7447.fb2
- Вядома ж, з ахвотаю; але цi не хацелi б Вы, прынамсi, пабачыць нашу неспадзяванку?
Марыяна цiхенька падштурхнула Ёзэфа, Рут заўсмiхалася, а Ёзэф сказаў:
- З вялiкай ахвотаю, фраў Кронэр.
- Я была яшчэ зусiм дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калi Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, i практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, i вы можаце сабе ўявiць, як часта мне даводзiлася накрываць яму пры снеданнi - як часта я забiрала з яго стала келiх для яек i падстаўляла яму мармелад, i, калi я нахiлялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазiрала ў яго эскiзны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкi ўдзел у жыццi сваiх клiентаў; не думайце, што мы, людзi iнтарэсу, пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў; i што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзiн вечар зрабiўся славуты, атрымаўшы вялiкi заказ; мажлiва, наведнiкi думаюць, што вось так iдуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьцi, плацяць за гэта i сыходзяць, але не думайце, што iх лёс не пакiдае ў нас нiякага следу...
- Ну, пэўна ж, - сказаў Ёзэф.
- О, я ведаю, пра што Вы думаеце - няхай старая дасць нам святога спакою: але цi напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылi маю збянтэжанасць i перадалi дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калi б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфii ў газету ўжо зробленыя.
Яны павольна пайшлi ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходнiку, пасланым памiж накрытых зялёнымi абрусамi сталоў; спынiлiся, калi спынiлася гаспадыня кавярнi, а потым мiжвольна абступiлi з усiх бакоў вялiкi чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкi прадмет няправiльных памераў.
- Вельмi добра, - сказала фраў Кронэр, - што нас чацвёра; вазьмiце, калi ласка, кожны за рог палатна i, калi я скамандую "падымайма", акуратна падымайце яго ўгору.
Марыяна падпiхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: "Падымайма!", i яны паднялi палатно;абедзве дзяўчыны сышлiся, склалi свае рагi палатна, а фраў Кронэр беражлiва згарнула яго.
- О Божа! - ускрыкнула Марыяна. - Гэта ж дакладная копiя абацтва Святога Антонiя.
- Праўда? - спыталася фраў Кронэр. - Паглядзiце, нават пра мазаiку над галоўным уваходам мы не забылiся; a вось тут вiнаграднiкi.
Мадэль мела не толькi дакладныя прапорцыi абацтва, але i адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пiлiгрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.
- Усё гэта, - сказала фраў Кронэр, - зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, цi не змог бы Ваш дзядуля зайсцi сюды i агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабiнет?
- Напэўна, - адказаў Ёзэф, - ён зойдзе i агледзiць торт; дазвольце мне напачатку ад яго iмя падзякаваць Вам; павiнны быць сур'ёзныя прычыны, якiя змусiлi яго адмовiцца ад урачыстае вячэры, i Вы нас, канечне, зразумееце...
- Я добра разумею, што Вам пара iсцi... не, калi ласка, не трэба класцi палатно назад; тэлебачанне паведамiла, што прыедзе сюды.
- Я хацеў бы аднаго, - сказаў Ёзэф, калi яны iшлi па пляцы перад саборам Святога Севярына, - засмяяцца цi заплакаць, ды не здольны нi на тое, нi на тое.
- Я ведаю толькi, што хутчэй бы магла заплакаць, - сказала Рут, - але я гэта рабiць не буду. Што там за людзi? З якой нагоды ўвесь гэты вэрхал... што яны робяць там з паходнямi?
На вулiцы было шумна, плямкалi конскiя капыты, конi гiгаталi; галовы, прывычныя даваць каманды, заклiкалi да збору, музыканты духавога аркестра апошнi раз спраўджвалi свае iнструменты; i тут, сярод гэтага голасу пачуўся нягучны, сухi кароткi гук, зусiм не такi, як iншыя гукi.
- Божа мой, што гэта? - спалохана спыталася Марыяна.
- Нехта стрэлiў, - адказаў Ёзэф.
Прамiнуўшы гарадскую браму i выйшаўшы на Модэстгасэ, Леанора спалохалася: завулак быў пусты, не было нi навучэнцаў, нi манашак, нiдзе нiводнага грузавiка, нiякага вулiчнага руху; толькi белы хвартух фраў Грэц там за крамаю; ружовыя аголеныя рукi пхалi перад сабою швабру, гонячы мыльную пену; брама друкарнi была замкнёная наглуха, як быццам у ёй ужо не збiралiся друкаваць будаўнiчых тэкстаў на белай паперы; дзiк з ранай у баку; каля раны запяклася кроў; дзiк ляжаў, адкiнуўшы капыты, на сходах; яго якраз паволi пачалi зацягваць унутр крамы; па ўчырванелым Грэцавым твары было вiдаць, якая цяжкая была гэтая жывёлiна; толькi на адзiн з яе тэлефонных званкоў адказалi: не ў доме нумар сем i не ў доме нумар восем - толькi ў Кронэравай кавярнi:
- Тэрмiнова доктара Фэмеля?.. Яго тут няма. Святочная вячэра не адбудзецца. Вы фройляйн Леанора? Вас чакаюць у гатэлi "Прынц Генрых".
Лiстаносец, рэзка нацiснуўшы гузiк, пазванiў ёй у дзверы, калi яна сядзела ў ванне; гэты рэзкi званок не абяцаў нiчога добрага; яна хуценька вылезла з ванны, накiнула на сябе купальны халат, абкруцiла мокрую галаву ручнiком, падышла да дзвярэй i атрымала з рук лiстаносца экспрэс-пiсьмо: Шрыт напiсаў адрас сваiм жоўтым алоўкам, на канверце крыж-накрыж былi дзве чырвоныя паласы; вiдавочна, яго васемнаццацiгадовая дачка мусiла гнаць на ровары ў паштовае аддзяленне; пiльная справа...
"Дарагая фройляйн Леанора! Паспрабуйце, калi ласка, неадкладна звязацца з панам Фэмелем; усе статыстычныя разлiкi аб'екта будоўлi Х-5 няправiльныя; у дадатак да гэтага пан Кандэрс, з якiм я толькi што размаўляў па тэлефоне, пераслаў дакументацыю - з усiмi памылкамi - непасрэдна заказчыку, насуперак звычаям нашай фiрмы; справа настолькi пiльная, што я збiраюся сёння выехаць да Вас хуткiм цягнiком, у выпадку калi да 20.00 не атрымаю ад Вас звестак наконт таго, якiя захады зробленыя, каб выправiць гэтую прыкрую памылку; вядома, няма патрэбы нагадваць Вам, якi буйны i важны аб'ект Х-5. З сардэчнымi прывiтаннямi - Ваш Шрыт".
Ужо два разы яна праходзiла сюды-туды перад гатэлем "Прынц Генрых": вярталася амаль аж да Грэцавай крамы на Модэстгасэ i зноў прыходзiла пад вокны гатэля; яна баялася скандалу, якi неўзабаве павiнен выбухнуць; субота была для яго свяшчэнны дзень; ён яшчэ мог сцярпець, калi ў суботу яго патурбуюць па прыватнай справе, але не па службовай, якая б яна нi была; у яе ўвушшу яшчэ гучалi яго словы: "Проста няведама што"; яшчэ не надышла сёмая, i некалькi хвiлiн Шрыта можна было яшчэ заспець па тэлефоне; добра, што стары вырашыў адмовiцца ад урачыстае вячэры; бачыць, як Роберт Фэмель есць i п'е, было б для яе гвалтам над святыняю; са страхам яна думала пра аб'ект Х-5; гэта не быў прыватны аб'ект; якi-небудзь там "дом выдаўца на ўскрайку лесу" цi "дом настаўнiка каля ракi"; яна нават не наважвалася думаць пра гэты аб'ект: такая была вакол яго таямнiца, паперы ляжалi ў самай глыбiнi сейфа; ёй займала дыханне; хiба ж пан доктар не размаўляў пра гэты аб'ект з Кандэрсам цэлую чвэрць гадзiны? Ёй было вельмi боязна.
Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзiка па сходах: гэта ён рабiў рыўкамi, бо жывёлiна была агромнiстая: хлопец-пасыльны з вялiзным кашом кветак пазванiў каля брамы друкарнi, паявiўся прыдзвернiк, забраў кош i зноў зачынiў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь "на чай", што паклаў у яго далонь прыдзвернiк; "Я скажу яму, - падумала Леанора, - гэтаму ветламу старому, што прыдзвернiк не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркi на чай; срэбра, вiдавочна, не паблiсквала ў яго далонi, то былi цьмяныя медзякi".
Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцiснi зубы, пераадолей свой сполах ды iдзi ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вулiцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далiкатэсаў зайшла ў брамку друкарнi; праз хвiлю яна таксама без радасцi паглядала на сваю далонь; "якi нягоднiк гэты прыдзвернiк, - падумала Леанора, - абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю".
Яшчэ дзесяць хвiлiн, перш чым праб'е сёмая; яе запрасiлi ў Кронэраву кавярню, а потым загадалi прыйсцi ў "Прынц Генрых", а яна заявiцца туды i пачне гаварыць пра справы фiрмы, якiх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб'екту Х-5, ён зрэагуе сёння iначай? Яна страсянула галавой i з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры iх нехта трымаў.
Дзiця, дзiця, i ў дачыненнi да цябе я дазволю сабе зрабiць прыватную заўвагу; падыдзi сюды блiжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлiвасцi не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькi ў iм самiм; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзiлi ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвiлi тут ёсць толькi адзiн-адзiны клiент, да якога я пусцiў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг, - гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, i ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкi, каб знайсцi адсюль дарогу назад; дзiця, ты заблукала; той, хто прыходзiць сюды па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы - i пагатоў; але ж падыдзi блiжэй.
- Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклiкалi да тэлефона... Спадзяюся, што вулiчны шум Вам не будзе замiнаць.
- Леанора? Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i - да хуткай сустрэчы.
Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявiць рот, каб спытацца, як прайсцi ў Фэмелеў нумар, - але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
- Божа мой, - ускрыкнула яна, - што гэта?
- Гэта стрэлiлi з пiсталета, маё дзiця, - адказаў Ёхэн.
Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакiраваныя парэнчы i заклаўшы рукi за спiну; фiгуры здавалiся яму не такiмi дакладнымi, рытм руху шароў - парушаным; хiба гэта не былi тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасцi, за якiм даглядалi самым лепшым чынам? I хiба Фэмелева рука не зрабiлася яшчэ лягчэйшая, а яго ўдары - яшчэ дакладнейшыя, калi ён выбiваў фiгуру з зялёнага Нiчога? I ўсё ж Гугу здавалася, што рытм руху шароў парушаны, а фiгуры крыху страцiлi сваю дакладнасць i акрэсленасць; цi, можа, гэта Шрэла прынёс з сабою пастаянную сучаснасць часу i разагнаў усе чары? Гэта ўсё адбывалася тут, адбывалася сёння, а васемнаццатай гадзiне сорак чатыры хвiлiны, у суботу шостага верасня 1958 года; нiшто не пераносiлася на трыццаць год назад цi на чатыры - уперад, зноў на сорак назад i пасля ў сённяшнi дзень; цяпер доўжылася бесперапынная сучаснасць, якая штурхала перад сабою секундную стрэлку гадзiннiка: тут, сёння, цяпер - а тым часам з рэстарана чулiся неспакойныя воклiчы: "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак": усе спяшалiся да феерверку, да вокнаў, каб глядзець парад, натоўп працiскаўся да рымскiх дзiцячых магiл; "цi ўспышкi сапраўды ў парадку?"... "Вы што - не ведалi, што М. значыць мiнiстр?"... "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак"...
Гадзiннiкi адбiвалi час недарэмна, недарэмна рухалiся стрэлкi; яны нагрувашчвалi хвiлiну на хвiлiну, дадавалi iх да чвэрцi, да паловы гадзiны i маглi паказваць дакладны час: да аднаго года, да адной гадзiны, да адной секунды; хiба ў рытме стуку шароў не гучала пытанне: "Роберт, дзе ты?, "Роберт, дзе ты быў?", "Роберт, дзе ты бываў?" I хiба ў Робертавых ударах не чуцён быў адказ: "Шрэла, дзе ты?", "Шрэла, дзе ты быў?", "Шрэла, дзе ты бываў?" Хiба iхняя гэта гульня не была нечым, падобным да млына, якi бясконца паўтарае малiтву, хiба яна не была iмшой, якую адпраўлялi кii i бiльярдныя шары на зялёным сукне? "Навошта-навошта-навошта?"; "Злiтуйся з нас! Злiтуйся з нас!" Шрэла ўсмiхаўся, трос галавою кожны раз, калi, адыходзячы ад борцiка, пакiдаў Роберту чарговую, утвораную шарамi фiгуру.
I Гуга таксама мiжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калi гадзiннiк даваў такi дакладны адказ на пытанне "калi": васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 года.
- Ах, - сказаў Роберт, - пакiньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.
- Добра, - адказаў Шрэла, - пакiньма гэта, твая праўда. Цi хлопец яшчэ нам патрэбны?
- Вядома, - сказаў Роберт, - мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсцi, Гуга? Hе? Застанься, калi ласка, пастаў кii ў стаяк, схавай шары i прынясi нам чаго-небудзь выпiць... ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзi, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам i подпiсам яны сталi дакументамi: толькi аднаго бракуе - твайго подпiсу пад гэтай вось паперай; калi ты паставiш яго, станеш маiм сынам! Цi разгледзеў ты маiх бацьку i мацi, калi прыносiў iм вiно? Яны будуць тваiмi дзядулем i бабуляю, а Шрэла - тваiм дзядзькам, Рут i Марыяна - тваiмi сёстрамi, а Ёзэф - тваiм братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калi я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, якi мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, цi гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ён нам патрэбны, i мы былi б шчаслiвыя быць патрэбнымi яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе... чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзi, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух... Цiха, хлопча, не трэба плакаць; iдзi ў свой пакой i перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлiвы там у калiдоры, сынок!
Шрэла адсунуў фiранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, i яны абодва закурылi.
- Цi ты яшчэ не адмовiўся ад нумара ў гатэлi?
- Hе.
- Хiба ты не хочаш жыць у нас?
- Яшчэ не ведаю, - адказаў Шрэла, - у мяне страх перад дамамi, у якiх трывала ўладкоўваешся i хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё iдзе далей, i час прыносiць замiрэнне; Фэрдзi стаў бы для мяне толькi ўспамiнам, бацька - толькi сном; а мiж тым тут яны забiлi Фэрдзi, i бацька назаўсёды знiк менавiта адсюль; згадак пра iх не знойдзеш нават у спiсах нiякiх палiтычных арганiзацый, бо яны палiтыкай не займалiся; iх не ўспомняць у жалобных песнях жыдоўскай абшчыны, бо яны не былi жыдамi; Фэрдзi, можа, толькi жыве ў судовых архiвах; толькi мы абодва ўспамiнаем пра яго, Роберт, i яшчэ твае бацькi ды стары парцье там унiзе; твае дзецi ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзiўся, хадзiў у школу; тады я хацеў вызвалiць вулiцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насiў у сабе слова, якое нiколi не вымаўляў уголас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзiнае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету... я i цяпер не вымаўляю яго, можа, толькi на вакзале, калi ты будзеш праводзiць мяне на цягнiк.
- Хочаш ехаць ужо сёння? - спытаў Роберт.
- Hе, не, не сёння; нумар у гатэлi - гэта якраз тое, што трэба; калi я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такiм самым чужым, як i любы iншы. У тым нумары я магу ўявiць сабе, што неўзабаве кудысьцi паеду i зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасцiраю з дошкi арыфметычныя заданнi, каб крэйдай напiсаць на ёй: "я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць"... я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу нiякiх рэальных гiстарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я нiколi не цiкавiўся i цяпер не цiкаўлюся палiтыкай.
Шрэла паказаў на пляц унiзе i засмяяўся: "Hе тыя людзi, што там унiзе, мяне палохаюць... вядома ж, вядома ж, усё я ведаю i пазнаў iх, убачыўшы там унiзе, - Нэтлiнгера i Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма iншых людзей; якiх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзiн стары чалавек сказаў: "Калi Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робiце таго, што Ён загадаў?"
Неразумна, нерэалiстычна ўсё гэта, Роберт, цi праўда? "Пасвi авечак маiх", а яны ўзгадоўваюць адных толькi ваўкоў. З чым вы вярнулiся дамоў пасля вайны? З дынамiтам? Знакамiтая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавiсць да гэтага свету, у якiм не было месца нi для Фэрдзi, нi для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькi, для Гроля, для хлопчыка, iмя якога мы так i не змаглi даведацца, для паляка, якi падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збiраеш статыстычныя даныя, гэтак як iншыя збiраюць мадоннаў у барочным стылi, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, i майму пляменнiку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу сваёй будучынi недзе ў iншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсцi? Цi зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабiцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, iм можна толькi зрабiцца; пра голас крывi - гэта ўсё выдумана, толькi той iншы голас праўдзiвы... з гэтай вось прычыны я так i не ажанiўся: у мяне было замала адвагi, каб паверыць у тое, што я магу зрабiцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калi б мае дзецi зрабiлiся мне гэткiя самыя чужыя, як зрабiўся Ота тваiм бацькам; нават успамiны пра маiх мацi i бацьку не дадалi мне адвагi; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якiмi стануць Ёзэф i Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненнi да дзяцей Эдыт i да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлi i не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота i дзе загiнула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укiдаў цыдулкi-пасланнi ад цябе... там усё яшчэ тая самая скрыня?