыжаў усiм целам; хто-небудзь мог сказаць: "ведаю", i ён бы мусiў падысцi, павiтацца, пачаць успамiнаць мiнулае: "Ага, Фэрдзi, яны... i твайго бацьку яны таксама!.. а Эдыт добра выйшла замуж..."; але ружовашчокая дзяўчынка дарэмна гойсала ад адной групкi людзей да другой, робячы смелыя павароты i выкрыкваючы: "Гэй! Цi хто тут ведае Шрэлаў?"

Расчырванелая, яна зноў пад'ехала да яго, зрабiла элегантны паварот, перш чым спынiлася перад iм.

- Hе, шаноўны пан, iх нiхто тут не ведае.

- Дзякуй, - адказаў ён усмiхаючыся, - даць табе дзесячок?

- Ага, - i з тварам, асветленым радасцю, дзяўчынка з шумам паiмчала да лiманаднага кiёска.

- Я саграшыў, цяжка саграшыў, - мармытаў з усмешкаю Шрэла, вяртаючыся да трамвайнага прыпынку, - я запiў танным марзанавым лiманадам з Груфэльштрасэ курыцу з гатэля "Прынц Генрых"; я пакiнуў успамiны некранутымi, не дазволiў растаць iльдзяным кветкам; у вачах Эрыкi Прогульске я не схацеў убачыць iскрынак; не даў ёй пазнаць мяне, не схацеў пачуць з яе вуснаў iмя Фэрдзi; толькi скура на маiм пальцы захавала ўспамiны, пазнала гузiк званка з жаўтлявага мосенжу.

Ён iшоў, нiбы цераз шэрагi салдат са шпiцрутэнамi: яго з абодвух бакоў працiналi позiркi параў вачэй, што сачылi за iм з тратуараў, з вокнаў i пад'ездаў пад летнiм сонцам, атрымлiваючы асалоду ад суботняга вечара; няўжо сярод iх не было нiкога, хто б мог пазнаць яго акуляры, яго хаду, характэрнае прыжмурванне вачэй, няўжо нiхто не пазнае пад замежным палiтом мiшэнь бясконцых кпiнаў - аматара паэзii Гёльдэрлiна, за якiм услед ляцела насмешлiвая песенька: "Шрэла, Шрэла, Шрэла вершыкi чытае..."?

Ён спалохана абцёр сабе пот з iлба, зняў з галавы капялюш, спынiўся на рагу Груфэльштрасэ i азiрнуўся; нiхто за iм не iшоў; маладыя хлопцы сядзелi на матацыклах, схiлiўшыся ўперад, шапталi дзяўчатам пра сваё каханне; пiўныя пляшкi на падаконнях адбiвалi паўдзённае сонца; вунь там стаiць дом, у якiм нарадзiўся i жыў анёл; можа, яшчэ iснуе масянжовы гузiк званка, да якога вялiкi палец Фэрдзi дакранаўся пятнаццаць тысяч разоў; зялёны перад дома, блiшчастыя аптэчныя вiтрыны, рэклама зубной пасты адразу пад акном, з якога так часта выглядаў Фэрдзi.

Дарога цераз парк, адсюль лiпеньскiм вечарам дваццаць тры гады таму Роберт пацягнуў Эдыт у кусты; цяпер там на лаўках сядзелi пенсiянеры, расказвалi адзiн аднаму показкi, нюхалi разнастайныя гатункi тытуню, скардзiлiся на нявыхаванасць дзяцей, што гулялi тут побач; раздражнёныя матулi абрыналi на галовы свайго непаслухмянага патомства праклёны i прадказвалi iм жахлiвую будучыню: бадай цябе атам ухапiў! Юнакi з малiтоўнiкамi пад пахаю iшлi да споведзi ў нерашучасцi, цi варта разганяць свой набожны настрой ужо сёння, альбо зрабiць гэта заўтра з ранiцы.

Яшчэ адна хвiлiна да адыходу адзiнаццатага; ужо трыццаць год iржавыя рэйкi беглi ў пустэчу будучынi; сястра Фэрдзi цяпер налiвала зялёны лiманад у чыстую шклянку; кiроўца трамвая пазванiў, даючы знак ад'езду; стомленыя кандуктары тушылi цыгарэты, папраўлялi сумкi, залазiлi ў свае каморы, нацiскалi надзвычайны гузiк, бо далёка ззаду, дзе канчалiся ржавыя рэйкi, нейкая старая жанчына раптам пачынала бегчы да прыпынку.

- Мне да галоўнага вакзала, - сказаў Шрэла, - з перасадкаю да порта.

- Сорак пяць.

Hе вельмi салiдныя дамы, салiднейшыя, вельмi салiдныя дамы. Перасадка, ага: шаснаццаты, як i даўней, iдзе ў порт.

Вось крама будматэрыялаў, сховы вугалю, пагрузачныя прычалы, i ён з балюстрады старой вагоўнi змог прачытаць: "Мiхаэлiс: вугаль, кокс, брыкеты".

Павярнуць толькi, дзве хвiлiны прайсцi, i кола ўспамiнаў закруцiцца; рукi фраў Трышлер, напэўна, вытрымалi выпрабаванне часам - як i вочы старога, як i Алоiсава фота на сцяне; пiўныя пляшкi, пучкi цыбулi, памiдоры, хлеб i тытунь; караблi на якары, хiсткiя кладкi, па якiх нясуць згорнутыя ветразi: агромнiстыя коканы паплывуць унiз па Рэйне, насустрач туманам Паўночнага мора.

Цiша панавала тут: за Мiхаэлiсавым парканам ляжала гара толькi што прывезенага вугалю, у сховiшчы будматэрыялаў - стосы ярка-чырвонай цэглы; шаргаценне ног начнога вартаўнiка за агароджаю i баракамi будаўнiкоў рабiла цiшыню яшчэ выразнейшаю.

Шрэла ўсмiхнуўся, абапёрся аб iржавыя парэнчы, потым павярнуўся i спалохаўся: ён не ведаў, што быў пабудаваны новы мост; Нэтлiнгер таксама пра гэта нiчога не казаў; мост разложыста навiсаў над усiм басейнам Старога Порта, цёмна-зялёныя падпоры стаялi дакладна там, дзе быў Трышлераў дом; цень ад моста накрываў усю набярэжную, дзе колiсь стаяў шынок грузчыкаў; агромнiстыя пустыя сталёвыя вароты аблямоўвалi блакiтную бездань.

У Трышлеравай карчме бацьку працавалася найлепш; ён абслугоўваў карабельшчыкаў ды iх сем'i: жонак, якiя сядзелi ў садзе ў чырвоных крэслах доўгiмi летнiмi вечарамi, а тым часам Алоiс, Эдыт i ён хадзiлi вудзiць рыбу ў басейне Старога Порта. Вечнасць дзiцячага часазлiчэння, бясконцасць - пра гэта ўсё ён раней ведаў толькi з радкоў вершаў; на другiм баку званiлi званы Святога Севярына, напаўняючы вечар мiрам i спакоем, а Эдыт сваiмi рухлiвымi рукамi паўтарала паторгванне паплаўкоў; яе сцёгны, яе рукi, усё цела таньчыла ў рытме паторгвання паплаўкоў; а ў iх на кручок не папалася нiводнай рыбiны.

Бацька падаваў жоўтае пiва з белай пенаю, яго твар прамянiўся лагоднасцю, i на iм амаль не было зацятасцi; прыязна ўсмiхаючыся, ён адмаўляўся ад грошай на чай, бо ўсе людзi - браты.

- Браты, браты! - выкрыкваў ён тымi летнiмi вечарамi; на задуменных тварах шкiпераў паяўлялася ўсмешка, iх гожыя жанкi з вачыма, поўнымi ўпэўненасцi ў сабе, пахiтвалi галовамi - бацькаў пафас здаваўся iм зусiм дзiцячым - i ўсё ж пляскалi ў ладкi; браты i сёстры.

Шрэла паволi спусцiўся з балюстрады, прайшоўся каля партовага басейна, дзе ржавыя пантоны i баркi чакалi гандляроў металаломам; ён зайшоў у зялёны цень моста, убачыў на сярэдзiне ракi працавiтыя краны, якiя грузiлi часткi моста на баржы; жалеза з грукатам плюшчылася пад цяжарам новага i новага грузу; ён знайшоў вялiзныя пампезныя сходы, адчуў, як шырокiя прыступкi змушаюць яго ступаць урачыста; з прывiднай упэўненасцю чысты i пусты аўтабан выбягаў на рачны бераг, дзе ўпэўненасць гамавалi скрыжаваныя косткi, вялiзныя чарапы, намаляваныя белым па чорным; шыльды з надпiсам "смерць, смерць" перагароджвалi шлях на захад; затое зусiм пустая дарога вяла ў бясконцасць блiшчастай зелянiны бурачных палёў - на ўсход.

Шрэла пайшоў далей, пралез памiж словам "смерць" i скрыжаванымi косткамi, прамiнуў барак будаўнiкоў, супакоiў начнога вартаўнiка, якi ўжо быў пачаў, размахваючы рукамi, засцерагаць яго, але, убачыўшы Шрэлаву ўсмешку, перастаў гэта рабiць; Шрэла прайшоў далей да самога абрыву, убачыў рэшткi ржавых бэлек, на якiх вiселi бетонныя камлыгi; пятнаццацiгадовае трыванне бэлек пераканаўча сведчыла аб якасцi нямецкай сталi; на другiм баку ракi, за пустымi сталёвымi брамамi, аўтабан бег далей, паўз гольфавыя пляцоўкi - i зноў у бясконцасць блiшчастай зелянiны бурачных палёў.

Кавярня "Бэльвю". Набярэжная алея. Направа - спартыўныя травяныя пляцоўкi; лапта, лапта... Мячык, якi ўдарыў Роберт, i шары, якiя штурхалi кiямi ў галандскай карчме - чырвонае на зялёным, белае на зялёным, аднастайная музыка шароў гучала амаль як грэгарыянская лiтургiя; у фiгурах, якiя ўтваралiся, была суровая паэзiя, вычараваная трыма шарамi на зялёным сукне; яны нiколi не пакаштавалi бычынага прычасця, пакорлiва-слепа зносiлi ўсе пакуты; "пасвi авечак маiх" на прыгарадных палянах, дзе гулялi ў лапту, на Груфэльштрасэ i на Модэстгасэ, у завулках ангельскiх прадмесцяў i за мурамi вязнiцы: "пасвi авечак маiх", дзе б ты iх нi спаткаў, - нават калi яны не ўмеюць рабiць нiчога лепшага, акрамя як чытаць Гёльдэрлiна i Тракля, нiчога лепшага, акрамя як пятнаццаць год запар спрагаць на класнай дошцы: "Я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; я вязаў, яна вязала, яно вязала, я буду вязаць, ты будзеш вязаць..."; а ў той самы час Нэтлiнгеравы дзецi на няблага падстрыжаным мурагу - але ангельцы падстрыгаюць яго ўсё-ткi лепш - гулялi ў бадмiнтон; i ў той самы час яго ладная жонка, дагледжаная, дагледжаная, вельмi дагледжаная, голасна пыталася з тэрасы ў мужа, якi выцягнуўся на ладным лежаку: "Цi ўлiць табе кропельку джыну ў цытрынавую ваду?", а ён адказваў: "Улi, але добрую кропельку!"; i ягоная жонка, хiхiкаючы, захопленая пачутым ад яго жартам, улiла ў цытрынавую ваду добрую кроплю джыну, выйшла на двор, села побач з мужам, на другiм лежаку, якi быў гэткi самы ладны, як i першы; ацанiла, прыкiнуўшы вокам, рухi сваёй старэйшай дачкi: можа, яна крыху-крыху занадта хударлявая, крыху занадта кашчавая, а прыгожы твар - занадта сур'ёзны; вось яна, зусiм стамiўшыся, кладзе ракетку, сядае каля бацькавых i матчыных ног на ўскрайку пляцоўкi - "але ж, даражэнькая, глядзi, не прастынь" - i пытаецца, ах, заўсёды так сур'ёзна: "Татуля, што гэта значыць, што гэта значыць дакладна: дэмакратыя?"; бацьку здалося, што гэта самая адпаведная хвiля, каб зрабiцца ўрачыстым; ён адставiў шклянку з цытрынавай вадою, выняў з рота цыгарэту - гэта была ўжо сёння пятая, "Эрнст-Рудальф" - i пачаў ёй тлумачыць: "Дэмакратыя - гэта..." Hе, не, нi прыватна, нi службова я не буду звяртацца да цябе, каб высветлiць свой прававы статус; за тое я не бяру нiчога; калiсьцi ў Цонавай кавярнi я даў дзiцячую клятву, даў клятву баранiць шляхетнасць безабароннасцi; мой прававы статус застаецца нявысветлены; а можа, Роберт ужо высветлiў яго, з дапамогаю дынамiту; цi навучыўся ён за гэты час смяяцца цi хоць бы ўсмiхацца? Ён заўсёды быў сур'ёзны, не мог змiрыцца са смерцю Фэрдзi, замарозiў у формулах свой план помсты, насiў яго, зусiм лёгкi друз, у сваiх мазгах - дакладныя формулы; ён не расставаўся з iмi ў унтэр-афiцэрскiх i афiцэрскiх кватэрах; цэлыя шэсць год, i нiколi не засмяяўся; хоць Фэрдзi, нават калi яго арыштоўвалi, усмiхаўся - анёл з прадмесця, з кучы гною на Груфэльштрасэ, - толькi тры квадратныя сантыметры скуры вялiкага пальца здзейснiлi ўспамiн; абпаленыя ногi настаўнiка гiмнастыкi i апошняя авечка, забiтая кавалкам бомбы; бацька назаўсёды знiк, не быў нават расстраляны пры спробе ўцячы. I нiхто не здолеў знайсцi нi следу ад мячыка, якi ўдарыў Роберт.

Шрэла выкiнуў недакурак пад абрыў, падняўся i павольна рушыў назад; зноў пралез памiж словам "смерць" i скрыжаванымi косткамi, кiўнуў патрывожанаму вартаўнiку, яшчэ раз азiрнуўся на кавярню "Бэльвю", пайшоў па чыстым пустым аўтабане проста да гарызонту, дзе ў сонечным ззяннi паблiсквала бурачнае лiсце; дзесьцi гэтая вулiца павiнна была скрыжавацца з лiнiяй шаснаццатага трамвая. Перасадка да вакзала, сорак пяць пфенiгаў; яму захацелася ў гатэльны пакой; ён любiў выпадковасць гэтага жытла, ананiмнасць гэтых убогiх пакояў, якiя можна было мяняць памiж сабой; iльдзяныя кветкi ўспамiнаў не раставалi ў гэтых пакоях; без грамадзянства, без радзiмы; ранiцой стандартны гатэльны сняданак з рук заспанага кельнера, у якога не зусiм чыстыя манжэты, у якога перад кашулi не накрухмалены так, як гэта натхнёна рабiла мацi; калi кельнеру за шэсцьдзесят, можна рызыкнуць спытацца ў яго: "Цi Вы не ведалi кельнера з прозвiшчам Шрэла?"

Далей наперад, чыстым, пустым аўтабанам, да неба з блiшчастага бурачнага лiсця, маючы ўсяго багажу што рукi ў кiшэнях; ён кiнуў на дарогу некалькi дробных манет - як кажуць, для Гензэля i Грэтэль. Паштоўкi былi яго адзiнай больш-менш трывалай сувяззю з жыццём, якое доўжылася пасля смерцi Эдыт, бацькi, Фэрдзi. "У мяне ўсё як мае быць, дарагi Роберт; спадзяюся, што i ў цябе таксама; пераказвай прывiтанне маёй незнаёмай мне пляменнiцы, майму пляменнiку i твайму бацьку"; дваццаць пяць словаў, зашмат словаў; закрэслiць той тэкст: "У мяне ўсё добра, спадзяюся - i ў цябе; прывiтанне Рут, Ёзэфу, твайму бацьку"; трынаццаць словаў; удвая меншай iх колькасцю можна было выказаць тое самае; навошта да iх прыязджаць, пацiскаць рукi, цэлы тыдзень не спрагаць "я вяжу, ты вяжаш... яна вязала", пераканацца, што Нэтлiнгер такi, як i быў, што Груфэльштрасэ такая, як i была, што няма толькi рук фраў Трышлер?

Неба з бурачнага лiсця, нiбы ў зялёна-срэбных пёрках; унiзе, пагойдваючыся ў абодва бакi, прайшоў шаснаццаты. Сорак пяць пфенiгаў; усё падаражэла. Вiдавочна, Нэтлiнгер яшчэ не скончыў тлумачыць значэнне слова "дэмакратыя"; святло надвячорка; ягоны голас памякчэў; дачка прынесла з гасцёўнi коўдру - югаслаўскую, дацкую цi фiнскую? Ва ўсякiм разе, цудоўныя колеры; яна накiнула коўдру яму на плечы, укленчыла, каб засяроджана слухаць далей; мацi тым часам - "...застаньцеся на дварэ, дзецi, такi гожы надвячорак, усё так файна!" - гатавала на кухнi смачныя, вострыя бутэрброды i розныя салаты.

Вобраз Нэтлiнгера ў ягоным уяўленнi быў больш выразны, чым той Нэтлiнгер, з якiм ён сёння сустрэўся - калi ён запiхваў сабе ў рот кавалкi паляндвiцы, запiваючы яе цудоўным, самым цудоўным, найцудоўнейшым вiном, задумаўшыся, чым гэта сама лепш укаранаваць свой абед - сырам, марожаным, пiрожаным цi амлетам? "Адно, шаноўныя спадары, - сказаў былы радца пасольства на заканчэнне курсу "Як зрабiцца гурманам", - адно толькi вы павiнны да таго, чаму тут навучылiся, дадаць самi - трошкi, зусiм трошкi арыгiнальнасцi".

У Англii ён пiсаў на дошцы: "Ён павiнен быў быць забiты"; пятнаццаць год запар ён граў на ксiлафоне нямецкай мовы: "Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt, ich hatte gelebt, ich werde leben"*. Цi буду я жыць? Ён нiколi не мог уцямiць, што ёсць людзi, якiя нудзяцца ад граматыкi. "Яго забiваюць, яго забiвалi, яго забiлi, яго заб'юць - хто яго заб'е?" "Помста - мая", - сказаў Госпад.

* Розныя граматычныя формы часу ад нямецкага дзеяслова "leben" "жыць".

- Канцавы прыпынак, шаноўны пане. Галоўны вакзал.

Тлум на вакзале не паменеў: хто тут быў прыехаўшы, хто ад'язджаў? Чаму яны ўсе не засталiся дома? Калi адыходзiць цягнiк на Астэндэ? А можа, лепш у Iталiю, Францыю, бо там таксама хто-небудзь прагне вучыць". "Ich lebe, ich lebte, ich habe gelebt". ... яго заб'юць, хто яго заб'е?

- Пакой у гатэлi? Якой катэгорыi? Танны?

Прыязнасць маладой дамы, якая праводзiла сваiм прыгожым пальчыкам па спiсе, выразна аслабла; вiдавочна, у гэтай краiне лiчылася за грэх пытацца пра кошт чаго-небудзь. Заўсёды браць тое, што каштуе сама дорага; самае дарагое - яно i самае таннае; памыляемся, ладны дзiцёнак, таннае - яно i таннейшае, напраўду; перасунь свой пальчык у самы нiз спiсу. Пансiянат "Мадэрн". Сем марак. Без снедання. Hе, дзякуй; я ведаю, як прайсцi да Модэстгасэ, сапраўды ведаю; нумар шаснаццаць - гэта каля самай брамы.

Звярнуўшы за рог вулiцы, ён амаль не ўпёрся носам у падвешанага дзiка i аж адхiснуўся ад цёмна-шэрай жывёлiны; ледзь не праскочыў паўз Робертаў дом; тут успамiны яму не пагражалi: ён быў у гэтым доме ўсяго адзiн раз; Модэстгасэ, дом нумар восем; ён спынiўся перад блiшчастай масянжовай шыльдачкай, прачытаў: "Д-р Роберт Фэмель, бюро статычных разлiкаў; пасля абеду зачынена"; нацiснуўшы на гузiк званка, ён пачаў дрыжаць усiм целам: тое, чаго ён не бачыў на свае вочы, дзе не было знаёмага яму рэквiзiту, прабiрала яго мацней; за гэтымi дзвярыма памерла Эдыт, у гэтым доме нарадзiлiся яе дзецi, тут жыў Роберт; ужо гучанне самога званка падказала яму, што зараз нiхто не адчынiць; прыдзверны званок злiўся з тэлефонным; служка з гатэля "Прынц Генрых" трымаў сваё слова; я дам яму добра на чай, калi мы будзем там гуляць на бiльярдзе.

Усяго праз чатыры дамы - пансiянат "Мадэрн". Нарэшце дома; добра, што ў маленькiм калiдорчыку не чуваць было пахаў ад кухнi. Свежая пасцельная бялiзна пад стамлёную галаву. "Дзякуй, я ўжо неяк разбяруся сам". - "На трэцiм паверсе трэцiя дзверы налева; на сходах будзьце асцярожныя, шаноўны пане, прэнты, што трымаюць ходнiк, сям-там паадставалi; бываюць госцi, якiя знiшчаюць усё, што iм патрапiцца; будзiць Вас трэба? I яшчэ адна драбнiца; калi можна, заплацiце наперад; цi, можа, прыбудзе багаж? Hе? Значыць, восем марак, пяць пфенiгаў, калi ласка, разам з абслугоўваннем; на жаль, я мушу прымаць гэтыя меры перасцярогi, шаноўны пане, вы не можаце сабе ўявiць, колькi на свеце ёсць нягоднiкаў; а потым мусiш ставiцца з недаверам да прыстойных людзей, так ужо бывае: сёй-той прымудраецца нават абкручвацца прасцiнаю, а некаторыя робяць з навалочак насоўкi; каб Вы ведалi, чаго мы тут толькi не бачым; квiтанцыя Вам не трэба? Тым лепей, падаткi i так абдзiраюць нас дагала. Вы, напэўна, чакаеце некага... Вашу жонку, праўда? Hе турбуйцеся, я пакажу ёй, як прайсцi да Вас наверх".

10

Ён баяўся дарма: успамiны не перайшлi ў пачуццi, засталiся формуламi, не расплылiся ў даброцi альбо ў смутку, i ад iх не зашчымела сэрца; сэрца ў тым удзелу не брала: ён стаяў там, у вечаровым сутоннi, памiж домам паломнiкаў i самiм кляштарам, дзе цяпер ляжыць штабель фiялетавых, моцна-моцна абпаленых цаглiн; побач - генерал Ота Кёстэрс, увесь слабы розум якога вылiўся ў адну-адзiную формулу: "сектар абстрэлу"; гаўптман Фэмель, обер-лейтэнант Шрыт i два фэнрыхi, Кандэрс i Гохбрэт; з надзвычай сур'ёзнымi тварамi яны пераконвалi генерала з мянушкай Сектар Абстрэлу, што трэба быць паслядоўнымi нават у дачыненнi да самых што нi ёсць архiтэктурна-каштоўных будынкаў; iншыя афiцэры пратэставалi: забойцы, пралiваючы слёзы, баранiлi помнiкi культуры, якiя, маўляў, можна было ўратаваць; нехта гаварыў пагрозлiвае слова "дзяржаўная здрада"; але нiхто не ўмеў аргументаваць гэтак рэзка, гэтак вынаходлiва i лагiчна, як Шрыт, якi пранiкнёна даводзiў поўнаму ваганняў генералу, што аб'ект падрываць неабходна: "Трэба хоць бы паказаць, што мы яшчэ верым у перамогу, пан генерал; гэтая балесная ахвяра пераканае насельнiцтва i салдат, што мы яшчэ верым у перамогу..." - i тут прагучала славутая генералава фраза: "Я прыняў рашэнне: падрывайце, панове. Калi гаворка iдзе пра перамогу, мы не маем права шкадаваць нават нашых культурных святыняў; да справы, панове".

Рукi каля брылёў фуражак, лясканне абцасаў. Цi яму сапраўды некалi было дваццаць дзевяць, цi быў ён гаўптманам i стаяў з генералам Сектар Абстрэлу на тым самым месцы, дзе цяпер стаiць абат i з усмешкаю вiтае ягонага бацьку:

- Мы вельмi рады, пане тайны радца, што Вы зноў зрабiлi нам гонар сваiм вiзiтам; я дужа ўсцешаны, што магу пазнаёмiцца з Вашым сынам; Ёзэф нам ужо амаль як найлепшы прыяцель, праўда, Ёзэф? Лёс нашага абацтва цесна звязаны з лёсам сям'i Фэмеляў... а што да Ёзэфа - дазвольце мне тут сказаць пра зусiм прыватнае - яго менавiта тут дагнала Амурава страла; паглядзiце, пане доктар, сёння маладыя людзi нават не чырванеюць, калi пры iх гавораць пра такiя рэчы; фройляйн Рут i фройляйн Марыяна, на жаль, я не магу зрабiць, каб Вы ўзялi ўдзел у агляданнi кляштара.

Дзяўчаты пачалi хiхiкаць; хiба ж мацi, Ёзэфiна, а нават i Эдыт таксама не хiхiкалi тут, калi iх не дапускалi да мужчынскага хаўрусу? У сямейным фотаальбоме было б досыць памяняць толькi твары i фасоны адзення.

- Ага, клаўзуры ўжо заселеныя, - сказаў абат, - a вось - нашае ўлюбёнае дзiцё, бiблiятэка... а вунь там, за паваротам iзалятар для хворых, на шчасце, у iм пакуль што нiкога няма...

Нiколi не хадзiў ён тут з крэйдаю ў руцэ, нiколi не крэслiў на гэтых мурах таемныя спалучэннi лiтар "X", "Y", "Z" - код знiшчэння, якiя ўмелi расшыфраваць толькi Шрыт, Гохбрэт i Кандрэс; пах раствору, пах свежай фарбы, свежагабляванага дрэва.

- Напраўду, гэтыя фрэскi ўдалося захаваць дзякуючы ўважлiвасцi Вашага ўнука, а Вашага сына; ён уратаваў выяву "Таемнай вячэры" тут, у рэфекторыi; канешне, мы ведаем, што гэтая карцiна не належыць да культурна-гiстарычных помнiкаў - даруйце мне гэтую заўвагу, пане тайны радца, - але творы нават гэтай школы жывапiсу пачынаюць ужо цяпер рабiцца рэдкасцю, а мы заўсёды адчувалi свой абавязак падтрымлiваць традыцыi; мушу прызнацца, што мяне i сёння захапляе тое, што ў гэтых творах так дакладна выпiсаныя дэталi: зiрнiце вось сюды, з якой любоўю i рупнасцю намаляваныя тут ногi святога Iаана i святога Пятра, ногi чалавека пажылога i маладога чалавека; дакладнасць у дэталях.

Hе, тут нiхто нiколi не спяваў "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; тут не адзначалася свята сонцавароту; гэта ўсё - толькi сон. Вытанчана-элегантны, крыху больш за сорак, сын вытанчана-элегантнага бацькi, бацькi поўнага свежасцi, надзвычай iнтэлiгентнага сына, якi, усмiхаючыся, ходзiць цяпер разам з iм па абацтве, хоць, здаецца, яму надта сумна ад усёй гэтай iмпрэзы; кожны раз, калi бацька паварочваўся да Ёзэфа, ён бачыў адно прыязную, крыху стомленую ўсмешку на сынавым твары.

- Як Вам вядома, не былi пашкадаваныя нават гаспадарчыя пабудовы; з iх мы i пачалi адбудоўваць усё нанова, бо на нашу думку, яны павiнны ствараць матэрыяльны падмурак для ўдалага новага старту; вось кароўнiк; вядома, у нас электрычная дойка; Вы ўсмiхаецеся, а я ўпэўнены, што наш айцец, Святы Бенядзiкт, не меў бы нiчога супраць электрадойкi. Цi можна прапанаваць Вам крыху падсiлкавацца? Прашу: наш славуты хлеб, нашае славутае масла i мёд; Вы не ведаеце, што кожны наш абат, памiраючы альбо пакiдаючы сваю пасаду, перадае як запавет свайму наступнiку: не забываць сям'i Фэмеляў; вы напраўду належыце да нашага кляштарнага брацтва... ах, вось i маладыя паненкi; натуральна, тут вы можаце далучыцца да нас.

Хлеб i масла, вiно i мёд проста на гладкiх дошках стала; Ёзэф адной рукой абняў сваю сястру, другой - Марыяну; яго бялявая галава памiж дзвюма цёмнавалосымi дзявочымi.

- Цi зробiце Вы нам гонар i возьмеце ўдзел ва ўрачыстасцi асвянчэння абацтва? Канцлер i мiнiстры кабiнета ўжо далi сваю згоду прыбыць на яе; будуць прысутнiчаць таксама некалькi княскiх асобаў з-за мяжы; i мы былi б вельмi ўсцешаныя, калi б маглi прывiтаць тут сям'ю Фэмеляў у поўным складзе; мая ўрачыстая казань адбудзецца не пад знакам абвiнавачвання, а пад знакам замiрэння i паяднання - замiрэння i паяднання таксама з тымi сiламi, якiя ў сляпой паслухмянасцi разбурылi наша роднае прыстанiшча, але не будзе замiрэння з тымi знiшчальнымi сiламi, якiя зноў нясуць пагрозу нашай культуры: дазвольце мне запрасiць вас на ўрачыстасць i выказаць ад усяе душы просьбу Зрабiць нам гэты гонар.

"Я не паеду на асвянчэнне, - падумаў Роберт, - бо я не замiрыўся, не замiрыўся з тымi сiламi, на якiх ляжыць вiна за смерць Фэрдзi, якiя, правiнавацiўшыся ў смерцi Эдыт, пашкадавалi Святога Севярына; я не замiрыўся, не замiрыўся нi з самiм сабой, нi з самiм духам замiрэння, якi Вы будзеце прапаведаваць у сваёй урачыстай казанi; не сляпая паслухмянасць разбурыла ваша роднае прыстанiшча, а нянавiсць, якая не была сляпою i якая так i не спарадзiла ўва мне раскаяння. Прызнацца, што гэта ўчынiў я? Я мусiў бы зрабiць балюча майму бацьку, хоць ён невiнаваты, i, напэўна, майму сыну, хоць i ён таксама невiнаваты, i Вам, вялебны ойча, хоць i Вы нiзвання не вiнаватыя, - хто ж тады вiнаваты? Я не замiрыўся са светам, у якiм адзiн жэст рукi альбо няслушна зразуметае слова можа каштаваць каму-небудзь жыцця".

Уголас жа ён сказаў: