7447.fb2 Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

- Hе, - адказаў Роберт, - мы паставiлi новыя дзверы: тыя былi ўсе пасечаныя бомбавымi асколкамi, толькi брук каля ўвахода застаўся той самы яго ногi хадзiлi па гэтым бруку.

- I ты думаеш пра хлопца, калi ходзiш па гэтым бруку?

- Праўда, - адказаў Роберт, - думаю пра ўсё тое, i, вiдаць, гэта адна з прычын, чаму я збiраю статыстычныя формулы... Чаму ж ты не прыязджаў раней?

- Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады - iзаляцыя добрая, а хiба тое, што мы маем сказаць адзiн аднаму, Роберт, не змесцiцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзi, якiх я тут напаткаў... можа, гэта мне толькi здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якiх я пакiнуў тады.

- Магчыма, ты i не памыляешся...

- Што сталася з людзьмi, гэткiмi, як Эндэрс? Цi памятаеш ты яго - рыжы такi быў?.. Мiлы хлапчыска, зусiм не гвалтаўнiк - а што рабiлi такiя людзi, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?

- Мажлiва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькi мiлы хлопец, але... ён нiводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця - чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабiла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовiў некалькi казаняў, якiх я не магу забыць; калi б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калi iх вымаўляў ён, зусiм iншая рэч.

- А што ён робiць цяпер?

- Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня - хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi - браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: "Цi не камунiст ён?" Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны - а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць... нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы... мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць... а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?

- Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.

- Ты бачыў яе?

- Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?

- Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.

- Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калi я сёння там пабываў; не хадзi туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды нiхто не застаўся жывы?

- Нiхто, - адказаў Роберт. - I Алоiса таксама няма; яны патанулi разам з "Ганнай-Катарынай"; Трышлеры ўжо доўгi час не жылi ў порце; калi быў пабудаваны мост, яны мусiлi пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалi потым, была для iх зусiм не тое... iм патрэбныя былi вада i караблi; Алоiс хацеў на "Ганне-Катарыне" адправiць iх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбiлi; Алоiс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваiх бацькоў з-пад палубы, але было запозна - вада рынула зверху, i выбрацца яны ўжо не здолелi; шмат часу прайшло, пакуль я натрапiў на iх след.

- А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?

- У "Якары"; я штодня хадзiў туды i пытаўся ва ўсiх шкiпераў, пакуль не сустрэў аднаго, якi ведаў пра лёс "Ганны-Катарыны".

Шрэла зашмаргнуў фiранку, падышоў да стала i расцiснуў недакурак на попельнiцы. Роберт зрабiў тое самае.

- Мяркую, - сказаў ён, - што мы павiнны зараз падняцца да маiх бацькоў... Хiба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасцi...

- Ды што ты, - адказаў Шрэла, - я пайду з табою, але цi не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робiць Швойгель?

- Табе i праўда гэта цiкава?

- Праўда, а чаму ты пытаешся, цiкава мне гэта цi не?

- Цi ў сваiх гатэльных нумарах i пакоях у пансiянатах ты думаў пра Эндэрса i Швойгеля?

- Ага. I яшчэ пра Грэве i Гольтэна: толькi яны не бралi ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў - Дрышка таксама не ўдзельнiчаў... што з iмi? Цi жывыя яны?

- Гольтэн не жывы, загiнуў, - адказаў Роберт, - а вось Швойгель жыве; ён цяпер пiсьменнiк, i, калi ўвечары тэлефануе альбо звонiць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным i бесталковым; мне з iм проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, i сябе, вiдаць, залiчвае, туды, дзе "мяшчанства няма", а што з таго? Гэта проста мяне не цiкавiць; неяк i пра цябе ён пытаўся.

- Ах, а што сталася з Грэве?

- Ён належыць да партыi, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. А Дрышка выпускае "аўтамабiльныя львы Дрышкi", папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабiў безлiч грошай. Ты не ведаеш, што такое "аўтамабiльны леў"? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнiк машыны, якi лiчыць сябе нечага вартым, трымае на заднiх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва - а ў гэтай краiне ты не знойдзеш нiкога, хто б не лiчыў сябе нечага вартым... Тут умеюць добра ўбiваць гэта ў галаву; яны прынеслi з сабой з вайны сёе-тое, успамiн пра боль i ахвяры, але сёння яны лiчаць сябе нечага вартымi; цi бачыў ты людзей там, унiзе ў вестыбюлi! Яны iшлi на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазiцыi, на вячэру Таварыства "Сас'етас" i на вячэру правай апазiцыi... але табе трэба быць сапраўдным генiем, калi ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру iдзе.

- Сапраўды, - сказаў Шрэла, - я трохi сядзеў унiзе, чакаючы цябе; там якраз збiралiся першыя ўдзельнiкi, i я пачуў нешта наконт "апазiцыi"; першыя прыйшлi бяскрыўдныя прадстаўнiкi, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якiх кажуць: "яны не такiя ўжо дрэнныя"; размова ў iх iшла пра маркi машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: "За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю", а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?

- Крэц, - адказаў Роберт, - гэта, так бы мовiць, зорка апазiцыi.

- Слова "апазiцыя" я чуў шмат разоў, але з iхнiх размоваў так i не змог дапяць, супраць каго i чаго яна.

- Калi яны чакалi Крэца, то, мусiць, яны з левай апазiцыi.

- Цi правiльна я пачуў: гэты Крэц - у пэўным сэнсе славутасць; тое, што называюць надзеяй?

- Сапраўды, - адказаў Роберт, - яны шмат чаго спадзяюцца па iм.

- Я яго бачыў, - сказаў Шрэла, - ён прыйшоў апошнi; ну, калi ён - гэта надзея, дык я хацеў бы ведаць, як тады выглядае безнадзейнасць... Мне здаецца, што калi б я i здолеў каго-небудзь на свеце забiць, дык менавiта яго. Цi ж вы сляпыя? Вядома, ён разумны i адукаваны, цытуе Герадота ў арыгiнале, i гэта ў вушах тае масы, якая нiколi не пазбавiцца ад свайго бзiка на глебе адукаванасцi, гучыць быццам боская музыка; але маю надзею, Роберт, што ты б нiколi нi на хвiлiну не пакiнуў сваю дачку цi сына сам-насам з гэтым Крэцам; бо ад снабiзму ён ужо не ведае нават, да якога полу належыць. Яны граюць музыку вынiшчэння, Роберт, але граюць яе не надта добра; бракуе толькi мiнорнай музыкi, iнакш ты б меў хаўтуры па трэцяй катэгорыi...

Шрэлу перапынiў тэлефонны званок; следам за Робертам ён пайшоў у кут; Роберт узяў трубку.

- Леанора? - азваўся Роберт. - Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора?

Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся з гэтым i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i - да хуткай сустрэчы.

Роберт паклаў слухаўку i зноў павярнуўся да Шрэлы.

- Я думаю, што... - пачаў ён гаварыць, але яго перапынiў моцны, сухаваты, рэзкi гук.

- Божа мой, - сказаў Шрэла, - то быў стрэл. Мяркую, што зараз нам трэба падняцца наверх.

Гуга чытаў: "Адмова ад правоў. Гэтым абвяшчаю, што я згодзен, каб мой сын Гуга..." - унiзе важкiя пячаткi, подпiсы, але голас, якога ён баяўся, не адазваўся ў iм; якi гэта голас падказваў яму закрываць матчыну галiзну, калi яна, вярнуўшыся са сваiх вулiчных ловаў, мармытала на пасцелi сваю смяротную малiтву "навошта-навошта-навошта"! Ён спачуваў ёй, закрываў яе галiзну, прыносiў ёй чаго-небудзь выпiць, не зважаючы на тое, што яны могуць на яго напасцi, пабiць яго, абазваць "авечкай божай"; ён цiхенька пракрадваўся ў краму i вымольваў для яе дзве цыгарэты; якi ўнутраны голас загадваў яму гуляць у канасту з бабуляй "Гэткае-што-не-павiнна-было-нарадзiцца", засцерагаў яго не пераступаць парог нумара авечай капяланкi? Якi гэта голас падказаў яму слова, якое ён мармытаў сабе пад нос: "бацька"? Каб заглушыць страх, якi ахапiў яго, Гуга пачаў вымаўляць хуценька, адно за адным, iншыя словы: "брат" i "сястра", "дзядуля", "бабуля", "дзядзька", але ад гэтых словаў страх не паменеў; i ён шукаў новых словаў: "дынамiка" i "дынамiт", "бiльярд" i "ветлiвасць", "шнары на спiне", "каньяк" i "цыгарэты"; чырвонае па зялёным, белае па зялёным, але страх не меншаў; мажлiва, яго крыху ўтаймуюць якiя-небудзь дзеяннi? Ён адчынiў акно, зiрнуў зверху на тлум з яго аднастайным мapмытаннем; цi была ў гэтым мармытаннi пагроза альбо дружалюбнасць? Феерверк на фоне цёмна-сiняга неба; удары грому, з якiх выпырхвалi агромнiстыя кветкi, памаранчавыя снапы, падобныя да рук, якiя хочуць нешта схапiць; вокны зачыненыя; ён пагладзiў рукой па фiялетавай лiўрэi, што вiсела на вешаку перад дзвярыма, адчынiў дзверы ў калiдор; нават тут, наверсе, адчувалася хваляванне: "Цяжка паранены ў нумары 211!" Гоман галасоў, крокi ў адзiн i другi бок, уверх i ўнiз па сходах, i адзiн i той жа пранiзлвы голас палiцэйскага: "Прашу, адыдзiцеся! Прашу, адыдзiцеся!"

"Адыдзiцеся! Адыдзiцеся!" Гугу стала страшна, i ён прашаптаў: "Бацька..." Дырэктар тады сказаў: "Нам цябе будзе бракаваць, цi гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?"; а ён уголас не адказаў, а толькi падумаў: гэта неабходна - гэтак раптоўна, бо час наспеў, i калi Ёхэн паведамiў навiну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзiўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў пацiраць рукi. "Вы нiхто не можаце сабе ўявiць. На гэткiм скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкi ў газетах. Забойства - гэта табе не самазабойства, Ёхэн... а палiтычнае забойства - не абы-якое. Калi ён не памёр, мы павiнны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявiць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: "Iдзе змаганне са смерцю"; усе тэлефоны ад гэтай хвiлi прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабiце гэткiх няшчасных твараў. Быць спакойнымi, мець на твары выраз лёгкага спачування, якi бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьцi смерць, але цешацца са спадчыны, якая iх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымi заказамi на нумары. I трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькi тут не ўлезла якое-небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзiнаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакiне наш гатэль - д'ябал, ад феерверку ён павiнен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!

"Бацька, - падумаў Гуга, - ты павiнен прыйсцi па мяне, яны зараз мяне не пусцяць у дзвесце дванаццаты".

Успышкi дрыготка паблiсквалi ў запоўненай шэрым паўзмрокам лесвiчнай клетцы; паявiўся асветлены чатырохкутнiк лiфта, якi прывёз гасцей у нумары 213-226; гэтыя госцi мусiлi падымацца на чацвёрты паверх i сыходзiць службовымi сходамi, бо на другiм паверсе выхад перагароджваў палiцэйскi кардон; з адчыненых дзвярэй лiфта даносiўся гучны гоман; цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, збянтэжаныя твары; губы, якiя вымаўляюць словы: "Хто б мог падумаць!" i - "Скандал!"; Гуга занадта позна замкнуўся знутры ў сваiм пакоi: яна прыкмецiла яго i ўжо бегла па калiдоры; ён яшчэ паспеў павярнуць ключ, i клямка пачала хадзiць туды-сюды.

- Адчынi, Гуга, - прасiла яна, - адчынi ж!

- Hе адчыню.

- Гэта мой загад!

- Я ўжо чвэрць гадзiны, як не служу ў гэтым гатэлi.

- Ты сыходзiш адгэтуль?

- Сыходжу.